давялося нi бачыць, нi чуць гэтых жанчын (якiх за смяртэльную да цябе нянавiсць i пасля зганьбавання кроўных сувязяў нельга называць сёстрамi), калi яны будуць, быццам сiрэны, клiкаць цябе з высокай гары'.
13. З плачам i ўсхлiпваннем адказала яму Псiхея: 'Наколькi ведаю, ты ўжо меў час пераканацца ў маёй адданасцi i маўклiвасцi, а цяпер я дам табе не меншы доказ маёй духоўнай моцы. Толькi ты загадай нашаму Зефiру выканаць яго абавязак i на замену немагчымасцi бачыць твой твар дазволь мне ўбачыцца з маiмi дарагiмi сёстрамi.
Заклiнаю цябе гэтымi пахучымi, што ападаюць абапал твару, тваiмi кучаравымi валасамi, тваiмi далiкатнымi, закругленымi, падобнымi да маiх шчокамi, тваiмi грудзьмi, напоўненымi нейкiм таямнiчым агнём, няхай я хоць у нашым дзiцяцi ўбачу твой вобраз! I ў адказ на мае пакорлiвыя просьбы i маленнi дай мне радасць абняць сваiх сёстраў, i душу вернай i адданай табе Псiхеi ўцеш гэтым шчасцем. Анi разу больш не запытаюся я пра твой твар, бо ў тваiх абдымках сама чорная цемра становiцца мне святлом'.
Зачараваны гэтай мовай i салодкiмi абдымкамi, яе муж, выцершы слёзы сваiмi валасамi, абяцаў усё выканаць i перад пачаткам новага дня знiк.
14. А тым часам сёстры, звязаныя злачыннай змовай, не пабачыўшыся нават з бацькамi, проста з караблёў паспешлiва накiроўваюцца да абрыву i, нават не дачакаўшыся ветру, якi iх пераносiў, з нахабнай безразважнасцю кiдаюцца ў глыбiню. Але Зефiр, помнячы загады ўладара, хоць i неахвотна, прыняў iх на сваё ўлонне i лёгкiм подыхам апусцiў на зямлю. I яны, не марудзячы, хуткiм крокам уваходзяць у дом, абдымаць сваю ахвяру, крывадушна прыкрываючыся iмем сёстраў i хаваючы пад радасным выразам глыбока затоены намер ашуканства, звяртаюцца да яе лiслiва: 'Вось, Псiхея, ты цяпер ужо не дзяўчынка i хутка станеш мацi. Цi ведаеш ты, якое дабро носiш у гэтым мяшочку? Якой радасцю ўсцешыш нашу сям'ю? Нам вялiкае шчасце, што будзем няньчыць гэта залатое дзiцятка. Калi толькi, як i трэба думаць, дзiця пойдзе па бацьках, дык ты напэўна народзiш Купiдона'.
15. Так пры дапамозе паказной любовi яны памалу авалодалi душой наiўнай сястры.
Калi яны адпачылi з дарогi i асвяжылiся ў лазнi, Псiхея пачала iх частаваць у пышнай сталовай дзiўнай небывалай ежай. Дасць яна знак, i зайграе кiфара, загадае флейце - гучыць, хору - пяе. Гэтыя цудоўныя мелодыi былi тым дзiўнейшыя, што нiхто не бачыў выканаўцаў. Аднак i ад гэтых песняў злачынныя пачуццi нягоднiц не змякчалiся. Верныя свайму падступнаму намыслу, яны з хiтрасцю пачынаюць дапытвацца, хто яе муж, адкуль родам i чым займаецца. А яна ў сваёй нявiннай прастаце, забыўшыся, што гаварыла першы раз, прыдумвае нанава i расказвае, што яе муж родам з суседняй правiнцыi, што займаецца буйнымi гандлёвымi справамi, што чалавек ён сярэдняга ўзросту, з ледзь прыкметнай сiвiзной на скронях. I, не спыняючыся на гэтай тэме даўжэй, нагружае iх зноў багатымi падарункамi i перадае да адпраўкi ветру.
16. Паднятыя спакойным подыхам эфiра, вяртаюцца яны дамоў i такую вядуць гутарку: 'Што ты думаеш, сястра, - кажа адна, - пра такую несусветную хлусню гэтай пустышкi, якая стараецца нас абдурыць. То муж яе юнак, шчокi якога пакрывае першы пушок, то гэта чалавек сярэдняга веку, у якога паказваецца сiвiзна. Хто ж гэта такi, што за той кароткi час мог зрабiцца старым i пасiвелым?'
'Мне, сястра, - адказвае другая, - здаецца, што альбо нягоднiца нам нахлусiла, альбо не бачыла свайго мужа ў вочы. Як бы нi было, а перш за ўсё нам трэба зрынуць яе з вышыняў дабрабыту. Калi яна не ведае твару свайго мужа, дык, магчыма, выйшла замуж за якога-небудзь бога i рыхтуецца нарадзiць боскае дзiця. А калi яна (няхай гэта не здзейснiцца) праславiцца маткай боскага дзiцяцi, дык я ў той час павешуся. Але вернемся да нашых бацькоў i ў пачатку нашай наступнай з ёй гутаркi спляцём адпаведную хлусню'.
17. Гэтак усхваляваныя, пагутарыўшы крывадушна з бацькамi, стомленыя ад бяссоннай ночы, бягуць яны ранiцай да скалы i адтуль пры дапамозе ветру (звычайнага) спускаюцца ўнiз. Пры сустрэчы з сястрой выцiскаюць з сябе слёзы i пачынаюць казаць так: 'Вось ты, шчаслiвая, сядзiш i не ведаеш, якая навiсла над табой небяспека, а мы ўсю ноч не звялi вачэй, думаючы пра твае справы, i горка пакутавалi ад тваёй бяды. Мы даведалiся напэўна i не можам ад цябе схаваць, падзяляючы тваю скруху, што тайным спосабам спiць з табой уночы велiчэзны змей, вывiваючыся мноствам петляў, шыя яго напоўнена замест крывi згубнай атрутай, а пашча ягоная як бездань. Успомнi прадказанне пiфiйскага аракула, якi вываражыў табе шлюб з дзiкай пачварай. I вось шмат якiя паляўнiчыя i сяляне, што здабываюць у акрузе звера, а таксама мноства жыхароў наваколля бачылi, як ён пад вечар вяртаўся з пашы i перапраўляўся ўброд праз недалёкую адгэтуль рэчку.
18. Усе кажуць, што ён будзе да той пары адкормлiваць цябе, лiслiва дагаджаць табе рознай ежай, пакуль не даспее твая цяжарнасць, а тады ён цябе праглыне. Цяпер выбiрай: альбо паслухаешся сваiх сёстраў, якiя клапоцяцца пра твой ратунак, i, пазбегнуўшы згубы, пажадаеш жыць з намi ў бяспецы, або застанешся, каб апынуцца ў чэраве гэтага бязлiтаснага гада. А калi табе падабаецца адзiнота, напоўненая толькi нябачнымi галасамi, цi тайныя спалучэннi прасмердлага кахання i абдымкi гэтага ядавiтага гада, дык гэта твая справа, мы свой сястрынскi абавязак выканалi'.
Бедную, простую душой i кволую Псiхею ахапiла ад гэтых намоваў небывалая жудасць, i вылецелi з галавы ўсе павучаннi мужа. Забылiся i ўсе яе абяцаннi, яна гатова была кiнуцца ў бездань i, запалоханая, збялелая, трасучыся i заiкаючыся, пачынае шэптам гаварыць сёстрам:
19. 'Вы, найдаражэйшыя сястрыцы, як i трэба спадзявацца, выконваеце свой доўг, i тыя, хто вам аб гэтым паведамiў, напэўна не схлусiлi. Я ж нiколi свайго мужа не бачыла, зусiм не ведаю, як ён выглядае, толькi начамi чую яго голас, i мне даводзiцца мiрыцца з тым, што перад свiтаннем ён уцякае. Такiм чынам, я цалкам магу згадзiцца з вамi, што ён нейкая пачвара. Ён часта i сурова забараняў мне старацца яго ўбачыць i пагражаў вялiкай бядой, калi я пацiкаўлюся яго выглядам. Калi вы можаце зрабiць што-небудзь для выратавання вашай сястры, якая апынулася ў такой небяспецы, дык дзейнiчайце цяпер, каб далейшая бестурботнасць не знiшчыла вынiкаў пачатковай прадбачлiвасцi'.
Тады, пралезшы праз расчыненыя вароты душы сваёй наiўнай сястры, злачынныя бабы адкiдаюць усякае прыкрыванне тайных хiтрыкаў i, дастаўшы мячы ашуканства, нападаюць на палахлiвае ўяўленне прастадушнай дзяўчыны.
20. Адна з iх гаворыць: 'Дзеля таго што кроўныя повязi змушаюць нас забыцца пра якую б нi было небяспеку, мы даўно прыдумалi для твайго выратавання адзiн спосаб. Вазьмi навостраную брытву, якая рэжа пры найменшым руху, i з ёй пад коўдраю з таго боку, дзе ты ляжыш, схавай, прыкрыўшы гаршчочкам, добрую, алеем напоўненую лямпу. Усё гэта падрыхтуй у вялiкiм сакрэце, а тады, як ён, вывiваючыся, падымецца на пасцель, расцягнецца i засне глыбокiм сном, ссунься з ложка босая, i, ступаючы асцярожна на пальчыках, адкрый лямпу, i пры святле высока ўзнiмi правую руку з двухбаковавострай брытвай, i моцным ударам адсячы галаву ненавiснага змея. Мы табе дапаможам. Як толькi выратуешся гэтым забойствам, мы прыбудзем сюды, хутка пазбiраем разам з табой усё дабро, а пасля аддамо цябе замуж за такога самага чалавека, як i ты'.
21. Гэтымi палымянымi словамi распальваюць яны душу збянтэжанай сястры i, баючыся аказацца занадта блiзка ад падобных падзей, перанесеныя, як звычайна, ветрам на скалу, паспешлiва ўцякаюць i тут жа, сеўшы на караблi, адплываюць.
А Псiхея, застаўшыся адна, праўда, злыя фурыi не пакiдалi яе ўвесь час i вельмi трывожылi, хвалюецца ў скрусе, як бурлiвае мора. I хоць настаўленне зроблена i душа непахiсная, усё ж, рыхтуючыся да злачынства, яна яшчэ вагаецца ў няўпэўненасцi, i супярэчлiвыя пачуццi адцягваюць яе ад благога ўчынку. Яна спяшаецца, адкладвае, адважваецца, дрыжыць, рашаецца, гневаецца i, нарэшце, у адным i тым жа целе ненавiдзiць пачвару i любiць мужа...
Але надыходзiў ужо вечар, i Псiхея паспешлiва рыхтуецца да бязбожнага злачынства. Вось i ноч прыйшла, з'явiўся муж i, аддаўшыся спярша любоўнаму змаганню, праз некаторы час упаў у глыбокi сон.
22. Тут Псiхея адольвае сваю слабасць i кволасць, збiраецца з сiламi i, дастаўшы свяцiльнiк i ўзяўшы ў рукi брытву, рашуча перамагае жаночую нясмеласць.
Але, як толькi ад адкрытага агню асвяцiлася таямнiца пасцелi, яна бачыць найдалiкатнейшае i найпрыгажэйшае за ўсе на свеце iстоты вiдовiшча, бачыць самога Купiдона, цудоўнага бога, якi спакойна адпачываў, ад выгляду якога ярчэй пачала свяцiць лямпа i мацней блiснула лязо святатацкай зброi...
I Псiхея, збянтэжаная ўбачаным, не можа авалодаць сабой, пакрываецца смяротнай бледнасцю i з трымценнем апускаецца на каленi, збiраючыся ўтапiць зброю ў сваiх грудзях. Яна i зрабiла б гэта, каб зброя ад страху перад гэтакiм злачынствам не выпала з яе дрыготкiх рук. Знясiленая, страцiўшы ўсякую надзею, чым больш углядаецца яна ў прыгажосць боскага твару, тым больш падбадзёрваецца. Вось бачыць яна