прасякае таго страх, калi ён бачыць, што адно вырастае з другога, крывавы мяцеж з дабрапамыснай рэформы, i паўсюль суцэльны разгардзяш; у адказ на што ён сьпешна адштурхоўвае ад сябе тых, што падтрымлiвалi яго й хацелi таго самага, што й ён, i не баiцца зрабiць наступны крок i ў iмя Бога аднаўляе старыя дамбы й дае шанцы былым гаспадарам.

Жыд трасе галавой. Што было, тое было, кажа ён, i нiхто, нават сам Лютэр, ня можа зрабiць таго, што было раней. I з кожнага абвалу й перавароту вырастае новае, лепшае, пакуль нарэшце вялiкая думка ня робiцца рэальнасьцю i ня зробiць ягоную, жыдаву, працу, i ён зможа знайсьцi спакой, спакой, спакой.

Вiно. Галава ў юнага Айцэна ападае на складзеныя рукi.

- Заснуў, - кажа жыд.

- Ён нiчога не разумее, - кажа Лёйхтэнтрагер. - Яму што.

Маргрыт сьцягвае жыду боты, цалуе скалечаныя пыткай ногi.

- Як вы цяпер завяцеся? - хоча ведаць Лёйхтэнтрагер.

- Ахаў, - кажа жыд.

Маргрыт зьнiзу глядзiць на жыда.

- Калi вы Ахаў, хачу быць вашай Езавэляй.

- Ахаў, кажа юны Айцэн не падымаючы галавы як бы з цяжкага сну, - Ахаў быў забiты, i сабакi лiзалi ягоную кроў.

А тады робiцца яму, быццам бачыць ён вогненную хмару й чуе грымоты й пякельны пошчак i рогат, а пасьля голас, якi нагаворвае нешта неразборлiвае, габрэйшчына, думае ён, выслоўе на кавалку пэргаманта. I ён ужо поўны жаху i роспачы, i зьяўляецца яму добры доктар Марцiнус i бярэ яго за руку й кажа яму: 'Узьвядзi ты царства божае, Паўль, сыне мой, i парадак, якога я хацеў'.

Ранiцай, прачнуўшыся тварам сярод чарэп'я шкла на стале й паўвысахлых расьцёкаў вiна, бачыць, што жыд ужо зьнiк разам з Маргрыт, толькi Лёйхтэнтрагер стаiць на сваiх кульгах i кажа:

- Прыйшло тут табе пiсямко, Паўль, табе трэба як мага баржджэй выбiрацца ў Гамбург, там твайму бацьку занядобрылася, i ён патрабуе цябе. Я ўжо перагаварыў з панамi дактарамi з унiвэрсытэта; яны гатовыя праэкзаменаваць цябе з гэтай нагоды, выпрабаваць, каб ты мог прапаведаваць правiльнае слова божае там, на поўначы. А як што туды вядуць i мяне мае гешэфты, дык мы з божай ласкi маглi б i выправiцца разам.

Юны Айцэн, усё яшчэ пад чарамi начных сноў, заскочаны навiнамi й будучы перад фактам, што вось ужо ўсё зноў наладзiлася, яму не застаецца нiчога, як з падзякай згадзiцца. Я нiколi не адцураюся ад гэтага чалавека, думае ён сам сабе, але цi хачу я гэтага?

РАЗЬДЗЕЛ ПЯТЫ

У якiм Агасфэр ставiць пад сумненьне погляды рэбэ Ёшуа й тлумачыць таму, што не лагодныя й цярплiвыя ўзьвядуць сапраўднае Царства Божае, а тыя, што спод абяртаюць дагары

Яму ўжо рады не дасi.

Ён iдзе й заклiнае духаў, якiя ўсялiлiся ў хворых, i выганяе iх зь цела, так што тыя ўстаюць здаровенькiя, але ацалiць самога сябе ён ня можа й ня можа выгнаць духа, якi трымае яго на ягонай дарозе, як пагоншчыкава вяроўка трымае асла.

Мне шкада цябе, рэбэ Ёшуа. Маё сэрца горнецца да цябе, бо ты быў адзiн у пустынi, i я падышоў да цябе, а ты сказаў: Якi анёл ты ёсьць? А я сказаў: Я Агасфэр, адзiн з адкiнутых. А ты сказаў: Бацька мой нябесны прыме цябе да сябе.

Але Бог ня ёсьць Бог любовi; Ён ёсьць Усё, якое ня ведае пачуцьця, а злучае сьвятло са сьвятлом i сiлу зь сiлай, i ахiнаюць яны самi сябе ўзаемна. Пра што рэбэ Ёшуа нiчога ня ведае; затое ён верыць, што быў голас, якi, калi ён вынырнуў з ракi Ярдан на руках у Хрысьцiцеля Яна, сказаў людзям, кажучы: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Яго Я ўпадабаў.

Ах, як жа сядзеў ён у пустынi, вакол толькi голае церне й каменьне. Яго валасы ў пяску, навеянным ветрам, яго жывот распух ад голаду, вострыя каленi ледзь не пратыкалi скуру, i яго мужчынская стаць пад драным ашмоцьцем на паясьнiцы была падобная на сьсiнелага чарвяка. Але вочы гарэлi з-пад павекаў, як вочы таго, хто меў аблiчча, i ён павярнуўся да мяне й сказаў, кажучы: Быў адзiн тут са мною, ён узяў мяне за руку й павёў у Ерушалайм, Сьвяты горад, i паставiў мяне на самым высокiм крыле храма й сказаў: Калi ты Сын Божы, кiнься ўнiз, бо напiсана: 'Анёлам Сваiм накажа пра Цябе, i на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю'. I ўгледзеў я сябе, што лячу над горадам, раскiнуўшы рукi, як залаты птах, i там было шмат людзтва на вулiцах i вучоныя пiсцы й салдаты, i ўсе глядзелi ўгару на мяне й радавалiся i крычалi асанна!

Але ты ня кiнуўся ўнiз, рэбэ Ёшуа, кажу я. Чаму?

Тады ён пагладзiў сваю рэдзенькую бародку худымi, бруднымi пальцамi й пакiваў галавою i сказаў: Бо таксама напiсана: 'Не спакушай Госпада Бога твайго'.

А я прысеў каля яго на кукiшкi й абняў яго рукою сваёю i сказаў: Я ведаю таго, хто ўзяў цябе за руку й павёў у Сьвяты горад i паставiў на крыло храма, i калi б ты кiнуўся ўнiз, ляжаў бы ты разьбiты й патрушчаны на дварышчы сярод гандляроў. I вось ты жывеш, рэбэ Ёшуа, i ад цябе зыходзiць сьвятло й вялiкае спадзяваньне. Таму йдзi за мною, я пакажу табе твой сьвет.

I павёў я яго на высокую гару й паказаў яму ўсе царствы сьвету й як у кожным зь iх панавала беззаконьне, тут ва ўдоваў i сiрот адбiралi апошнi кавалак хлеба, там аддавалi людзей на парваньне iльвам i iншым зьвярам i сьмяялiся, гледзячы, а там зноў жа паэты мусiлi апяваць уладыкаў, тым часам як сяляне запрагалiся ў плугi, i паўсюль дужыя сядзелi на шыях у слабых i паганялi iх i мучылi iх. I вось сказаў я яму, кажучы: Калi ты Сын Божы, дык падзiвiся, як мудра ўсё ўладзiў Бацька твой, i вазьмi пад сваю руку, i перавярнi нiжнiх угору, бо прыйшоў час узьвесьцi сапраўднае царства Божае. Выйдзi й прамовi да народу й зьбяры яго вакол сябе й вядзi яго, як гэта колiсь зрабiў iншы Ёшуа, i скажы iм, што яны павiнны аперазацца дзеля таго дня, i тады загадай трубiць трубамi, i брамы царстваў сьвету адчыняцца перад табою, i муры абрынуцца ў пыл, а ты будзеш валадарыць над iмi ў бляску й праведнасьцi, i чалавек будзе свабодны, каб здабываць неба.

Але ён блукаў вачыма па-над далiнамi й вышынямi, над крутымi скаламi, на якiх ляжаў сьнег, i над халупамi й над палацамi, што пазнавалiся ў далечынi, i сказаў сваiм цiхiм голасам, кажучы: Маё царства ня ёсьць царства ад гэтага сьвету.

Але ж ты можаш пачаць з гэтага, сказаў я, можа, што атрымаецца.

Ён маўчаў.

О, рэбэ Ёшуа, падумаў я, я хачу змагацца з табою, як змагаўся анёл Госпада зь Якавам, i я сказаў, кажучы: Сказана ў прарокаў, што прыйдзе той, якi панiзiць князёў i судзьдзяў зямных сатрэ ў пыл, быццам i ня сеялi iх i не гадавалi й быццам ня было кораня ў iх камлёў.

Ён узяў мяне за руку, i я адчуў, якая яна ў яго халодная ў разрэджаным паветры над вяршынямi, i ён сказаў: Але прарок таксама кажа: 'Ён ня будзе ганiць, i ляманту яго не пачуюць на вулiцах; разьмятую салому ён не зламае й тлеючы кнот не задзьме.'

Рэбэ Ёшуа, адказаў я яму, але ж таксама напiсана: 'Ён прыйдзе магутна, i яго рука заваладарыць, i яго ёсьць адплата.'

Але ён пакiваў галавой i сказаў, кажучы: Але ж не, адкiдзень, што зноў пнешся ўгору, бо прарок кажа пра мэсiю: 'Глядзi, дачка Сiёна, вось, Цар твой iдзе да цябе, праведны й ратавальны, лагодны, седзячы на аслiцы й на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай.'

I вось ахапiў мяне вялiкi гнеў, i я адказаў: Такi не павiнен дапускаць малако ў збанку да скiсаньня. Не, ты ня той, хто там павiнен прыйсьцi i ўзвысiць усе далiны й ўсе горы й пагоркi панiзiць i выраўняць няроўнае; мы павiнны будзем чакаць некагась iншага. Але цябе яны возьмуць, i зьняславяць як iлжэцара, яны будуць цябе бiчаваць, i ўскладуць на галаву тваю церне й прыб'юць цябе да крыжа, i вiсецьмеш, пакуль твая кроў павольна й уся ня сплыве з твайго пяшчотнага цярплiвага сэрцайка; ня агнец ёсьць той, хто зьмяняе сьвет, агнца рэжуць.

Агнец, кажа ён, вазьмi вiну на сябе.

I вось я пакiнуў яго стаяць на холадзе й пайшоў сваёй дарогай. Але ён пасьпяшаўся за мною ўнiз па схiле гары, спатыкаючыся, няроўнай хадою, i ўсклiкнуў: Не пакiдай мяне, бо ў мяне больш нiкога няма, i я ведаю, нiводная рука не падымецца за мяне, а ўсе адступяцца ад мяне.

Я стрымаўся ў сабе. А ён, дрыжучы, падышоў з буйнымi кроплямi поту на лобе, i я ўжо каяўся, што адштурхнуў яго ад сябе, i сказаў: Няма нiякай роўнасьцi памiж табою i мною, бо я дух, а ты Сын чалавечы. Але я хачу быць з табою, калi яны ўсе пакiнуць цябе, i я хачу суцешыць цябе, перш чым прыйдзе твая

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×