Едыгей быў росту немалога. Едыгей выбраў момант, прыгнуў вярблюду шыю i, пастукваючы пугаўём па мазолiстых каленях, падпускаючы ў голас строгасцi, асадзiў яго. Гучна пратэстуючы, вярблюд усё ж падпарадкаваўся волi гаспадара, i калi, нарэшце, склаўшы пад сябе ногi, ён прылёг грудзямi на зямлю i супакоiўся, Едыгей прыступiў да справы.

Асядлаць вярблюда па-сапраўднаму - гэта цяжкая праца, усё роўна што дом пабудаваць. Сядло робяць кожны раз нанова, увiшнасць ды i сiлы немалыя, тым болей калi сядлаеш такога аграмаднага вярблюда, як Каранар.

Каранарам, гэта значыць Чорным Корам, ён называўся не так сабе. Чорная патлатая галава з чорнай, што расла аж да загрыўка магутнай барадой, шыя нiзам уся ў чорных касмылях - яны звiсалi да калень густой дзiкай грывай - галоўнае ўпрыгожанне самца, - пара пругкiх гарбоў, што ўзвышалiся, як чорныя вежы, на спiне. I ў дадатак да ўсяго - чорны кончык куртатага хваста. А ўсё астатняе верх шыi, грудзi, бакi, ногi, жывот, - наадварот, было светлае, светла-рудой масцi. Тым i прыгожы быў Буранны Каранар, тым i знакамiты - i паставай, i масцю. I сам ён той парой быў у самай сваёй сiле - трэцi дзесятак iшоў Каранару.

Вярблюды доўга жывуць. Таму, мусiць, прыплод у iх бывае на пятым годзе i затым не кожны год, а толькi ў два гады раз, i плод выношваюць у чэраве даўжэй за iншых жывёл - дванаццаць месяцаў. Малога вярблюда цяжка выходжваць першыя год - паўтара, цяжка ўберагчы ад прастуды, ад стэпавых скразнякоў, а потым ён расце з дня на дзень, i тады яму нiчога ўжо не страшна - нi холад, нi спёка, нi бязводдзе...

Едыгей ведаў усё пра гэта - Буранны Каранар быў у яго заўсёды дагледжаны. Першая прыкмета здароўя i сiлы - чорныя гарбы на iм тырчэлi як чугунныя. Некалi Казангап падарыў яго яшчэ малочным, маленькiм, пушыстым, як качанё, у тыя гады першапачатковыя, як вярнуўся Едыгей з вайны ды астайбаваўся на раз'ездзе Баранлы-Буранным. А сам Едыгей малады быў яшчэ - уга! Ведаць не ведаў, што застанецца тут да сiвой галавы. Iншым разам зiрне на тыя фотаздымкi i сам не верыць сабе. Так перамянiцца - белы ўвесь. Нават бровы i тыя сiвыя. I аблiччам, вядома, другi стаў. А целам не пацяжэў, як бывае ў такiм узросце. Неяк само па сабе сталася - спачатку вусы адгадаваў, потым бараду. Яно як без барады, усё роўна як голым хадзiць. Цэлая вечнасць прайшла, можна сказаць, з тае пары.

Вось i цяпер, сядлаючы Каранара, якi ляжаў на зямлi, ушчуваючы яго то голасам, то намахам рукi, калi той не-не ды i агрызаўся, равучы, як леў, паварочваючы чорную патлатую галаву на даўжэзнай шыi, Едыгей няўзнак прыгадваў сёння, што было ды як было ў тыя гады. I адчуваў палёгку.

Доўга ён важдаўся, усё ўкладваў, парадкаваў збрую. Гэты раз, перш чым зладкаваць сядло, ён накрыў Каранара найлепшай выязной капай старадаўняй работы, з рознакаляровымi доўгiмi кутасамi, з дывановымi ўзорамi. Не памятаў ужо, калi апошнi раз прыбiраў ён Каранара ў гэтую адмысловую збрую, якую так берагла Укубала. Надарыўся цяпер такi выпадак...

Калi Буранны Каранар быў асядланы, Едыгей прымусiў яго падняцца на ногi i застаўся вельмi задаволены. I нават усцешыўся сваёй работай. Каранар меў выгляд велiчны i паглядны, упрыгожаны капай з кутасамi i па-майстэрску зладкаваным сядлом памiж гарбамi. Не, няхай палюбуюцца маладыя, асаблiва Сабiтжан, няхай зразумеюць: пахаванне вартага чалавека не цяжкая прынука, не нудная рата, а вялiкая, хай i журботная падзея, i таму ёй павiнны адпавядаць свае ўстанаўленнi. Недзе граюць музыку, выносяць сцягi, недзе бабахаюць у паветра, а недзе кветкi раскiдаюць i вянкi нясуць.

А ён, Буранны Едыгей, заўтра з ранiцы ўзначалiць верхам на Каранары, прыбраным посцiлкай з кутасамi, праводзiны на Ана-Бейiт - на апошнi i вечны прытулак Казангапа... I ўсю дарогу будзе Едыгей думаць пра яго, пераадольваючы вялiзарныя i пустынныя саразекi. I з думкамi пра яго аддасць яго зямлi на спадчынных могiлках, як i была ў iх пра тое дамова. Так, была такая дамова. Цi далёкая, цi блiзкая дарога, але нiхто не саб'е яго з думкi, што трэба выконваць волю Казангапа, нават родны сын нябожчыка.

Няхай усе ведаюць, што будзе так, i дзеля гэтай мэты ягоны Каранар гатовы - асядланы i спарадкаваны збруяй.

Няхай усе бачаць. Едыгей павёў Каранара на повадзе ад загона наўкруг усiх дамоў i паставiў на прывязь каля Казангапавай мазанкi. Няхай усе бачаць. Не можа ён, Буранны Едыгей, не стрымаць свайго слова. Толькi дарэмна ён гэта даказваў. Пакуль Едыгей займаўся збруяй, Доўгi Эдыльбай, налучыйшы момант, адвёў Сабiтжана ўбок.

- Хадзем у халадок памяркуем.

Там у iх размова была нядоўгая. Эдыльбай не стаў угаворваць, выказаўся шчыра:

- Ты вось што, Сабiтжан, падзякуй богу, што ёсць такi Буранны Едыгей на свеце, сябар твайго бацькi. А спяшаеш, мы цябе не трымаем. Я за цябе кiну лiшнiя прыгаршчы зямлi.

- Гэта мой бацька, i я сам ведаю... - пачаў быў Сабiтжан, але Эдыльбай перапынiў яго:

- Бацька, канечне, твой, ды толькi вось ты сам не свой.

- Ну ты скажаш, - палагоднеў Сабiтжан. - Добра, давай не будзем у такi дзень. Няхай будзе Ана-Бейiт, якая рознiца, проста я думаў - далекавата.

На тым i скончылi. I калi Едыгей, паставiўшы Каранара ўсiм напаказ, вярнуўся i сказаў баранлiнцам: 'Ды кiньце не па-джыгiцку гаварыць. Хаваць такога чалавека будзем на Ана-Бейiце...' - нiхто не запярэчыў, усе моўчкi згадзiлiся...

Вечар i ноч таго дня ўсе былi разам, па-суседску, на двары перад домам нябожчыка, бо i надвор'е спрыяла. Пасля дзённай спёкi рэзка пабралася на прахалоду. Вялiкая, сутонлiвая, бязветраная цiшыня апанавала свет. I ўжо нацямкi скончылi свежаваць тушу заколатага на заўтрашнiя памiнкi барана. А пакуль чай пiлi ля дымных самавараў ды размовы розныя вялi пра тое-сёе. Амаль усе прыгатаваннi да пахавання былi зроблены, i цяпер заставалася адно: чакаць ранiцы, каб рушыць на Ана-Бейiт. Паволi i цiхамiрна доўжылася тая вечаровая часiна, як i мае быць пры сконе старога чалавека - чаго ўжо залiшне тужыць...

А на раз'ездзе Баранлы-Буранным, як заўсёды, прыходзiлi i адыходзiлi цягнiкi - сыходзiлiся з усходу i захаду i разыходзiлiся на ўсход i захад...

Так яно было ў той вечар напярэдаднi выезда на Ана-Бейiт, i ўсё б нiшто сабе, каб не адзiн непрыемны выпадак. На той час спадарожным таварняком прыбыла на пахаванне i Анзада са сваiм мужам. I варта было ёй, толькi паявiўшыся, уголас зарыдаць, як жанчыны акружылi яе i таксама заплакалi. Асаблiва Укубала перажывала, нароўнi з Анзадой. Шкадавала яна яе. Дужа яны плакалi i галасiлi. Едыгей спрабаваў быў супакоiць Анзаду: што ж, маўляў, цяпер рабiць, за нябожчыкам следам не пойдзеш, трэба змiрыцца з лёсам. Але Анзада не сунiмалася.

Так яно бывае часта - бацькава смерць дала ёй волю выплакацца, расхiнуць душу i знайсцi палёгку ў горасным слове. Плачучы ўголас, звярталася яна да нябожчыка-бацькi, па-жаночы жалiлася на сваю няўдалую жытку, што, маўляў, няма каму яе нi зразумець, нi прыгарнуць, што не пашчасцiла ёй з маладых год, муж п'янтос, дзецi з ранiцы да вечара носяцца без нагляду i строгасцi i таму во сталi бэйбусамi, а заўтра, глядзi, i бандзюгамi стануць, цягнiкi пачнуць рабаваць, старэйшы вунь i выпiваць пачаў, i мiлiцыя прыходзiла ўжо, папярэдзiлi яе - хутка справа дойдзе да пракуратуры. А што яна можа зрабiць адна, а iх-то пяцёра! А бацьку ўсё адно...

А таму i праўда было ўсё адно, мужык яе сядзеў пануры i абыякавы, са спустошаным тварам i моўчкi палiў сабе смуродныя цыгарэты... Але тут недарэчы ўмяшаўся брат - Сабiтжан. З таго i пачалося. Сабiтжан пачаў ушчуваць сястру: ды што ж гэта такое, бацьку хаваць i сябе бэсцiць?

Анзада нiбыта гэтага толькi i чакала. I ўзняла яна голас з новай сiлай i ярасцю. Ах ты такi разумны ды вучоны знайшоўся! Ты, маўляў, спачатку сваю жонку навучы. Чаму яна не прыехала i не паказала нам, як плакаць? А ёй не грэх быў бы паплакаць над бацькам, якога яна, зараза, ды i ты, падкаблучнiк подлы, абабралi, абрабавалi да нiтачкi. Мой муж, якi ён нi алкаголiк, але ён тут, а дзе твая жоначка, кемная- прыемная?

Сабiтжан тады пачаў крычаць яе мужу, каб той прымусiў змоўкнуць Анзаду, а той раптам раз'ятрыўся i кiнуўся душыць Сабiтжана...

Ледзь супакоiлi баранлiнцы раз'ятраных сваякоў. Непрыемна i сорамна было ўсiм. Едыгей дужа расхваляваўся. Ведаў ён iм цану, але такой праявы не чакаў. I сам зласлiва папярэдзiў iх: калi вы не паважаеце адно аднаго, дык не ганьбiце хаця б бацькавай памяцi, а iнакш не дазволю вам нiкому тут заставацца, не пагляджу нi на што, вiнавацьце самi сябе...

Вось якая прыкрая гiсторыя здзеiлася напярэдаднi пахавання. Дужа азмрочыўся Едыгей. I зноў напружана сышлiся бровы на пахмурым чале, i зноў жальба iрвала сэрца: адкуль яны, дзецi iх, i чаму яны

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×