пыхай замест бязмежнай веры ў лiтасць божую, замест пакоры перад доляй i клопату пра збавенне душы, я нягодна адмёў вучэнне царквы, паставiўшы сябе над адзiнай iсцiнай, i, атручаны такiмi мяцежнымi думкамi, пачаў шукаць хаўрусу з сатаной, не разумеючы, што, адрываючыся ад суполкi дабраверных i iдучы следам за толькi сваiмi блюзнерчымi думкамi, я ўжо тым самым у вечнай уладзе нячыстага. Разумею цяпер, вялебныя айцы, што на мае заклiкi д'ябал зусiм не абавязаны быў з'яўляцца, бо i без таго я самахоць прадаў сябе яго ўладзе. Але гэтым не вычэрпваюцца мае беззаконнi. Я спрабаваў здабыць збавенне iлжывымi выкруткамi, зацiнаючыся ў ерасi, цяпер, аднак, вамi, вялебныя айцы, прасветлены, бачу, што толькi безмежна шчырае прызнанне праўды можа прынесцi сапраўднае выратаванне, яшчэ магчымае для мяне, - то бок пакорлiва, павiнавацiўшыся перад людзьмi i Богам, панесцi заслужаную мною кару.

Прадаўшыся сатане, толькi яго д'ябальскiмi сцежкамi мог я iсцi далей адно ўчынiўшы злачынства, я ўжо быў асуджаны рабiць яшчэ больш страшныя i жахлiвыя. Сам у руках сатаны, я пашыраў нячыстыя погляды, што нiбыта ён, сатана, не iснуе i душам людскiм не пагражае, сеяў я смуту i заразу ў душах i сэрцах, падточваў асновы веры, праўду хлуснёй падтыкаючы. Усвядомiўшы цяпер ненасытную, неспатольную пражэрлiвасць зла, бачу, што i гэтым я не задаволiўся, таму што ад хаўрусу з д'ябальскiмi сiламi прага чынiць зло авалодала мною цалкам, i з гэтых прычын, апантаны нянавiсцю да дабра i не помнячы, што сам я - нiкчэмны чарвяк, якi павiнен быць удзячны Каралеўскаму маестату i царкве, я ступiў на шлях адкрытага бунту супраць найвышэйшых улад каралеўства, прыпадобнiўшыся такiм чынам распраненаму з усякай павагi i веры злачынцу, якi занёс богазневажальную руку на айца свайго i на мацi сваю. I вось, абцяжараны такiмi страшнымi злачынствамi, я не заслугоўваю, вялебныя айцы, нiякай лiтасцi, i калi смею пра што-небудзь прасiць у вас, дык адзiна пра кару найбольш суровую, каб яна i мне самому дапамагла ачысцiцца ад грахоў, а ўсiм жывым стала справядлiвым адшкадаваннем за зло, учыненае мною.

Т. - Цi абвiнавачаны можа назваць прозвiшчы асоб, якiх уцягнуў у змову?

П. - Так, Ваша Мосць, я гатовы назваць прозвiшчы людзей, якiх я падбухторыў да ўдзелу ў гэтай злачыннай дзеi, бо толькi такiм чынам магу я ацалiць iх душы ад вечных пакут.

Т. - Святы трыбунал слухае абвiнавачанага.

Рэестр злачынцаў, названых Ларэнцам Перэзам, ахоплiвае некалькi дзесяткаў людзей: мужчын, дзяцей i кабет, якiя жылi ў самiм Бургiласе або ў ваколiцах, але нам не здаецца абавязковым пералiчваць iх усiх, бо за размах самой змовы яны сведчаць больш сваёй колькасцю, чым пайменным пералiчэннем, якое i раней казала не надта многа, а тым меней сёння.

Адно, праўда, прозвiшча з дэмаскаваных бунтаўнiкоў варта дзеля навучання назваць, а менавiта паганьбаванае iмя святара Мiгеля Варгаса, пробашча з Бургiласа, якi, будучы спавядальнiкам Ларэнца Перэза, выявiў пры выкананнi сваiх абавязкаў вартую пакарання слепату i, заслужыўшы не меншую асуду, забыўся пра пiльнасць супраць зла.

Справа Ларэнца Перэза, так глыбока даследаваная i да самага карэння раскрытая вялебным айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, хоць i мела яна дачыненне да простага люду, дае, аднак, асаблiва красамоўнае сведчанне таго, да якога цяжкага злачынства прыводзiць адступства ад асноў веры. З усiх бакоў атачаюць нас зламысныя разбуральныя д'ябальскiя сiлы, нецярплiва чакаючы, каб з кожнай людской слабасцi, а больш за ўсё з непасаромленай пыхi i фанабэрыi выдабыць сабе карысць. Вялiкае поле бiтвы - гэтая зямля, а праўда адкрытая чалавечаму роду толькi адна - згуртаваўшыся вакол яе i служачы ёй, мы можам быць непахiсныя ў веры, мы можам быць пэўныя, што ўсе варожыя спакусы i вышпiгi разаб'юцца аб муры нябеснай фартэцыi i непрыяцель у сваёй бяссiльнай злосцi пацерпiць канчатковае паражэнне.

Каб закончыць, аднак, аб працэсе Ларэнца Перэза, мы павiнны з абавязку кранiстаў дадаць, што ўжо ў месяцы сакавiку, на дзень святога Iосiфа, усе набожныя жыхары горада Таледа мелi магчымасць удзельнiчаць у вялiкай урачыстасцi, пад час якой ератык i бунтаўнiк Ларэнца Перэз, а таксама шматлiкiя супольнiкi яго злачынства былi аддадзены ачышчальнаму полымю. Тыя, каго абцяжарвалi меншыя правiны, таксама i кару панеслi менш суровую i былi засуджаны на шматгадовыя галеры або на царкоўныя цярпеннi i грашовыя рэстрыкцыi, але ў кожным выпадку на страту годнасцi i забарону займаць пасады аж да трэцяга калена.

Радуючыся такой поўнай перамозе справядлiвасцi, не лiчыць нам, аднак, не выказаць жалю, што той, якi рашуча пасабляў высветлiць чыстую праўду, не пабачыў яе апошняга трыумфу.

Праз дзень пасля таго, як Ларэнца Перэз скарыўся перад Святым трыбуналам, вялебны айцец Тарквемада цяжка занядужаў, i, хоць лекар i блiзкае атачэнне не сказалi яму пра сур'ёзнасць стану, - ён сам, ведзены беспамылковым адчуваннем незабаўнай смерцi, пажадаў аддаць Богу душу i пайсцi ў небажаты ў роднай Авiле. Нiхто не адважыўся супрацiвiцца яго волi.

I вось ранiцай трынаццатага верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага Iсуса Хрыста адна тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, папярэдне стварыўшы хвораму сама лепшыя ўмовы падарожжа, почат дамоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара вырушыў з Таледа, каб суправаджаць вялебнага айца ў яго апошняй зямной вандроўцы.'

Раздзел шосты

Вечар быў не познi, але вельмi цёмны, ветраны i дажджлiвы, калi почат дамоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара, цэлы дзень кiруючы трактам ля падножжа Сiера дэ Грэдас, дабраўся, нарэшце, да перавала Санта Ана i цяжкай горнай дарогай пачаў сыходзiць на ўзгор'i Старой Кастылii. Наваколле было бязлюднае i дзiкае, ды i слава ў яго была вельмi благая за рабункi i гвалты, якiя чынiлi навакольныя бароны, а таму ў гэтыя мясцiны, асаблiва начною парою, нават салдаты Святой эрмандады завiтвалi вельмi неахвотна.

Воз, на якiм спачываў вялебны айцец, быў шчыльна акрыты парусiнай. Рухаўся павольна, але ўсё роўна яго трэсла на здрадлiвых выбоiнах, бо дарога была няроўная, камянiстая i коўзкая. Адразу за перавалам Санта Ана iмжа перастала, затое iмгла, якая падымалася з далiн, гусцела ўсё больш. Запалiлi яшчэ паходнi, але гэта мала дапамагала, свяцiлi яны слаба. У глыбiнi цемры грымеў паток.

Дон Ларэнца дэ Мантэса ехаў паблiзу воза, ведучы свайго андалузца так упэўнена i свабодна, нiбы днём па роўнай дарозе. Падрэ Дыега, закрываючы ад ветру твар плашчом, пад'ехаў на сваiм канi да яго.

- Дон Ларэнца, - сказаў ён, - баюся я, што вялебны айцец не вынесе цяжкасцяў гэтай дарогi. Слабее з гадзiны на гадзiну.

Пан дэ Мантэса, статны i лёгкi, нягледзячы на тое, што быў абвешаны зброяй, здавалася, пранiкаў яснымi вачыма i ў мглу, i ў цемру. Ён спытаўся:

- Што загадаеш, вялебны ойча?

- Ведаеш гэтыя мясцiны?

- Я нарадзiўся пад Авiлай.

- Цi ёсць тут дзе спынiцца нанач?

Пан дэ Мантэса паказаў рукою наперад.

- За чвэрць гадзiны адсюль ёсць замак.

- Чый?

- Паноў дэ Лара.

З правага боку па крутым адхоне з грукатам асыпалася каменне.

- Галава гэтага вялiкага роду, - сказаў задуменна падрэ Дыега, - калi я не памыляюся, дон Мiгуэль дэ Лара?

- Так, ойча.

- Гэта праўда, што яго бацька ўзяў за жонку кабету з паганскага роду Абенцарагаў?

- Так, вялебны ойча, гэта праўда. Аднак яна прыняла нашу веру.

- Цi добрае iмя ў гэтага дона Мiгуэля?

На гэта пан дэ Мантэса адказаў:

- Я не ведаю дона Мiгуэля, але чуў, ён высока цэнiць свабоду.

Конь вялебнага айца пакаўзнуўся, але падрэ Дыега моцнай рукой у пару яго стрымаў, i той не ўпаў.

- Знаю такiх людзей, - сказаў з пагардай. - Цэняць сваю свабоду, не ведаючы, а што яшчэ горш, не хочучы ведаць, што такое сапраўдная свабода.

- Якраз гэта i я хацеў сказаць, вялебны ойча. Што загадаеш?

Падрэ Дыега адказаў:

- Вялебнаму айцу больш за ўсё патрэбен адпачынак.

Замак паноў дэ Лара сапраўды быў недалёка. Цёмны i зачынены, узносiўся мурамi i вежамi высока па- над дарогай, як каменнае гняздо над ускраем стромай скалы, а ля яе падножжа, недзе глыбока ўнiзе, шумела бурная рака.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату