Пасля такой Меркурыевай аб'явы жаданне незвычайнай узнагароды заахвоцiла ўсiх людзей наперабой кiнуцца ў пошукi.
Усё гэта прымусiла Псiхею не марудзiць. Яна ўжо наблiжалася да варот сваёй уладарнiцы, калi насустрач ёй выбегла Прывычка, адна з Венерыных чаляднiц, i пачала на ўсю моц крычаць: 'Нарэшце ты, нягодная служанка, зразумела, што ў цябе ёсць панi! Няўжо, па характэрнай табе нахабнасцi, ты будзеш прыкiдвацца, што не ведаеш, якога клопату каштавалi нам пошукi цябе? Добра, што ты трапiла ў мае рукi, быццам у самыя кiпцюры Орка ўскочыла, дык i кара за тваю ўпартасць напаткае цябе неадкладна!'
9. I, учапiўшыся моцна за валасы, пацягнула за сабой, хоць тая зусiм не супрацiўлялася. Як толькi ўбачыла Венера, што прывялi i паставiлi перад ёй Псiхею, яна пачала рагатаць, як чалавек, даведзены гневам да вар'яцтва. Затрэсла галавой, пачала часаць правае вуха i кажа: 'Нарэшце ты ўдастоiла свякруху сваiм наведаннем! Цi, можа, ты прыйшла сустрэцца з мужам, якi пакутуе ад нанесенай табой раны? Не хвалюйся, я магу абысцiся з табой так, як гэтага добрая нявестка заслугоўвае!' А пасля крычыць: 'Дзе тут мае служанкi Турбота i Журба?' А калi яны на поклiч з'явiлiся, перадала яе iм на пакаранне. Тыя ж, паслухмяныя загаду гаспадынi, адлупцавалi бедную Псiхею бiзунамi i, памучыўшы iншымi спосабамi, зноў прывялi яе да панi.
Венера зноў разрагаталася i кажа: 'Напэўна, ты думаеш, што выклiча ў мяне спачуванне твой уздуты жывот, плод якога збiраецца ашчаслiвiць мяне званнем бабулi? Сапраўды, вялiкi гэта гонар мне ў самым росквiце гадоў называцца бабуляй i слухаць, як сына нiзкай служанкi называюць унукам Венеры. Зрэшты, я надарма кажу 'сын'. Шлюб быў не роўны, прытым адбыўся ў загароднiм памяшканнi без сведкаў i без бацькавай згоды, дык не можа лiчыцца сапраўдным, i дзiця народзiцца, калi я наогул дазволю табе яго данасiць, незаконным'.
10. Сказаўшы гэта, налятае на маладзiцу, iрве яе сукенку, цягае за валасы, трасе яе галаву i бязлiтасна б'е, а пасля бярэ жыта, ячмень, проса, мак, гарох, сачавiцу, боб - усё гэта перамешвае i, згарнуўшы ў адну вялiкую кучу, кажа: 'Я думаю, што такая бесталковая служанка не магла нiчым iншым дагадзiць сваiм палюбоўнiкам, як толькi стараннай службай, дык вось i я хачу праверыць тваё ўмельства. Разбяры вось гэту кучу i разлажы асобна кожны вiд зерня, падрыхтуй мне гэта на праверку да заўтрашняга вечара'.
Пасля падалася на вясельны банкет. А Псiхея нават не дакранулася да гэтай бязладнай кучы. Прыгнечаная такiм бязлiтасным загадам, сядзела моўчкi i нерухома. Раптам нейкая дробненькая вясковая мурашка, якая разумела, наколькi цяжкая гэта праца, злiтавалася над сужыцелькай вялiкага бога i, абураная бесчалавечнасцю свекрывi, пачала бегаць туды i сюды i старанна склiкаць усе саслоўi мурашак з акругi i так упрошваць: 'Злiтуйцеся, жывыя жыхары зямлi, якая кормiць усiх, злiтуйцеся над маладзенькай прыгажуняй, жонкай Амура, прыйдзiце як мага хутчэй на дапамогу ў яе бядзе!'
Заварушылiся хвалi шасцiногiх iстот, разбiраюць яны ўсю кучу па зернетку i, асобна пасартаваўшы кожны вiд, хутка знiкаюць з вачэй.
