- Зараз, зараз, усё зраблю, пане Люсьен, - хутка адказала яна i кiнулася да плiты: прысутнасць Люсьена, вiдаць, яе вельмi бянтэжыла. Люсьен па-ранейшаму нерашуча стаяў у дзвярах.
- Ну што, - спытаў ён бацькоўскiм тонам, - як вам у нас - падабаецца?
Берта стаяла да яго спiнай i напаўняла з крана рондаль. Шум вады заглушыў яе словы. Люсьен трошкi счакаў i, калi яна паставiла рондаль на газ, зноў спытаўся:
- Вы ўжо палiлi калi-небудзь?
- Зрэдку, - апаслiва адказала дзяўчына.
Ён раскрыў пачак 'Кравэна' i працягнуў ёй, Люсьен быў не надта сабой задаволены: яму здавалася, што ён сябе кампраметуе; ён не павiнен быў прапаноўваць ёй запалiць.
- Вы хочаце... каб я запалiла? - здзiўлена прамовiла яна.
- Чаму не?
- Панi будзе сварыцца.
У Люсьена ўзнiкла непрыемнае пачуццё змоўнiцкасцi. Ён засмяяўся i сказаў:
- А мы ёй не скажам.
Берта пачырванела, узяла цыгарэту кончыкамi пальцаў i ўсунула яе ў рот. 'Цi павiнен я даць ёй агню? Не, напэўна, гэта будзе няправiльна'. Ён сказаў:
- Ну дык што ж вы не прыкурваеце?
Берта яго крыху раздражняла; яна стаяла чырвоная i пакорлiвая, растапырыўшы рукi i сцiснуўшы губы трубачкай; можна было падумаць, што ў роце ў яе тэрмометр. Нарэшце яна ўзяла з бляшанай скрынкi сярнiчку, чыркнула ёю i, лыпаючы вачыма, пусцiла колькi клубоў.
- Мяккiя, - сказала яна.
Потым паспешлiва выняла цыгарэту з рота i нязграбна сцiснула яе ўсiмi пяццю пальцамi. 'Прыроджаная ахвяра', - падумаў Люсьен. Але потым, калi ён спытаў, цi падабалася ёй жыць у Брэтанi, яна трошкi адтала, пачала расказваць, якiя розныя ў iх ёсць брэтонскiя каптуркi, i нават цiхiм фальшывым галасочкам праспявала песеньку пра Распардэна. Люсьен незласлiва з яе пакеплiваў, але яна не разумела жартаў i толькi глядзела на яго з абалдзелым выглядам: у такiя моманты яна рабiлася падобная да труса. Люсьен сеў на зэдаль i, не адчуваючы ўжо нiякай скаванасцi, прапанаваў:
- Ды вы сядайце.
- О, не-не, пане Люсьен, цi можна пры пане Люсьене...
Тады ён узяў яе пад пахi i пасадзiў сабе на каленi.
- А так? - спытаў ён.
Яна паддалася i адно прашаптала: 'Вам на каленi?' - з нейкай дзiўнаю iнтанацыяй, у якой адначасова чулiся i захопленасць, i папрок; Люсьен падумаў: 'Нешта мяне заносiць, абсалютна не варта было заходзiць гэтак далёка'. Ён прамаўчаў. Дзяўчына сядзела ў яго на каленях, цёпленькая i цiхмяная, i Люсьен адчуваў, як б'ецца ў яе сэрца. 'Яна мая рэч, - падумаў ён, - я магу зрабiць з ёй усё, што захачу'. Ён выпусцiў яе, узяў iмбрычак i падняўся ў свой пакой: Берта не зрабiла нiякага руху, каб яго затрымаць. Раней чым напiцца чаю, Люсьен вымыў рукi духмяным матчыным мылам, бо ад iх пахла падпахамi.
'Няўжо я з ёю перасплю?' Наступнымi днямi Люсьен быў дужа занепакоены гэтай невялiчкай праблемай; Берта ўвесь час узнiкала ў яго на праходзе i глядзела на яго вялiкiмi сумнымi спанiелевымi вачыма. Але мараль перамагла: Люсьен зразумеў, што рызыкуе зрабiць яе цяжарнаю (у яго ў падобных рэчах бракавала вопыту, а купiць прэзерватывы ў Феролi было немагчыма - яго тут усе ведалi), а гэта наклiкала б на пана Флёр'е вялiкiя непрыемнасцi. Апроч таго, ён пераканаў сябе, што пасля на заводзе ў яго будзе меней аўтарытэту, калi дачка якога-небудзь рабочага зможа хвалiцца, што некалi з iм спала. 'Я не маю права да яе дакранацца'. Апошнiмi днямi верасня ён пачаў пазбягаць заставацца з Бертай адзiн.
- Ну, - сказаў яму Вiнкельман, - чаго ты яшчэ чакаеш?
- Нiчога, - суха азваўся Люсьен, - проста я не хачу. Мне не падабаецца рабiць з наймiчкi наложнiцу.
Вiнкельман, якi ўпершыню пачуў пра наложнiц, цiха свiснуў i змоўк.
Люсьен быў вельмi горды сабой: ён абышоўся з Бертай, як сапраўдны шыкоўны тып, i гэта акупала шмат яго ранейшых памылак. 'Яе заставалася толькi сарваць', - казаў ён сабе з пэўным жалем. Але па развазе вырашыў: 'Увогуле, можна сказаць, што я яе меў: яна аддалася, але я адмовiўся'. I ён палiчыў, што з гэтага часу ён больш не нявiннiк. Падобныя прыемныя думкi цешылi яго яшчэ некалькi дзён, але i яны ўрэшце расталi ў тумане. У кастрычнiку, адпраўляючыся на заняткi, ён адчуваў сябе гэтак жа змрочна, як у пачатку мiнулага навучальнага года.
Берлiяк так i не з'явiўся, i нiхто не меў ад яго навiн. Люсьен заўважыў вакол шмат незнаёмых твараў: яго сусед справа, напрыклад, на прозвiшча Лемардан, год правучыўся на матэматычных курсах у Пуацье. Ён быў яшчэ вышэйшы за Люсьена i дзякуючы сваiм чорным вусам выглядаў зусiм як дарослы мужчына. Сустрэча з таварышамi не прынесла Люсьену задавальнення, яны здавалiся яму шумлiвымi i бязвiннымi дзецьмi: семiнарысты. Ён яшчэ, праўда, далучаўся да iх калектыўных выбрыкаў, але праз паблажлiвасць, на якую, зрэшты, меў поўнае права, як другакурснiк. Лемардан яго вабiў больш - у iм адчувалася сталасць; але гэтая сталасць, вiдаць, далася яму не так, як Люсьену, за кошт шматлiкiх спроб i памылак: ён быў дарослы ад нараджэння. Люсьен часта з захапленнем глядзеў на гэтую буйную, задумлiвую галаву, без шыi, коса пасаджаную на плечы: здавалася, у яе немагчыма нiчога ўвапхнуць - нi праз вушы, нi праз гэтыя маленькiя, шклiстыя i ружовыя кiтайскiя вочкi. 'Гэта тып з перакананнямi', - з павагай думаў Люсьен; ён не без зайздрасцi пытаўся ў сябе, чым можна тлумачыць гэтую ўпэўненасць, якая дазваляе Лемардану дзейнiчаць з такою самаўсвядомленасцю. 'Вось якiм я павiнен быць: як скала'. Яго нават крыху здзiўляла, што Лемардан яшчэ можа ўспрымаць нейкiя матэматычныя вылiчэннi; але пан Юсон яго супакоiў, раздаўшы сшыткi з першай кантрольнай: Люсьен быў на сёмым месцы, а Лемардан атрымаў 'пяць' i меў семдзесят восьмы вынiк; усё стала на сваё месца. Лемардана адзнака не ўсхвалявала; здавалася, ён чакаў горшага, i наогул - яго маленечкi рот i вялiкiя, гладкiя i жоўтыя шчокi былi створаны не дзеля таго, каб выяўляць пачуццi; гэта быў Буда. Угняўлёнага яго бачылi толькi аднойчы - у той дзень, калi Левi штурхнуў яго ў раздзявальнi. Спачатку ён, пылаючы вачыма, разоў дзесяць пранiзлiва рыкнуў i пасля закрычаў: 'Прэч, у Польшчу! У Польшчу, жыд пархаты! I каб да нас не прыязджаў тут смярдзець!' Ён насунуўся на Левi ўсiм торсам, i яго магутнае цела захiсталася на доўгiх нагах. Урэшце, ён такi ўляпiў яму пару поўхаў, i маленькi Левi папрасiў прабачэння: на гэтым усё i скончылася.
Кожны чацвер Люсьен хадзiў да Гiгара, i яны разам выпраўлялiся на танцулькi да сябровак яго сястры. Але ўрэшце Гiгар прызнаўся, што гэтыя скокi яму ўжо абрыдлi.
- У мяне ёсць адна сяброўка, - па сакрэце паведамiў ён, - першая майстрыха ў Плiснье, на вулiцы Руаяль. I ў яе ёсць прыяцелька, у якой якраз нiкога няма. Дык вось, калi можаш, хадзi з намi ў суботу.
Люсьен закацiў бацькам сцэну i дамогся дазволу гуляць па вечарах у суботу; ключ, як было дамоўлена, яму павiнны былi пакiдаць пад каберцам.
У дзевяць гадзiн ён сустрэўся з Гiгарам у бары на вулiцы Сэнт-Анарэ.
- Зараз убачыш, - сказаў Гiгар, - Фанi зацная баба, i сама галоўнае - умее апранацца.
- А мая?
- Я яе не ведаю; знаю толькi, што яна падручная швачка i ў Парыжы нядаўна, яна з Ангулему. Дарэчы, - дадаў ён, - ты ж глядзi, не дай маху. Мяне зваць П'ер Дара. А ты ў нас бялявы, дык я сказаў, што ў цябе ангельская кроў, так лепей. I зваць цябе Люсьен Баньер.
- А навошта гэта? - заiнтрыгавана спытаў Люсьен.
- Ты што, стары, - адказаў Гiгар, - гэта ж прынцып. Можаш рабiць з гэтымi бабамi ўсё, што хочаш, але нiколi не называй iм сапраўднага свайго iмя.
- А-а, - сказаў Люсьен. - А чым я займаюся ўвогуле?
- Можаш сказаць, што студэнт, гэта сама лепшае. Цямiш? Па-першае, iх гэта ўсцешыць, а па-другое, ты будзеш не абавязаны рабiць багатыя пачастункi. Мiж iншым наконт выдаткаў - натуральна, усё напалам; толькi сёння давай я зафундую: я тут ужо прызвычаiўся; у панядзелак я скажу, колькi ты вiнен.
Люсьен адразу падумаў, што Гiгар хоча мець невялiкую выгаду. Але пасля ўсмiхнуўся: 'Якi я ўжо зрабiўся недаверлiвы'. Хвiлiнай пазней у бар увайшла Фанi; гэта была высокая, худая i чарнявая дзяўчына з доўгiмi ляжкамi i вельмi нафарбаваным тварам. Яе выгляд трошкi збянтэжыў Люсьена.
- Гэта Баньер, пра якога я табе гаварыў, - пазнаёмiў Гiгар.
- Вельмi прыемна, - сказала Фанi, блiзарука прыжмурыўшы вочы. - А гэта мая сяброўка, Мод.