Як добра было б, каб i ты прыдумаў у гонар гэтага бога што-небудзь дасцiпнае i забаўнае, каб мы ўшанавалi яго яшчэ больш самааддана i глыбока'. 'Выдатна, - кажу, - як загадаеш, так i будзе. I клянуся Геркулесам, што мне хацелася б прыдумаць нешта такое, што годна i цалкам задаволiла б гэтага вялiкага бога'.
Пасля, калi мой слуга напомнiў, што час ужо познi, i я зразумеў, што ўжо дастаткова нагрузiўся вiном, хутка падымаюся i, пажадаўшы Бiрэне ўсяго найлепшага, няўпэўненай паходкай вяртаюся дамоў.
32. Але як толькi выйшлi мы на двор, нечакана вецер тушыць наш факел, што асвятляў нам дарогу, i мы ў поўнай цемры ночы пасоўваемся амаль вобмацкам i, пазбiваўшы ногi аб каменне, ледзь трапiлi дамоў. Калi ж мы, моцна трымаючыся адзiн за аднаго, падыходзiлi да дома, раптам бачым, што тры нейкiя здаравенныя постацi ломяцца ў нашы дзверы, не толькi не збянтэжаныя нашым з'яўленнем, але стараючыся адзiн перад адным грукатаць мацней i часцей. Такiм чынам, яны здалiся мне разбойнiкамi, прытым сама лютымi. Дык дастаю свой меч, якi браў з сабой i нёс пад вопраткай для падобнага здарэння, i не марудзячы кiдаюся на iх i аднаго за другiм, з кiм нi схаплюся, забiваю, глыбока ўтыкаючы меч. I вось яны, пакрытыя мноствам ран, канаюць ля маiх ног.
Закончыўшы бiтву, у час якой ад гоману i грукату прачнулася i Фацiда, убягаю ў дом i, ледзь ловячы дых, аблiты потам, стомлены, як быццам змагаўся не з трыма разбойнiкамi, а забiў Герыёна, кiдаюся на ложак i адразу засынаю.
КНIГА ТРЭЦЯЯ
1. Ледзь толькi Аўрора пусцiлася па небе, як ноч, кiруючы ружовай рукой сваiх упрыгожаных чырвонымi фалерамi коней, вырвала мяне з салодкага спакою i перадала дню. Пры ўспамiне аб учарашнiм злачынстве маю душу агарнуў жудасны неспакой. Спусцiўшы з ложка ногi i абхапiўшы каленi пераплеценымi пальцамi рук, я сядзеў скурчаны i горка плакаў, уяўляючы сабе i гарадскую плошчу, i суд, i прыгавор, i самога ката. Цi ж можа знайсцiся такi мяккi i добразычлiвы суддзя, якi б мяне, заплямленага жорсткасцю трайнога забойства, апырсканага крывёю гэтулькiх грамадзян, прызнаў невiнаватым? Вось якое слаўнае падарожжа так упэўнена вываражыў мне халдзей Дыяфан!..
Гэтыя думкi штораз вярталiся, я аплакваў сваю горкую долю, калi раптам пачуўся моцны грукат у дзверы, i ля ўвахода ў дом узняўся крык.
2. Услед за гэтым расхiнаюцца пад моцным нацiскам дзверы, i ўвесь дом напаўняецца чыноўнiкамi, iхнiмi прыслужнiкамi i разнашэрсным натоўпам. Два лiктары, па загаду чыноўнiкаў, усклалi на мяне рукi i павялi без нiякага з майго боку супрацiўлення. I ледзь толькi ўвайшлi мы ў блiжэйшы завулак, як усе жыхары, высыпаўшы з дамоў, цесным натоўпам рушылi за намi. I хоць я iшоў з сумна апушчанай галавой, жадаючы правалiцца скрозь зямлю, аднак, глянуўшы крадком убок, заўважаю штосьцi вартае вялiкага здзiўлення: спамiж тысяч людзей, якiя нас акружалi, не было нiводнага, хто б не надрываўся ад смеху. Тым часам, абхадзiўшы ўсе вулiцы, пачынаюць вадзiць мяне па ўсiх завулках i завуголлях, як звычайна водзяць жывёлiну, прызначаную багам на ахвяру, каб адкупiцца ад якiх-небудзь прадказаных нябеснымi сiламi небяспек. Нарэшце прыводзяць мяне на форум i ставяць перад трыбуналам.
А тут ужо на падвышэннi расселiся суддзi, i грамадскi вяшчальнiк загадаў усiм замоўкнуць, як раптам усе ў адзiн голас пачынаюць крычаць, што разбор такой важнай справы з прычыны шматлюднасцi неабходна перанесцi ў тэатр. I вось народ кiнуўся туды бязладным натоўпам, i не прайшло i хвiлiны, як усе прызначаныя гледачам месцы былi занятыя. Некаторыя ўхапiлiся за калоны, iншыя павiслi на статуях, павысоўвалiся па пояс з вокнаў, з адтулiн у дахах. Так нясцерпнае жаданне ўбачыць усё сваiмi вачамi змушала забываць пра небяспеку. А мяне, як якую-небудзь ахвяру, праводзяць вартаўнiкi цераз прасцэнiум i ставяць пасярод архестры.
З. I вось зноў чуецца голас вяшчальнiка, якi выклiкае абвiнаваўцу. Падымаецца адзiн стары, i пасля таго як для вымярэння працягласцi яго прамовы налiлi ў нейкую судзiнку з вузенькай, бы ў рэшаце, адтулiнкай вады, што пачала выцякаць кроплямi, ён так звяртаецца да народа:
'Паважаныя квiрыты, справа тут датычыць не дробязяў, а спакою ўсяго народа, i яна павiнна паслужыць добрым прыкладам на будучыню. З гэтай прычыны, для захавання грамадскай годнасцi кожнаму з вас паасобку i ўсiм разам належыць паклапацiцца, каб ахвяры крывавай бойнi, узнятай гэтым агiдным забойцам, у якой ён загубiў столькi грамадзян, не засталiся без адплаты. Не падумайце, што ў мяне ёсць асабiстая варожасць да злачынцы i сваю строгасць я праяўляю з нянавiсцi. Я - начальнiк начной варты i лiчу, што да сягонняшняга дня нiхто не мог папракнуць мяне ў недастатковай пiльнасцi Я дакладна раскажу вам, у чым справа i што здарылася мiнулай ноччу. Дык вось, калi ў час трэцяй варты абыходжу я з надзвычайнай пiльнасцю горад, аглядаючы кожны дом, заўважаю гэтага лютага юнака, якi, дастаўшы меч, сее вакол сябе смерць, i ўжо тры ахвяры ягонай раз'юшанасцi развiтвалiся ля яго ног з жыццём, валяючыся ў крывi. А ён сам, не без прычыны ўстрывожаны ўсведамленнем сваёй вiны, адразу пусцiўся наўцёкi i, выкарыстаўшы цемру ночы, схаваўся ў нейкiм доме, дзе i прабыў усю ноч.
Аднак, дзякуючы боскаму наканаванню, якое не пакiдае нераскрытым нi адно злачынства, дачакаўшыся ранiцы, перад тым, як ён мог бы даць драла, я прыклаў усё старанне, каб прывесцi яго сюды i даць вам магчымасць вынесцi справядлiвы прысуд. I вось стаiць перад вамi заплямлены гэтулькiмi забойствамi падсудны чужаземец, злоўлены на месцы злачынства. Дык вынесiце ж без вагання прысуд гэтаму чужаземцу, якi зрабiў такое лiхадзейства, за якое вы i свайго грамадзянiна строга пакаралi б'.
4. Пасля таго як змоўк голас майго абвiнаваўцы, вяшчальнiк звярнуўся да мяне з пытаннем, цi хачу я гаварыць у сваю абарону. А я ў той час мог толькi плакаць, думаючы, клянуся Геркулесам, не столькi пра грозную прамову, колькi пра сваё загубленае сумленне. Нарэшце найшла на мяне з вышыняў мужнасць, i я пачаў гаварыць:
'I самому мне вядома, як цяжка чалавеку, якога абвiнавачваюць у забойстве, стоячы над трупамi трох грамадзян, пераканаць такое мноства людзей у сваёй невiнаватасцi, хоць i гаварыў бы ён праўду цi добраахвотна прызнаўся ў злачынстве. Аднак, калi ваша памяркоўнасць адпусцiць мне трохi ўвагi, я без цяжкасцi дакажу вам, што не з уласнай вiны рызыкую я цяпер жыццём, а ваша цалкам зразумелае абурэнне i нянавiсць за праступак, якога я не зрабiў, узнiклi з чыста выпадковых абставiн.
