адказваю ёй, - толькi падрыхтуй адпаведную ўзнагароду'.

24. Заспакоеная адказам, яна ўстала i вядзе мяне ў другi пакой. Там знаходзiлася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклiкаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвiлiну паплакала над памерлым i ўрэшце паклiкала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, i пачала пералiчваць розныя яго часткi, а нехта побач запiсваў яе словы ў таблiчкi. 'Вось, - кажа, - нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэлыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсiм гэтым вы, добрыя квiрыты, будзьце сведкамi'. Пасля гэтага да таблiчак былi прымацаваны пячаткi, а яна накiравалася да выхаду. А я кажу: 'Загадай, панi, каб падрыхтавалi ўсё патрэбнае мне для работы'. 'А што менавiта?' - пытаецца. 'Лямпу, - кажу, - алею, каб да свiтання хапiла святла, цёплай вады, добры збан вiна, келiх ды паднос з астаткам вашай вячэры'. Тут яна пакiвала галавой i кажа: 'Цi пры сваiм ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухнi не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў i паплакаў, як у такiм месцы належыць!' Пасля гэтага звярнулася да служанкi: 'Мiрына, прынясi зараз лямпу i алею, потым замкнеш вартаўнiка i вяртайся'.

25. Так пакiнуты сам-насам з трупам, я працiраю вочы, каб адбiцца ад сну, i, каб падбадзёрыцца, спяваю цiха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч i поўная цемрадзь. А мой страх усё павялiчваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне i так пiльна глядзiць на мяне, што ад такой нахабнасцi гэтага маленькага звярка я зусiм збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: 'Iдзi прэч, паганае стварэнне! Выбiрайся да мышэй, яны твая кампанiя, iдзi, пакуль я цябе не выкiнуў вон! Iдзi прэч!' Яна павярнулася i ўмомант знiкла. Але ў тую ж хвiлiну глыбокi сон апусцiў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфiйскi бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нiчога не адчуваючы i сам маючы патрэбу ў вартаўнiку, я нiбыта ў тым пакоi i не быў.

26. I вось моцны крык пеўня абвясцiў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, i бягу са свяцiльнiкам да трупа, адхiнаю з твару пакрывала i пачынаю разглядаць кожную рыску - нiчога не было пашкоджана. Зараз жа i збедаваная жонка са слязьмi, у трывозе ўваходзiць з учарашнiмi сведкамi, кiдаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамi i пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, клiча свайго загадчыка хатнiх спраў Фiладэспата i загадвае яму выдаць добраму вартаўнiку плату. Грошы хутка прынеслi, i дама мне гаворыць: 'Мы табе, хлопча, вельмi ўдзячныя, i, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лiчыць цябе ад гэтай хвiлiны членам нашага дому'. На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам i адурманiўшыся блiскучымi залатымi манетамi, якiмi падзынкваў у руцэ, кажу: 'Лiчы мяне, панi, сваiм слугой i, колькi б разоў нi аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!'

Ледзь толькi я гэта сказаў, як прысутныя, праклiнаючы жудаснае прароцтва, накiнулiся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямi таўчэ ў плечы, хто рукамi дае пад бакi, нагамi топчуць, за валасы цягаюць, iрвуць адзежу...

Так, абдзёрты i раскалмачаны, нiбы ганарысты Аанiйскi юнак або сын пiплейскай музы, быў я выкiнуты з дому.

27. I пакуль я на суседняй вулiцы ачухаўся, прыпамiнаючы са спазненнем бязглуздае i злавеснае значэнне сваiх слоў i прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага i абгалошанага нябожчыка вынеслi з дому. А дзеля таго, што хавалi арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскi кошт, багатая працэсiя праходзiла праз форум.

Тут падбягае нейкi стары ў цёмнай вопратцы i ў скрусе i слязах iрве свае шляхетныя сiвыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамi катафалк, зычным голасам, хоць i перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: 'Заклiнаю вас, квiрыты, вашым добрым iмем i ўсiм для вас святым, заступiцеся за забiтага грамадзянiна i надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, i нiхто iншы, атруцiла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзiць сваiм каханкам i захапiць спадкi!'

Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозлiва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалi крычаць, што яе трэба спалiць, другiя хапацца за каменне i падгаворваць хлапчукоў забiць злачынную жанчыну. А тая, аблiваючыся слязьмi i кленучыся сама страшнымi кляцьбамi з заклiнаннем у сведкi ўсiх жыхароў неба, пярэчыла абвiнавачанню.

28. Нарэшце стары кажа: 'Здамося на найвышэйшую сiлу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнiчае Затхлас, адзiн з вядомых эгiпецкiх прарокаў, якi згадзiўся за вялiкую ўзнагароду выклiкаць на хвiлiну душу з таго свету i вярнуць на хвiлiну гэтаму целу жыццё'. З гэтымi словамi выводзiць на сярэдзiну нейкага юнака ў iльняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой. Цалуючы яму рукi i абдымаючы за каленi, ён кажа: 'Злiтуйся, служка багоў, злiтуйся дзеля нябесных свяцiлаў, дзеля падземных багоў, дзеля прыродных стыхiяў, дзеля начной цiшынi, дзеля Копцкiх святыняў, дзеля Нiльскiх паводак, дзеля Мемфiскiх тайнаў i Фароскiх сiстраў. Дай на кароткi момант выкарыстаць сонечнае ззянне i ў навек заплюшчаныя вочы ўлi частку святла. Мы не наракаем i не адымаем ад зямлi таго, што ёй належыць, але, каб пацешыцца адплатай, просiм кароткага вяртання да жыцця'.

