Я быў гатовы нават памерцi не толькi пад палкамi, але i ад удару нажа. Я думаў, што, ледзь жывы i слабы, атрымаю заслужаную адстаўку, як iнвалiд, а разбойнiкi, каб паскорыць свае ўцёкi, перакладуць груз з маёй спiны на двух iншых уючнiкаў, а мяне для найвышэйшай кары кiнуць на здабычу ваўкам i груганам.

5. Аднак супраць гэтага цудоўнага плана паўстаў мой бязлiтасны лёс. Другi асёл, адгадаўшы мае думкi, павалiўся раптам ад прытворнай стомленасцi i заставаўся ляжаць з усiмi манаткамi, як нi цягалi яго ў розныя бакi за хвост, за вушы i за ногi. Тады, стамiўшыся i страцiўшы апошнюю надзею падняць яго, парадзiлiся мiж сабой, што не варта важдацца з нерухомым, быццам акамянелым аслом i трацiць дарагi час, пераклалi мяхi на мяне i на каня, а яго, падрэзаўшы яму ўсе паджылкi i сцягнуўшы трохi з дарогi, яшчэ жывога скiнулi з абрыву ў прорву.

Разважыўшы долю свайго няшчаснага сябра, я вырашыў адкiнуць усякiя хiтрыкi i ашуканства i, як паслухмяны асёл, служыць сваiм гаспадарам. Неўзабаве я зразумеў з iхняй гутаркi, што ўжо хутка будзе прыпынак i канец усёй дарогi, што ўжо недалёка iхняе сталае месца. I сапраўды, мiнуўшы яшчэ адзiн не вельмi круты пад'ём, прыбылi мы нарэшце да мэты падарожжа. Там знялi з нас увесь груз i схавалi ў пячоры, а я, вызвалены ад цяжару, каб адагнаць стому, замест купання пачаў качацца па пяску.

6. Час i адпаведныя ўмовы вымушаюць мяне апiсаць месца i тыя пячоры, дзе жылi разбойнiкi. Адначасова праверу i дам вам адчуць, цi быў я аслом з розумам i пачуццямi.

Перад намi ўзнiмалася велiчная, адна з найвышэйшых, гара, зарослая густымi цянiстымi кустамi. Яе пакручастыя схiлы акружаныя вострымi i непрыступнымi скаламi, абвiтымi ў выглядзе натуральнага ўмацавання глыбокiмi цяснiнамi i прорвамi, зацененымi розным кустоўем. Пенiстым струменем падаў унiз, сцякаючы па схiле, ручай, якi браў пачатак дзесьцi на вяршынi гары. Ён то ўздымаў серабрыстыя хвалi, то, раздзялiўшыся на мноства струменьчыкаў, аблiваў i забалочваў цяснiны, то зноў злучаўся ў акружанае берагамi возера i ператвараўся ў павольную раку.

Над пячорай у цяснiне памiж двума выступамi ўзнiмалася высокая вежа, навокал якой цягнуўся частакол з моцных жэрдак, магчыма, загон для авечак. Памiж дзвюма сценамi быў вузкi праход. Гэта быў сапраўдны бандыцкi прытон, навокал якога не было нiякага жылля, апроч маленькай, наспех злепленай i накрытай трыснягом хацiнкi, дзе, як я даведаўся, выбраныя па жэрабю разбойнiкi вартавалi.

7. Дабраўшыся да месца, бандыты прывязалi нас моцнымi рамянямi каля самых дзвярэй i, скурчыўшыся, палезлi ў праход па адным, а там накiнулiся з лаянкай на нейкую сагнутую цяжарам гадоў старую, на якой, вiдаць, ляжаў клопат кармiць усiх гэтых суровых маладых мужчын. 'Ну ты, нябожчыца непахаваная, - крычалi, якой зямля не носiць i ў сябе не забiрае, так ты пра нас дбаеш, седзячы тут без работы? Пасля такой небяспекi, у гэты познi час няма ў цябе чым нас накармiць? Толькi i ведаеш дзень i ночь налiваць неразбаўленым вiном сваю ненажэрную вантробу!' Задрыжаўшы ад страху, старая адказвае пранiзлiвым галаском: 'Вам, малойчыкi мае верныя, кармiльцы мае маладзенькiя, удосталь наварана рознай смачнай ежы, усё гатова: хлеба ўволю, вiна ў келiхi паналiвана, гарачая вада памыцца нарыхтавана'.

Пасля такiх слоў яны зараз жа распранаюцца i, прапацеўшы перад вялiкiм агнём, абмыўшыся гарачай вадой i нацёршыся алеем, сядаюць за стол, застаўлены багатай ежай.

8. Толькi яны паселi, як раптам з'яўляецца яшчэ большая чарада маладых мужчын, у якiх можна было пазнаць такiх самых разбойнiкаў. I гэтыя таксама прывалаклi здабычу з золата i з сярэбраных манет, посуду i шаўковых, затканых золатам дарагiх вопратак. Яны таксама, асвяжыўшыся мыццём, займаюць месцы на ложах сярод таварышаў, а прыслужваць за сталом даручаюць таму, на каго выпадзе жэрабя. Пасля гэтага пачынаецца жыраванне i папойка! Перапоўненыя мiсы апаражняюцца, вялiкiя боханы хлеба праз момант знiкаюць, а чаркi быццам не маюць дна. Пачынаецца рогат, крыклiвыя спевы, непрыстойныя жарты, зусiм як у фiванскiх лапiфаў - паўчалавекаў, паўзвяроў, кентаўраў...

Тут адзiн з iх, з выгляду дужэйшы за iншых, сказаў: 'Мы ўшчэнт разнеслi дом Мiлона Гiпацкага. Мы здабылi многа дабра сваёй адвагай, i нiхто не выбыў з нашага строю, ды яшчэ стала нас цяпер на чатыры пары ног больш. А вы, што хадзiлi ў беоцкiя гарады, вярнулiся аскубенымi i да таго страцiлi Ламаха, сама адважнага нашага атамана. За яго жыццё можна было б смела аддаць усе тыя цюкi, што вы прывалаклi. Загубiла яго ўласная адвага, iмя гэтага слаўнага мужа будзе пастаўлена мiж iмёнаў цароў i знакамiтых палкаводцаў. А вы ўмееце толькi, як зладзеi, дробязь красцi ды па каморках старых бабуль цi па лазнях шнырыць'.

9. Яму адказаў адзiн з прыбылых пазней: 'Няўжо ты адзiн толькi ведаеш, што чым багацейшы дом, тым лягчэй яго абрабаваць? Хоць там i шмат чаляднiкаў у прасторных пакоях, але кожны з iх больш дбае аб сваiм ратунку, чым аб гаспадарскай маёмасцi. А маленькiя беражлiвыя адзiнокiя людзi сваё, часта немалое багацце хаваюць далёка, ахоўваюць моцна i бароняць з рызыкай для жыцця. Магу даказаць гэта прыкладам. Як толькi ўвайшлi мы ў сямiбрамныя Фiвы, адразу, згодна з нашым рамяством, пачалi старанна выведваць, цi ёсць сярод жыхароў горада багатыя людзi, i, даведаўшыся, што пражывае там нейкi лiхвяр Хрызерас, уладальнiк вялiкага багацця, якi, каб не плацiць падаткаў i не выконваць грамадскiх павiннасцяў, захоўвае сваю маёмасць вялiкiмi хiтрыкамi, вырашылi яго памацаць. У маленькай з моцнымi запорамi хацiне сядзеў ён, абдзёрты i брудны, на сваiх мяшках з золатам. Мы вырашылi зрабiць налёт на яго першага, спадзеючыся, што адзiн чалавек не зможа моцна супрацiўляцца, дык мы без лiшнiх клопатаў завалодаем яго багаццем.

10. Як толькi сцямнела, мы пачалi сачыць за яго дзвярамi. Здымаць з крукоў, выбiваць цi ламаць iх было нам нязручна, бо былi яны моцныя i грукат мог бы пабудзiць усiх суседзяў. Дык наш правадыр, незабыўны Ламах, разлiчваючы на свой спрыт, асцярожна прасоўвае руку ў адтулiну, у якую ўкладаюць ключ, i намагаецца адцягнуць засаўку. А той Хрызерас, сама нягодны з двухногiх, не спаў i чуў усё, што рабiлася. Моўчкi, нячутнымi крокамi падкраўся ён i, нечакана нанёсшы ўдар, вялiкiм цвiком прыбiў руку нашага важака да дзвярэй. I так, пакiнуўшы яго, быццам укрыжаванага, вылез на дах хацiны i пачаў крычаць не сваiм голасам, што раптоўны пажар ахапiў яго дом, клiкаць на дапамогу, называючы кожнага суседа па iмю. Тут кожны, напалоханы блiзкай бядой, бяжыць на ратунак.

11. Апынуўшыся перад выбарам або ўсiм загiнуць, або пакiнуць сябра, мы з яго згоды выкарыстоўваем незвычайны, вымушаны сродак: ударам па звязках, дзе перадплечча злучаецца з плячом, адсякаем руку нашаму камандзiру i, заткнуўшы рану жмутам ануч, каб кроплi крывi не выдалi нашых слядоў, пакiдаем абрубак, а Ламаха цягнем за сабой. Пакуль навокал трывала замяшанне, а мы былi ў страху ад шуму i навiслай небяспекi, гэты слаўны моцнай воляй муж, разумеючы, што бегчы з намi не зможа i заставацца яму немагчыма, настойлiва пераконвае нас, сардэчна просiць, заклiнаючы правай рукой Марса, вернасцю нашаму саюзу вызвалiць яго ад пакут i палону. 'Як можа жыць прыстойны разбойнiк, - казаў ён, - без рукi, якая забiвае i рабуе?' Ён лiчыў бы сябе шчаслiвым, калi б загiнуў ад рукi таварыша. Не здолеўшы ўгаварыць нiкога з нас на добраахвотнае бацьказабойства, выняў здаровай рукой свой меч, доўга яго цалаваў, а пасля моцным ударам убiў яго ўсярэдзiну сваiх грудзей. Тады мы, шануючы памяць нашага велiкадушнага камандзiра, ахуталi старанна яго цела палатняным плашчом i апусцiлi ў мора. Цяпер наш Ламах спачывае, пахаваны стыхiяй. Такая была яго смерць, вартая яго доблеснага жыцця.

12. А Алцiм не мог, нягледзячы на сваю вынаходлiвасць, даць рады волi злога лёсу. Узламаўшы дзверы ў нейкую хацiну, ён залез на другi паверх у спальню да соннай старой i замест таго, каб яе адразу прыкончыць, пачаў выкiдаць нам праз шырокае акно яе манаткi - адну рэч за другой, а мы iх падбiралi. Выкiнуўшы рэчы, ён захацеў забраць i пасцель, на якой ляжала старая. Вытрасшы яе з ложка i выцягнуўшы з-пад яе прасцiрадлы, наважыўся адправiць iх тым самым шляхам, але тая нягоднiца, павалiўшыся яму ў ногi, пачала ўпрошваць: 'Навошта ты, сынок, аддаеш маё беднае рыззё, тыя няшчасныя анучы, суседзям багацеям, на двор якiх выходзiць гэта акно?'

Ашуканы хiтрай i прытворнай мовай, Алцiм паверыў сказанаму i, баючыся, каб сапраўды праз памылку рэчы не трапiлi ў чужыя рукi, нахiлiўся праз акно паглядзець, якiя там жывуць суседзi. Калi ён так пiльна ўглядаўся, не падазраючы бяды, гэта старая, хоць i калека, хуткiм i нечаканым штуршком яго, перавешанага ў акне i занятага разгляданнем двара, спiхнула ўнiз галавой. Мала таго, што вышыня была вялiкая, ён звалiўся на вялiкi камень, што там ляжаў, i паламаў сабе скабы. Выплёўваючы на грудзi кроў, расказаў ён нам, што здарылася, а пасля, нядоўга памучыўшыся, развiтаўся з жыццём. За першым прыйшлося рабiць другое пахаванне - мы адправiлi яго следам за Ламахам.

13. Асiрацелыя ад дзвюх няўдач i баючыся далей шукаць шчасця ў Фiвах, мы накiравалiся ў суседнi горад Платэю. Там мы пачулi шмат пра нейкага Дэмыхара, якi рыхтаваўся наладзiць бой гладыятараў. Гэта быў чалавек знакамiтага роду, вельмi багаты i надзвычай шчодры, ён стараўся зрабiць, каб народная забава

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату