што гэта за д'ябальшчына - любiць жанчыну i быць бедным.

- Хадзем сюды, - сказаў я нарэшце з нейкай адчайнай весялосцю. - Калi ўжо штосьцi робiш, то трэба даводзiць да канца.

Я падвёў яе да ювелiрнага крамы.

- Вось гэты смарагдавы бранзалет! А да яго два пярсцёнкi i завушнiцы. Не будзем больш пра гэта гаварыць. Смарагды падыдуць табе найлепш.

- Тады ты атрымаеш плацiнавы гадзiннiк i жамчужыны да сарочкi.

- А ты - усю краму! На меншае я не пайду...

Яна засмяялася i, цяжка дыхаючы, прыхiлiлася да мяне.

- Хопiць, мiлы, хопiць. Зараз мы толькi купiм два чамаданы i адправiмся ў бюро вандраванняў, потым упакуемся i паедзем - прэч з гэтага горада, i з гэтай восенi, i з гэтага дажджу.

'Праўда, - падумаў я, - божа мой, праўда, i ты паправiшся!'

- Куды паедзем? - спытаў я. - У Эгiпет? Цi далей? У Iндыю цi Кiтай?

- На сонца, каханы, куды-небудзь на сонца, на поўдзень, у цяплынь. Туды, дзе пальмы i скалы, i белыя домiкi над морам, i агавы. Але магчыма, там таксама iдзе дождж. Магчыма, дождж iдзе ўсюды.

- Тады мы паедзем яшчэ далей, - сказаў я. - Будзем ехаць, пакуль не знойдзем месца без дажджу. Забяромся ў самыя тропiкi, у паўднёвыя моры.

Мы апынулiся перад яркiмi вiтрынамi бюро вандраванняў 'Гамбург - Амерыка'. За шыбамi быў устаноўлены макет парахода. Ён плыў па сiнiх кардонных хвалях, а за iм магутна ўздымалася павялiчаная фатаграфiя небаскробаў Манхэтэна. У вiтрынах вiселi вялiзныя стракатыя геаграфiчныя карты з чырвонымi лiнiямi маршрутаў.

- Заедзем у Амерыку таксама, - сказала Пат. - У Кентукi i Тэхас, i ў Нью-Ёрк, i ў Сан-Францыска, i на Гаваi. А потым праз Паўднёвую Амерыку - i далей. Праз Мехiка i Панамскi канал у Буэнас-Айрэс. А потым назад - праз Рыа-дэ-Жанейра.

- Так...

Яна зiрнула на мяне. Вочы яе палалi.

- Я там яшчэ не быў, - сказаў я. - Я наманiў табе тады...

- Я ведаю, - адказала яна.

- Ты ведаеш?

- Дзiвак, Робi. Канечне, ведаю. Я адразу здагадалася.

- Тады я быў добры вар'ят. Няўпэўнены дурны вар'ят. Вось чаму я нахлусiў.

- А сёння?

- А сёння яшчэ большы, - сказаў я. - Ты ж бачыш. - Я паказаў на параход у вiтрыне. - Д'ябал! I не паедзеш!

Яна ўсмiхнулася i ўзяла мяне пад руку.

- Ах, мiлы! Чаму мы не багатыя? Мы выдатна сумелi б выкарыстаць багацце! Ёсць жа столькi багатых людзей, якiя са сваiх кантор i банкаў свету божага не бачаць.

- Вось таму яны i багатыя, - сказаў я. - Калi б мы былi багатыя, то, пэўна, ненадоўга.

- Мне таксама так здаецца. Мы, напэўна, неяк усё страцiлi б.

- Магчыма, ад страху страцiць мы засталiся з нiчым. Сёння багацце прафесiя. I зусiм не такая простая.

- Бедныя багацеi! - сказала Пат. - Мусiць, нам лепш уявiць сабе, што мы ўжо былi багатыя i ўжо ўсё патрацiлi. Ты тыдзень назад проста збанкрутаваў i быў вымушаны ўсё прадаць - наш дом i мае ўпрыгожаннi i свае машыны. Як ты думаеш?

- Што ж, гэта адпавядае часу, - адказаў я.

Яна засмяялася.

- Тады хадзем! Мы - два банкруты - зараз пойдзем у свой маленькi пакой i будзем прыпамiнаць падзеi з мiнулых шчаслiвых часоў.

- Добрая iдэя.

Мы пацiху пайшлi па вечаровых вулiцах. Запальвалiся ўсё новыя агнi, i, калi мы iшлi мiма могiлак, мы ўбачылi ў зялёным небе самалёт, кабiны якога былi ярка асветлены. Адзiнокi, ён прыгожа ляцеў па ясным, высокiм адзiнокiм небе, быццам чароўная птушка жадання са старой казкi. Мы спынiлiся i паглядзелi яму ўслед, пакуль ён не знiк.

