запабегчы нашым цяжкасцям, заакцэнтаваць гэтую думку, дадаючы, што вера ў iснаванне Вечнага Жыда не азначае веры ў якiя-небудзь цуды.

Я хацеў бы прынцыпова запэўнiць Вас, што мы ў ГДР наогул не верым у цуды, гэтаксама як i ў духаў, зданяў, анёлаў альбо чарцей. Прызнаць незвычайную доўгажыццёвасць гера Агасфера за факт, азначала б паверыць не толькi ў гэты цуд, але i ў Iсуса, якi нiбыта наканаваў яўрэю заставацца ў жыццi i вандраваць, не маючы спачыну, пакуль ён, Сын Бога, не вернецца i не ўчынiць суд. Як навуковец, вельмi паважаны гер калега, Вы не можаце не згадзiцца з намi, што падобная тэза беспадстаўная.

Што да Вашага доказнага матэрыялу, якi Вы, за што мы Вам шчыра ўдзячныя, прадставiлi нам. Тры фота, гэта Вы прызнаяце, даказваюць сама большае тое, што ў Вас ёсць альбо быў чалавек, знешнасць якога аналагiчная знешнасцi асобы, якая дазволiла зафiксаваць сябе на фоне шавецкай майстэрнi.

Медыцынскiя заключэннi, якiя я дадаткова прад'явiў калектыву ўрачоў Charite, мясцовай унiверсiтэцкай клiнiкi, гэта што заўгодна толькi не доказ вялiкага ўзросту Вашага Агасфера; Вашыя ўласныя, iзраiльскiя ўрачы даюць яму, як Вы кажаце, не больш за сорак гадоў. Толькi аналiз крывi, лiчаць у Charite, гаворыць на карысць Вашага сцверджання, калi не, на што звярнуў маю ўвагу гематолаг прафесар Леапольд Зёнляйн, на карысць толькi магчымасцi, бадай, нават верагоднасцi таго, што расцэненыя Вамi як важнае сведчанне сляды элементаў у крывi абследаванага маглi быць занесеныя ў арганiзм з нейкiмi раслiннымi рэчывамi i шлюзаваныя праз страўнiкава-кiшэчны тракт у кроў.

Я пiшу Вам пра ўсё гэта не з якогась недаверу да Вашага сябра Агасфера альбо ўвогуле да Вас, дарагi гер калега; маiм супрацоўнiкам i мне больш важная навуковая доказная сiла Вашых дадзеных, якая ў выпадку з трыма фотаздымкамi i ўрачэбнымi заключэннямi роўная нулю. Вы апынулiся ў становiшчы, аналагiчным таму, у якiм сваiм часам апынуўся папа Пiй ХII, якi ў сваёй энцыклiцы 'Доказы боскасцi ў святле найноўшай прыродазнаўчай навукi' з факту так званага зруху чырвонага колеру ў спектры пазагалактычнай зорнай сiстэмы зрабiў выснову аб пра-выбуху, а з гэтага - пра акт тварэння, а пасля i пра самога творцу. Пры гэтым зрух чырвонага колеру не абавязкова павiнен азначаць бег зорнай сiстэмы ад цэнтра, гэты ўцечны рух, як лiчыць прафесар Фройндлiх, можа грунтавацца i на страце энергii. Справа тут, такiм чынам, якраз як i ў выпадку са слядамi элементаў у крывi гера Агасфера, у неасветленасцi навуковай праблемы, якая, калi б яна ў вынiку аказалася важнай, несумненна будзе вырашана чалавекам. Але дыялектычны матэрыялiзм адхiляе любыя спробы грунтаваць фiласофскiя высновы на пакуль што цалкам навукова-спрэчных гiпотэзах.

Зусiм iншае, калi гаварыць пра Ваша паведамленне з архiва Высокай Порты, якое я прыняў да ведама з вялiкай удзячнасцю. Шкада толькi, што нельга атрымаць фотакопii рукапiсу, бо, як нам вядома, гэты архiў, падобна ватыканскаму, дазваляе рабiць фотакопii толькi ў выключных выпадках. Быў, значыцца, нехта Агасфер, якi быў дарадцам iмператара Юлiяна Апастаты; у князёў заўсёды было пра што параiцца з разумнымi яўрэямi, як i яўрэяў заўсёды цягнула да князёў. Але цi павiнен Агасфер, якi ў 364 годзе быў чвартаваны, абавязкова быць iдэнтычны нашаму шаўцу-гандляру з Дарогi Смутку - Вiа Далароза?

Ставiць пытаннi - азначае адмаўляць iх. У гiсторыi, як Вы гэта ведаеце лепей за мяне, было больш, чым адзiн Агасфер; нагадаю толькi пра цара з такiм iмем у Кнiзе Эстэр, якi, згодна з Бiблiяй, таксама ўжо меў цяжкасцi з яўрэямi. Гер прафесар Вальтэр Бэльц з унiверсiтэта ў Гале пацвердзiў мне, што iмя Агасфер ёсць няўдалае арамейскае выпраўленне персiдскага 'Артаксэркс', якое, iмя гэтае, вы маглi б перакласцi як 'богам узвышаны', альбо 'богам любiмы', карацей, па-нямецку 'Готлiб'. Не будзеце ж Вы сцвярджаць, што Ваш Агасфер ёсць рэiнкарнацыя персiдскага цара?

Я мушу, паважаны гер калега, падкарэктаваць Вашую заўвагу адносна суперiнтэндэнта Паўля фон Айцэна, якога Вы пазначаеце як 'сведку iснавання Агасфера'. Я далёкi ад таго, каб абараняць такога зацятага лютэранiна, як Айцэн, але я павiнен сказаць на яго карысць, што ў нiводным з яго пiсанняў, нi ў шматлiкiх лацiнскiх, нi ў 'Хрысцiянскiм настаўленнi', у якiм ён разважае пра прадвызначанасць i пра эўхарыстыю, нi ў ягоным зборы казаняў ('Postille'), няма хоць якога нават намёку на сустрэчу аўтара з Вечным Жыдам; у 'Гiсторыi царквы ў Шлезвiг-Гольштэйне' Фэдэрсэна, у якой шырока i падрабязна гаворыцца пра Айцэна, таксама нiчога пра тое не паведамляецца. Цi не думаеце Вы, дарагi гер прафесар Лёйхтэнтрагер, што такi пiсучы чалавек, як Айцэн, якi да таго ж яшчэ амаль штонядзелi прапаведаваў асабiста, не ўпамянуў бы такой ўсё-такi напэўна ж даволi хвалюючай сустрэчы i не выкарыстаў бы яе дзеля цiкавага маральна-карыснага ўжытку, калi б такая сустрэча сапраўды мела месца?

Цi не мог бы я напрыканцы свайго вельмi доўгага пiсьма яшчэ дадаць, што Вы забылiся адказаць мне на пытанне нашага прэс-рэферэнта д-ра В. Якша, менавiта, як так сталася, што звычайна такiя ахвочыя да сенсацый заходнiя медыi дагэтуль не занатавалi сабе нiчога пра верагодна сама мала двухтысячагадовага чалавака? Я хацеў бы дэталiзаваць гэта пытанне пасля атрымання фотаздымкаў гера Агасфера на фоне ягонай майстэрнi: Як сталася, што гер Агасфер сам яшчэ нiяк не скарыстаўся з таго факту, што ягоная крама яшчэ i сёння працвiтае на тым самым месцы пры дарозе на Галгофу, дзе ён калiсьцi прагнаў асуджанага Iсуса ад сваiх дзвярэй? Амаль дзве тысячы гадоў той самы гаспадар той самай лаўкi на тым самым месцы - якое яшчэ ў капiталiстычнай краiне прадпрыемства магло б пахвалiцца хоць нечым падобным! З чым я, па- сяброўску вiтаючы Вас, застаюся

Ваш пакорны

(праф. д-р Dr. h. c.)

Зiгфрыд Байфус

Iнстытут навук. атэiзму

Берлiн, сталiца ГДР

РАЗЬДЗЕЛ СЁМЫ

У якiм асьвятляецца, як нехта, навучаны адрозьнiваць правiльную веру ад iлжэвучэньняў, увогуле можа гаварыць i пра такiя рэчы, пра якiя ён ня мае анiякага ўяўленьня

Юны Айцэн сядзiць перад стосам старых кнiг за сталом i ўздыхае, аж сэрца кроiць, бо перад вачыма ў яго плыве, i мудрагошчы сьвятых айцоў царквы й iншых аўтарытэтаў абляпiлi яго з усiх бакоў, як заедзь на балоце, i ня можа ён нi агрэбцiся нi атрэсьцiся.

Было вельмi мiла з боку дактароў i прафэсароў унiвэрсытэта, што яны хочуць праэкзаменаваць яго без чаргi й загадзя, з увагi на блiзкi скон яго бацькi, але цяпер ён будзе змушаны паказаць, што навучыўся адрозьнiваць правiльную веру ад iлжэвучэньняў, якiя чорт падсоўвае людзям, i знаходзiць адзiна правiльную дарогу й цытаваць адзiна правiльныя словы, бо ўсё астатняе ад лядашчага нячысьцiка й вядзе напрасткi ў ерась. Ах, калi б ён, думае з раскаяньнем, у свой час болей шчыраваў i з большай палкасьцю ўлягаў у вучоныя дыскусii, але цяпер ён думае больш пра Маргрыт, чым пра consubstаntаtio i transsubstantatio i часта дазваляе сабе са сваiм сябрам Лёйхтэнтрагерам прапусьцiць яшчэ па адной шкляначцы вiна й яшчэ па адным куфэльку пiва, каб навучыцца тонкаму адрозьнiваньню, якое ўдавалася рабiць сьвятому Атанасiусу памiж Айцом, Сынам i Сьвятым Духам, паводле каго, Атанасiуса - вядома, першы ня быў нi зроблены, нi створаны, нi народжаны, а другi нi зроблены, нi створаны, бо сам нарадзiўся, i нарэшце трэйцi нi зроблены, нi створаны, нi народжаны, а быў, так бы мовiць, зышлы; але каторы ад каторага й чаму?

I пакуль ён так наракае, поўны неспакою i лiхой згрызоты сэрца, бачыць, начная цемра пачынае мiльгацець, i адчувае, - у пакоi нехта праступае зь ценю.

- Нiчога табе ўжо не дапаможа, - кажа Лёйхтэнтрагер, бо гэта ён, якi раптам набывае абрысы й стаiць перад iм, - i ўся твая чытанiна й вучанiна й зубранiна проста нонсэнс, альбо ты ўведаеш, калi прыйдзе на тое час i яны спытаюцца ў цябе, альбо ты не даведаешся, i будзе самае лепшае на поўны язык заявiць, што ўся тэалогiя гэта толькi пустая слоўная малатарня, i што заўсёды на ўсё знойдзецца нейкае выслоўе.

Юны Айцэн лепш за ўсё пракляў бы яго, але гэтага ён ня робiць, бо няма тут нiкога iншага на добрае настаўленьне.

- У маiм мазгу неразьбярыха, - скардзiцца ён, - быццам там тысяча чарвякоў, i ўсе зьвiваюцца, пераплятаюцца; чорт прыбраў мае мазгi й усё ў iх перакруцiў.

- Чорту, - кажа Лёйхтэнтрагер, - ёсьць чым заняцца й без тваiх мазгоў. Але ўсё ж я табе пасоблю.

- Пасобiш, - сказаў Айцэн, - як пасобiў з Маргрыт, калi ў цябе на вачах пырх! - i паляцела з тым жыдам.

- Ты не хацеў, каб я пасабляў, - кажа Лёйхтэнтрагер, - iнакш усё абярнулася б зусiм iнакш; але жыд, скажу табе, - што трэба.

- Мне хацелася б ведаць, - кажа Айцэн, - як ты зьбiраешся дапамагчы мне, калi я стаяцьму перад доктарам Марцiнусам i магiстрам Мэланхтонам?

- Я буду там, - кажа Лёйхтэнтрагер.

- Вялiкая мне радасьць, - кажа Айцэн. - I будзеш адказваць замест мяне?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×