5. Дык вось, калi я трохi пазней, чым звычайна, вяртаўся з вячэры i быў нецвярозы, што i з'яўляецца маiм сапраўдным злачынствам, ад якога не адракаюся, каля дома вашага паважанага суайчыннiка Мiлона, дзе я спынiўся на кватэры, убачыў нейкiх раз'юшаных разбойнiкаў, якiя ламалi дзверы, i з лютасцю выцягвалi старанна змайстраваныя засаўкi, i згаворвалiся памiж сабой загубiць гаспадароў. Адзiн з iх, сама спрытны, каржакаваты, падахвочваў iншых: 'Гэй, хлопцы, нападзём на сонных, як i належыць мужчынам, хутка i моцна. Прэч усякае марудства, усякую вяласць! Даставайце мячы, i няхай па ўсiм доме гуляе забойства! Хто спiць, няхай загiне! Мы выйдзем цэлыя, калi ў доме не застанецца нiкога ў жывых!' Праўду кажучы, квiрыты, пры сустрэчы з такiмi галаварэзамi, усведамляючы абавязак сумленнага грамадзянiна i адчуваючы немалы страх за сваiх гаспадароў i за самога сябе, узброены кароткiм мячом, якi быў у мяне з сабой на выпадак падобнага здарэння, я хацеў напалохаць iх i змусiць уцячы. Аднак гэтыя лютыя злачынцы, сапраўдныя варвары, i не збiралiся ўцякаць. Яны пачалi нахабна супрацiўляцца, хоць бачылi ў маiх руках зброю.
6. Пачынаецца сапраўднае змаганне. Правадыр банды накiнуўся на мяне з усiх сiл i, схапiўшы мяне абедзвюма рукамi за валасы i закiнуўшы маю галаву назад, хацеў разбiць яе каменем. Але пакуль ён крычаў, каб падалi яму камень, я прабiваю яго цвёрдай рукой, i ён валiцца дагары. Затым другога, якi кусаўся, учапiўшыся мне за ногi, прабiваю меткiм ударам мiж лапатак, а пасля пранiзваю наскрозь грудзi трэцяму, якi стрымгалоў на мяне рынуўся. Гэтак, вярнуўшы супакой i абаранiўшы дом маiх гаспадароў i грамадскую бяспеку, я не толькi лiчу сябе нi ў чым не вiнаватым, а нават думаю, што заслугоўваю пахвалы ад грамадзян, тым больш што нават цень абвiнавачання ў якiм-небудзь злачынстве не клаўся на мяне нiколi. I на радзiме заўсёды ўсе лiчылi мяне чалавекам сумленным, бо чыстае сумленне ставiў я ўсюды вышэй за любую выгаду.
Цяпер я не магу зразумець, чаму справядлiвая расправа, зробленая мною з гэтымi гнюснымi разбойнiкамi, накладае на мяне гэтае абвiнавачанне, хоць нiхто не зможа даказаць, што раней мiж намi мела месца варожасць або што я з iмi знаёмы, нi тым больш няма мовы аб якой-небудзь нажыве, якая вытлумачыла б гэта злачынства'.
7. Закончыўшы, я зноў залiўся слязьмi i, выцягваючы ў вялiкiм горы свае рукi, выпрошваю то ў адных, то ў другiх у iмя iх сама дарагiх прыхiльнасцяў грамадзянскай лiтасцi.
Мне пачало ўжо здавацца, што ў прысутных прачнулася спачуванне, што ўсе расчулены, бачачы жаласлiвыя слёзы, я ўжо паклiкаў у сведкi ўсеабдымныя вочы Сонца i Справядлiвасцi i ход маёй справы збiраўся аддаць у рукi найвышэйшай боскай волi, як раптам, трохi прыўзняўшы галаву, бачу, што ўвесь натоўп надрываецца ад смеху i нават мой добры гаспадар Мiлон рагоча на ўсё горла. Тады я падумаў: 'Вось яна, вернасць! Я зрабiўся дзеля ратавання гаспадара забойцам, мне пагражае смяротнае пакаранне, i ён не