11. Калi настала ноч, з'явiлася Венера з вясельнага банкету. Была яна ап'янелая ад вiна, пахла бальзамам у гiрляндах з найпрыгажэйшых ружаў. Убачыўшы так дакладна выкананую работу, яна выкрыквае: 'Не твая, нягоднiца, гэта праца! Не ты яе рабiла. Гэта зрабiў той, каму ты на сваё i ягонае няшчасце спадабалася!' I, кiнуўшы ёй скарынку хлеба, пайшла ў сваю адпачывальню спаць.
А тым часам Купiдон, самотны вязень, замкнёны ва ўнутраных пакоях дома, знаходзiўся пад пiльнай аховай, часткова дзеля таго, каб лiшняй жвавасцю не развярэдзiў сабе раны, а таксама i таму, каб не сустрэўся са сваёй жаданай. Так мiнула пакутлiвая для разлучаных ноч, якую прабылi пад адным дахам. А як толькi Аўрора ўзышла на каляснiцу, Венера паклiкала да сябе Псiхею i сказала ёй так: 'Вунь бачыш гай, якi цягнецца па беразе рэчкi? Кусты на ўскрайку растуць па-над крынiцай. Там пасвяцца без нагляду адкормленыя авечкi, пакрытыя залатым руном. Я загадваю табе неадкладна прынесцi мне жмут гэтай каштоўнай воўны, здабыўшы яе якiм хочаш спосабам'.
12. Псiхея ахвотна пайшла туды, але не для таго, каб выканаць загад, а каб, кiнуўшыся з берага ў раку, пазбыцца ўсiх сваiх бедаў. Але раптам з лёгкiм пошумам ветрыку адазвалася з рэчкi сцiплая зялёная трысцiнка i меладычным голасам сказала:
'Бедная гаротнiца Псiхея, не заплям гэтай благаславёнай вады сваёй смерцю i не падыходзь у гэту часiну да тых жудасных авечак, бо, пакуль пячэ iх сонечная спёка, на iх нападае шал, i яны могуць забiць цябе цi вострымi рагамi, цi сваiмi каменнымi лбамi, цi ядавiтымi ўкусамi. А як папаўднi трохi схаладае i прыемны рачны ветрык супакоiць iх, тады ты схавайся пад тым вунь шырокiм платанам, якi чэрпае сабе вiльгаць з той самай, што i я, ракi. I калi авечкi супакояцца i вернуцца да свайго нармальнага стану, ты зможаш знайсцi залатую воўну, заблытаную ўсюды памiж густога голля - досыць толькi страсянуць кусты'.
13. Гэтак навучала яе сцiплая мiласэрная трысцiнка, каб выратаваць ад загубы.
Псiхея ўважлiва выслухала парады трысцiнкi, i ёй не прыйшлося раскайвацца. Зрабiўшы ўсё, як было сказана, яна набiрае тайком поўную пазуху воўны i прыносiць яе Венеры. Аднак i гэтым другiм выкананнем небяспечнага даручэння не зарабiла ў багiнi пахвалы. Нахмурыўшы бровы i з'едлiва ўсмiхнуўшыся, яна гаворыць: 'Ведаю i гэтага шалапутнага твайго памочнiка! Але вось я праверу як след, цi поўнасцю валодаеш ты прысутнасцю духу i дастатковай кемлiвасцю. Бачыш вунь там над высачэзнай скалой вяршыню крутой гары, адкуль выцякаюць цёмныя воды змрочнай крынiцы? Даплыўшы да памястоўнай, закрытай з усiх бакоў катлавiны, яны абвадняюць стыгiйскiя балоты, а пасля становяцца бурлiвымi хвалямi Кацыта. Адтуль, з самага вытоку крынiцы, з глыбiняў, зачэрпнуўшы ледзяной вады, ты адразу прынясеш мне яе ў гэтай вось шкляначцы'.
Сказаўшы гэта, зноў са страшнымi пагрозамi перадае ёй гранёную крышталёвую судзiнку.
14. А тая хуткiмi крокамi iдзе да вяршынi гары, спадзеючыся там знайсцi канец свайму гаротнаму жыццю. Аднак, дабраўшыся да месца, блiзкага ад вызначанай мэты, бачыць, што загад выканаць немагчыма. Бясконца высокая i безнадзейна недаступная скала выкiдала з камянiстых шчылiн мноства жудасных крынiц, якiя абрывалiся з кручаў i, схаваныя ў вузкiм рэчышчы, непрыкметныя воку, бурлiва iмчалiся ў суседнюю далiну. Направа i налева са скальных трэшчын высоўвалi свае даўжэзныя шыi раз'юшаныя драконы, вочы якiх нiколi не сплюшчвалiся, i зрэнкi iх няспынна глядзелi на свет.
Апроч таго, воды, якiя валодалi дарам мовы, штохвiлiны выкрыквалi: 'Назад! Што робiш? Што ты надумала? Сцеражыся! Уцякай! Загiнеш!'
Псiхея стаяла як скамянелая, i хоць целам была там, душою адсутнiчала, i, цалкам прыгнечаная цяжарам свайго становiшча, пазбавiлася нават свайго апошняга суцяшэння - слёз.
15. Але не схавалiся ад вачэй справядлiвага лёсу пакуты нявiннай душы. Каралеўскi птах, арол, слуга ўсявышняга Юпiтэра, з'явiўся раптам i распасцёр свае крылы. Ён прыпомнiў сваю даўнюю паслугу, калi па падказцы Купiдона схапiў для Юпiтэра фрыгiйскага падчашага, i падумаў, што, аказаўшы своечасовую дапамогу жонцы Купiдона, ушануе гэтым i самога бога, дык, пакiнуўшы вышынi Юпiтэравых шляхоў, пачаў кружыцца над галавой у маладой жанчыны i так сказаў: 'I ты, недасведчаная ў такiх справах прасцячка, спадзяешся дастаць хоць кроплю вады цi нават наблiзiцца да гэтай наколькi святой, настолькi i грознай крынiцы? Цi ты нiколi не чула, што гэтыя стыгiйскiя воды страшныя не толькi меншым братам, а нават i самому Юпiтэру? А гэта таму, што так, як вы прысягаеце на высокую волю багоў, так жыхары неба клянуцца велiччу Стыкса. Але дай мне сваю шкляначку'.
I хутка схапiўшы ў свае кiпцюры тую пасудзiнку i выпрастаўшы крылы, пачаў узнiмацца, адхiляючыся то ўправа, то ўлева ад чарады драконавых пашчаў з вышчаранымi зубамi i пакручастымi трайнымi языкамi, штораз вышэй да грозных водаў, якiя з шумам крычалi яму, каб, пакуль цэлы, вяртаўся. Тады ён iм сказаў, што ляцiць па загаду Венеры, выконвае яе даручэнне, i гэта выдумка крыху дапамагла яму дабрацца да мэты.
16. Атрымаўшы напоўненую шкляначку, з вялiкай радасцю чым хутчэй панесла яе Псiхея Венеры. Аднак i цяпер не змагла яна атрымаць ухвалы разгневанай багiнi. Са злавеснай усмешкай, якая прадвяшчала яшчэ большыя вымаганнi i цяжэйшыя беды, звяртаецца свякруха да яе: 'Як я зразумела, ты вялiкая i вопытная ведзьма, калi так выконваеш усе нялёгкiя даручэннi. Дык вось што, мая ты лялечка, павiнна мне зрабiць. Вазьмi гэту скрыначку i хутчэй накiроўвайся ў пекла, у замагiльнае царства самога Орка. Там аддасi скрыначку Празерпiне i скажаш: 'Венера просiць прыслаць ёй крыху тваёй прыгажосцi хоць на адзiн дзянёк, бо сваю ўласную яна цалкам растрацiла, апякуючыся сваiм хворым сынам. Толькi ж вяртайся хутчэй, бо мне зараз жа неабходна нацерцiся, каб пайсцi на сход багоў'.
17. Тут лепш чым калi адчула i зразумела Псiхея, што выпраўляюць яе на верную загубу i што настала яе апошняя часiна. Чаго ж болей чакаць, калi выпраўляюць яе iсцi добраахвотна сваiмi нагамi ў Тартар, у