Усе былi бязмежна радыя, што мяне так здорава ўразiлi.

- За тое, што ты нам заўсёды нешта iграў, - сказала Лiна, чырванеючы.

- Сапраўды, зайграй нам што-небудзь, вось i будзе твой падарунак, заявiла Роза.

- Што захочаце, - сказаў я. - Усё, што захочаце.

- Зайграй 'Маю маладосць', -крыкнула Марыон.

- Не, што-небудзь вясёлае, - не пагадзiўся Кiкi.

На яго не звярнулi ўвагi. Яго як 'гома' ўвогуле ўсур'ёз не прымалi. Я сеў да пiянiна i зайграў. Усе заспявалi.

Песеньку вясны

Ветры прыняслi...

Маладыя сны,

А цi вы былi?

Гаспадыня выключыла ўсе электралямпачкi. Заставалася толькi святло ад свечак. Нiбы далёкая крынiчка ў лесе, цiха булькатаў пiўны кран, а пласкаступы Алоiс блукаў на заднiм плане, нiбы чорны Пан. Я пачаў другi куплет. З ззяючымi вачыма, з добрымi тварамi мяшчанак дзяўчаты стоўпiлiся вакол пiянiна. I - вось дык дзiва! - нехта заплакаў горкiмi слязьмi. Гэта быў Кiкi - салодкi Кiкi з Люкенвальдэ.

Цiха адчынiлiся дзверы з вялiкай залы. Пад меладычны напеў сюды гужам уплыў хор на чале з Грыгаляйтам, якi палiў чорную бразiльскую цыгару. Спевакi выстраiлiся за дзяўчатамi.

З дому я пайшоў...

Свет багаты цвiў,

А вярнуўся зноў...

Ён пустэльны быў...

Цiха адгучаў хор.

- Выдатна, - сказала Лiза.

Роза запалiла бенгальскiя агнi. Яны шыпелi i стралялi iскрамi.

- Добра, а цяпер што-небудзь вясёленькае! - усклiкнула яна. - Трэба падбадзёрыць Кiкi.

- I мяне таксама, - сказаў Стэфан Грыгаляйт.

У адзiнаццаць гадзiн прыйшлi Кёстэр i Ленц. Мы з бледным Георгi селi за стол каля стойкi. Георгi далi некалькi сухарыкаў, каб паставiць яго на ногi. Неўзабаве пасля гэтага Ленц растварыўся ў шумнай кампанii жывёлапрамыслоўцаў. Праз пятнаццаць хвiлiн мы ўбачылi яго з Грыгаляйтам каля стойкi. Яны скрыжавалi рукi i пiлi на брудэршафт.

- Стэфан! - прадставiўся Грыгаляйт.

- Готфрыд! - адказаў Ленц, i яны выпiлi па чарцы каньяку.

- Я прышлю табе заўтра крывяной i лiвернай каўбасы. Добра, Готфрыд?

- Цудоўна! - Ленц ляпнуў яго па плячы. - Добра, стары Стэфан!

Стэфан ззяў.

- Ты так добра смяешся, - гаварыў ён у захапленнi. - Я люблю, хто так прыгожа смяецца. Я занадта хутка паддаюся суму, гэта мая слабасць.

- I мая! - адказаў Ленц. - Вось таму я i смяюся. Хадзем, Робi, выпi з намi чарку за бясконцы сусветны смех!

Я падышоў да iх.

- Што з тым хлопцам? - спытаў Стэфан i паказаў на Георгi. - У яго вельмi сумны выгляд.

- Яго лёгка зрабiць шчаслiвым, - сказаў я. - Яму патрэбна толькi крыху працы.

- Задачка, - адказаў Стэфан. - На сённяшнi дзень.

- Ён гатовы на любую працу.

- Сёння ўсе на ўсё гатовыя, - Стэфан працверазеў.

- Хлопцу трэба 75 марак у месяц.

- Глупства. Столькi яму не хопiць.

- Яму хопiць, - сказаў Ленц.

- Готфрыд, - адказаў Грыгаляйт, - я стары п'янiца. Добра. Але праца справа сур'ёзная. Яе нельга сёння даць, а заўтра забраць. Гэта яшчэ горш, чым ажанiць чалавека, а заўтра зноў адабраць жонку. Але калi хлопец сумленны i задаволiцца сям'юдзесяццю пяццю маркамi, яму пашанцавала. Няхай прыйдзе да мяне ў аўторак у восем гадзiн. Мне патрэбен памочнiк на ўсякую бегатню па справах саюза i ўсякае такое. Акрамя платы атрымае тады-сяды пакунак мяса. Здаецца, яму не пашкодзiла б крыху падсiлкавацца.