Не прайшло i паўгадзiны пасля нашага вяртання дамоў, як хтосьцi пастукаў да нас у дзверы. Я падумаў, што гэта зноў Хасэ, i падышоў адчынiць. Але гэта была фраў Залеўскi. Выгляд у яе быў расстроены.

- Iдзiце хуценька сюды, - прашаптала яна.

- Што здарылася?

- Хасэ.

Я глянуў на яе. Яна пацiснула плячыма.

- Ён замкнуўся i не адказвае.

- Хвiлiнку.

Я вярнуўся да Пат i сказаў ёй, каб яна крыху адпачыла. У мяне ёсць справа да Хасэ.

- Добра, Робi. Я зноў замарылася.

Я пайшоў па калiдоры за фраў Залеўскi. Перад дзвярыма Хасэ ўжо сабраўся амаль увесь пансiянат: Эрна Бёнiг у стракатым кiмано з драконамi, з чырвонымi валасамi. Два тыднi назад яна яшчэ была бялюткай бландзiнкай; фiлатэлiст-скарбнiк у хатняй куртцы вайсковага крою; бледны i спакойны Арлоў, якi толькi што вярнуўся з танцаў у кавярнi; Георгi, якi нервова стукаў у дзверы i сцiшаным голасам клiкаў Хасэ; i нарэшце, Фрыда з вачыма, перакошанымi ад хвалявання, страху i цiкаўнасцi.

- Ты ўжо даўно барабанiш, Георгi? - спытаў я.

- Больш як чвэрць гадзiны, - адразу ж выкрыкнула Фрыда, якая ўся зачырванелася, - i ён дома, ён увогуле болыш нiкуды не хадзiў, з полудня -нiкуды, толькi ўвесь час бегаў па пакоi, туды-сюды, а потым стала цiха.

- Ключ тырчыць з сярэдзiны, - сказаў Георгi. - Ён замкнуўся.

Я глянуў на фраў Залеўскi.

- Трэба выштурхнуць ключ i адамкнуць. У вас ёсць яшчэ адзiн ключ?

- Я зараз прынясу звязак, - заявiла Фрыда з нязвыклай стараннасцю. Магчыма, нейкi падыдзе.

Мне далi драцiну, я павярнуў ёй ключ i выштурхнуў яго. Ён са стукам упаў з таго боку на падлогу. Фрыда ўскрыкнула i абхапiла твар рукамi.

- Адыдзiцеся як мага далей, - сказаў я ёй i пачаў падбiраць ключы. Адзiн падышоў. Я адамкнуў i адчынiў дзверы. У пакоi панаваў паўзмрок, i спачатку нiкога не было вiдаць. Пасцелi вылучалiся светла-шэрымi плямамi, крэслы былi пустыя, шафы замкнёныя.

- Вось ён стаiць! - прашыпела з-за майго пляча Фрыда, якая зноў працiснулася блiжэй. Яе дыханне з пахам цыбулi апякло мне твар. - Там каля акна!

- Не, - сказаў Арлоў, якi хутка зрабiў некалькi крокаў у пакой i вярнуўся ў калiдор. Ён падштурхнуў мяне, узяўся за ручку дзвярэй i зноў зачынiў iх. Потым ён звярнуўся да астатнiх:

- Было б лепш, каб вы ўсе пайшлi адсюль. Магчыма, нядобра бачыць такое.

Ён гаварыў паволi з цвёрдым расейскiм акцэнтам, не адыходзячы ад дзвярэй.

- О божа! - прамармытала фраў Залеўскi i адышла назад. Эрна Бёнiг таксама адступiла на некалькi крокаў. Толькi Фрыда iмкнулася прабiцца наперад i ўхапiцца за ручку дзвярэй. Арлоў адцiснуў яе назад.

- Сапраўды было б лепш... - сказаў ён яшчэ раз.

- Пан! - гаўкнуў раптам скарбнiк, выпрастаўшыся. - Што вы сабе дазваляеце! Вы, iншаземец...

Арлоў спакойна зiрнуў на яго.

- Iншаземец... - сказаў ён. - Iншаземец... усё роўна. Не ў гэтым справа.

- Што, мёртвы? - прашыпела Фрыда.

- Фраў Залеўскi, - сказаў я, - мне здаецца таксама, што будзе лепш, калi толькi вы застанецеся тут i, можа, Арлоў i я.

- Патэлефануйце адразу лекару, - сказаў Арлоў.

Георгi ўжо зняў слухаўку. Уся падзея не заняла i пяцi секунд.

- Я застаюся! - заявiў скарбнiк, расчырванеўшыся, як iндык. - Як немец я маю права...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату