пытаннi, каб, нягледзячы на супрацiўленне абвiнавачанага, дабрацца да самага споду сутнасцi праўды.

Нашым першым намерам было сваiмi словамi распавесцi пра ход таго пасяджэння Святога трыбунала, але нас своечасова прасвятлiў Святы Дух, унушыўшы, што мы натхнёныя вышэйшай мудрасцю не выстаўляць асабiстых амбiцый, якiя пры такой няроўнасцi сiл лёгка могуць спаўзцi да агульнага калечання, ашуканства i поўнага скажэння праўды. А таму, служачы праўдзе, перадаём слова ёй.

Паводле ўдаступненых нам пратаколаў, Ларэнца Перэз стаў перад Святым трыбуналам восьмага верасня года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага ў прысутнасцi вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара, айцоў iнквiзiтараў Святога афiцыума ў Таледа, вялебнага айца Дыега Манэнтэ, сакратара Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады, а таксама пiсараў, братоў дамiнiканцаў, званых Нiколасам i Паскуалем.

Вялебны айцец Тарквемада пытаўся, а Ларэнца Перэз адказваў - наступнае:

Т. - Няхай абвiнавачаны шчыра i нiчога не тоячы раскажа Святому трыбуналу пра свае грахi.

П. - (Маўчыць.)

Т. - Цi абвiнавачаны азнаёмлены з актам абвiнавачвання?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - Цi прызнае абвiнавачаны сваю вiну?

П. - Прызнаю, Ваша Мосць, што я выклiкаў д'ябла, якi не з'явiўся.

Т. - Не пытаюся, каго абвiнавачаны выклiкаў, а цi абвiнавачаны прызнае сваю вiну?

П. - Не, Ваша Мосць.

Т. - Цi абвiнавачаны лiчыць сябе хрысцiянiнам?

П. - Так.

Т. - Цi абвiнавачаны лiчыць, што ён належыць да рымскай каталiцкай царквы?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - Цi абвiнавачаны лiчыць iсцiну, якую царква прызнае адзiнай праўдай, неаспрэчнаю?

П. - Ваша Мосць, калi iснуе д'ябал, дык чаму ён не ўзяў маю душу, я ж сам хацеў ахвяраваць яе яму.

Т. - Я пытаюся, цi абвiнавачаны лiчыць iсцiну, якую царква прызнае адзiнай праўдай, неаспрэчнаю, вартай веры?

П. - Я просты хрысцiянiн, Ваша Мосць.

Т. - Абвiнавачаны прызнаў, што не верыць у iснаванне сатаны i д'яблаў. Цi абвiнавачаны пацвярджае гэта прызнанне?

П. - Ваша Мосць, прысягаю, што д'ябал сапраўды не з'явiўся па маю душу.

Т. - А значыцца, абвiнавачаны пацвярджае сваё прызнанне?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - Абвiнавачаны сказаў хвiлiну назад, што ён просты хрысцiянiн.

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - I сваё сцверджанне, што сатана не iснуе, не абгрунтоўвае абвiнавачаны вучэннем?

П. - Не, Ваша Мосць.

Т. - Чым тады ў сувязi са сказаным абвiнавачаны абгрунтоўвае гэта сваё сцверджанне?

П. - Ваша Мосць, я прысягаю, - усё, што я сказаў, ёсць праўда. Я нiчога не ўтоiў.

Т. - Прашу ўвагi абвiнавачанага. Я пытаюся, чым абвiнавачаны абгрунтоўвае сваё сцверджанне, што сатана не iснуе i пякельныя iстоты не маюць згубнага ўплыву на людскiя душы.

П. - (Маўчыць.)

Т. - Абвiнавачаны апелюе да сваёй дасведчанасцi. Значыцца, можа, здаровы розум прадыктаваў абвiнавачанаму перакананне, што сатана не iснуе?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - Святы трыбунал згодна з вучэннем царквы верыць у iснаванне сатаны i ў яго згубны ўплыў на людскiя душы. Цi абвiнавачаны лiчыць, што Святы трыбунал пазбаўлены здаровага розуму?

П. - (Маўчыць.)

Т. - Чаму абвiнавачаны не адказвае?

П. - Не ведаю, Ваша Мосць, гэта вышэй майго разумення. Я толькi ведаю, што выклiкаў д'ябла, хацеў прадаць яму сваю душу, а ён не з'явiўся, дык, значыцца, яго, пэўна, няма.

Т. - Цi iснуе, на думку абвiнавачанага, на свеце зло?

П. - О так, Ваша Мосць! Зла вельмi многа.

Т. - Цi абвiнавачаны зведаў у сваiм жыццi зло?

П. - Толькi зло, Ваша Мосць, нiчога iншага не бачыў.

Т. - Абвiнавачаны i далей настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?

П. - Калi б ён быў, Ваша Мосць...

Т. - Я пытаюся, цi абвiнавачаны i далей настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?

П. - Настойваю, Ваша Мосць.

Т. - Калi ж сатана не iснуе, хто, на думку абвiнавачанага, спраўца зла на зямлi?

П. - (Маўчыць.)

Т. - Цi абвiнавачаны верыць у Бога, творцу неба i зямлi?

П. - Як жа я магу не верыць, Ваша Мосць?

Т. - I таму, на думку абвiнавачанага, усемагутны Бог стварыў зло на зямлi?

П. - Я гэтага нiколi не казаў, Ваша Мосць, прысягаю.

Т. - Абвiнавачаны ўсё яшчэ настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?

П. - Ваша Мосць, калi ён не з'явiўся...

Т. - Ёсць сатана цi яго няма?

П. - Ваша Мосць, не Бог стварыў зло.

Т. - Святы трыбунал дае веры словам абвiнавачанага, што ён шчыра адцураецца ад блюзнерчай думкi, што нiбыта Бог мог быць спраўцам зла на зямлi.

П. - Дзякую, Ваша Мосць.

Т. - Чыiм падданым з'яўляецца абвiнавачаны?

П. - (Маўчыць.)

Т. - Цi не Iх Каралеўскiх Каталiцкiх Вялiкасцей караля Фердынанда i каралевы Iзабэлы?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - Хто ў Каталiцкiм Каралеўстве ўстаноўлiвае законы?

П. - (Маўчыць.)

Т. - Каралеўская Вялiкасць?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - I хто яшчэ?

П. - (Маўчыць.)

Т. - Каталiцкая царква?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - Абвiнавачаны прызнаў, што паводле яго сама свядомага меркавання ўсе законы ў Каталiцкiм Каралеўстве ўстаноўлены Каралеўскай Вялiкасцю i каталiцкай царквой. Цi абвiнавачаны пацвярджае гэта?

П. - Так, Ваша Мосць.

Т. - Святы трыбунал сцвярджае, што ў святле сваiх ранейшых прызнанняў абвiнавачаны яўна прызнаўся ў змове супраць вярхоўнай свецкай улады i ўлады духоўнай.

П. - Ваша Мосць, я бунтаўнiк? Я не бунтаўнiк.

Т. - Святы трыбунал абапiраецца на прызнаннi абвiнавачанага i не верыць у яго цяперашнiя галаслоўныя пярэчаннi. Абвiнавачаны сцвярджаў, што на зямлi iснуе зло? Абвiнавачаны прызнаў, што сам зведаў шмат зла?

П. - Так, Ваша Мосць, я сказаў гэта.

Т. - Не сатана, на думку абвiнавачанага, спраўца зла, бо сатана, паводле слоў абвiнавачанага, не iснуе. Усемагутнага Бога таксама абвiнавачаны не дакарае за зло на зямлi. Хто ж тады, на думку абвiнавачанага, можа быць спраўцам зла, калi не тыя, што ўстаноўлiваюць законы?

П. - (Маўчыць.)

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату