Люсьен убачыў маленькую незразумелага ўзросту кабецiну з перакуленым вазонам на галаве. Яна была зусiм ненафарбаваная i побач з блiскучаю Фанi здавалася шэрай. Люсьен быў горка расчараваны, але супакоiўся, заўважыўшы, што ў яе даволi прыгожы рот, - дый потым, з ёю яму, прынамсi, не трэба будзе курчыць з сябе немаведама што. Гiгар загадзя паклапацiўся заплацiць за выпiтае i, скарыстаўшыся сумятнёй, што ўзнiкла пасля прыходу, злаўчыўся весела падштурхнуць дзяўчат да дзвярэй, так i не даўшы iм часу чым-небудзь пачаставацца. Люсьен быў вельмi яму ўдзячны: пан Флёр'е выдаткаваў яму ўсяго сто дваццаць пяць франкаў на тыдзень, i з гэтых жа грошай даводзiлася яшчэ плацiць за праезд. Вечар быў вельмi вясёлы; яны пайшлi танцаваць у Лацiнскi квартал, дзе ў маленькай ружовай утульнай зале з цёмнымi закуткамi кактэйль каштаваў сто су*.
* 100 су - 5 франкаў.
Тут было шмат студэнтаў з дзеўкамi накшталт Фанi, але не такiмi ладнымi. Фанi была - найвышэйшы клас: яна дзёрзка зiрнула ў вочы нейкаму барадатаму таўстуну, якi палiў люльку, i вельмi гучна прамовiла: 'Цярпець не магу мужыкоў, якiя кураць люльку ў дансiнгу'. Таўстун пачырванеў як бурак i, нават не загасiўшы, схаваў люльку ў кiшэню. Да Гiтара з Люсьенам Фанi ставiлася паблажлiва i некалькi разоў, гэткiм ласкавым матчыным тонам, казала: 'Ах вы гадкiя хлапчукi!' Люсьен млеў ад задавальнення i ледзь не раставаў у камплiментах; ён расказваў Фанi розныя забаўныя штучкi i ўвесь час усмiхаўся. Урэшце ўсмешка ўжо не сыходзiла з яго твару, i яму ўдалося знайсцi своеасаблiвы элегантны тон, у якiм было трошкi развязнасцi i далiкатнай пяшчоты з тонкiм дамешкам iронii. Але Фанi адказвала яму рэдка; яна брала Гiгара рукамi за падбародак i так нацягвала яму шчокi, што наперад высоўваўся толькi рот; калi вусны рабiлiся тоўстыя i трошкi слiнявыя, як налiтыя сокам плады цi як два слiмакi, яна iх пачынала лiзаць, каротка высоўваючы язык, i казала: 'Бэбi'. Люсьена гэта страшэнна бянтэжыла, i Гiгар яму здаваўся смешным: куточкi губ у яго былi звэндзаныя памадай i на шчаках ад пальцаў чырванелi сляды. Але iншыя парачкi паводзiлi сябе яшчэ развязней: усе вакол цалавалiся; час ад часу кабета з раздзявальнi праходзiла па зале з маленькiм кошыкам i, раскiдваючы серпанцiн i рознакаляровыя гулькi, крычала: 'Гэй, дзеткi мае, гэй, смейцеся, весялiцеся!' - i ўсе рагаталi. Нарэшце Люсьен успомнiў пра iснаванне Мод i, усмiхаючыся, сказаў:
- Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, - ён паказаў на Гiгара i Фанi i дадаў: - Ну а нам, шаноўным дзядам... - ён не закончыў фразы, але так пацешна ўсмiхнуўся, што Мод таксама не стрымала ўсмешкi. Яна зняла капялюш, i Люсьен з задавальненнем зазначыў, што яна, бадай, прыгажэйшая за iншых дзевак у дансiнгу; ён запрасiў яе патанцаваць i расказаў, якiя закатваў канцэрты сваiм настаўнiкам у апошнi год перад экзаменам на бакалаўра. Мод танцавала добра, у яе былi чорныя i сур'ёзныя вочы i насцярожаны твар. Люсьен расказаў ёй пра Берту i прызнаўся, што мучаецца згрызотамi.
- Але ўсё роўна, - дадаў ён пад канец, - ёй гэта самой жа лепей.
Мод гiсторыя з Бертай здалася сумнай i паэтычнай, i яна спытала, колькi Берта зарабляла ў Люсьенавых бацькоў.
- Не вельмi весела, - дадала яна, - быць служанкаю, калi ты яшчэ маладая дзяўчына.
Гiгар з Фанi ўжо зусiм не звярталi на iх увагi i толькi лашчылiся, твар у Гiгара быў увесь мокры. Час ад часу Люсьен паўтараў: 'Вы паглядзiце на гэтых галубкоў, вы толькi паглядзiце', - i на языку ў яго так i круцiлася фраза: 'Зiрнеш на iх, дык i самому захочацца'. Але ён не асмельваўся яе вымавiць i задавальняўся ўсмешкаю; потым ён пачаў прыкiдвацца, быццам яны з Мод даўнiя прыяцелi, якiя пагарджаюць каханнем, называў яе 'стары браце' i рабiў выгляд, нiбы лопае па плячы. Раптам Фанi павярнулася i здзiўлена зiрнула на iх.
- Гэй вы, першаклашкi, - сказала яна, - вы чаго гэта робiце? Ану, давайце цалуйцеся, вы ж памiраеце, так вам хочацца.
Люсьен адразу абняў Мод; яго крыху бянтэжыла, што на iх глядзiць Фанi, яму хацелася, каб пацалунак выйшаў доўгi i ўдалы. Але ён не ведаў, як гэта людзi робяць, каб пры гэтым яшчэ i дыхаць. Урэшце, усё аказалася не так ужо цяжка, як ён меркаваў, - трэба было толькi цалаваць наўскасяк, каб ноздры былi свабодныя. Ён пачуў, як Гiгар лiчыць: 'Адзiн... два... тры... чатыры...' - i выпусцiў Мод на пяцьдзесят два.
- Няблага дзеля пачатку, - сказаў Гiгар, - але я магу лепей.
Люсьен зiрнуў на наручны гадзiннiк i ўзяўся лiчыць у сваю чаргу: Гiгар выпусцiў Фанiны губы толькi на сто пяцьдзесят дзевятай секундзе. Люсьена гэта ўзлавала, ён лiчыў такое спаборнiцтва iдыёцкiм. 'Я выпусцiў Мод ад сцiпласцi, -падумаў ён, - але нiчога хiтрага тут няма; калi навучыўся дыхаць, можна цалаваць хоць да бясконцасцi'. Ён прапанаваў паспрабаваць яшчэ раз i выйграў. Калi яны скончылi, Мод зiрнула на Люсьена i сур'ёзна сказала:
- Вы добра цалуецеся.
Люсьен пачырванеў ад задавальнення i, схiлiўшы галаву, адказаў:
- Да вашых паслуг, - але цалавацца яму ўсё-такi хацелася больш з Фанi.
А палове першай ночы яны рассталiся: у гэты час канчала хадзiць метро. Люсьен быў рады бязмежна; з падскокам, прытанцоўваючы, ён iшоў па вулiцы Рэйнуар i думаў: 'Ну, цяпер поўны парадак'. Губы ў куточках яму трошкi балелi ад таго, што ён столькi ўсмiхаўся.
Ён завёў звычку сустракацца з Мод а шостай гадзiне ў чацвер i па суботах вечарам. Яна дазваляла сябе цалаваць, але аддацца нiяк не згаджалася. Люсьен паскардзiўся на гэта Гiгару, i той яго супакоiў.
- Не хвалюйся, - сказаў Гiгар, - Фанi ўпэўненая, што яна з табой ляжа; проста яна яшчэ маладая: у яе былi толькi два каханкi. Таму Фанi раiць табе быць з ёй болей пяшчотным.
- Пяшчотным? - сказаў Люсьен. - Ты што - зусiм ужо?
Яны абодва зарагаталi, i Гiгар падвёў рысу:
- Трэба - значыць, трэба, стары.
Люсьен зрабiўся вельмi ласкавы, ён многа цалаваў Мод i паўтараў, што моцна яе кахае, але з часам усё гэта пачало здавацца яму крыху манатонным. Апроч таго, гуляючы з Мод, ён адчуваў сябе не такiм ужо гордым: яму ўвесь час рупiла параiць ёй лепш апранацца; але ў яе было шмат забабонаў, i яна адразу пачынала злавацца. Памiж пацалункамi яны сядзелi моўчкi i, трымаючыся за рукi, нерухома глядзелi перад сабой. 'Чорт ведае, пра што яна думае, з такiм строгiм позiркам'. Люсьен жа думаў заўжды пра адно i тое ж: як сумна i невыразна ён усё-такi жыве; ён казаў сабе: 'Я хацеў бы быць, як Лемардан. Вось ужо хто ведае сваю дарогу!' У такiя хвiлiны ён уяўляў сябе некiм iншым i нiбыта глядзеў на сябе збоку: ён сядзiць побач з жанчынай, якая кахае яго, ён трымае яе за руку i яго губы яшчэ вiльготныя ад яе пацалункаў, але ён адмаўляецца ад цiхага шчасця, што яна яму дорыць: адзiн. I тады ён моцна сцiскаў пальцы Мод, i на вочы яму набягалi слёзы: яму так хацелася зрабiць яе шчаслiвай.
Аднойчы снежаньскiм ранкам да Люсьена падышоў Лемардан, у руках у яго была нейкая паперка.
- Падпiшаш? - спытаў ён.
- А што гэта?
- Гэта з-за поджыдкаў з Педагагiчнага: яны даслалi ў 'Эўр' сваю анучу супраць абавязковай вайсковай падрыхтоўкi i сабралi дзвесце подпiсаў. А мы пратэстуем; нам трэба, прынамсi, тысячу iмёнаў. Дадзiм падпiсаць сiрарам, марнарам, агронам, палiтэхам - карацей, збяром увесь студэнцкi цвет.
Люсьена гэтыя словы ўсцешылi, i ён спытаў:
- I гэта надрукуюць?
- Вядома, у 'Аксьёне'. А можа, яшчэ i ў 'Эко дэ Пары'.
Люсьену карцела адразу паставiць подпiс, але ён падумаў, што гэта будзе не надта сур'ёзна. Ён узяў паперку i ўважлiва прачытаў.
- Ты, па-мойму, палiтыкай не займаешся, - сказаў Лемардан. - Увогуле, гэта твая справа. Але ты француз i маеш права таксама сказаць сваё слова.
Як толькi Люсьен пачуў: 'маеш права сказаць сваё слова', - яго працяла раптоўная i невытлумачальная радасць. Ён падпiсаў. Ужо назаўтра ён купiў у кiёску 'Аксьён Франсэз', але адозвы там не было. Яе надрукавалi толькi ў чацвер, i Люсьен знайшоў яе на другой старонцы пад загалоўкам 'Французская моладзь праводзiць добры прамы ў скiвiцу мiжнароднаму жыдоўству'. Яго прозвiшча фiгуравала таксама: спорнае, выразнае, яно было зусiм непадалёку ад прозвiшча Лемардана i здавалася такiм жа чужым, як Флеш цi Флiпо, што стаялi абапал; глядзець на яго было вельмi прыемна. 'Люсьен Флёр'е, - падумаў Люсьен, - iмя селянiна, сапраўднае французскае прозвiшча'. Ён уголас прачытаў усе iмёны, што пачыналiся на лiтару 'Ф', i калi дайшоў да свайго, вымавiў яго так, нiбыта не пазнае. Потым ён сунуў газету ў кiшэню i радасны рушыў