выглядалi паважна, добрапрыстойна, i толькi Люсьен адчуваў сябе недарэчным i лiшнiм у гэтай вясенняй гармонii. 'Я стаю на фатальным схiле, - падумалася яму. Спачатку быў Эдыпаў комплекс, потым садысцка- анальная стадыя, i вось цяпер поўны букет: я - педэраст. Дзе ж мне наканавана спынiцца?' Праўда, выпадак у яго быў яшчэ не сама страшны: не было ж яму так ужо прыемна ад Бержэравых ласак. 'А што, калi я прызвычаюся? - з трывогай падумаў ён. - Тады я не здолею без гэтага абысцiся, гэта будзе як морфiй!' Ён абернецца ў разбэшчанага тыпа, яго нiхто не захоча прымаць у сваiм доме, i бацькавы рабочыя будуць толькi смяяцца, калi ён паспрабуе iм загадаць. Люсьен з жывой заклапочанасцю ўявiў свой жудасны лёс. Ён убачыў сябе ў трыццаць пяць год: ён быў манерны i нафарбаваны, i нейкi пан з ордэнам Ганаровага легiёна гнеўна заносiў над iм свой кiй: 'Ваша прысутнасць тут, пане, знявага маiм дочкам!' Але раптам Люсьен як спатыкнуўся i разам скончыў гуляць: яму прыгадалася фраза, якую прамовiў Бержэр. Гэта было ў Кадбэку. 'Ну, глядзi ты, - сказаў ён, - ды табе ўжо пачынае падабацца!' Што ён хацеў гэтым сказаць? Натуральна, Люсьен быў не жалезны, а калi цябе яшчэ так валтузяць... 'Нiчога гэта не значыць', усхвалявана падумаў ён. Але кажуць, гэтыя людзi надзiва дакладна вызначаюць да сябе падобных - у iх гэта як нейкае шостае пачуццё. Люсьен доўга глядзеў на вулiчнага рэгулiроўшчыка, якi кiраваў рухам перад Йенскiм мостам. 'Хiба гэты рэгулiроўшчык мог бы мяне ўзбудзiць?' Ён зiрнуў на сiнiя рэгулiроўшчыкавы штаны i ўявiў яго мускулiстыя валасатыя ногi. 'Хiба гэта мяне кранае?' З вялiкай палёгкай ён рушыў далей. 'Не, усё яшчэ не так страшна, - падумаў ён, я магу яшчэ ўратавацца. Ён проста скарыстаўся маёй збянтэжанасцю, але я не сапраўдны педэраст'. Ён паўтараў свой вопыт з кожным мужчынам, якi трапляўся насустрач, i вынiк кожны раз выходзiў адмоўны. 'Фу! - падумаў Люсьен. - А я ўжо з гарачкi перапалохаўся!' Гэта было ўсяго папярэджанне, i толькi. Проста паўтараць падобнае нельга нi ў якiм разе, iначай - кепскiя звычкi прылiпаюць занадта хутка. Галоўнае цяпер - як мага хутчэй пазбавiцца ад усiх сваiх комплексаў. Ён вырашыў, нiчога не паведамляючы бацькам, схадзiць на прыём да спецыялiста па псiхааналiзе. А потым ён завядзе каханку i зробiцца нармальным хлопцам, такiм, як i ўсе.

Люсьен пачаў ужо быў супакойвацца, калi раптам зноў прыгадаў пра Бержэра: у гэты самы час ён быў недзе ў гэтым самым горадзе, ён хадзiў па Парыжы, зачараваны сабой, i цешыўся ўспамiнамi. 'Ён ведае маё цела, ведае, якi ў мяне рот, ён сказаў тады: 'У цябе такi асаблiвы пах, я яго не забуду'. Ён пойдзе хвалiцца сябрам i скажа: 'Я яго меў', - нiбыта я нейкая дзеўка. Можа, якраз цяпер ён расказвае пра гэтыя ночы... - сэрца ў Люсьена знямела, - Берлiяку! Я заб'ю яго, калi толькi ён гэтае зробiць: Берлiяк не церпiць мяне, ён раскажа ўсяму класу, i тады мне капцы, нiхто не захоча са мной вiтацца... Я скажу, што гэта няпраўда, - разгублена падумаў Люсьен, - я падам скаргу, я скажу, што ён мяне згвалцiў!' Ён ненавiдзеў Бержэра ўсёю душой: каб не ён, каб не гэты гнюсны i непапраўны характар, усё магло б уладзiцца, нiхто б нiчога не зведаў i Люсьен сам бы нарэшце забыў. 'О, каб ён раптам памёр! Божа, мiлы, прашу вас, зрабiце, каб ён памёр сёння ноччу i не паспеў нiкому сказаць. Божа, зрабiце, каб гэтая гiсторыя была пахаваная, вы ж не можаце хацець, каб я быў педэраст! Выходзiць, я цяпер такi ад яго залежу! - са злосцю падумаў Люсьен. - I мне давядзецца-такi зноў хадзiць да яго i рабiць, што ён захоча, i казаць, што мне гэта прыемна... Iначай мне канец!' Ён ступiў яшчэ колькi крокаў i дадаў на ўсякi выпадак: 'Божа, зрабiце, каб Берлiяк памёр таксама'.

Люсьен не мог адолець сябе i прымусiць зноў пайсцi да Бержэра. Яшчэ некалькi тыдняў яму ўвесь час вярзлося, што ён сустракае яго на кожным рагу; кожны званок у дзверы прымушаў яго ўздрыгваць, калi ён заставаўся дома, а па начах яму снiлiся жудасныя кашмары: Бержэр гвалцiў яго пасярод лiцэйскага двара, а ўсе 'поршнi' стаялi вакол i рагаталi. Тым не менш Бержэр нi разу не паспрабаваў убачыцца з iм i наогул не падаваў нiякiх праяў жыцця. 'Ён галiўся толькi на маё цела', - пакрыўджана думаў Люсьен. Берлiяк таксама некуды знiк. Гiгар, якi часам ездзiў з iм па нядзелях на скачкi, сцвярджаў, што той падаўся з Парыжа пасля чарговага прыступу нервовай дэпрэсii. Паступова Люсьен супакоiўся, паездка ў Руан здавалася яму ўжо далёкiм, вычварным сном, якi не меў нiчога агульнага з рэчаiснасцю, ён забыў усе яго падрабязнасцi, i адзiнае, што яшчэ заставалася ў яго ў памяцi, было пачуццё цяжкага паху плоцi, змяшанага з водарам адэкалону, i невыносны сум. Панi Флёр'е некалькi разоў пытала Люсьена, як жыве яго сябар Бержэр, i аднойчы прапанавала:

- Трэба будзе запрасiць яго ў знак падзякi да нас у Фероль.

Гэтыя словы прымусiлi Люсьена нарэшце схлусiць.

- Ён з'ехаў у Нью-Йорк, - адказаў ён.

Колькi разоў Люсьен ездзiў з Гiгарам i ягонай сястрой на Марну пакатацца ў чоўне. Гiгар навучыў яго танцаваць. 'Я выходжу са сну, - казаў ён сабе, - я адраджаюся'. Але яшчэ даволi часта яму здавалася, як нешта, нiбы цяжкая ноша, цiсне яму на спiну: гэта былi яго комплексы. Ён падумваў, цi не паехаць яму ў Вену да Фрэйда. 'Я паеду без грошай, пайду, калi трэба, пешкi i скажу яму: у мяне нi граша за душой, але я - той самы выпадак'. Аднойчы гарачым чэрвеньскiм адвячоркам ён сустрэў на бульвары Сэн-Мiшэль свайго былога выкладчыка фiласофii Бабуэна.

- Ну што, Флёр'е, - спытаў Бабуэн, - рыхтуецеся ў Цэнтральную?

- Рыхтуюся, пане, - адказаў Люсьен.

- Вам можна было б падумаць пра вывучэнне лiтаратуры, - параiў Бабуэн, - у вас добра iшла фiласофiя.

- А я фiласофiю i не кiдаў, - сказаў Люсьен. - I гэтым летам таксама сёе-тое чытаў. Фрэйда, напрыклад. Дарэчы, - дадаў ён з раптоўным натхненнем, я якраз хацеў у вас, пане, спытаць: што вы думаеце пра псiхааналiз?

Бабуэн засмяяўся.

- Гэта мода, - адказаў ён. - I як усе моды, яна пройдзе. Усё, што ёсць лепшага ў Фрэйда, вы знойдзеце ўжо ў Платона. А што да рэшты, - дадаў ён безапеляцыйным тонам, - дык мяне на гэтай мякiне не ашукаеш. Я раiў бы вам лепш пачытаць Спiнозу.

Люсьен адчуў, як з яго звалiўся вялiкi цяжар. Свiшчучы, ён рушыў пешкi дадому. 'Гэта быў проста кашмарны сон, - думаў ён, - але цяпер ад яго нiчога не засталося!' Сонца ў той дзень было яркае i спякотнае, але Люсьен падняў галаву i, не мiргаючы, проста ўтаропiў на яго вочы: гэтае сонца свяцiла ўсiм, i Люсьен таксама меў права глядзець яму ў твар. Ён быў уратаваны! 'Лухта! думаў ён. - Усё гэта была лухта! Яны хацелi збiць мяне з тропу, але нiчога ў iх не выйшла'. Увогуле, ён заўсёды супрацiўляўся: Бержэр хоць i задурыў яму галаву сваiмi разважаннямi, але ж Люсьен адчуваў, што педэрастыя ў Рэмбо загана, i потым, калi гэты псяюк Берлiяк хацеў прымусiць яго папалiць гашышу, - ён проста паслаў яго вельмi далёка. 'Я ледзь не загубiў сам сябе, - падумаў Люсьен, - але мяне зберагло маё маральнае здароўе'. Увечары, за абедам, ён глядзеў на свайго бацьку з сiмпатыяй. Пан Флёр'е быў круты ў плячах i меў павольныя, важкiя рухi селянiна, у якiх адчувалася штось ад пароды; вочы ў яго былi шэрыя, металiчныя i халодныя, як у сапраўднага начальнiка. 'Я падобны да яго', - падумаў Люсьен. Ён прыгадаў, што ўжо чатыры пакаленнi ўсе Флёр'е, ад бацькi да сына, былi начальнiкi ў прамысловасцi. 'Што б там нi казалi, а сямейнасць усё ж iснуе!' - i ён з гордасцю падумаў пра спадчыннае маральнае здароўе ўсiх Флёр'е.

Тым летам Люсьен не падаваў дакументаў на ўступны конкурс у Цэнтральную школу, i Флёр'е раней звычайнага вярнулiся ў Фероль. Люсьен быў вельмi рады зноў убачыць свой дом, знаёмыя сад i завод, зноў апынуцца ў гэтым цiхiм, маленькiм, ураўнаважаным горадзе: тут быў нiбыта зусiм iншы свет. Ён вырашыў уставаць рана, каб рабiць доўгiя прагулкi па наваколлi.

- Я хачу напоўнiць лёгкiя чыстым паветрам, - сказаў ён бацьку, - i назапасiць здароўя на будучы год, перад тым як ужо з усяе сiлы налегчы на вучобу.

Ён хадзiў з маткаю да Буфардзье i да Бэсаў, i ўсе казалi, што ён вельмi вырас i зрабiўся разважным i разумным хлопцам. На канiкулы ў Фероль прыехалi i Эбрар з Вiнкельманам, якiя вывучалi ў Парыжы права. Люсьен часта хадзiў з iмi гуляць, i яны ўспамiналi жарты, якiя падстройвалi абату Жакмару, прыгадвалi вясёлыя паездкi на роварах i ў тры галасы спявалi 'Мецскага артылерыста'. Люсьену вельмi падабалiся шчырая адкрытасць i надзейнасць сваiх старых прыяцеляў, i ён папракаў сябе, што раней недаацэньваў iх. Ён прызнаўся Эбрару, што зусiм не ўпадабаў Парыжа, але той не мог яго зразумець: бацькi прыстройвалi яго на выхаванне да аднаго абата, дзе за iм быў вельмi добры дагляд; яшчэ i цяпер ён быў пад уражаннем ад сваiх паходаў у Луўр i таго вечара, што правёў у Оперы. Люсьена замiлоўвала такая прастата: побач з Эбрарам i Вiнкельманам ён адчуваў сябе як старэйшы брат i нават пачаў падумваць, што не шкадуе таго неспакойнага жыцця, якое, прынамсi, дазволiла яму выйграць у вопыце. Ён расказаў прыяцелям пра Фрэйда i псiхааналiз i з усмешкай глядзеў, як iх гэта шакавала. Сябры кiнулiся злосна крытыкаваць тэорыю комплексаў, але ўсе iх заўвагi былi наiўныя, i Люсьен лёгка гэта iм паказаў. А потым дадаў, што, гледзячы з

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату