дабраславiць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафii, а пазьней, можа, i да супэрiнтэндэнтуры. А Маргрыт толькi сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвiцы, i пытаецца, ужо цi не на запiткi да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькi да нявесты нябеснай.

Пасьля яны зьбiраюцца за вялiкiм сталом у Мэланхтона, дактары й студэнты й iншыя госьцi, каторыя i з жонкамi, у каго яны былi ў наяўнасьцi. Юны Айцэн бачыць, як згасаюць апошнiя промнi дня ў круглых шыбiнах вокан; ужо гараць сьвечкi й кiдаюць мiгатлiвае сьвятло на твары, так што хацелася б думаць, недзе заварушылiся зданi; але гэта толькi ад скразьняку з кухнi, дзе няма ладу як пахне. Пасярэдзiне ўздоўжнага краю стала, як наш Гасподзь Iсус за апошняю паскай, сядзiць доктар Марцiнус, узвалiўшы на кулакi магутную галаву, i скоса пазiрае на застольле; толькi калi ягонае вока, здаровае, якiм ён яшчэ бачыць, застывае на Лёйхтэнтрагеры, якi ўсьмешлiва сядзiць за нiжнiм краем, ён уздрыгвае й ссоўвае тоўстае брыво так, быццам стараецца нешта ўспомнiць, што нiяк яму не даецца.

Але калi ўносяць рыбу, вывараную i пад смакавiтай полiўкай, ён адкiдае нядобрыя думкi, захмараны лоб яго разьвiдняецца, i ён пачынае гаварыць пра божую творчасьць i яе цудоўнасьць, кажучы:

- Скiньце толькi вокам, як прыгожа iкрыцца рыбка, кожная дае тысячы; калi самчык б'е хвастом i сее малокi ў ваду, iх прымае паненка. Скiньце толькi вокам на птушак, як далiкатна прыгожа праходзiць у iх такi ж самы расплод; самчык дзюбае ў чубчык, яна акуратненька кладзе яечкi ў гнязьдзечка, садзiцца на iх, i вось ужо з-пад яе выглядваюць птушаняткi; зiрнiце на птушанятка, як яно сядзела ў тым яечку!

- I усё гэта на карысьць i выгоду людцам, - дадае наш магiстр Мэланхтон, як напiсана, чалавек павiнен валадарыць над рыбамi марскiмi, над птушкамi нябеснымi, над зьвярамi польнымi й над ўсiм, што па зямлi поўзае.

- I над самiм сабою, - кажа Лёйхтэнтрагер. - I павiнны чалавекi адзiн аднаму выпякаць вочы, i ўцiнаць рукi, i сячы, i калоць, i расьцягваць, i ламаць хрыбты, i калесаваць, i ўсякага роду гвалты чынiць. Аман.

Юны Айцэн бачыць, як доктар Марцiнус чырванее, бы рак печаны, як застрагае яму ў горле карп, i думае сабе: адно, калi такое гаворыцца пад чарку ў даверчай кампанii, i зусiм iншае, калi перад вучонымi мужамi, i ён цiха кажа Лёйхтэнтрагеру:

- Што ты вярзеш, Ганс; грэх прыйшоў у сьвет са зьмеем, але й мы магутныя, а з божай помачу й са словам аслоны нашых настаўнiкаў Марцiнуса Лютэра й Пiлiпа Мэланхтона мы раздушым галаву пачвары й яшчэ на адзiн крок наблiзiмся да царства божага.

Тым часам наш доктар выкашляў карпа са сваiх лёгкiх, нават з хрыбетнiкам, дый пытаецца:

- Хто вы будзеце, малады чалавек?

I пакуль фраў Катарына налiвае свайму ўсё яшчэ ўсхваляванаму мужу й пускае вялiзны кубак па крузе, бо зь Лютэравага дома павiнна й сюды сягаць пiўное права й справядлiвасьць, юны Айцэн паведамляе, заiкаючыся ад шчасьця, хто ён такi будзе, адкуль сам будзе, i якiя ў яго планы й замахi, а доктар Лютэр схiляецца да Мэланхтона й кажа таму:

- Зьмецьце яго сабе, магiстр Пiлiп, гэты пойдзе сваёй дарогай i далёка пойдзе. - А Лёйхтэнтрагеру праз увесь стол: - Вы проста як той злыдзень; але i яго трэба выслухваць, балазе, для асьцеражэньня.

Хто iншы, можа, зьбянтэжана перамоўчаў бы пасьля такiх слоў доктара Лютэра; ды не такi Лёйхтэнтрагер. Юнаму Айцэну здаецца, быццам яго кватэрны гаспадар момантам падрастае на цэлых дзьве галавы, а можа, i на тры, а горб ягоны раздаецца няма ладу як альбо, можа, гэта была гульня ценяў, i ён чуе пакеплiвы сьмех сябра й як той кажа:

- Цi ж ня выступiлi вы, гер доктар, перамагчы злога духа? Але скажыце самi, цi дасягнулi вы гэтага? Альбо ж цi ня сталася так, што вы спалохалiся й адступiлiся i замiрылiся з магутамi сьвету гэтага, убачыўшы неразьбярыху, якую самыя вы прынесьлi ў сьвет, i што чалавек, пракляты чалавек, цэлы час думае найперш пра сябе, а пра Бога пасьля альбо й зусiм ня думае?

Тут падымаецца доктар Марцiнус Лютэр i стаiць ва ўсёй сваёй густацялеснасьцi, i ўсе за сталом як бы крыху ўцiскаюцца ў сябе; а юны Айцэн, якi добра засвоiў, што ў доме павешанага, бронь-божа, не гаворы пра вяроўку, ужо непакоiцца за свой посьпех, якi ён з такiм дбаньнем здабыў. I ён зьбiраецца з духам i кажа свайму настаўнiку Мэланхтону, цi праўда яно тое, што царква й начальствы гэта як бы дзьве нагi ў чалавека; адно без аднаго суцэльнае кульганьне.

Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыi, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькi апошняй кропачкi над i, i ён дадае, што калi начальствы пабожныя, менавiта такiя, якiя караюць i не даюць ходу эпiкурэйскiм казаням, балвахвалству, iлжывым прысягам, д'ябальскiм хаўрусам i вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзецi царквы.

Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафiксавана на Лёйхтэнтрагеры, якi з усьмешкай пацягвае фраў-Катарынiна пiва, i кажа яму:

- Хто б вы такi нi былi, вы шчыкнулi мяне за сэрца. Бо калi б я, пачынаючы пiсаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзi божае слова й супрацiвяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й нiколi не асьмелiўся б нападаць на папу i ўсе ягоныя парадкi. Я думаў, людзi грашылi толькi праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць i не забаранялi сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпiлi, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.

Пасьля чаго зноў садзiцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнiя цяпер ужо як сьлед замоўклi, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так i не зразумелi й дае працяг:

- Рэдка калi робяцца добрыя справы з мудрасьцi й асьцярожлiвасьцi, хутчэй са сьляпой адвагi й збочваньня з дарогi. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, i хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.

Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.

- I хаосу таму краю ня вiдаць, - кажа ён, нiбы немаведама як заклапочаны, - карацей, Вечнага Жыда зноў бачылi, непадалёк ад Вiтэнбэрга.

Юны Айцэн прыгадвае начныя крокi ў пустым пакоi ў 'Лебедзях' у Лейпцыгу, але гэта было даўно, i доктар Марцiнус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбiваецца незадаволенасьць: чаму ён нiчога ня ведае пра такiя рэчы, чаму спатрэбiлася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносiць яму навiну, i наколькi яна верагодная?

Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму i якi ён зь сябе? I Мэланхтон кажа:

- Жыдоў усюды пропадзь, i ўсе яны падобныя адзiн на аднаго, як яйка на яйка, калi б каторае сказала, што выдзяляецца, - так мы й паверылi б.

Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:

- У яго да ступака быў прыбiты цьвiкамi крыж, пяць цьвiкоў на кожнай назе.

Гэта ўжо пераконвае Пiлiпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхiлку да лiтары й параграфа, у яго чульлiвае сэрца, i ён уяўляе сабе, як яно павiнна быць, калi нехта зь цьвiкамi ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, i апрача таго ён ведае, што прыйдуць благiя часы, калi той Жыд акажацца.

- Калi б хто мог пагаманiць зь iм, - кажа ён разважлiва павольна, - i апытаць яго: а цi быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Iсуса Хрыста вялi на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць.

- Так, - кажа доктар Марцiнус, - а цi мог бы? I якiя?

- Прынамсi, - адказвае магiстр Пiлiп, - прынамсi, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру.

Тут i азарае юнага Айцэна, што чалавек, якi бачыў нашага Госпада Iсуса з крыжам на плячах, павiнен ведаць i пра яго сьвятасьць. З тым большым подзiвам ён успрыняў новую ўспышку гневу, якая скаланула доктара Марцiнуса.

- Так, - кажа той другi раз, - дык парайце нашаму мiлажальнаму геру курфюрсту, хай дазволiць схапiць жыда, калi толькi той дасца, але схапiць яго не лягчэй, чым самога чорта, ён зьнiкне сярод жыдоўскай братвы, застанецца толькi смурод, бо ён такi самы, як яны, а яны такiя, як ён, хацелася б думаць, - усе яны вечныя i iм зводу няма.

Ён азiраеца вакол сябе, цi зразумеў хто-небудзь, пра якiя цяжкаважкiя рэчы тут завялося. Кухарка стаiць у дзьвярах са смажанiнай, але не адважваецца ўносiць, пакуль гер доктар так мудра прамаўляе, а гэты ў запале не заўважае яе ваганьняў.

- Дый хваробу iх навернеш, - кажа ён, - бо яшчэ й цяпер немагчыма адвесьцi iх ад вар'яцкай веры ў тое,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×