адпавядала па сваёй пышнасцi яго багаццю. Не ў кожнага знойдзецца столькi здольнасцi i красамоўства, каб адпаведнымi выразамi апiсаць розныя бакi складанай падрыхтоўкi да свята. Вось слаўныя сваёй сiлай гладыятары, вось спрактыкаваныя паляўнiчыя, а там асуджаныя на смерць злачынцы, падрыхтаваныя на адкорм дзiкiх звяроў. Апроч таго, узвышаюцца на палях машыны i вежы, пабудаваныя з дошак накшталт рухомага гмаху, упрыгожаныя яскравымi малюнкамi выдатныя сховiшчы для ўдзельнiкаў запланаванага палявання. А яшчэ ж такое мноства, такая разнастайнасць звяроў! Ён спецыяльна паклапацiўся прывезцi здалёк гэтыя хадзячыя пародзiстыя пахавальнi для асуджаных злачынцаў. Але найбольш з гэтага рыхтавання здзiўляла незвычайная колькасць вялiзных мядзведзяў, якiх ён здабываў, не шкадуючы затрат, дзе толькi мог. Не лiчачы тых, што былi злоўлены падчас яго паляванняў, не лiчачы тых, якiх ён купляў за вялiкiя грошы, яшчэ i сябры абдароўвалi яго медзвядзямi розных масцяў, а ён усiх iх добра кармiў, трацячы на гэта вялiкiя сродкi.

14. Аднак такая слаўная i такая незвычайная падрыхтоўка да ўсенароднай забавы не абышлася без згубнага ўмяшання Зайздрасцi. Ад доўгага жыцця ў клетках, стомленыя летняй спёкай i доўгiм сядзеннем без руху, мядзведзi раптам захварэлi на нейкую заразную хваробу i пачалi здыхаць. Ледзь не на кожнай плошчы можна было бачыць кiнутыя тушы - вынiк гэтай звярынай катастрофы. Тады просты люд, якi змушаны крайняй беднасцю не грэбаваць нiякай ежай для напаўнення свайго заўжды пустога страўнiка, пачынае збягацца да дармовага правiянту.

На падставе такой акалiчнасцi ў мяне i ў нашага слаўнага Эўбула з'явiўся хiтры план. Мы забiраем, быццам на яду, сама вялiкую тушу, акуратна ачышчаем шкуру ад мяса, пакiнуўшы кiпцюры i галаву звера, пасыпаем шкуру попелам i сушым на сонцы. А пакуль шкура дубiцца пад промнямi нябеснага свяцiльнiка, мы абжыраемся мясам i так размяркоўваем нашы абавязкi ў запланаванай справе, каб адзiн з нас, не так сама дужы, як сама адважны,i прытым цалкам добраахвотна, накрыўшыся гэтай скурай, стаў падобны да мядзведзiхi i, прыведзены ў дом Дэмахара, адчынiў нам уночы дзверы, праз якiя мы маглi б трапiць у памяшканне.

15. Шмат знайшлося адважных з нашай банды, якiм хацелася выканаць гэту хiтрую задуму, аднак агульным галасаваннем быў вылучаны Фразiляон - ён выцягнуў жэрабя на гэту рызыкоўную справу. З вясёлым тварам улез ён у шырокую шкуру, якая зрабiлася ўжо мяккай i гнуткай. Сшываем краi тонкiм шпагатам, а каб шво стала непрыкметным, ды яго i так не было вiдаць, напускаем на яго з усiх бакоў касмылi шэрсцi. Працiскаем галаву Фразiляона да горла звера, дзе была прарэзана шыя, i, зрабiўшы адтулiну для дыхання насупраць ноздраў i вачэй, садзiм нашага адважнага сябра ў клетку, якую мы купiлi за невялiкiя грошы. Пасля гэтай падрыхтоўкi мы занялiся далейшым выкананнем свайго плана.

16. Даведаўшыся, што нейкi Нiкамор родам з Фракii сябраваў з тым Дэмахорам, змастачылi ад яго iмя пiсьмо, у якiм напiсалi, што верны сябра высылае яму з удалага свайго палявання падарунак для ўпрыгожання свята. А як добра сцямнела, мы прыцягнулi Дэмахору клетку з Фразiляонам i перадалi яму наша фальшывае пiсьмо. Здзiўлены велiчынёй звера i ўсцешаны шчодрасцю сябра, якая была вельмi дарэчы, ён загадвае, каб нам, як пасрэднiкам у гэтай справе, адлiчылi з яго касы дзесяць залатых. Вядома, што кожная навiна абуджае ў людзях ахвоту паглядзець на цiкавае вiдовiшча, дык збеглася шмат народу да прывезенага звера, але наш Фразiляон неаднаразова спыняў залiшнюю цiкавасць пагрозлiвымi рухамi. Усе ў адзiн голас выслаўляюць шчасце i ўдачу Дэмахара, якi цяпер пасля паморку мядзведзяў з новым папаўненнем мог палепшыць свае справы. I вось ён загадвае завезцi звера зараз жа на свой хутар. Але тут умешваюся я.

17. 'Глядзiце, - кажу я, - шаноўны пане, цi варта адпраўляць змораную спёкай i далёкай дарогай жывёлiну ў гурт iншых звяроў, якiя, як я чуў, не зусiм здаровыя. Цi не лепш знайсцi тут дзе-небудзь каля дома вальнейшае месца, у якiм было б добрае паветра, а найлепш паблiзу сажалкi, дзе халадок. Цi ж невядома вам, што гэтыя звяры жывуць каля густых зараснiкаў, каля пячор i прыгожых крынiц?'

Перакананы такiмi доказамi i ўспомнiўшы пра нядаўнiя страты, Дэмахар згадзiўся паставiць клетку там, дзе мы задумалi.

'Мы маглi б, - працягваю я, - уночы спаць каля гэтай клеткi, каб у пару падаваць стомленаму зверу ежу i пiтво'.

'У гэтым, - адказаў ён, - няма патрэбы, амаль усе мае слугi прывычныя да мядзведзяў i ўмеюць iх даглядаць'.

18. Пасля гэтага мы развiталiся i пайшлi. Выйшаўшы за горад, мы бачым воддаль ад дарогi ў цiхiм, схаваным ад людскiх вачэй месцы, могiльнiк. Там адчыняем некалькi грабнiц, у якiх спачывалi спарахнелыя ўжо трупы, i рыхтуем месца на сваю здабычу. А пасля, заведзеным у нас звычаем, дачакаўшыся поўнай цемнаты, калi не свяцiў месяц, а людзей апанаваў моцны сон, мы выстройваем наш узброены мячамi атрад i, быццам па сiгнале, з'яўляемся каля варот Дэмахара.

Тым часам Фразiляон выходзiць у пэўны час з клеткi i забiвае мячом усiх сонных вартаўнiкоў, якiя былi побач, а пасля i брамнiка. Здабывае ключ, адчыняе браму i паказвае нам, калi мы ўварвалiся i запоўнiлi ўвесь двор, камору, у якой схавана багацце. Пасля таго як мы ўзламалi дзверы кладоўкi, я загадваю, каб кожны з нашых хапаў i нёс колькi зможа золата i серабра, хаваў яго ў падрыхтаваных намi былых кватэрах нябожчыкаў i чым хутчэй вяртаўся па наступную порцыю. А я сам павiнен быў застацца каля дома, каб пiльна, пакуль тыя не вернуцца, за ўсiм сачыць.

Здавалася, што толькi адзiн выгляд мядзведзiхi павiнен наводзiць страх на кожнага, хто быў у доме, бо, якi б нi быў адважны чалавек, сустрэўшыся з такой звярынай аграмадзiнай, асаблiва ўночы, пусцiўся б наўцёкi i зачынiўся б ад страху ў сваёй каморцы.

19. Аднак супраць такiх правiльных меркаванняў выступiла жорсткая няўдача. Пакуль я чакаў вяртання сваiх сяброў, нейкi заспаны служка, цi то занепакоены шумам, цi проста прачнуўшыся, вылазiць аднекуль i бачыць, што звер свабодна ходзiць па ўсiм доме. Ён цiхенька вяртаецца i расказвае, што бачыў. Праз нейкую хвiлiну ўвесь дом запоўнiўся чэляддзю, якой было там нямала. Загараецца мноства лямпаў, паходняў, свечак i розных iншых свяцiльняў, дык змрок рассейваецца. А натоўп гэтых людзей выйшаў не з голымi рукамi: хто з калом, хто з кап'ём, а хто з мячом, i пачалi ахоўваць выхады. Не забылiся i пра сабак - вушы доўгiя, шэрсць дыбам.

20. Гоман мацнее, я ўжо мазгую, як мне ўцячы, але, схаваўшыся за дзверы, сачу, як Фразiляон спрытна адбiваецца ад сабачай зграi. У смяротнай небяспецы не забыўся ён нi пра сябе, нi пра нас i абараняўся ў самай разяўленай ляпе Цэрбера. Ён выдатна выконваў добраахвотна ўзятую на сябе ролю, то ўцякаючы, то баронячыся рознымi паваротамi i рухамi свайго цела, i ўрэшце змог выскачыць з дому. Аднак i на свабодзе не знайшоў ратунку, бо ўсе сабакi з блiзкага двара i завулка, злыя i ў вялiкай колькасцi, гуртам далучылiся да той зграi, якая вырвалася з дому, i ўсе разам пусцiлiся наўздагон.

Цяжка было глядзець на гэта вiдовiшча! Фразiляона акружыла раз'юшаная зграя, спынiла i пачала шкуматаць.

Не могучы перанесцi такой жуды, я ўмешваюся ў натоўп людзей, якiя беглi сюды i, каб не выдаць сябе, але дапамагчы свайму слаўнаму таварышу, звяртаюся да тых, што ладзiлi аблаву: 'Гэта будзе вялiкае злачынства, калi мы загубiм такога вялiкага i каштоўнага звера'.

21. Аднак мае хiтрыя словы не прынеслi нiякай карысцi гэтаму няшчаснаму юнаку. З дому выскоквае нейкi здаравенны бамбiза i пiкай прабiвае сэрца мядзведзiхi, за iм другi, а следам i многiя, апомнiўшыся ад страху, б'юць яе мячамi...

Так Фразiляон, гонар i краса нашай шайкi, аддаў сваё вартае бессмяротнасцi жыццё, не страцiўшы цярплiвасцi i не парушыўшы нi адным крыкам нашай святой прысягi. Раздзiраны зубамi, прабiваны зброяй, адказваў ворагам глухiм выццём i звярыным рыканнем, пераносячы бяду з высакароднай стойкасцю, i аддаў душу лёсу, заслужыўшы несмяротную славу. Прытым ён так напалохаў усё тое зборышча, што да самага белага дня не знайшлося такога, хто б да ўжо забiтага, распасцёртага звера дакрануўся хоць пальцам. I толькi ўраннi нейкi мяснiк, нясмела падышоўшы, распароў бруха мядзведзiхi i з жахам выявiў у iм адважнага разбойнiка. Так загiнуў Фразiляон, але слава яго не загiнула.

А мы, паспешлiва спакаваўшы здабычу, якую збераглi нам нябожчыкi, хуткiм маршам пакiнулi Платэю i не раз падумалi, што вернасць, якой мы не знаходзiм у жыццi, грэбуючы каварствам жывых, перасялiлася да мёртвых.

I вось, зусiм знясiленыя ад цяжару ношак i цяжкасцяў дарогi, страцiўшы трох сяброў, прыносiм мы здабычу, якую вы бачыце'.

22. Пасля заканчэння гэтага апавядання ўсе п'юць на ўспамiн памерлых хаўруснiкаў з залатых кубкаў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату