доўгiя i тонкiя пальцы, якiя так грацыёзна трымалi беззаганна зымiтаваны кал. Бержэр часта гутарыў з iм пра Рэмбо i пра 'пастаяннае парушэнне пачуццяў'.
- Калi вы, праходзячы па плошчы Згоды, здолееце выразна i ў любы час убачыць мурынку, якая, укленчыўшы, ссе абелiск, - вы зможаце нарэшце сказаць, што вам удалося разбурыць знешнi дэкор i вы - уратаваны.
Ён пазычыў яму пачытаць 'Азарэннi', 'Песнi Мальдарора' i творы маркiза дэ Сада. Люсьен шчыра стараўся ўсё ўразумець, але многае яшчэ не паддавалася яго ўсведамленню. Ён быў вельмi шакаваны, што Рэмбо, як аказалася, педэраст, i прызнаўся ў гэтым Бержэру. Але той рассмяяўся: 'Ну i што? Хлопча?' Люсьену зрабiлася вельмi няёмка, ён пачырванеў i на нейкае iмгненне нават адчуў да Бержэра нянавiсць. Але ўрэшце перамог сябе i, падняўшы галаву, са шчыраю прастатой прызнаў:
- Я сказаў глупства.
Бержэр палашчыў яго па валасах; здавалася, Люсьенавы словы яго расчулiлi.
- Гэтыя вялiкiя, палахлiвыя вочы, - сказаў ён, - вочы маленькай козачкi... Сапраўды, Люсьен, вы сказалi глупства. Педэрастыя ў Рэмбо - якраз i ёсць найпершае i генiяльнае парушэнне яго пачуццяў. Менавiта гэтаму мы i абавязаныя, што чытаем яго паэмы. Верыць, што ёсць нейкiя спецыфiчныя аб'екты сексуальнай прыхiльнасцi i што гэтыя аб'екты - жанчыны, толькi таму што ў iх памiж ног ёсць дзiрка, - гэта гнюсная i наўмысная памылка ўсiх непахiсных. Вось, зiрнiце!
Ён выняў з шуфляды ў стале тузiн зжаўцелых здымкаў i кiнуў iх на каленi Люсьену. Люсьен убачыў жудасных голых шлюх, якiя смяялiся шчарбатымi ратамi i рассоўвалi свае падобныя да разбухлых губ ляжкi, выстаўляючы памiж ног нешта накшталт парослага iмхом языка.
- Я купiў гэты наборчык у Бу-Саадзе, за тры франкi, - сказаў Бержэр. - Дык вось, калi вы будзеце цалаваць гэтым бабам у заднiцу, вас усё роўна будуць лiчыць сынком з добрай сям'i i проста скажуць, што вы жывяце па-халасцяцку. Бо гэта - жанчыны, разумееце? А я вам кажу, што першае, што трэба зрабiць, - гэта пераканаць сябе, што аб'ектам сексуальнага пачуцця можа быць усё: швацкая машынка, прабiрка, конь цi чаравiк. Вось я, - сказаў ён з усмешкай, - я кахаўся з мухамi. А яшчэ ведаў аднаго марскога пехацiнца, якi спаў з качкамi. Браў, зацiскаў iм галаву ў шуфлядзе, потым моцна трымаў за лапы - i давай!
Бержэр нiбы незнарок ушчыкнуў Люсьена за вуха i завяршыў:
- Качкi ад гэтага дохлi, i iх потым з'ядаў батальён.
Пасля падобных размоў галава ў Люсьена нiбыта гарэла полымем, i ён думаў, што Бержэр - генiй, але часам, прачынаючыся ўначы мокры ад поту, ён бачыў перад вачыма пачварныя, гнюсныя прывiды i пытаўся ў сябе, цi добры ўплыў робiць на яго гэты чалавек. 'Я зусiм адзiн! - стагнаў ён, выкручваючы сабе рукi. - Нiкога, нiкога, хто б мог мне параiць, падказаць, цi на правiльным я шляху!' Калi ён дойдзе так да канца, калi ён сапраўды дойдзе да парушэння ўсiх пачуццяў, цi не страцiць ён пад нагамi грунт, цi не ўпадзе! Аднойчы, калi Бержэр доўга гаманiў з iм пра Андрэ Брэтона, Люсьен прашаптаў, як у сне:
- Так, але што, калi потым я ўжо не здолею павярнуць назад?
Ад нечаканасцi Бержэр скалануўся.
- Павярнуць назад? Але хто кажа, што трэба вяртацца? Калi вы звар'яцееце тым лепш. Потым, як кажа Рэмбо, 'прыйдзе жудасны натоўп другiх працавiкоў'.
- Я так i думаў, - сумна прамовiў Люсьен.
Ён заўважыў, што iх доўгiя размовы прыносяць зусiм iншы вынiк, чым той, на якi спадзяваўся Бержэр: як толькi Люсьен лавiў у сабе нейкае надта далiкатнае пачуццё, нейкае незвычайнае ўражанне, яго пачынала трэсцi. 'Ну ўсё, пачынаецца', - думаў ён. Ён з задавальненнем бы пагадзiўся, каб у яго засталiся толькi сама ардынарныя, сама грубыя адчуваннi; цяпер на душы яму рабiлася вольна толькi ўвечары, калi ён быў дома, з бацькамi: гэта было яго адзiнае сховiшча. Яны гутарылi пра Брыяна, пра варожасць немцаў i кошт жыцця, пра тое, як прайшлi роды ў кузiны Жаны, i Люсьен з асалодай абменьваўся з iмi думкамi сама банальнага разумнага сэнсу. Аднойчы, вярнуўшыся пасля сустрэчы з Бержэрам, ён машынальна зачынiў дзверы ў сваiм пакоi на ключ i засунуў зашчапку. Заўважыўшы за сабой гэты рух, ён хацеў быў спачатку пасмяяцца, але ўрэшце не здолеў заснуць усю ноч: ён зразумеў, што яму страшна.
I ўсё-такi нi за што на свеце ён не перастаў бы хадзiць да Бержэра. 'Ён гiпнатызуе мяне', - думаў Люсьен. Ён бязмежна цанiў той далiкатны i такi своеасаблiвы дух таварыскасцi, якi Бержэр здолеў стварыць i падтрымлiваць памiж iмi. Захоўваючы заўсёды мужчынскi i амаль грубаваты тон, Бержэр умеў даць Люсьену адчуць i нават, калi так можна сказаць, - убачыць дотыкам сваю ласку: ён, напрыклад, часта перавязваў яму гальштукi i ўшчуваў пры гэтым за неахайства цi прычосваў прывезеным з Камбоджы залатым грабянцом. Ён раскрыў Люсьену прыгажосць яго цела i растлумачыў няскладнае, але такое замiлавальнае хараство юнацтва.
- Вы - Рэмбо, - казаў ён Люсьену. - Калi ён прыехаў у Парыж, каб сустрэцца з Верленам, у яго былi вашы вялiкiя рукi, i такi ж здаровы, румяны твар, як у сялянскага хлопца, i такое ж зграбнае, кволае цельца бялявай дзяўчынкi.
Ён загадаў Люсьену расшпiлiць каўнер, раскрыць кашулю i, падвёўшы сканфужанага юнака да люстра, прымусiў яго любавацца чароўным спалучэннем чырванi шчок з беласцю шыi; потым, лёгкай рукою правёўшы Люсьену па сцёгнах, ён з сумам сказаў:
- Трэба было б канчаць жыццё ў дваццаць год.
Люсьен часта цяпер разглядаў сябе ў люстры i вучыўся радавацца сваёй юнай i такой яшчэ няскладнай зграбнасцi. 'Я Рэмбо', - думаў ён па вечарах, млява распранаючыся перад сном. I яму пачынала верыцца, што жыццё ў яго будзе кароткае i трагiчнае, як у занадта прыгожай кветкi. У такiя хвiлiны яму здавалася, што некалi вельмi даўно ў яго ўжо былi падобныя думкi, i з падсвядомасцi ў яго ўсплывала нейкая бязглуздая карцiна: ён, зусiм маленькi, у доўгай блакiтнай сукенцы з анёльскiмi крылцамi раздае кветкi на лiцытацыi ў дапамогу бедным. Ён глядзеў на свае даўгiя ногi i з усмешкаю думаў: 'Няўжо ў мяне сапраўды такая пяшчотная скура?' I аднойчы ён не стрымаўся i правёў губамi ад запясця да ямкi на згiне локця, уздоўж такой чароўнай, тонкай блакiтнай жылкi.
Калi ён наступны раз прыйшоў да Бержэра, яго чакаў непрыемны сюрпрыз: у Бержэра быў Берлiяк. Ён займаўся тым, што адкройваў кавалачкi ад нейкага чарнаватага камяка, падобнага на грудку зямлi. Хлопцы не бачылiся ўжо дзесяць дзён i цяпер холадна пацiснулi адзiн аднаму рукi.
- Бачыў, што ёсць, - сказаў Берлiяк. - Гэта гашыш. Зараз перасыплем яго тытуньком i ў люлечкi: пачуцце - цымус. Табе таксама знойдзецца.
- Дзякуй, - сказаў Люсьен, - вялiкай ахвоты не маю.
Два яго сябры засмяялiся, i Берлiяк, скiнуўшы на Люсьена злым вокам, прамовiў з настойлiвасцю ў голасе:
- Ды ты здурнеў, стары. Пакаштуй, ты ўяўлення не маеш, як гэта прыемна.
- Я табе сказаў, што не, - паўтарыў Люсьен.
Гэты раз Берлiяк змаўчаў i толькi ўсмiхнуўся з выглядам перавагi. Люсьен заўважыў, што Бержэр таксама ўсмiхаецца, i, тупнуўшы нагой, заявiў:
- Я не хачу, не хачу марнаваць сам сябе i лiчу iдыёцтвам нашпiгоўвацца розным смеццем, ад якога толькi тупееш!
Словы зляцелi ў яго мiмаволi, i калi да яго дайшоў сэнс сказанага i ён уявiў, што можа падумаць пра яго Бержэр, яму захацелася забiць Берлiяка, i ён ледзь не заплакаў.
- Ты проста буржуйскi сынок, - пацiснуўшы плячыма, працадзiў Берлiяк, - ты толькi робiш выгляд, быццам умееш плаваць, а сам увесь час баiшся страцiць дно пад нагамi.
- Я не хачу прывыкаць да наркоцiкаў, - ужо спакайней прамовiў Люсьен, гэта таксама рабства, а я хачу быць свабодны.
- Скажы лепш, што баiшся адказнасцi, - рэзка сказаў Берлiяк.
Люсьен ужо збiраўся ўляпiць яму добрую поўху, калi пачуў уладны Бержэраў голас, якi звяртаўся да Берлiяка:
- Адчапiся ад яго, Шарль, ён мае рацыю. Яго боязь адказнасцi - гэта таксама праява збянтэжанасцi.
Яны прывольна расселiся на канапе i запалiлi. Па пакоi разлiўся водар армянскай паперы. Люсьен, прымасцiўшыся на чырвоным зэдлiку, назiраў за прыяцелямi. Праз пэўны час Берлiяк адкiнуў голаў назад i з млявай усмешкай апусцiў павекi. Люсьен адчуў злую зайздрасць, яму чамусьцi здавалася, што яго зняважылi. Берлiяк раптам устаў i няпэўнай хадой выйшаў з пакоя, на яго вуснах была ранейшая дзiўная i