Берлiяк прамовiў сцвярджальным голасам:
- Табе, натуральна, таксама хацелася пераспаць са сваёй мацi.
Ён не пытаўся, ён канстатаваў. Люсьен пацiснуў плячыма i буркнуў:
- Натуральна.
Назаўтра яму пачувалася неспакойна - ён баяўся, каб Берлiяк не пачаў зноў гэтай размовы. Але ўрэшце яму ўдалося сябе супакоiць. 'Як бы там нi было, падумаў ён, - Берлiяк скампраметаваў сябе болей, чым я'. Яго вельмi вабiла тая навуковасць, якую набылi цяпер iх адносiны. У наступны чацвер ён пайшоў у бiблiятэку св. Жэнеўевы i прачытаў працу Фрэйда пра сон. Гэта было сапраўднае адкрыццё. 'Дык, значыць, вось яно што, - паўтараў сам сабе Люсьен, ходзячы наманы па вулiцах, - вось, значыць, што'. Ён купiў 'Уводзiны ў псiхааналiз' i 'Псiхапаталогiю паўсядзённага жыцця', i яму ўсё зрабiлася ясна. Гэтае дзiўнае ўражанне, што ён не iснуе, i гэтая пустата, што так доўга трывала ў яго свядомасцi, яго вечная санлiвасць, i яго няўпэўненасць, i бясплённыя намаганнi пазнаць сябе, якiя нязменна натыкалiся на заслону туману... 'Д'ябал, - падумаў ён, - у мяне ж комплекс'. Ён расказаў Берлiяку, што ў дзяцiнстве ўяўляў сябе самнамбулам i што рэчы заўсёды здавалiся яму не зусiм рэальнымi.
- Напэўна, - вырашыў ён, - у мяне комплекс дамашняй замкнёнасцi.
- Штых у штых як у мяне, - адказаў Берлiяк, - у нас хатнi комплекс.
Яны завялi звычку тлумачыць усе свае сны i нават сама нязначныя ўчынкi, але Берлiяк расказваў заўсёды столькi гiсторый, што Люсьен нават трошкi падазраваў, што ён iх выдумляе цi, прынамсi, прыхарошвае. Тым не менш яны добра разумелi адзiн аднаго i з абсалютнаю аб'ектыўнасцю разбiралi сама далiкатныя сiтуацыi; яны прыйшлi да агульнай думкi, што носяць вясёлую маску, каб ашукваць iншых, але ўсярэдзiне iх душа жорстка пакутуе. Люсьен пазбыўся нарэшце разгубленасцi. Ён з прагнасцю накiнуўся на псiхааналiз, бо лiчыў, што гэта якраз тое, што яму падыходзiць, i цяпер адчуваў сябе болей упэўнена. Яму ўжо не трэба было хвалявацца i безупынна шукаць у свядомасцi прыкметных праяваў свайго характару. Сапраўдны Люсьен быў глыбока схаваны ў падсвядомым, пра яго можна было толькi гадаць i думаць, без магчымасцi ўбачыць, - як пра каго-небудзь дарагога, але непрысутнага. Люсьен цэлымi днямi разважаў пра свае комплексы i з пэўнай гордасцю ўяўляў той змрочны, жорсткi i бязлiтасны свет, якi панаваў пад полагам яго свядомасцi.
- Разумееш, - казаў ён Берлiяку, - звонку я быў нiбыта звычайны, сонны i абыякавы да ўсяго хлапчук, якi нiчога асаблiвага сабой не ўяўляе. I нават усярэдзiне, ведаеш, усё было настолькi да гэтага падобна, што я сам ужо ледзь не паверыў. Але ўсё-такi я адчуваў, што ёсць нешта iншае.
- Заўсёды ёсць нешта iншае, - адказаў Берлiяк.
I яны ганарыста ўсмiхнулiся адзiн аднаму. Люсьен склаў паэму пад назваю 'Калi развеецца туман', i Берлiяк прызнаў яе файнай, але папракнуў Люсьена за тое, што ён напiсаў яе правiльным вершам. Тым не менш яны вывучылi паэму на памяць, i калi хацелi намякнуць на свае палавыя iнстынкты, казалi: 'Крабы, што схавалiся пад полагам туману', - а потым проста: 'Крабы', - i падмiргвалi адзiн другому. Але ўрэшце Люсьену, калi ён заставаўся адзiн i асаблiва ўвечары, усё гэта пачало здавацца крыху страшнаватым. Ён ужо не адважваўся зiрнуць сваёй мацi ў твар, i калi цалаваў яе перад сном, баяўся, каб нейкая цёмная сiла не перавяла яго пацалунак i не накiравала яго панi Флёр'е ў вусны. Ён нiбыта адчуваў усярэдзiне прыхаваны вулкан i цяпер пачаў ставiцца да сябе з асцярогай, каб не растрывожыць той лiхой i змрочнай душы, што адкрылася яму так нечакана. Ён ведаў усё, на што яна здольная, i баяўся яе жудаснага абуджэння. 'Я баюся сам сябе', - думаў ён. Шэсць месяцаў назад ён адмовiўся ад сваiх iнтымных уцех - яны прыгняталi яго, i апроч таго, ён быў вельмi загружаны працай, - але ўрэшце зноў вярнуўся да iх: кожны мусiць кацiцца па сваiм адхоне; ва ўсiх Фрэйдавых кнiгах было шмат гiсторый пра няшчасных юнакоў, у якiх пачалiся нервовыя прыступы ад таго, што яны надта рэзка парвалi са сваiмi прывычкамi. 'Цi не звар'яцеем мы так нарэшце?' - пытаўся ён у Берлiяка. I сапраўды, часам, сустракаючыся па чацвяргах, яны адчувалi сябе крыху ненармальна: у Берлiякаў пакой нiбы неўпрыкмет запаўзаў хiтры прыцемак, яны цэлымi пачкамi палiлi цыгарэты з дамешкам опiуму, i рукi ў iх пачыналi дрыжаць. Тады нехта адзiн моўчкi ўставаў, па-воўчы крадучыся, iшоў да дзвярэй i паварочваў выключальнiк. Жоўтае святло напаўняла пакой, i яны падазрона ўзiралiся адзiн у аднаго.
Хутка Люсьен заўважыў, што яго сяброўства з Берлiякам грунтуецца на нейкiм непаразуменнi: нiхто, вядома, не адчуваў так, як ён, усяго патэтычнага хараства Эдыпава комплексу, але перш за ўсё ён бачыў у iм адзнаку магутнай страсцi, якую спадзяваўся пазней накiраваць на iншыя мэты. А Берлiяку, здавалася, наадварот - падабаўся такi яго стан, i ён не хацеў яго пазбывацца. 'Гамон нам з табой, - з гордасцю казаў ён, - марнiкi мы, нiчога з нас нiколi не выйдзе'. 'Нiколi нiчога', - рэхам азываўся Люсьен. Але ўсярэдзiне ў яго ўсё кiпела.
Вярнуўшыся з велiкодных канiкул, Берлiяк расказаў Люсьену, што ў Дыжоне яны з мацi жылi ў гатэлi ў адным пакоi: аднойчы ён устаў вельмi рана i падышоў да матчынага ложка; мацi яшчэ спала, i ён прыўзняў яе коўдру. 'Начная сарочка ў яе задзерлася', - хiхiкаючы, паведамiў Берлiяк. Пачуўшы такое, Люсьен не змог перамагчы пэўнай пагарды да свайго сябра, i яму зрабiлася вельмi самотна. Вядома, нiчога кепскага ў тым, што ў цябе ёсць комплексы, няма, але трэба ўмець своечасова ад iх пазбаўляцца: як можа дарослы ўжо чалавек браць на сябе адказнасць i кiраваць людзьмi, калi ў яго яшчэ захавалася дзiцячае стаўленне да палавых адносiн? Люсьен пачаў усур'ёз хвалявацца: яму хацелася папытаць парады ў якой кампетэнтнай у падобных пытаннях асобы, але ён не ведаў, да каго звярнуцца. Берлiяк часта казаў яму пра нейкага сюррэалiста, якога звалi Вержэр, той быў вельмi дасведчаны ў праблемах псiхааналiзу i, здаецца, меў на Берлiяка вялiкi ўплыў, але пазнаёмiцца з iм Берлiяк Люсьену нiколi не прапаноўваў. Люсьен быў таксама вельмi расчараваны, бо разлiчваў, што Берлiяк звядзе яго са сваiмi знаёмымi дзеўкамi: ён спадзяваўся, што, калi ў яго будзе прыгожанькая каханка, гэта натуральна i само сабой памяняе хаду яго думак, але Берлiяк цяпер больш не аказваўся пра сябровак. Часам яны хадзiлi гуляць па Вялiкiх бульварах i забаўлялiся, праследуючы некаторых дзяўчат, але гаманiць з iмi не адважвалiся. 'Што ты хочаш, стары, - казаў Берлiяк, - мы не з той пароды, каб iм падабацца. Бабы чуюць у нас нешта, што iх палохае'. Люсьен не адказваў; Берлiяк пачынаў яму назаляць. Ён часта адпускаў вельмi непрыстойныя жарты ў адрас Люсьенавых бацькоў, называючы iх панам i панi Даўгалыжскiмi. Люсьен выдатна разумеў, што ўвогуле сюррэалiст павiнен пагарджаць буржуазiяй, але панi Флёр'е неаднойчы запрашала Берлiяка ў госцi i заўсёды ставiлася да яго з даверам i дружалюбнасцю; нават калi гэта i не выклiкала ў Берлiяка ўдзячнасцi, то хоць бы звычайны клопат захоўваць прыстойнасць павiнен быў забаранiць яму гаварыць пра яе такiм тонам. Апроч таго, Берлiяк быў проста невыносны са сваёю манiяй пазычаць грошы, якiя нiколi не аддаваў: у аўтобусе ў яго нiколi не аказвалася дробязi, а ў кавярнi за выпiтае i з'едзенае ён браўся фундаваць толькi адзiн раз з пяцi. Аднойчы Люсьен адкрыта яму заявiў, што не разумее гэтага: на яго думку, прыяцелi павiнны падзяляць выдаткi, калi выходзяць у горад разам. Берлiяк глыбакадумна зiрнуў на яго i прамовiў: 'Я так i думаў: ты яшчэ на анальнай стадыi', - ён растлумачыў Люсьену фрэйдысцкае ўраўненне 'экскрэменты=золата' i фрэйдысцкую тэорыю скупасцi. 'Мяне вось што цiкавiць, - сказаў ён, - да якога ўзросту мамка цябе падцiрала?' Яны ледзьве не пасварылiся.
У маi Берлiяк пачаў прагульваць заняткi ў лiцэi, i Люсьен пасля ўрокаў сустракаўся з iм у бары на вулiцы Пцiшан, дзе яны частавалiся вермутам 'Круцыфiкс'. Аднойчы ў аўторак, прыйшоўшы ў бар у другой палове дня, Люсьен заспеў Берлiяка за столiкам, на якiм стаяў ужо апарожнены келiх.
- А, прыйшоў, - сказаў Берлiяк. - Слухай, мне трэба чухаць, а пятай гадзiне я мушу быць у зубнога. Ты мяне пачакай, ён тут побач, мне ўсяго на паўгадзiнкi.
- О'кэй, - адказаў Люсьен, апускаючыся на крэсла. - Франсуа, дайце мне белага вермуту.
У гэты момант у бар увайшоў чалавек, якi, заўважыўшы iх, неяк дзiўна ўсмiхнуўся. Берлiяк пачырванеў i паспешлiва ўстаў. 'Хто б гэта мог быць?' падумаў Люсьен. Пацiскаючы незнаёмаму руку, Берлiяк стаяў так, каб загарадзiць ад яго Люсьена; ён гаварыў хуткiм i трошкi прыглушаным голасам, але мужчына адказаў вельмi выразна:
- Ды ну, хлопча, не, не, ты так i застанешся, вiдаць, вечным блазнам.
Адначасова ён прыўстаў на дыбачкi i са спакойнай упэўненасцю пачаў разглядаць Люсьена паверх Берлiякавай галавы. На выгляд яму было гадоў трыццаць пяць, у яго быў крыху бледны твар i чароўная бялявая шавялюра. 'Несумненна, гэта Бержэр, - падумаў Люсьен, i сэрца ў яго забiлася, - Якi ж ён прыгожы!'
Нясмела настойлiвым жэстам Берлiяк паспрабаваў узяць незнаёмца за локаць.
- Хадземце са мной, - сказаў ён, - мне зараз трэба да зубнiка, гэта зусiм побач.