неразбаўленае вiно, а потым, падбадзёрыўшы сябе некалькiмi песнямi ў гонар Марса, крыху супакойваюцца. А нам успомненая раней старая, не паскупiўшыся, насыпала вышэй меры свежага ячменю, але мой конь захапiў увесь гэты аброк у выключнае сваё карыстанне, а я мог сябе ўявiць на банкеце салiяў. Да гэтага часу я прызнаваў ячмень толькi дробна змолаты i добра развараны, дык пачаў шнарыць па кустах i знайшоў цэлую кучу хлебных скарынак, якiя засталiся ад бандыцкiх застолляў, i пусцiў у ход сваё горла, што ад доўгай галадоўкi запяклося i ўжо зарасло павуцiннем.

Сярод ночы разбойнiкi прачынаюцца, пераапранаюцца, пераўзбройваюцца i, хто з мячом, а хто прыбраўшыся ў лемураў, адпраўляюцца спешным маршам. А я ўсё прагна еў ды так, што нават сон, якi мяне адольваў, не мог адарваць ад ежы. Калi я быў яшчэ Луцыем, дык каб наесцiся, мне хапала аднаго-двух хлябкоў, а цяпер пры такiм вялiкiм страўнiку перажоўваў ужо трэцi кошык i вельмi здзiвiўся, як застаў мяне за гэтым заняткам свiтанак.

23. Нарэшце, кiраваны аслiнай сарамлiвасцю, з цяжкасцю адарваўшыся ад корму, натольваю смагу ў суседнiм ручаi. Неўзабаве пачынаюць вяртацца разбойнiкi, незвычайна занепакоеныя, не прынёсшы з сабой нiякага клунка i нiякай, нават дробнай, рэчы. Усiмi сваiмi сiламi, зброяй i намаганнямi ўсёй шайкi прывалакаюць адну толькi дзяўчыну, мяркуючы па рысах твару i вопратцы, прадстаўнiцу высокага роду.

Клянуся Геркулесам, што нават у такiм асле, як я, яна, хоць i гаравала, i рвала на сабе валасы i адзенне, магла выклiкаць пажадлiвасць. Прывёўшы яе ў пячору, бандыты стараюцца супакоiць i ўгаварыць, каб перастала адчайвацца, i так гавораць: 'Тваё жыццё i твой гонар не ў небяспецы, пацярпi трохi, дай нам атрымаць за цябе выкуп, бо наша беднасць змушае нас займацца такiмi справамi. А твае бацькi, хоць i вельмi даражаць сваiм багаццем, усё ж пастараюцца сваё дзiця выкупiць'.

24. Такiмi i падобнымi словамi стараюцца разбойнiкi падбадзёрыць дзяўчыну, але яна несцiхана плакала, апусцiўшы галаву на каленi. Тады яны паклiкалi старую i, загадаўшы ёй сесцi побач з дзяўчынай i супакоiць яе прыветлiвай гаворкай, самi накiроўваюцца па сваiх справах.

Аднак дзяўчына, нягледзячы на ўгаворы старой, не толькi не перастала плакаць, а галасiла ўсё мацней, i цела яе скаланалася ад няспынных рыданняў так, што нават на маiх вачах паявiлiся слёзы. А яна плача i прыгаворвае: 'Ох я, няшчасная, з гэтакага дому, з гэтакай сям'i, пазбаўленая столькiх слуг i дарагiх бацькоў, здабыча нахабнага рабунку, стаўшы паланянкай, укiнутая ў гэту каменную вязнiцу, разлучаная з усiмi радасцямi i ўцехамi, як я магу спынiць слёзы сярод гэтых галаварэзаў, як змагу я тут жыць далей?' Закончыўшы гэтыя скаргi, стомленая напружаннем нерваў, душэўным болем i знямогаю цела, яна заплюшчыла вочы i заснула.

25. Аднак драмала яна не доўга. Раптам прачнуўшыся, у новым прыступе жальбы загаласiла яшчэ мацней i нават пачала бiць сябе ў грудзi i па твары рукамi. А калi старая пачала распытваць, чаго яна так зноў забедавала, глыбока ўздыхнуўшы, адказала: 'Ах, цяпер я ўжо беззваротна загiнула, ад усякай надзеi на выратаванне адмовiлася, застаецца мне толькi шукаць пятлi, мяча цi якой-небудзь прорвы'.

На гэта старая зазлавалася i запатрабавала з грознай мiнай, каб тая растлумачыла ёй, чаго гэта яна, перш супакоiўшыся, раптам зноў пачала разводзiць свае бясконцыя жальбы. 'Вiдаць, - кажа, - ты вырашыла пазбавiць маiх хлопцаў выкупу; калi будзеш так далей сябе паводзiць, дык я не пагляджу на твае слёзы, якiя ў разбойнiкаў не дорага каштуюць, i спалю цябе жыўцом'.

26. Напалоханая такой пагрозай, дзяўчына цалуе старой рукi i кажа: 'Злiтуйся, родная, абудзi ў сабе людское спачуванне i памажы мне ў цяжкой маёй нядолi хоць крыху. Я спадзяюся, што ў табе, якая дажыла да святой сiвiзны, жаль да людзей не патух. Зiрнi на маё гора. Ёсць цудоўны юнак, першы мiж сваiмi равеснiкамi, аднагалосна выбраны сынам горада, ён мой стрыечны брат, старэйшы за мяне на тры гады. З дзяцiнства гадавалiся мы разам, выхоўвалiся ў адным доме, нават адзiн у нас з iм быў пакой i адна пасцель. Мы звязаныя з iм узаемным пачуццём кахання, i ён здаўна быў прызначаны мне ў нарачоныя i за згодай бацькоў запiсаны маiм мужам. Ужо ён прыносiў у святых месцах перадшлюбныя ахвяры ў акружэннi блiзкiх i знаёмых, увесь дом быў упрыгожаны лаўровымi вянкамi, блiшчаў паходнямi, грымеў вясельнымi песнямi. Вось мая бедная мацi ўпрыгожвае мяне шлюбнымi ўборамi i, асыпаючы пацалункамi, марыць у трывожных думках пра нашчадкаў, ды раптам, быццам у час вайны, пагрозлiва блiшчаць павыманыя мячы. Аднак бандыты не iмкнуцца забiваць i займацца рабаваннем, а цесным строем нападаюць на нашу спальню. Нiхто з нашых хатнiх не аказаў iм супрацiўлення, нiхто не асмелiўся нават абараняцца, i няшчасную мяне, самлелую ад страху i дрыготкую ад небывалай жудасцi, хапаюць, адарваўшы ад матчынага ўлоння. Гэтак было расстроена, быццам у Ацiса цi Пратазiлая, маё вяселле.

27. I вось бязлiтасны лёс аднавiў i нават павялiчыў маё няшчасце. Прыснiлася мне, быццам я, гвалтам адарваная ад дому, з вясельных пакояў i нават са спальнi, апынулася ў пустынi i клiчу па iмю свайго няшчаснага мужа, якi так i не пацешыўся маiмi абдымкамi i яшчэ вiльготны ад нацiранняў з вянком на галаве, а ўжо аўдавелы, бяжыць услед за мной, з якой уцякаюць чужыя. I пакуль ён бяжыць i роспачна крычыць, каб людзi памаглi яму адабраць жонку-прыгажуню, нейкi з бандытаў, абураны смелым праследаваннем, схапiўшы з-пад ног вялiкi камень, кiдае ў майго беднага маладзенькага мужа i забiвае яго на смерць. Убачыўшы такую бесчалавечнасць, я ў вялiкiм жаху ўсхапiлася ад злавеснага сну'.

Тады, адказаўшы на яе слёзы ўздыханнямi, старая гаворыць так: 'Не трывожся, дзiця маё, i не палохайся пустых прывiдаў. Не кажучы ўжо, што дзённыя сны не спраўджваюцца, дык i начныя прарочаць адваротнае. Хто, напрыклад, саснiць слёзы, пабоi i нават смерць, можа спадзявацца, што ўсё абернецца на добрае, што будзе ён смяяцца i наядацца смачнай ежай; i наадварот, цешыцца страснасцю прарочыць душэўны смутак, цялесную слабасць i iншыя непрыемнасцi. Лепш давай я пацешу цябе добрай байкай, старадаўняй казкай'. I пачала так:

28. 'У адной дзяржаве жылi цар з царыцай, i было ў iх тры дачкi-прыгажунi. Аднак, хоць старэйшыя былi вельмi прыгожыя, яны, як у ценi, знiкалi перад прыгажосцю малодшай, якой красу апiсаць не хапiла б у людской мове слоў. Шмат хто з мясцовых грамадзян i мноства чужаземцаў, якiх прагнымi натоўпамi збiрала чутка пра небывалае вiдовiшча, здзiўленыя i ўсхваляваныя недасягальнай прыгажосцю, прыкрывалi рот правай рукой, палажыўшы свой указальны палец на выцягнуты вялiкi, быццам аддавалi пашану самой Венеры. I па ўсёй акрузе панеслася чутка, што багiня, якую нарадзiла марская стыхiя i ўзняла пенiстая хваля, па сваёй добрай волi выяўляе сваю прыхiльнасць да народа, зносiцца з людзьмi. А мо зноў з новага насення нябесных свяцiлаў не мора, а зямля нарадзiла другую Венеру, абдараваную цветам дзявоцкасцi.

29. Такая думка штораз умацоўвалася, i пашыралася ўсё большая слава на моры, па астравах i па блiжэйшых правiнцыях.

Натоўпы людзей, не баючыся нi далёкай дарогi, нi марской стыхii, збягалiся да знакамiтага цуду. Людзi перасталi ездзiць у Пафас, каб пакланiцца Венеры, не падарожнiчалi ў Кнiд i нават на выспу Кiферу. Ахвяры станавiлiся радзейшымi, святынi заняпалi - святыя падушкi параскiданыя, абрады пагарджаюцца, выявы багоў не ўпрыгожваюцца гiрляндамi, алтары пусцеюць, пакрыўшыся халодным попелам. Да дзяўчыны пачынаюць звяртацца з малiтвамi i пад смяротнымi рысамi ўшаноўваць велiч несмяротнай магутнай багiнi. Калi з'яўлялася дзяўчына, людзi прыносiлi ёй дары i ахвяры ў iмя адсутнай Венеры. А калi яна праходзiла па плошчы, дык натоўп часта пасыпаў яе шлях вянкамi i кветкамi.

Гэта залiшняе перанясенне боскай пашаны на смяротную дзяўчыну моцна ўскалыхнула дух сапраўднай Венеры, дык у нецярплiвым абурэннi, патрасаючы галавой, гаворыць яна сама сабе:

30. 'Як я, старажытная мацi прыроды, родапачынальнiца стыхiяў, мацi ўсяго свету, Венера, зношу такое абыходжанне, што смяротная дзяўчына раздзяляе са мной каралеўскую пашану i маё iмя, запiсанае ў небе, апаганьваецца зямным брудам? Цi ж магу я раздзяляць сваю боскую пашану з гэтай заступнiцай, якая пад маiм iмем прымае збаўчыя ахвяры? Цi ж магу згадзiцца, каб смяротная жанчына насiла мой вобраз? Цi ж беспадстаўна слаўны пастыр, розум якога i справядлiвасць пацвердзiў сам Юпiтэр, вылучыў мяне за непараўнаную прыгажосць мiж iншых цудоўных багiнь? Ды не на радасць сабе прысвоiла тая самазванка, хто б яна нi была, мае пашаны! Я зраблю так, што яна раскаецца ў сваёй прыгажосцi!'

I тут жа клiча яна да сябе свайго крылатага сына, вельмi смелага хлапца, якi, згодна са сваiм норавам, грэбуючы ўсталяванымi парадкамi, узброены стрэламi i паходняй, бегае ўночы па чужых дамах, усюды разбурае сем'i i беспакарана ўчыняе розныя злачынствы, нiчым карысным не займаецца. Яго, ужо сапсаванага ад прыроды i неўтаймаванага, пабуджае нагаворамi, вядзе ў той горад i паказвае яму Псiхею (так звалася дзяўчына), расказвае ўсю гiсторыю аб спаборнiцтве ў прыгажосцi i, уздыхаючы, трасучыся ад абурэння, гаворыць:

31. 'Заклiнаю цябе повязямi матчынай любовi, сцiплымi ранамi тваiх стрэл, салодкiмi апёкамi твайго

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату