што яны богавыбраны народ, хоць вось ужо тысяча пяцьсот гадоў, як iх выгналi, расьсеялi й дашчэнту зьвялi, а самая сардэчная iх надзея i прага - што яны калi-небудзь змогуць абыходзiцца з намi, хрысьцiянамi, як у часы Эстэры ў Персii з паганамi. I сёньня мы яшчэ ня ведаем, якi чорт занёс iх у нашу краiну, зь Ерусалiма iх мы сюды не звалакалi.

Гэта таксама прасьвятляе юнага Айцэна, бо яшчэ ў Аўгсбургу ён даведаўся ад сваёй цёткi, якiя паскудзтвы чыняць жыды ў краiне, як яны ўсiх абiраюць, багатых i бедных, не даючы iм за гэта нiчога.

- Навярнуць! - усклiкае наш добры доктар Марцiнус, - навярнуць жыдоў! Хачу даць вам свае добрае рады: па-першае, агнём выпалiць усе iхнiя сынагогi й хэдэры, адабраць у iх усе iхнiя торы-шморы й малiтоўнiкi, а талмудыстам i iхнiм рабiнам збаранiць вучыць, а па-другое, даць усiм маладым дужым жыдам у рукi цэп, сякеру й рыдлёўку i хай працуюць у поце свах глюгастых твараў; калi ж не захочуць, дык турнуць к чортавай матары разам зь iх Вечным Жыдам, яны ўсе зграшылi на нашым Госпадзе Хрысьце й праклятыя гэтаксама, як i той Агасфэр.

Юнаму Айцэну закруцiлася ў галаве, бо ў гэтым так мала ад слоў вялiкага Лэтэра пра хрысьцiянскi дух, запавяданы ў Пiсаньнi: 'Любеце ворагаў вашых i дабраслаўляйце кляцьбiтоў вашых'. I паколькi ня так Гасподзь Iсус, як наш гер доктар Марцiнус мог бы дапамагчы яму ў ягоным узьлёце на якую-небудзь катэдру, адкуль ён мог бы прапаведаваць слова божае, дык ён думае, што сьлед пагадзiцца з правiльнасьцю таго, што добры доктар толькi што вяшчаў, i як што кухарка нарэшце ўносiць смажанiну й ставiць мiсу на стол i ўсё так цудоўна пахне, ён пра ўсё забываецца. I ў самога доктара Марцiнуса нябось ужо сьлiнкi набеглi i ў iх патанулi ўсе яго гарачыя словы, i ён цягнецца да мiсы, выбiрае сабе самы сакавiты кавалак з усiх, што яму ад шчырага сэрца ахвяруюцца. Пасьля, ужо з кавалкам у зубах, ён заўважае далiкатны ножык у Лёйхтэнтрагера, якi той якраз бярэ ў руку, i просiць паказаць яму зблiзку, каб лепей разгледзець, i пакуль фраў Катарына сарамлiва адводзiць вочы, ён разглядвае яго й знаходзiць, што тут сапраўды ўдалы твор мастацтва, але толькi, мабыць, чортавага аўтарства, бо такi ж яно так i бывае, што нi ў мастака, нi ў жарнасека, нi ў каго iншага з падабнага роду людзей нiколi не даведаешся, хто водзiць яго рукою, анёл цi, можа, сатана.

Тут бярэ слова гер Лукаш Кранах, якому раней у Вiтэнбэргу належала аптэка й якi цяпер таксама сядзiць сярод гасьцей, дый кажа, што сапраўдны майстар не даецца, каб ягонай рукою вадзiлi, нi анёлы, нi чэрцi, ён сам у сабе творца, якiм i стварыў яго з усiм майстэрствам Гасподзь Бог, як, зрэшты, i кожную зьвярынку, кожную былiнку й кветачку, i што ён мог бы з гэтым ножыкам у руцэ намаляваць вобраз нашага доктара Марцiнуса, яго вабiць разнамаснасьць чырвонай фарбы ў формах фiгуры, прычым усё гэта з каралаў, i выраз у вачах добрага доктара, крытычны й адначасова прыемны. А калi б мы ўзбагацiлiся яшчэ й на прыгожую выяву доктара Марцiнуса, не казаў бы доктар Марцiнус, што яму больш гадзiцца дазволiць намаляваць сябе з малiтоўнiкам у руцэ, чым з голай бабай, хай нават такой маленькай.

Гер Лукаш Кранах верыць, што Лютэр думае, быццам ён задужа перабраў сваiмi гадамi, каб уздатнiцца на такое, i таму ён, гер Лукаш, дазваляе сабе запярэчыць: менавiта ж бо ўзрост умее цанiць сапраўдную прыгажосьць; цi ж бо сам ён у сваiх гадах не намаляваў голую Еву, зыскаўшы за гэта шмат пахвалаў.

Але доктар Марцiнус азiраецца, i вока яго затрымлiваецца на юным Айцэне, яго тоўстае брыво падымаецца, ён працягвае ножык яму й пытаецца:

- Ну, а вы што на тое скажаце, малады чалавек?

Рука Айцэна, якi цяпер трымае нож, пацее, у ягонай галаве мiтусяцца ўсялякiя думкi што да той колiшняй шлюхi й сёньняшняй Маргрыт, пакуль ён нарэшце ня кажа:

- Усе мы разам грэшнiкi, а пажада - гэта прыроджанае нашае зло, якое запазычвае нас вечнай сьмерцi: але паколькi мы змагаемся супроць яго, дык гэта ўжо свайго роду цнота, але толькi божая мiлата можа ўратаваць нас i апраўдаць.

Тут у Лютэра адвiсае скiвiца, i ён вымушаны зрабiць доўгi глыток пiва перш чым сказаць:

- Мне здаецца, што вы ў поўнай меры дужа разважлiвы, Айцэн, быццам Гасподзь Бог зьмясьцiў у ваш юны чэрап мазгi старога чалавека.

Айцэн ня ведае, як яму прыняць гэтыя словы - як пахвалу цi як, i азiраецца на Лёйхтэнтрагера; але той толькi выскаляецца. Такiм вось выдаўся Айцэну вечар, i нават калi пад разумныя гаворкi спажываўся дэсэрт, а пiва фраў Катарыны моцна разьвесялiла яго, ня марная прахлая радасьць; толькi калi ўжо даходзiць да разьвiтаньня й Лютэр зычлiва паляпвае яго па плячы, ён з палёгкай уздыхае; гер студыёзус можа, кажа доктар Марцiнус, зьвяртацца й да яго за парадай, калi выдасца патрэба, на што магiстр Мэланхтон скроiў даволi кiслую мiну. I пакуль яны йдуць наўскос цераз вулiцу, Айцэн локцем штурхае Лейхтэнтрагера пад бок:

- Вось так мой сьвяты заступнiк анёл павярнуў усё да лепшага, - кажа ён, а ты, браце Ганс, здаецца мне, дзеля добрай мэты крыху закансьпiраваўся зь iм.

Але гэта яшчэ не канец, бо калi яны адчыняюць брамку i ўступаюць у дом, яны чуюць галасы; адзiн - голас Маргрыт, другога Айцэн не пазнае, мужчынскi голас, пасьля Маргрыт сьмяецца, як сьмяюцца жанчыны, калi iм засьвярбiць пад спаднiцай. У юнага Айцэна, надзьмутага й важнага ад посьпеху, валасы ўстаюць дыбарам, i ён сьпяшаецца ў пакой за Лёйхтэнтрагерам, якi, здаецца, ведае, хто той позьнi госьць.

А там ужо яму адкрываецца карцiна, якая будзе перасьледаваць яго да сiвых валос: на ўслоне сядзiць малады жыд, вальготна раскiнуўшы ногi, наскi ботаў у брудзе, адзiн паказвае на ўсход, другi на захад, а ў яго на ўлоньнi ў самай найпяшчотнейшай пазiцыi ўмасьцiлася Маргрыт, а той малады жыд вымацвае й выгладжвае ёй цыцкi, ужо давай i да таго iнтэрасу брацца. I не перастае, падняўшы вочы i ўгледзеўшы, што ён зь дзеўкай ужо ў пакоi не сам-насам, а кажа:

- Мiр з табою, Лёйхтэнтрагер, а як там у вас пасоўваецца з вашай працай, цi ўсё яшчэ валодаеце вы кесаравай манэтай i пэргамантам зь пiсьмёнамi?

Айцэн адразу ўспамiнае пра манэту й шматок з выцьвiлымi габрэйскiмi словамi, i ён немаведама чаму, бо той, хто гэтыя абедзьве рэчы перадаў асьлепленаму й пасьля памерламу бацьку свайго гаспадара, акулiсту з Кiцынгена, быў чалавек дапатопнага веку; а цяпер гэты жыд тут, усё яшчэ абхапiўшы рукою Маргрыт, у самым росквiце гадоў, каб яму чорт яе перасалiў.

Лёйхтэнтрагер пагладжвае бародку й кажа, вядома ж, усё ў найлепшым парадку, можаш сабе выюрвацца далей; пасьля ён накульгам iдзе да сьцяны, нацiскае на нейкае патайнае месца, i вось Айцэн са зьдзiўленьнем бачыць, як добры кавалак той сьцяны расхiнаецца й адкрывае вачам цэлую палiцу з пузатымi з крывавым пераблiскам пляшкамi. Мабыць, вiно, бо Маргрыт выслабаняецца з абдымкаў свайго жыдка й выстаўляе шклянкi, з высокiм майстэрствам выштукаваныя золатам. Лёйхтэнтрагер i жыд абодва сядаюць за стол, а юны Айцэн ня ведае, цi вымкнуцца яму вонкi, як пабiтаму сабаку, цi заставацца; нiхто не адзываецца да яго. Але потым цiкаўнасьць бярэ верх над боязьзю, i ён падсаджваецца, хоць яго й абражае, як Маргрыт вывiнчваецца каля таго жыдка й прагна наровiць падласьцiцца, быццам той у сваiм зашмальцаваным лапсярдаку быў грэцкi бог Аданiс.

Жыд, мармычучы па-габрэйску, дабраслаўляе вiно, налiтае Лёйхтэнтрагерам, i адпiвае глыток. П'е й Маргрыт, сьпешлiвымi глыткамi, чырвоная кропля зьбягае па падбародку й па белай шыi; юнаму Айцэну вусьцiшна робiцца, яму здаецца, быццам ён заглядвае ў будучыню. Яму наогул усё тут такое чужое й непрыемнае. Пакой ужо больш не пакой, i час больш ня час, i Маргрыт стаiць i падражнiвае, як Ева на карцiне майстра Кранаха й з такiм самым разумным позiркам. Жыд i Лёйхтэнтрагер гутараць пра нейкага шаўца з горада Ерушалайма, якi прагнаў рэбэ Ёшуа ад сваiх дзьвярэй, за што яго гэты й пракляў.

- Быў iлжэмэсiя, - кажа жыд.

- Хто гэта ведае? - кажа Лёйхтэнтрагер. - Нельга вылiчыць старога. Калi ўжо ён стварыў аж такi сьвет з такiмi людзьмi, чаму ж бо яму й ня прыдумаць сябе ў двух вiдах цi нават у трох?

Юны Айцэн разумее, што яны гавораць пра Бога й пра вялiкую мiстэрыю, i яго злуе, што робяць яны гэта без патрэбнай пачцiвай багавейнасьцi, i ўсё ж ён падазрае, што яны маглi б пра тое ведаць больш, чым ён i яго настаўнiк Мэланхтон, больш нават за вялiкага доктара Марцiнуса, пра якога яны сама цяпер распачынаюць спрэчку.

Цяжкае вiно дае яму ў галаву як мядовасьць. Яно затуманьвае мазгi й адначасова робiць яго празарлiўцам. Ён чуе, як жыд нахвальвае Лютэра: нiхто так, як ён, не ўспасобiў сьвет, не разбурыў парадак, заведзены на тысячагодзьдзi, нiхто так не ўзарваў будынак вучэньня й вал закона; цяпер патоп папёр, ён парывае ўсё з сабою, нясе да прорвы, i дарма дабро супрацiвiцца гэтаму працэсу.

Лёйхтэнтрагер падымае свой гарбок угору. I не таму, што ён асабiста чуў з жывых Лютэравых вуснаў, як

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×