- Гэта цвёрдае слова? - спытаў Ленц.

- Слова Стэфана Грыгаляйта.

- Георгi, - усклiкнуў я, - падыдзi сюды.

Даведаўшыся, у чым справа, ён закалацiўся. Я вярнуўся да Кёстэра.

- Паслухай, Ота, - сказаў я, - ты хацеў бы пачаць жыццё яшчэ раз спачатку, калi б было можна?

- Яшчэ раз гэтаксама?

- Ну.

- Не, - сказаў Кёстэр.

- I я - не, - сказаў я.

XXIV

Гэта здарылася праз тры тыднi, халодным студзеньскiм вечарам. Я сядзеў у 'Iнтэрнацыяналi' i гуляў з гаспадаром у 'дваццаць адно'. Шынок быў пусты, нават прастытуткi не прыйшлi. У горадзе было неспакойна. Па вулiцы ўвесь час праходзiлi калоны - адны маршыравалi пад аглушальныя вайсковыя маршы, другiя, спяваючы 'Iнтэрнацыянал'. Потым зноў цягнулiся доўгiя маўклiвыя калоны з лозунгамi, якiя патрабавалi працы i хлеба. Шматлiкiя ногi адбiвалi крок па асфальце, быццам гэта iшоў вялiзны няўмольны гадзiннiк. Пад вечар памiж забастоўшчыкамi i палiцыяй адбылася сутычка, у час якой дванаццаць чалавек былi паранены. Цяпер уся палiцыя была ў баявой гатоўнасцi. На вулiцах завывалi сiрэны палiцэйскiх машын.

- Няма спакою, - сказаў гаспадар i адкрыў карты. У яго было шаснаццаць. Вайна скончылася, а спакою няма i няма. А мы ж толькi i марылi пра спакой. Вар'яцкi свет!

У мяне было семнаццаць, i я забраў банк.

- Свет не звар'яцеў, - сказаў я. - Людзi звар'яцелi.

Алоiс, якi стаяў за крэслам гаспадара i 'хварэў' за яго, запратэставаў:

- Яны не звар'яцелi, проста сквапныя. Зайздросцяць адзiн аднаму. Ад таго, што ўсяго шмат, у большасцi няма нiчога. Уся справа ў размеркаваннi.

- Вядома, - сказаў я i, узяўшы дзве карты, спасаваў. - Але такое становiшча iснуе ўжо некалькi тысяч гадоў.

Гаспадар адкрыўся. У яго было пятнаццаць. Ён з адчаем зiрнуў на мяне. Потым прыкупiў туза. Перабор. Я адкрыў свае карты. У мяне было толькi дванаццаць ачкоў, i з пятнаццаццю ён выйграў бы.

- Д'ябальшчына! Я кiдаю гуляць, -лаяўся ён. - Якi подлы блеф. Я падумаў, што ў вас не менш васемнаццацi.

Алоiс штосьцi прагундосiў.

Я забраў грошы. Гаспадар пазяхнуў i паглядзеў на гадзiннiк.

- Скора адзiнаццаць. Здаецца, трэба зачыняць. Больш ужо нiхто не прыйдзе.

- Хтосьцi iдзе, - сказаў Алоiс.

Дзверы адчынiлiся. Гэта быў Кёстэр.

- Ёсць навiны, Ота?

Ён кiўнуў галавой.

- Бойка ў залах 'Барусii'. Двое цяжка параненых, некалькi дзесяткаў лёгка параненых i каля сотнi арыштаў. Дзве перастрэлкi ў паўночнай частцы горада. Адзiн палiцэйскi забiты. Не ведаю, колькi параненых. Ну, галоўнае, вiдаць, пачнецца толькi зараз, калi закончацца вялiкiя сходы. Ты ўжо закончыў?

- Так, - сказаў я. - Мы ўжо хацелi канчаць.

- Тады пайшлi.

Я зiрнуў на гаспадара. Ён кiўнуў.

- Тады прывiтанне, - сказаў я.

- Бывайце, - адказаў гаспадар. - Паасцеражыцеся.

Мы выйшлi. На вулiцы пахла снегам. Усюды ляжалi лiстоўкi, падобныя да вялiкiх мёртвых белых матылёў.

- Готфрыда няма, - сказаў Кёстэр. - Дзесьцi тырчыць на адным з гэтых сходаў. Я чуў, што iх будуць разганяць, i думаю, што яшчэ ўсяго будзе. Было б добра захапiць яго да канца. Ён жа не стрымаецца.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату