Сярод тых кнiжак была i 'Усякая ўсячына' Кастуся Акулы. Так адбылося маё першае знаёмства зь беларускiм пiсьменьнiкам зь берагоў Антарыё.

Потым раз-пораз трапляла да рук выдаваная спадаром Кастусём у Таронта газэта 'Зважай'. З кожнага нумару можна было даведацца што-небудзь такое, да чаго тагачаснай нашай 'галоснасьцi' было яшчэ ой як далёка. Напрыклад - пра лёс дысiдэнта Мiхала Кукабакi, цi не адзiнага жыхара БССР, якi адкрыта пратэставаў супроць агрэсii 1968 году ў Чэхаславаччыну. Або - пра колькасьць вайсковых базаў з ядзернай зброяй, якiмi Беларусь была (дый застаецца) нашпiгаваная да такой ступенi, што ад адной згадкi пра гэта паўзе за каўнер халадок страху. Або - пра традыцыйную сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкi...

Буду шчыры: каб у тыя задушлiвыя гады, калi мы жылi пад пiльным вокам КДБ, калi пасланыя мною для хворага сэрца Ларысы Генiюш лекi iшлi па пошце з майго Полацку ў яе Зэльву два з паловаю месяцы, каб у тыя гады мне сказалi, што я буду рыхтаваць да друку творы заакiянскiх лiтаратараў-беларусаў у менскiм выдавецтве 'Мастацкая лiтаратура', я ўспрыняў бы гэта як ня зусiм удалы жарт.

Але час раптам узбунтаваўся i з соннай азярыны ператварыўся ў хуткую рачную плынь, зрабiўшы немагчымае зусiм рэальным.

Завочнае знаёмства з Кастусём Акулам атрымала свой працяг улетку 1992-га, калi ён амаль праз паўстагодзьдзя вымушанага расстаньня з Бацькаўшчынай зноў ступiў на родную зямлю. Лёсу было заўгодна, каб мы пазналiся блiжэй не на шумных палiтычных мiтынгах цi зьездах, а на цiхiх вулiцах майго роднага Полацку, куды заакiянскага госьця запрасiлi сябры гарадзкога гiстарычнага клюбу 'Вытокi'.

Нас, палачанаў, не магла не падкупiць неўдаваная зацiкаўленасьць спадара Кастуся станам архiтэктурных помнiкаў, якiм лёсiла ўратавацца ад шалу сучасных герастратаў. Не магла не крануць шчырасьць малiтвы ў Спаса-Еўфрасiньнеўскай царкве, на рэстаўрацыю якой таронцкi госьць зрабiў ахвяраваньне. Навет яго раптоўная рэзкасьць таксама падабалася, балазе падставы для яе былi - i няздатнасьць зьвязаць двух слоў падзякi на роднай мове ў тутэйшага беларуса, якому прывезьлi ад замежных сваякоў падарунак, i нетактоўнасьць людзей, што не давалi застацца ў храме сам-насам з мошчамi сьвятой Еўфрасiньнi...

Там, на старажытным гарадзiшчы часоў Рагнеды, на замчышчы, 'дзе Сафiя плыве над Дзьвiною, нiбы карабель', каля магiлы Янкi Журбы на Ксавэраўскiх могiлках, у Спасаўскiм манастыры, пад час сустрэчы з полацкiмi лiтаратарамi, я пакрысе ўведаў асноўныя вехi жыцьцёвай дарогi заакiянскага паломнiка.

Выявiлася, што Кастусь Акула - колiшнi Аляксандар Качан, якi прыйшоў на сьвет 16 лiстапада 1925 года ў заходнебеларускай вёсцы Верацеi, што паблiзу ад чыгуначнай станцыi Каралеўшчына (цяпер гэта Докшыцкi раён Вiцебскай вобласьцi). Бацькi - Iгнат i Паўлiна - мелi, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей ды дванаццаць гектараў ворнай зямлi. Мацi сканала ад хваробы i была пахаваная ў Вiльнi на пачатку верасьня 1939-га (спадар Кастусь марыць знайсьцi яе магiлу i паставiць там помнiк). Бацька iмкнуўся даць сынам i дочкам асьвету.

Кастусь - будзем карыстацца цяперашнiм iмем - вучыўся сьпярша ў пачатковай польскай школцы, пасьля - у савецкай. У часе нямецкае акупацыi скончыў у Глыбокiм шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы i пасьпеў паспытаць хлеба вясковага настаўнiка. Увосень 1943-га здаў iспыты ў апошнi, восьмы кляс Вiленскай беларускай гiмназii. Пазьней, у газэце 'Зважай', ён будзе прыгадваць той час: 'Ззамоладу прываблiваў мяне Полацак... Раньняй восеньню 1943 году мы, тры студэнты зь Вiльнi, пастанавiлi наведаць старадаўнюю сталiцу Беларусi над Дзьвiной. Таварным цягнiком трэба было ехаць 'на зайца', бо нямецкiя акупанты дазвалялi на чыгунку адно сваймi 'райзэшайнамi', а ў Вiльнi здабывалi iх хiба толькi польскiя спекулянты за адпаведных разьмераў 'лапуўкi'. Удалося за два днi празь Дзьвiнск даехаць да Дзiсны, а там загарадзiлi нам далейшую дарогу нейкай ваеннай сьцяной... Плакаць хацелася'.

Хлапцу не пашчасьцiла не толькi трапiць у Полацак, але i скончыць гiмназiю: пад час адной з паездак дадому трапiў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынiлася трыма месяцамi нямецкай вязьнiцы й месяцам канцлягеру, што быў паблiзу Камароўкi.

Чэрвень 1944-га - паступленьне добраахвотнiкам у Менскую школу камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, а праз колькi тыдняў - эвакуацыя навучальнай установы, якая так i не пасьпела афiцыйна адкрыцца. Чыгуначныя эшалёны, бамбёжкi, першыя маршы па дарогах Эўропы. Напрыканцы жнiўня таго ж году школа арганiзавана перайшла да францускiх партызанаў - макiсаў. Кастусь уступiў у 8-ю брытанскую армiю ў Iталii, браў удзел у баёх зь гiтлераўцамi на Апенiнскай паўвыспе, памяткаю аб чым засталiся ўзнагароды - ангельскi 'Медаль за вайну' i 'Зорка Iталii'.

Вяртаньне на радзiму абяцала поўны набор сацыялiстычных радасьцяў ГУЛАГу. (Там загiнуў бацька пiсьменьнiка.) Памiж Беларусьсю, але паняволенай, i чужынаю, але свабоднай, Кастусь Акула выбраў другое.

Жыцьцё ў вольным сьвеце пачалося з польскай вайсковай школы ў Ангельшчыне. Потым - пераезд у Канаду, праца на фарме. Таронта, дзе спадар Кастусь пасялiўся з мэтаю заснаваць беларускую нацыянальную арганiзацыю. У 1948 годзе такая арганiзацыя - Згуртаваньне беларусаў Канады - была створаная, i Акулу абралi яе першым старшынём. Наперадзе чакалi грамадзкiя клопаты, палiтычныя акцыi, што мелi немалы розгалас у прэсе.

Зарабляў на жыцьцё ў прамысловых кампанiях. Ажанiўся з беларускаю Надзяй Вернай, што нарадзiла яму чацьвярых дзяцей...

I, вядома, творчая праца ў журналiстыцы i на лiтаратурным палетку, якая, па словах спадара Кастуся, давала добрую духоўную падтрымку ў нялёгкiм эмiгранцкiм быце. З 1948 да 1954 года ён рэдагаваў штомесячную газэту 'Беларускi эмiгрант'. Быў сябрам рэдкалегii расейскамоўнага таронтскага часопiса 'Современник', супрацоўнiчаў з парыжскiм 'Континентом'. У 1962-м пабачыла сьвет першая кнiга.

Шмат якiя факты свайго жыцьцяпiсу Кастусь Акула дапаўняе i ўдакладняе калярытнымi й дасьцiпнымi аўтабiяграфiчнымi абразкамi пад агульнаю назвай 'Россыпы', зьмешчанымi ў згаданай ужо кнiзе 'Усякая ўсячына' (Таронта, 1984).

Вось першыя ўражаньнi ад польскай 'паўшэхнай' школы, дзе настаўнiца спачатку на чужой, незразумелай мове дапытвалася пра 'назьвiско', а потым 'дала аловак ды пасадзiла на пярэдняй лаўцы... й загадала рысаваць сабачую будку'.

Вось абразок 'Нацыянальнасьць': 'Першы раз давялося пачуць, што мы Беларусы й што мова наша беларуская пад час пярэпiсi насельнiцтва ў 1931 годзе. Два паважныя паны заселi за стол у нашай хаце, сабраўшы ўсю Качанову сям'ю, ды кажнага па чарзе пыталi iмя. I памятаю, што сарамнавата было перад такiмi важнымi ўраднiкамi замурзаны твар паказваць, але на iхнае пытаньне бойка адказаў: 'Аляксандар'. Ды найбольш зьдзiвiла, што бацька на пытаньне: 'Нацыянальнасьць?' адказаў: 'Беларус'. Было мне тады шэсьць гадоў'.

А вось 'Паланiзацыя праз Марусю' - пра старэйшую сястру, што прыехала на вакацыi з польскае вучэльнi ў Новай Вiлейцы ды ўзялася з усiм дзявочым iмпэтам 'паланiзоўваць' сям'ю, аж пакуль бацька Iгнась, паволi налiўшыся чырваньню ды падкруцiўшы вусы, не зьняў з крука папругi...

Знаёмства ў 1939-м з савецкай уладаю таксама пакiнула ў душы вечную засечку: 'Першай зiмой, як вызвалiла нас ад усялякага дабра бальшавiцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду з дзецьмi й гаспадаркай... Бацька будзiў мяне зiмою дзесьцi а гадзiне чацвёртай ранiцай i пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кiлямэтры мястэчка...

У адзiн марозны й ветраны дзень я быў на самым перадзе чаргi. Калi мяне прыперлi да клямкi, нешта кальнула ў грудзi. Я самлеў. Калi ачуняў, не мог адразу сьцямiць, дзе знаходжуся. Чаму я ляжаў на сьнезе, чаму так балела ў левай грудзiне? Вецер немiласэрна сьцёбаў дзьве 'чырвоныя анучы' - сьцягi над дзьвярамi крамы, а вышэй iх, на вялiкiм i доўгiм чырвоным палатне, белыя лiтары крычалi: 'Спасибо товарищу Сталину за счастливое детство!'

Я спрабаваў устаць, разглядаўся. Людзi, няйнакш, звярамi парабiлiся. Пакiнулi мяне, скалечанага, самлелага на сьнезе... Лекара не было. Прырода ўзяла верх. Гады чатыры пасьля пачуў я ад медычнага афiцэру Восьмай армii ў Iталii: 'А дзе й калi ты рэбры паламаў?'

У 'Россыпах' пiсьменьнiк зьмясьцiў i свае юначыя вершы, друкаваныя ў беларускiх газэтах у 1943-1944 гадах, калi ў Аляксандра Качана зьявiўся першы лiтаратурны псеўданiм - Мiхась Козыр. Тады-ж ён упершыню даведаўся, што такое цэнзура. Калi ў 'Беларускiм голасе', якi лацiнкаю выдаваў Францiшак Аляхновiч, быў апублiкаваны верш Козыра 'Прывiтаньне Вiльнi', ён прынёс семнаццацiгадоваму аўтару не ўсьцеху, а горыч: нямецкi або летувiскi цэнзар зьняў цэлую страфу:

Прывiтаньне табе, Вiльня!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×