Прарок, якога ўзрушылi гэткiя ўмольваннi, палажыў нейкую травiцу на вусны нябожчыку, а другую на яго грудзi. Пасля, павярнуўшыся на ўсход, пачаў малiцца да святога Сонца, што ўзнiмалася над гарызонтам. Выгляд яго ў гэты час быў варты глыбокай пашаны, што вельмi добра падрыхтавала ўвагу прысутных да чаканага цуду.

Я ўцiскаюся ў натоўп i, стаўшы на высокiм каменi за катафалкам, сачу за ўсiм цiкаўным вокам. I вось пачынаюць узнiмацца грудзi, вены пачынаюць бiцца, напаўняецца духам цела, i нябожчык падняўся i загаварыў: 'Навошта, скажыце мне, навошта таго, хто прыняў летэйскi напiтак, плыў ужо па стыгiйскiх балотах, вяртаеце да спраў мiмалётнага жыцця? Спынiся, малю цябе, спынiся i адпусцi мяне ў мой супакой!'

Вось што сказаў голас, якi выйшаў з цела.

Аднак прарок з яшчэ большым жарам гаворыць: 'Чаму ж ты не раскажаш народу па парадку, з чаго ты памёр? Цi ты не ведаеш, што я магу паклiкаць фурыяў сваiмi заклiнаннямi, i яны пачнуць цябе мучыць?' Той слухае са свайго ложа i, глыбока ўздыхнуўшы, паведамляе: 'Злымi чарамi маладой жонкi загублены я i змушаны прыняць смяртэльны келiх. Сваё вясельнае неастылае яшчэ ложа саступiў я пралюбадзею'.

Тут гэта знакамiтая жонка, зусiм набраўшыся нахабства, задалася блюзнерскай думкай адмаўляць вiдавочныя доказы мужа. Народ хвалюецца, адны патрабуюць, каб гэта нягоднiца была жывая пахаваная разам з мужам, а другiя даказваюць, што не трэба верыць iлжывым словам трупа.

30. Аднак гэтыя спрэчкi былi спынены новай гутаркай юнака. Уздыхнуўшы яшчэ глыбей, ён загаварыў: 'Дам, дам я вам доказы сваёй праўдзiвасцi i выкрыю тое, пра што, апроч мяне, нiхто не ведае i не здагадваецца'. I тут, паказваючы на мяне пальцам: 'Калi пры маiм целе быў гэты пiльны вартаўнiк i цвёрда стаяў на варце, старыя ведзьмы, ахвочыя да маёй тленнай абалонкi, прымаючы з гэтай прычыны розныя постацi, неаднаразова старалiся ашукаць яго руплiвасць i ўрэшце, напусцiўшы соннага туману, акунулi яго ў глыбокае забыццё, пасля чаго клiкалi мяне па iмю. I вось ужо мае застылыя суставы i пахаладзелыя часткi цела намагаюцца адказаць павольнымi рухамi на загады магiчнага штукарства. Тады чалавек, у сапраўднасцi жывы, але толькi да амярцвення сонны, без нiякага падазрэння ўстае, адклiкаецца на сваё iмя, бо мы з iм аднолькава завёмся, i самахоць iдзе, быццам нежывы цень. Хоць дзверы ў пакой былi моцна замкнёныя, аднак там знайшлася адтулiна, праз якую адрэзалi яму спярша нос, а пасля i вушы. Такiм чынам, замест мяне знявечаны застаўся ён. А каб замесцi сляды, ашуканкi прыстаўляюць яму зробленыя з воску вушы, падобныя да адрэзаных, i падобны да яго ўласнага нос. Вось ён, няшчасны, тут, побач з вамi; ён атрымаў плату не за сваю працу, а за сваё калецтва'.

Напалоханы гэтымi словамi, я пачынаю абмацваць свой твар: хапаюся за нос, i ён застаецца ў мяне ў руцэ, праводжу рукамi па вушах, i яны адвальваюцца. Калi прысутныя пачалi паказваць на мяне пальцамi i кiваць галовамi, калi ўзняўся смех, я, аблiваючыся халодным потам, даю нырца мiж людскiх ног i ўцякаю. А пасля таго я стаў калекам i пасмешышчам, не мог ужо вярнуцца ў родны дом. Расчасаўшы валасы, каб яны ападалi з абодвух бакоў, я схаваў шрамы ад адрэзаных вушэй, а адсутнасць носа сарамлiва стараюся хаваць пад гэтым пластырам, прыцiскаючы яго да твару'.

31. Калi Тэлефрон закончыў гэту гiсторыю, разагрэтыя вiном сабутэльнiкi зноў пачалi рагатаць. Пакуль яны патрабавалi звычайнай замочкi ў гонар бога Смеху, Бiрэна кажа мне: 'Заўтра дзень, якi ад заснавання нашага горада лiчыцца святочным дзеля таго, што ў гэты дзень мы адзiныя на свеце ўшаноўваем вясёлымi i радаснымi абрадамi святога бога Смеху. Сваёй прысутнасцю ты зробiш нам гэтае свята яшчэ прыямнейшым.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату