фiласофскага пункту погляду, аблуды Фрэйда могуць быць выкрытыя сапраўды вельмi проста. Сябры былi зачараваны Люсьенам, але ён зрабiў выгляд, што не заўважае гэтага.
Пан Флёр'е растлумачыў Люсьену механiку заводскай вытворчасцi. Ён вадзiў яго ў цэнтральныя карпусы, i Люсьен доўга назiраў, як працуюць рабочыя.
- Калi я памру, - сказаў пан Флёр'е, - табе трэба будзе ўжо назаўтра быць здольным узяць на сябе ўсё заводскае кiраўнiцтва.
Люсьен насварыўся на бацьку за гэтыя словы.
- Стары ты мой бацька, - сказаў ён, - я цябе прашу, не трэба гаварыць пра такое!
Але потым некалькi дзён ён хадзiў сур'ёзны i думаў пра тую адказнасць, якая рана цi позна павiнна легчы яму на плечы. Бацька i сын вялi доўгiя размовы пра абавязкi ўладальнiка прадпрыемства, i пан Флёр'е растлумачыў Люсьену, што ўласнасць не права, а якраз - абавязак.
- Як ужо яны нам набрыдлi са сваёй класавай барацьбой, - сказаў ён, - нiбы ў уладальнiка i рабочых процiлеглыя iнтарэсы! Ну, вось вазьмi, Люсьен, напрыклад, мяне. Я ўладальнiк невялiчкага прадпрыемства - той, каго ў Парыжы называюць 'гаспадарок'. Дык вось, я кармлю добрую сотню рабочых разам з iх сем'ямi. I калi я добра вяду свае справы, яны ж першыя з гэтага карыстаюцца. Але калi я вымушаны буду зачынiць завод - яны адразу апынуцца на вулiцы. Я не маю права, - з нацiскам прамовiў ён, - не маю права весцi свае справы кепска. I гэта i ёсць, што я называю, - 'класавая салiдарнасць'.
Больш за тры тыднi ўсё iшло добра; Люсьен ужо амаль зусiм не ўспамiнаў пра Бержэра, ён яму дараваў: проста ён спадзяваўся, што болей у жыццi нiколi яго не ўбачыць. Часам, мяняючы кашулю, ён падыходзiў да люстра i аглядаў сябе са здзiўленнем. 'Мужчына пажадаў гэтае цела', - думаў ён. Ён паволi праводзiў рукамi сабе па нагах i думаў: 'Гэтыя ногi ўсхвалявалi мужчыну'. Беручыся за талiю, ён шкадаваў, што не можа быць адначасова другiм, каб мець магчымасць палашчыцца аб сваё ж цела, як аб мяккi кавалачак ядвабнай тканiны. Часам яму рабiлася шкада сваiх комплексаў: яны былi такiя трывалыя, важкiя, iх змрочная, неабдымная маса запаўняла яго, як своеасаблiвы баласт. Але цяпер усё было скончана: Люсьен у iх болей не верыў i адчуваў у сабе толькi пустую, нудную лёгкасць. Зрэшты, лёгкасць гэта была не такая ўжо непрыемная, яна хутчэй нагадвала пэўную расчараванасць, няхай крыху i мласнаватую, але ўвогуле вельмi выцерпную, якую, у крайнiм выпадку, можна было палiчыць за звычайны сум. 'Я - нiшто, - падумаў Люсьен. - Але гэта таму, што нiшто мяне не запэцкала. А Берлiяк - уграз па самыя вушы. I таму я нават згодны быць не вельмi ўпэўненым у сабе: гэта толькi плата за чысцiню'.
Неяк раз, гуляючы на прыродзе, Люсьен сеў на прыдарожным адхоне i задумаўся: 'Я спаў цэлыя шэсць гадоў, але ўрэшце разадраў свой кокан'. Ён адчуваў ва ўсiм целе жыццёвую сiлу i прыветным позiркам абвёў краявiд. 'Я створаны дзеля дзеяння!' - сказаў ён сабе. Але ў тую ж хвiлiну яго думкi пра славу страцiлi ўсякi смак. 'Няхай яны крыху пачакаюць, - шэптам прамовiў ён, яны яшчэ ўбачаць, чаго я варты'. Яму хацелася, каб гэтыя словы гучалi ўпэўнена, але яны чамусьцi апалi з вуснаў, як пустыя шкарлупiнкi. 'Што гэта са мной?' Яго ахапiла дзiўнае хваляванне. Ён адмаўляўся яго прызнаваць: некалi яно ўжо прынесла яму вялiкую шкоду. 'Гэта ўсё праз гэтую цiшыню... - падумаў ён, - праз гэты пейзаж...' Навокал не было нi душы, апроч цвыркуноў, якiя марудна цягнулi ў пыле свае жоўтыя i чорныя брушкi. Люсьен цярпець не мог цвыркуноў, яны заўсёды здававалiся яму нiбы паўжывымi. За дарогай, наганяючы сум, распасцiралася шаравая, пакрытая трэшчынкамi пясчаная раўнiна, якая паволi спаўзала да рэчкi. Нiхто не бачыў Люсьена, нiхто не чуў; ён ускочыў на ногi, i яму падалося, што яго рухi не сустракаюць нiякага супрацiўлення, нават сiлы цяжару. Ён стаяў, адзiн, пад полагам шэрых хмараў: ён нiбыта iснаваў у пустаце. 'Гэтая цiшыня...' - праплыло ў яго ў галаве. Але гэта было болей, чым цiшыня, - гэта быў нябыт. Краявiд вакол Люсьена быў надзвычай спакойны i невыразны, нечалавечы: здавалася, ён увесь скручваўся i нiбы затрымлiваў подых, каб толькi не патурбаваць яго. 'Калi артылерыст вярнуўся ў гарнiзон...' Гук пагас на вуснах, як полымя ў вакууме: вакол не было нi ценю, нi рэха, Люсьен быў адзiн, пасярод гэтай амаль непрыкметнай, бязважкай прыроды. Ён схамянуўся i паспрабаваў аднавiць хаду сваiх думак. 'Я створаны дзеля дзеяння. I галоўнае, ува мне ёсць жыццёвая энергiя: я магу дазволiць сабе зрабiць глупства, але нiколi не заходжу далёка, таму што хутка авалодваю сабой'. Ён падумаў: 'У мяне ёсць маральнае здароўе'. Але раптам ён змоўк i ад агiды зморшчыў грымасу, настолькi абсурдным яму здалося гаварыць пра 'маральнае здароўе' на гэтай да белi выпаленай дарозе, па якой паўзлi паўздохлыя насякомыя. Ён са злосцю наступiў на цвыркуна i адчуў пад падэшвай маленькую кругленькую гульку. Калi ён падняў нагу, цвыркун яшчэ жыў. Люсьен плюнуў на яго i падумаў: 'Я зноў у тупiку. Як i мiнулым летам'. Ён прыгадаў пра Вiнкельмана, якi называў яго 'асам сярод асаў', пра пана Флёр'е, што ставiўся да яго, як да мужчыны, пра панi Бэс, якая сказала: 'Няўжо я сапраўды называла гэтага вялiкага хлопца лялечкай? Ды я цяпер не асмелюся нават сказаць яму 'ты', ён мяне палохае'. Але ўсе яны былi далёка, вельмi далёка, i яму падалося, што сапраўдны Люсьен таксама недзе згубiўся i тут засталася толькi белая, збянтэжаная лiчынка. 'Што я?' Як i на мiнулых канiкулах, пытанне заставалася тое ж, здавалася, яно чакала Люсьена на тым самым месцы, дзе ён яго кiнуў, зрэшты, гэта было нават не пытанне - гэта быў стан. Люсьен пацiснуў плячыма. 'Я надта ўедлiвы, - падумаў ён, - i занадта займаюся самакапаннем'.
Наступнымi днямi ён стараўся менш капацца ў сабе i вырашыў засяродзiць увагу на рэчах: ён падоўгу разглядаў падстаўкi пад яйкi, круглыя сурвэткi, дрэвы, вiтрыны; ён вельмi ўсцешыў мацi, ласкава папрасiўшы паказаць яму сталовае серабро. Але гледзячы на серабро, ён думаў, што на яго глядзiць, а позiрк яго засцiлала дрыготкая, жывая смуга. I дарэмна Люсьен намагаўся паглыбiцца ў размову з панам Флёр'е, тая самая суцэльная рэдзенькая смуга, якая сваёю неадчувальнаю матавасцю падманлiва выдавала сябе за святло, неўпрыкмет прасочвалася аднекуль ззаду i ахiнала ўвагу, з якой ён слухаў бацькавы словы: гэтая смуга i была ён сам. Часам, у роспачы, Люсьен кiдаў слухаць i азiраўся, стараючыся спаймаць гэтае мроiва, зiрнуць яму ў твар - але натыкаўся толькi на пустату, смуга зноў заставалася ззаду.
Жэрмена прыбегла да панi Флёр'е ў слязах: яе брат захварэў на бронхапнеўманiю.
- Бедная вы мая Жэрмена, - сказала панi Флёр'е, - а вы заўсёды казалi, што ён у вас такi дужы!
Яна адпусцiла яе на месяц, а пакуль, на падмену, узяла дачку аднаго заводскага рабочага, Бертачку Мозэль, якой было семнаццаць гадоў. Яна была невялiчкага росту, з бялявымi косамi, закручанымi вакол галавы, i ледзь прыкметна накульгвала. Паходзiла яна з Канкарно, i таму панi Флёр'е папрасiла яе насiць каптурок з карункамi: 'Так будзе гожай'. З першых жа дзён кожны раз, калi дзяўчына сустракала Люсьена, у яе вялiкiх сiнiх вачах успыхвала пакорлiвая i палкая зачараванасць, i Люсьен зразумеў, што яна яго абагаўляе. Ён размаўляў з ёю бесцырымонна i часта любiў пытаць: 'Ну як, падабаецца вам у нас?' Iдучы па калiдоры, ён дзеля забавы знарок праходзiў так блiзка, каб да яе дакрануцца, i потым глядзеў на рэакцыю. Але ўвогуле яна яго замiлоўвала; яе цiхмянае каханне дарыла яму неацэнную маральную падтрымку, i Люсьен часта з лёгкiм хваляваннем задумваўся пра той вобраз, якi мог скласцiся пра яго ў Берты. 'Я, вядома, зусiм не падобны на тых маладых рабочых, да якiх яна ходзiць'. Аднойчы ён прыдумаў падставу, каб завесцi ў буфетную Вiнкельмана, i той прызнаў, што яна вельмi добра складзеная.
- Шчаслiўчык ты, - падсумаваў ён, - быў бы я на тваiм месцы, абавязкова ёй прызаняўся б.
Але Люсьен быў у нерашучасцi: ад Берты пахла потам, i яе чорная блузка пад пахамi была ўся паедзеная.
Аднойчы дажджлiвым вераснёўскiм адвячоркам панi Флёр'е з'ехала на машыне ў Парыж, i Люсьен застаўся адзiн. Ён ляжаў у сваiм пакоi на ложку i пазяхаў. Яму здавалася, што ён - нейкае капрызнае, зменлiвае, няўлоўнае воблака, увесь час тое самае i кожны раз iншае, з краямi, што ўвесь час распускаюцца i кудлацяцца ветрам. 'Цiкава, дзеля чаго я жыву?' Ён ляжаў, страўляючы ежу, пазяхаў, чуў, як дождж барабанiць у шыбы, i ў яго ў галаве раскудзельваўся, плыў бялявы туман: а што далей? Гэта было не iснаванне - гэта было чорт ведае што, i абавязкаў, якiя ён будзе вымушаны выконваць пазней, наўрад цi хопiць, каб яго апраўдаць. 'Увогуле, я не прасiў, каб мяне нарадзiлi', - падумаў ён. Але ён быў занадта прыгнечаны, каб развiваць свае думкi ў гэтым напрамку: ён устаў, запалiў цыгарэту i спусцiўся ў кухню, каб папрасiць Берту зрабiць яму трошкi чаю.
Яна не бачыла, як ён увайшоў. I калi Люсьен крануў яе за плячо - аж падскочыла.
- Я вас напалохаў? - спытаўся Люсьен.
Яна глядзела на яго з перапуджаным выглядам, абапершыся абедзвюма рукамi на стол, грудзi ў яе высока хадзiлi; нарэшце яна ўсмiхнулася i адказала:
- Ды ўжо ж я зусiм не чакала, я i не думала, што хто тут ёсць.
Люсьен адказаў паблажлiваю ўсмешкай i прамовiў:
- Вы былi б вельмi ласкавая, каб зрабiлi мне трошкi гарбаткi.