16. Толькi лёг я ў ложак, як вось i мая Фацiда, завёўшы на спачын гаспадыню, з'яўляеццца з букетам ружаў i з гiрляндамi ў прыпале. Пацалаваўшы мяне моцна ў губы, аблытала мяне вяночкамi i абсыпала пялёсткамi кветак. Пасля схапiла келiх i, падлiўшы туды цёплай вады, падала мне, каб я пiў. Аднак перш чым я яго апаражнiў, далiкатна забрала ад мяне i, памалу пацягваючы губкамi, не зводзячы з мяне вачэй, маленькiмi глыточкамi з асалодай дакончыла. За першым келiхам надышоў другi i трэцi, i часта пераходзiлi ў нас келiхi з рук у рукi.

Тады я, разагрэты вiном i не толькi душой, але i целам гатовы да асалоды, адчуваючы неспакой, увесь пад абладай нястрыманага i ўжо пакутлiвага жадання, адхiнуў сваё адзенне i, паказваючы сваёй Фацiдзе, з якiм нецярпеннем прагну яе кахання, кажу: 'Злiтуйся, хутчэй хадзi мне на дапамогу! Ты бачыш, што я палымяна гатоў да барацьбы, якую ты мне аб'явiла без законнага папярэджання. Ледзь толькi атрымаў я ад бязлiтаснага Купiдона ўдар стралы ў самыя грудзi, як таксама нацягнуў свой лук i цяпер вельмi баюся, каб ад празмернага напружання не парвалася цецiва. Але калi ты хочаш па-сапраўднаму дагадзiць мне, дык распусцi косы i пад покрывам расхваляваных валасоў расхiнi свае абдымкi'.

17. Не марудзячы, хутка прыняўшы посуд, зняўшы з сябе адзенне i распусцiўшы валасы, цудоўна пераўтварылася яна для радаснай асалоды, быццам Венера пры ўступленнi ў марскiя хвалi, i, прыклаўшы да гладзенькага выгаленага жаночага месца ружовую ручку, больш для таго, каб яго адцянiць, чым сарамлiва прыкрыць, кажа: 'На бой, на моцны бой! Бо я табе не паддамся i не ўцяку. Калi ты мужчына, то атакуй з фронту i нападай з жарам, а, наносячы ўдары, будзь гатоў на смерць! Сягонняшняя бiтва праводзiцца бязлiтасна!'

З гэтымi словамi яна ўскоквае да мяне на ложак, сядае на мяне конна i гуллiва пачынае варушыцца ўдоўж i ўпоперак, пакуль наша здавальненне не дасягае найвышэйшай ступенi, пасля чаго мы, амаль страцiўшы свядомасць, у моцных абдымках, задыханыя падаем ад знямогi.

У гэтакiх i падобных сутычках правялi мы ноч да свiтання, праганяючы час ад часу стому келiхамi, узбуджаючы пажадлiвасць i нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавiлi да яе i шмат iншых.

18. Так здарылася, што Бiрэна вельмi настойлiва запрашала мяне прыйсцi да яе на сцiплую сяброўскую вячэру. Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкi яе не пераканалi. Тады прыйшлося звярнуцца да Фацiды i спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на сама кароткi тэрмiн, яна ласкава згадзiлася на непрацяглае перамiр'е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: 'Ты пастарайся раней пайсцi з вячэры. Водзiцца ў нас хеўра з сама знатных маладых людзей, якiя парушаюць грамадскi парадак. Часта бываюць на вулiцах трупы забiтых, а атрады намеснiка нiяк не могуць ачысцiць горад ад гэтай пошасцi. Лёс шчодра надзялiў цябе сваiмi дарамi, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымонiцца не будуць, дык якраз можаш трапiць у пастку'.

'Не трывожся, - кажу, - мая Фацiда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехi мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхi, вярнуўшыся як найраней. I пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваiм мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекi'.

Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.

19. Там застаю я, як i належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных - цвет горада. Пышныя сталы блiшчаць туяй i слановай косцю, софы засланыя дарагiмi тканiнамi, высяцца вялiкiя келiхi, розныя ў сваёй прыгажосцi, але аднолькава каштоўныя. Тут па-мастацку гранёнае шкло, там чысты крышталь, у адным месцы яснае серабро, у другiм блiскучае золата i дзiвосна выразаны бурштын запрашае вусны да пiцця. I каштоўныя камянi, а нават тое, чаго не можа быць, там было.

Шматлiкiя вытанчана апранутыя слугi бадзёра падносяць поўныя да берагоў блюды, кучаравыя хлапчукi ў прыгожых тунiках раз за разам падаюць ва ўпрыгожаных самацветамi бакалах старыя вiны. I вось прыносяць свяцiльнiкi, застолле ажыўляецца, чуваць смех, то там, то сям вясёлыя жарты падмацоўваюцца фрывольнымi слоўцамi...

Тут Бiрэна звяртаецца да мяне: 'Цi добра табе жывецца ў нашых родных мясцiнах? Наколькi мне вядома, мы далёка апярэдзiлi ўсе гарады нашымi палацамi, лазнямi i iншымi будынкамi, прытым у нас недахопу няма нi ў чым неабходным. Хто б да нас нi прыехаў - цi чалавек, якi хоча адпачыць, цi камерсант, кожны знойдзе тое, што яму трэба, не горш, чым у Рыме, а сцiплы госць атрымае сельскi спакой. Адным словам, у нас знайшлi прыстанiшча ўсе зручнасцi i прыемнасцi правiнцыi'.

20. На гэта я адказваю: 'Праўду кажаш, нi ў якай iншай краiне не адчуваў я сабе так свабодна, як тут, аднак я вельмi баюся тайных падкопаў магiчнай навукi, якiх немагчыма пазбегнуць. Я чуў, што нават нябожчыкi ў магiлах не застаюцца недакранальнымi i з папялiшчаў i скляпоў здабываюцца нейкiя рэшткi i шматкi трупаў на загубу жывым. А старыя чараўнiцы ў хвiлiны пахавання паспяваюць з хуткасцю драпежных птушак прадбачыць новыя смерцi'.

Пасля гэтых маiх слоў умяшаўся ў гутарку нехта з прысутных: 'Тут i жывым спуску не даюць. Ёсць у нас адзiн чалавек, з якiм здарылася падобная гiсторыя, яму так увесь твар знявечылi, што не пазнаць чалавека'.

Тут усе госцi пачалi смяяцца, а iхнiя твары i вочы звярнулiся ў бок аднаго з гасцей на куце. А калi той, збянтэжаны агульнай увагай, штосьцi прамармытаўшы, хацеў устаць са свайго месца, Бiрэна кажа яму: 'Не хвалюйся, мой Тэлiфрон, застанься i раскажы, калi ласка, яшчэ раз сваю гiсторыю, каб i сын мой, вось гэты Луцый, мог пацешыцца прыгажосцю твайго выдатнага апавядання!' А ён адказвае: 'Ты, панi, як заўсёды, выяўляеш сваю святую дабрату. Але ёсць некаторыя людзi, нахабства якiх немагчыма сцярпець!' Ён быў абураны насмешкамi. Аднак настойлiвасць Бiрэны, якая клялася сваiм жыццём, прымусiла яго, хоць i супраць волi, здацца.

21. Тады зрабiўшы з пакрывалаў падвышэнне, прыўзняўшыся на ложы i абапёршыся на локаць, Тэлiфрон прасцiрае правую руку i, як тыя прамоўцы, прыгнуўшы два крайнiя пальцы i два наставiўшы ўперад, а вялiкi пагрозлiва апусцiўшы, пачынае:

'Быўшы яшчэ непаўналетнiм, накiраваўся я з Мiлета на Алiмпiйскiя гульнi. А дзеля таго, што мне хацелася наведаць гэту вашу славутую правiнцыю, дык, праехаўшы праз усю Фесалiю, у благi час прыбыў я ў Ларысу. Мае дарожныя грошы разышлiся, i я блукаў па горадзе, прыдумваючы, як даць рады сваёй беднасцi. Раптам бачу сярод рыначнай плошчы нейкага высокага чалавека, якi стаяў на каменi i зычным голасам прапаноўваў тым, хто хацеў бы наняцца вартаўнiком да нябожчыка, дамовiцца аб цане.

Тады я звяртаюся да аднаго з прахожых: 'Што я чую? Няўжо тут нябожчыкi маюць звычай уцякаць?' 'Памаўчы, - адказвае той, - ты чалавек нетутэйшы i яшчэ вельмi малады i, зразумела, не надта ўсведамляеш сабе, што знаходзiшся ў Фесалii, дзе чараўнiцы, здараецца, адгрызаюць у нябожчыкаў для сваiх магiчных мэт часткi твару'.

22. 'А цi не можаце мне сказаць, - працягваю я, - якiя абавязкi гэтага магiльнага вартаўнiка?'

'Найперш, - адказвае той, - усю ноч нельга задрамаць, расплюшчанымi вачамi, якiя б не ведалi сну, глядзець на труп, не адводзячы позiрку, i нi на хвiлiну не адварочвацца, бо гэтыя ваўкалакi могуць абярнуцца любой жывёлiнай i стараюцца патаемна прабрацца, дык нават вочы самога Сонца, самой Справядлiвасцi могуць лёгка ашукацца. Яны ператвараюцца то ў птушак, то ў сабак цi мышэй, а часам нават у мух. А тады ад iхнiх чараў нападае на вартаўнiка сон. Нiхто не можа назваць тых хiтрыкаў, якiмi карыстаюцца гэтыя шкодныя жанчыны дзеля сваiх мэт. А за гэту такую небяспечную працу звычайна назначаецца плата не большая як чатыры-шэсць дукатаў. Ах вось, яшчэ ледзь не забыўся! Калi вартаўнiк не ўпiльнуе цела, калi пры здачы выявiцца нейкi недахоп, тады ён тое, што прапала, павiнен поўнасцю або часткова аддаць, адрэзаўшы ад свайго твару'.

23. Даведаўшыся пра гэта, я прымаю рашэнне, у той жа момант падыходжу да вяшчальнiка i кажу: 'Досыць табе крычаць. Вось вартаўнiк, пагаворым пра цану'. 'Тысяча нумаў вызначаецца табе, - кажа той, - толькi пастарайся пiльна сцерагчы труп ад злых гарпiяў, бо гэта цела сына аднаго з сама знакамiтых жыхароў горада!' 'Глупства, - кажу, - ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пiльнейшы, чым Лiнцэй цi Аргус, адным словам, я ўвесь вока!'

Толькi я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусцiў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчынiў дзверы ў цёмны з пазачынянымi вокнамi пакой, дзе сядзела збедаваная матрона, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблiзiўшыся да яе, ён кажа: 'Вось прыйшоў чалавек, якi не збаяўся наняцца вартаўнiком твайго мужа'.

Тады яна адкiнула валасы, якiя закрывалi яе твар, i, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблiчча, гаворыць, пазiраючы мне ў вочы: 'Глядзi, прашу цябе, як найпiльней зрабi гэту справу'. 'Не турбуйся, -

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату