вельмi светла. Я пайшоў да плошчы Бельвю. Вокны дамоў блiшчалi ў месячным святле, нiбы срэбныя люстэркi. Вецер улёгся. Навокал было цiха.
Густаў пад'ехаў праз некалькi хвiлiн.
- Што здарылася, Роберт? - спытаў ён.
- Нашу машыну ўкралi сёння вечарам. Цяпер мне сказалi, што яе бачылi ў раёне Мёнкештрасэ. Пад'едзем туды?
- Вядома! - Густаў заспяшаўся. - Чаго цяпер толькi не крадуць. Што нi дзень, то некалькi машын. Але найчасцей катаюцца толькi, пакуль хапае бензiну. А потым кiдаюць.
- Магчыма, i з нашай будзе тое самае.
Густаў расказаў, што хоча жанiцца. Нявеста ўжо чакае дзiця, i тут нiчога не зробiш. Мы праехалi па Мёнкештрасэ, потым - па папярэчных вулiцах.
- Вунь яна! - раптам крыкнуў Густаў.
Машына стаяла ў непрыкметным цёмным завулку. Я выйшаў, уставiў ключ i ўключыў запальванне.
- Усё ў парадку, Густаў, - сказаў я. - Вялiкi дзякуй, што падвёз мяне.
- Цi не выпiць нам па чарцы? - спытаў ён.
- Не. Сёння не магу. Заўтра. Цяпер трэба хутка ехаць.
Я палез у кiшэнь, каб разлiчыцца з iм.
- Ты звар'яцеў? - спытаў ён.
- Тады дзякуй, Густаў. Не затрымлiвайся. Да пабачэння.
- А можа, пасочым, цi не зловiм таго зладзея?
- Не, не, той, напэўна, ужо далёка. - Я раптам заспяшаўся. - Да пабачэння, Густаў.
- У цябе хопiць бензiну?
- Хопiць. Я ўжо праверыў. Дабранач.
Ён паехаў. Я крыху пачакаў, потым паехаў следам да Мёнкештрасэ i на трэцяй хуткасцi паволi пакацiўся ўнiз. Калi я вярнуўся назад, Кёстэр стаяў на рагу.
- Што гэта значыць?
- Садзiся, - хутка сказаў я. - Табе няма патрэбы ўжо стаяць тут. Ён... ён знайшоў таго ўжо.
- I?
- Усё, - сказаў я.
Кёстэр моўчкi сеў. Ён не сеў за руль. Ён прымасцiўся каля мяне, крыху панiклы. Я паехаў.
- Паедзем да мяне? - спытаў я.
Ён кiўнуў галавой. Я даў газу i накiраваў машыну ўздоўж канала. Вада свяцiлася шырокай срэбнай стужкай. Склады на другiм баку чарнелi, накрытыя ценем, а на вулiцах ляжала нерухомае блакiтнае святло, па якiм, як па снезе, слiзгалi шыны. Над радамi дамоў узвышалiся шырокiя вежы сабора ў стылi барока. Яны мiгцелi на далёкiм фоне фасфарасцыруючага неба срэбна-зялёнымi водсветамi. Над усiм, як светлавая ракета, вiсеў месяц.
- Я рады, Ота, што так атрымалася, - сказаў я.
- А я - не, - адказаў ён.
У фраў Залеўскi яшчэ гарэла святло. Калi я адчынiў дзверы, яна выйшла са свайго салона.
- Вам тэлеграма, - сказала яна.
- Тэлеграма? - здзiўлена спытаў я. Я ўсё яшчэ думаў пра падзеi вечара. Потым я зразумеў i пабег у свой пакой. Тэлеграма белай плямай ляжала пасярод стала, у зыркiм святле лямпы. Я ўскрыў яе, грудзi сцiснулiся, лiтары расплылiся, пабеглi, зноў з'явiлiся. Я з палёгкай уздыхнуў, усё супакоiлася, я перадаў тэлеграму Кёстэру.
- Дзякаваць богу, я ўжо думаў...
Там былi толькi тры словы: 'Робi, прыязджай хутка'.
Я забраў лiсток. Палёгка знiкла. Вярнуўся страх.
- Што там здарылася, Ота? Божа мой, чаму яна больш нiчога не паведамляе? Нешта, вiдаць, здарылася!
Кёстэр паклаў тэлеграму на стол.
- Калi ты апошнi раз гутарыў з ёю?
- Тыдзень назад. Не, даўней...
- Закажы размову. Калi што, мы адразу выедзем. На машыне. У цябе ёсць чыгуначны даведнiк?
Я заказаў размову з санаторыем i прынёс з гасцёўнi фраў Залеўскi даведнiк. Кестэр разгарнуў яго.
- Наступны цягнiк iдзе толькi заўтра аполуднi, - сказаў ён. - Лепш паедзем на машыне i дабяромся як мага блiжэй да санаторыя. А там можам перасесцi на цягнiк. Мы некалькi гадзiн абавязкова зэканомiм. Як ты думаеш?
- Мусiць, так будзе лепш.
Я не мог сабе ўявiць, як я вытрываю некалькi гадзiн пасiўнай язды ў цягнiку.
Зазванiў тэлефон. Кёстэр забраў даведнiк i пайшоў у мой пакой. Адказаў санаторый. Я папрасiў паклiкаць Пат. Праз хвiлiну сястра сказала мне, што Пат лепш не размаўляць па тэлефоне.
- Што з ёй? - закрычаў я.
- Некалькi дзён назад была невялiкая кравацеча. Сёння паднялася тэмпература.
- Перадайце ёй, што я еду, - закрычаў я. - З Кёстэрам i 'Карлам'. Мы зараз выязджаем. Вы зразумелi?
- З Кёстэрам i Карлам, - паўтарыў голас.
- Так. Але скажыце ёй, што мы выязджаем.
- Я зараз жа перадам ёй.
Я адразу вярнуўся ў свой пакой. У нагах была незвычайная лёгкасць. Кёстэр выпiсваў расклад цягнiкоў.
- Пакуй чамадан, - сказаў ён. - Я паеду дадому i вазьму свой. Праз паўгадзiны вярнуся.
Я зняў з шафы чамадан. Гэта быў чамадан Ленца са стракатымi наклейкамi гатэляў. Я хутка ўпакаваўся i сказаў пра ад'езд фраў Залеўскi i гаспадару 'Iнтэрнацыяналя'. Потым сеў у сваiм пакоi каля акна, чакаючы Кёстэра. Было вельмi цiха. Я думаў пра тое, што заўтра вечарам буду ў Пат, i раптам мяне ахапiла гарачае, дзiкае нецярпенне, перад якiм усё астатняе адступала - страх, трывога, журба, адчай. Я заўтра вечарам буду з ёй, гэта было шчасце, якое цяжка нават уявiць сабе, тое, у што я ўжо амаль не верыў. З часу нашага расстання так шмат было страчана.
Я ўзяў чамадан i спусцiўся ўнiз. Раптам усё прыблiзiлася i пацяплела: лесвiца, застаялы пах калiдора, халодная блiскучая гумавая шэрсць асфальту, па якiм толькi што падкацiў 'Карл'.
- Я ўзяў дзве коўдры, - сказаў Кёстэр. - Будзе холадна. Ухутайся як след.
- Мы павядзём машыну па чарзе? - спытаў я.
- Так. Але спачатку паеду я. Я не паспаў аполуднi.
Праз паўгадзiны мы выехалi з горада, i нас паглынула бязмежная маўклiвасць халоднай месячнай ночы. Дарога белай стужкай збягала за гарызонт. Было так светла, што мы не ўключалi фараў. Шум матора быў падобны да нiзкiх гукаў аргана, але ён не парушаў цiшынi.
- Табе трэба паспаць, - сказаў Кёстэр.
- Не магу, Ота.
- Тады хоць прыляж, каб заўтра ранiцай быць свежым. Нам трэба праехаць праз усю Германiю.
- Я i так адпачну.
Я сядзеў побач з Кёстэрам. Месяц павольна плыў над намi. Палi блiшчалi, як перламутр. Час ад часу мiма праляталi вёскi, зрэдку - горад, сонны, пусты. Цяснiны вулiц памiж радамi дамоў былi залiтыя прывiдным месячным святлом, якое ператварала ноч у фантастычнае кiно.
...Пад ранiцу зрабiлася холадна. Лугi раптам заблiшчалi ад iнею, дрэвы, як сталёвыя, стаялi на фоне пабляклага неба, у лесе пачаў прачынацца вецер, з комiнаў там-сям паплыў дым. Мы памянялiся месцамi, i да дзесяцi гадзiн руляваў я. Потым мы хуценька паснедалi ў шынку каля дарогi, i да дванаццацi я зноў вёў машыну. А потым Кёстэр зноў сеў за руль. Ота ездзiў хутчэй, i я больш не падмяняў яго.
На змярканнi мы пад'ехалi да гор. У нас у машыне былi ланцугi на колы i рыдлёўка. Мы спыталi, цi далёка яшчэ можна ехаць на машыне.
- Паспрабуйце з ланцугамi, - сказаў сакратар аўтаклуба. - Сёлета мала снегу. Не ведаю толькi, як будзе