на апошнiх кiламетрах. Там, магчыма, засядзеце.

Да прыходу цягнiка ў нас было шмат часу, i мы вырашылi паспрабаваць заехаць на гару. Было холадна, таму туман нам не пагражаў. 'Карл' браў горны серпанцiн вiток за вiтком. На сярэдзiне дарогi мы паставiлi на колы ланцугi. Дарога была ачышчана ад снегу, але ў многiх месцах абледзянела. Машына буксавала i ёрзала з боку ў бок. Часам нам даводзiлася вылазiць i падпiхваць яе. Два разы мы правальвалiся ў снег. У апошняй вёсцы мы здабылi вядро пяску, бо на такой вышынi мы пабаялiся, што пры з'ездзе з гары будуць трапляцца абледзянелыя павароты. Зусiм сцямнела, над намi ў змроку навiсалi адвесныя голыя скалы, дарога звузiлася, матор напiнаўся на першай хуткасцi, паварот за паваротам вёў нас унiз. Раптам промнi фараў сарвалiся са скалаў, горы расступiлiся, i мы ўбачылi ўнiзе перад сабой сузор'е вясковых агнёў.

Машына, равучы, iмчала памiж стракатых крамаў на галоўнай вулiцы. Пешаходы адскоквалi ўбок, напуджаныя нязвыклым вiдовiшчам. Нечыя конi панеслi, санкi перавярнулiся, а наша машына хутка дабралася па звiлiстай дарозе да санаторыя i спынiлася каля пад'езда. Я выскачыў, як у тумане прамiльгнулi цiкаўныя твары, постацi, кантора, лiфт. Я прабег праз белы калiдор, рыўком адчынiў дзверы i ўбачыў Пат, як я бачыў яе сотнi разоў у сне i ў марах. Яна пайшла мне насустрач, i я трымаў яе ў абдымках - як само жыццё, нават нешта даражэйшае за жыццё.

- Дзякуй богу, - сказаў я, калi прыйшоў у сябе. - Я баяўся, што ты ў пасцелi.

Яна прытулiлася да майго пляча i пахiтала галавой. Потым выпрасталася, сцiснула далонямi мой твар i ўважлiва паглядзела мне ў вочы.

- Ты тут! - прашаптала яна. - Аж не верыцца!

Яна пацалавала мяне, асцярожна, сур'ёзна, пяшчотна, нiбы дакрануўшыся да нечага i баючыся, каб не разбiць. Адчуўшы дотык яе вуснаў, я задрыжаў. Усё адбылося занадта хутка, i я не ўсведамляў яшчэ ўсяго. Я быў тут i не тут. Я яшчэ быў у палоне язды, шуму матора i дарогi. Я адчуваў сябе як чалавек, якi з халоднай ночы трапляе ў цёплы пакой: ён адчувае цяпло на скуры, ён успрымае яго вачыма, але сам яшчэ не сагрэўся.

- Мы ехалi хутка, - сказаў я.

Яна не адказала. Яна ўсё яшчэ моўчкi глядзела на мяне. Яе твар кранаў сваiм выразам, яе вочы былi вельмi блiзка, i здавалася, што яна шукае i хоча знайсцi штосьцi вельмi важнае. Я абняў яе за плечы i апусцiў позiрк долу.

- Ты цяпер застанешся тут? Скажы мне адразу. Скажы, што табе трэба ехаць, каб я адразу ведала.

Я хацеў ёй адказаць, што яшчэ не ведаю, што мне, магчыма, прыйдзецца паехаць праз некалькi дзён, бо ў мяне няма грошай. Але пад яе позiркам я не мог сказаць.

- Праўда, - сказаў я. - Я застануся тут. Пачакаю, калi можна будзе паехаць разам.

Яе твар заставаўся нерухомым. Але ён раптам пасвятлеў, нiбы асветлены з сярэдзiны.

- Ах, - прашаптала яна. - Я не вытрывала б...

Я паспрабаваў праз плячо прачытаць, што стаяла на тэмпературнай карце над ложкам. Яна гэта заўважыла, хутка зняла лiсток, скамячыла яго i шпурнула пад ложак.

- Цяпер гэта не мае значэння, - сказала яна.

Я заўважыў, дзе ляжала паперка, i вырашыў забраць яе пасля, каб яна не бачыла.

- Ты хварэла? - спытаў я.

- Крышку. Але ўсё прайшло.

- А што сказаў лекар?

- Не пытай цяпер пра лекара. Увогуле нi пра што не пытай. Ты тут, i гэтага дастаткова.

Яна раптам змянiлася. Не ведаю, цi таму, што я яе даўно не бачыў, але мне здалося, што яна была iншая, не такая, як раней. Яе рухi былi больш плаўныя, яе цела цяплейшае, i нават да мяне яна наблiзiлася неяк iнакш. Цяпер гэта была не проста прыгожая маладая дзяўчына, якую трэба было асцерагаць. Нешта ў ёй з'явiлася новае. Калi я раней часта сумняваўся, цi любiць яна мяне, то цяпер проста адчуваў гэта, яна больш нiчога не хавала: яна ўся была напоўнена жыццём i блiзкая мне як нiколi... напоўненая жыццём, блiзкая i прыгожая, яна абяцала мне шчасце, але i ўсяляла ў мяне дзiўным чынам нейкую трывогу.

- Пат, - сказаў я, - мне трэба спусцiцца ўнiз. Там Кёстэр. Трэба знайсцi сабе жытло.

- Кёстэр? А дзе Ленц?

- Ленц, - адказаў я, - застаўся дома.

Яна нi пра што не здагадалася.

- Табе потым можна будзе сысцi ўнiз? - спытаў я. - Цi нам падняцца?

- Мне можна ўсё. Цяпер мне можна ўсё. Мы спусцiмся ўнiз i чаго-небудзь вып'ем. Я пагляджу на вас, як вы будзеце пiць.

- Добра. Мы будзем чакаць цябе ўнiзе.

Яна падышла да шафы, каб узяць сукенку. Я выкарыстаў момант, падняў i схаваў тэмпературны лiсток.

- Пакуль што, Пат.

- Робi!

Яна падышла да мяне ззаду i абняла за шыю.

- А я так шмат хацела сказаць табе.

- А я - табе, Пат. Але цяпер у нас будзе час. Мы будзем увесь дзень штосьцi расказваць адно аднаму. Заўтра. Спачатку адразу не разгаворышся.

- Праўда, давай усё раскажам адно аднаму. Тады ўвесь час, што мы не бачылiся, не будзе для нас расстаннем. Тады мы будзем ведаць усё, быццам былi ўвесь час разам.

- Мы i так былi, - сказаў я.

- Я не была з табой. У мяне няма столькi сiлы. Мне было цяжэй. Я не магу ўсцешыць сябе марамi, калi я адна. Тады я думаю толькi пра сваю адзiноту. Калi не любiш, тады лягчэй быць аднаму.

Яна ўсё яшчэ ўсмiхалася. Яна трымалася, але было бачна, што гэта ўсмешка праз слёзы.

- Пат, - сказаў я, - стары адважны сябра.

- Гэтага я даўно не чула, - сказала яна, i яе вочы напоўнiлiся слязьмi.

Я спусцiўся ўнiз да Кёстэра. Ён ужо выгрузiў чамаданы. Нам адвялi два суседнiя пакоi ў флiгелi.

- Паглядзi, - сказаў я i паказаў яму скамячаны лiсток. - Як скача тэмпература.

Мы пайшлi па лесвiцы ў флiгель. Снег рыпеў пад нагамi.

- Ранiцай спытай у лекара, - сказаў Кёстэр, - па тэмпературы цяжка што вызначыць.

- Для мяне дастаткова, - адказаў я, склаў лiсток i схаваў у кiшэнь.

Мы ўмылiся. Потым Кёстэр прыйшоў да мяне ў пакой. Ён быў свежы, быццам добра выспаўся.

- Табе трэба апрануцца, Робi, - сказаў ён.

- Добра. - Я ачнуўся ад сваiх думак i распакаваў чамадан.

Мы пайшлi да будынка санаторыя. 'Карл' стаяў яшчэ на вулiцы. Кёстэр накрыў яго радыятар коўдрай.

- Ота, калi мы паедзем назад? - спытаў я.

- Я думаю, што паеду заўтра вечарам цi паслязаўтра ранiцай. Ты ж застанешся...

- Але як? - спытаў я ў адчаi. - Маiх грошай хопiць не больш чым на дзесяць дзён. А за Пат санаторый аплочаны таксама толькi да пятнаццатага. Мне трэба вяртацца i зарабляць. Тут, пэўна, iм такi слабы пiянiст не патрэбны.

Кёстэр нахiлiўся над машынай i падняў капот.

- Я дам табе грошай, - сказаў ён, выпростваючыся. - Пра грошы можаш не турбавацца i спакойна заставацца тут.

- Ота, - сказаў я, - я ж ведаю, колькi ў цябе засталося ад усёй распрадажы. Менш чым трыста марак.

- Я не пра тыя грошы. Я дастану. Не хвалюйся. Праз восем дзён ты iх атрымаеш.

- Атрымаеш спадчыну? - спытаў я з горкай iронiяй.

- Амаль адгадаў. Павер мне. Ты ж не можаш цяпер зноў паехаць адсюль.

- Не, - сказаў я. - Я не ведаў, як ёй усё растлумачыць.

Кёстэр зноў накрыў радыятар коўдрай. Ён лёгка правёў рукой па капоце. Потым мы пайшлi ў вестыбюль.

- А колькi зараз часу? - спытаў я.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату