Доме я з адной прыгажуняй хацеў зрабiць шпагат i дастаў грыжы ад натугi, у мужчыны дык нiчога, яму ўсё сыдзе, але такая жанчына, калi носiць пояс супроць грыжы i разагрэты мужчына яго намацае, халодны пояс зь нiкеляванымi спружынамi, дык iдэалы адразу развальваюцца, а цялесныя пажады даюць назад, Хрыстос Госпад аднаго разу, калi яго запрасiлi на вясельле, дзе моцна жлукцiлi, абярнуў iм вiно ў ваду, гэта быў той цуд у Кане Галiлейскай, у тых часох мне сьнiлiся такiя сны, перабiраць у сьне косьцi нябожчыка, вялiкая радасьць iдзе табе насустрач, гэта ўвогуле цiкава, што маладыя паэты думаюць пра сьмерць, а старыя пердуны пра непаўналетнiх дзевак, адзiн паляўнiчы мне казаў, ён ходзiць у лес назiраць за аленямi, колькi ў такiм старым аленi жарсьцi, калi заляцаецца да ланi-правiчкi, такi сон аб градцы цюльпанаў у тлумачэньнi значыць, што закахаесься ў гожае дзяўчо, але яно ня будзе ведаць аб тваiм каханьнi, адзiн паэт прозьвiшчам Бонды мне казаў, што ў людзей дзiкае ўяўленьне аб пiсаньнi вершаў, думаюць, што гэта ўсё роўна як iсьцi зь вядром па ваду або што паэт толькi падыме твар на нябёсы, а адтуль яму боская моц сiкае вершамi проста ў галаву, я яму кажу, гэта толькi ў Хрыста Госпада быў такi клёк, што прафэсары й па сёньня ня могуць надзiвiцца, што ён быў ня толькi сын божы, але й шампiён i атлет, што ён мог узяць бiзун i выхвастаць зь сьвятынi гандляроў жывёлай, i сказаў iм, што не прынёс мiр, але меч, гэта значыць шаблю, людзi гэтага й так не разумеюць, таму што разумныя памiраюць, а дурныя зноў нараджаюцца, адзiн чысьцiць нужнiкi, а iншы ёсьць доктарам, адна жанчына ўсё жыцьцё чытала б у пасьцелi раманы, а iншая зноў жа робiць тое, пра што ў тых раманах пiшуць, паэт Бонды, бедачына, калi ў гасподзе перавiваў двое сваiх дзiцянят у возiку, прынюхаўся потым да пальцаў i сказаў, тут недзе пачынаецца глыбокая фiлязофiя, а праз паўгадзiны адно дзiцятка зноў накакала ў тым возiку, дык Бонды мусiў падцiраць яго 'Чэскiм Словам' i прытым наракаў, Iсусе, такое даняло б i карэйскага ката! у дзень Божага Цела мы ўрачыста ўвайшлi ў Пярэмышль, адна дзеўка ляжала ў рове, паказвала на сябе i крычала да жаўнераў, хадзеце адсьвяткаваць перамогу нашае зброi! але нiводзiн ваяка на яе не палакомiўся, бо была брыдкая як турэцкая ноч, а зрэшты, я нiколi ня быў падкi на такое, я перамагаў iнакш, у лязарэце апекавалiся мною баранэсы, а за рэспублiкi гожыя саколкi, сястрычкi, адна галiла мне жывот i рыхтавала да апэрацыi, бо папярэдняга дня галоўны доктар мне сказаў, будзем вас пароць, падпiшыце рэвэрс, калi б вы нам выпадкам сканалi пад нажом, такiм чынам мяне падбадзёрваў, а сам ужо надзяваў белы чапец як цукернiк, а сястрычкi нацягвалi яму пальчаткi, нiбыта якому дзiцяцi, i ўжо хацеў узяцца за мяне, як дзьверы адчыняюцца i зьяўляецца баба з кошыкам i пытаецца, дзе ляжыць ейны муж, бо прынесла яму сьвiнiны з капустай, а галоўны доктар, ростам як волат i заюшаны да бяспамяцi, хапiў тую бабу i як дасьць ёй высьпятка ў заднiцу, а потым аблаяў дзьвернiка, як тая баба змагла сюды пралезцi, калi ён праз момант мае пэцкацца ў маёй крывi i латаць мне грыжу? што за радасьць, калi выйдзеце са шпiталя i добра разгледзiцеся навокал, як у той песеньцы, як цудоўна i прыгожа на тваiм прыходзе, Божа, тра-ля-ля, Барнадак, каваль, мог лёгка выпiць дваццаць пяць лiтраў пiва, а калi потым яму конь не хацеў стаяць або натурыўся, Барнадак яго валiў на зямлю i падкоўваў лежма, ну й дастаў запаленьня лёгкiх, ягоная брушына прыляпiлася i быў яму каюк, я адзiн застаўся, гожая сястрычка прыносiла мне судно i пыталася, чаму я не ажанiўся, чаму пакiдаю такое прыгляднае цела ляжаць аблогай? а я замест адказу ўжо падымаўся з пасьцелi i хацеў вучыць яе танцаваць, ажно мяне сiламоц трымалi, бо пасьля такой апэрацыi чалавек мусiць ляжаць як Лазар, адна панюся, высачэнная, а пры тым красуня, купалася i клiкала, хадзеце, то дастанеце буськi! i я ўлез у Лабу ў адзеньнi, вада мне даставала пад шыю, але буську атрымаў, i зноў быў герой, хоць трэба было на беразе сушыць ня толькi вопратку, але й выплату, якую мне далi ў дзесяцiкронавых банкнотах, я стаяў у адных споднiках, увесь горад быў на дыбках, жанчыны сьпяшалiся над рэчку i глядзелi на мяне, як на Мантгомэры, пераможца з-пад Тобруку, вальнадумцы папракалi Царкву, што калi Хрыстос быў Богам, дык чаму ён зносiўся з блуднiцай? я кажу, што на гэта няма нiякай рады, перад прыгажуняй нiхта ня выстаiць, нават Госпад Хрыстос, якi на той час быў прыгажун, што Конар Толнэс, яму ж было трыццаць год, а бачыце, тая Марыя Магдалена, хоць i мела пасаду вяхоткi з бару, усё-ткi дабiлася сьвятасьцi i нябёсы яе ўпадабалi, ня здрадзiла Хрысту i выцiрала яму кроў валасамi, а ён, бедачына, вiсеў на крыжы, таму што прапаведваў сацыяльны прагрэс i што ўсе людзi роўныя, ягоная мацi заходзiлася ад плачу, а Марыя Магдалена лагодзiла ягоны боль, i я пытаюся, куды падзелiся ўсе колiшнiя прыгажунi? памерлi i нiчога ад iх не засталося, а Марыля Магдалена заўсёды будзе кранаць паэтычныя сэрцы, вось такi лёс прыгажуна, якi навучыўся рамяству, умеў пiлаваць бярвёны i дошкi i раптам кiнуў тое i пайшоў навучаць людзей, што дзейная любоў да блiзкага ня значыць кублавацца зь дзеўкай на канапе, але йсьцi памагаць таму, хто тут жа патрабуе дапамогi, ксёндз за тое, што я выдатна авалодаў катэхiзмам, даў мне абразок Хрыста, як трымае келiх, на той час у Аўстрыi было вельмi модна правяраць i дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто Сын, а хто Дух Сьвяты? аднаго ксяндза нават судзiлi, таму што сёстры Ульманавы не змаглi яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, i ксёндз пасадзiў iх голымi попкамi на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлi замуж, нiхто не хацеў мець зь iмi дачыненьнi, калi яны ня ведалi пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы нiхто гэтага толкам ня ведаў, але прыкiдваўся, што ведае, дык тыя сёстры сеялi сланечнiкi, у той час было страх колькi забойстваў i рабункаў, па глухаманях нанач зачынялi аканiцы i рыхтавалi сякеры й стрэльбы, адзiн млынар глухой ноччу ўбачыў у месячным сьвятле, як хтосьцi выпiлоўвае дзiрку ў дзьвярах, каб прасунуць руку i адсунуць засаўку, дык ён падкраўся пацiху зь сякерай, а калi рука прасунулася, дык ён чах! i адсек тую руку, потым жандары шукалi, але не знайшлi нiкога без рукi, дык ксёндз лаяўся, таму што мусiў пахаваць тую руку на могiлках i купiць дзеля таго маленькую дамавiну, Сьвятая Багародзiца! стаiць жаўнер на варце ў Оламоўцы i бачыць, што на могiлках нешта гарыць, бяжыць туды, адчыняе трупярню, а там далакоп пры катле, а з таго катла тырчаць чалавечыя рукi й ногi i сквiрчыць тлушч, тут яго й цапнулi жандары за тое, што адкопваў нябожчыкаў i варыў iх сьвiньням, потым шапачнiкi з Прасьцеева сьпявалi песеньку, у маёй нябогi, рукi адняло i ногi, або калi я аднойчы з адной красуняй выбраўся ў тамашаўскi лес, там ёсьць гаспода, а насупраць тае гасподы стаяць сем белых крыжоў, там адзiн нягоднiк падпiльнаваў вясельле i пазасякаў усiх вясельнiкаў сякерай, ну, страшны выпадак, таму я ня маю дзяцей, бо не хачу, каб мая кроў трывала ў вякох, дзе тая зарука, што дзiця было б ад мяне? жанкi мяне прабiралi, хто вам заплюшчыць вочы? а я iм кажу, гэтак бывала за Аўстрыi, калi людзi памiралi дома, а сёньня, як толькi чалавек пачне крыху недамагаць, прыяжджае хуткая дапамога, адвозiць вас i памiраеце за шырмай сам адзiн, сваякi сёньнячы зь нiкiм ня цацкаюцца, апантанасьць грашамi гэтаму вiною, найлепш было б, каб людзi па ўсiм сьвеце дамовiлiся i перасталi рабiць дзяцей, едуць у адпачынак i халтураць адно на адным, каб увялi адлiчэньне з зарплаты, за адно дзiця пяцьдзесят кронаў, за другое сто кронаў, а за пяцёра дзяцей абрэзаць палавiну зарплаты i адлупцаваць розгамi на рынку, самы ўжо час, каб мы зноў маглi хадзiць з прыгажунямi ў лес i пакланяцца эўрапейскаму рэнэсансу бяз страху, што талопiцца на нас шмат вачэй, сёньня ж людзi лягаюць адпачываць у лесе адзiн ля аднаго, як магiлы на могiлках, адна панi папрасiла мяне, каб я выгуляў ейнага сабаку, але я пайшоў з тым сабакам да дзяўчат у бары, ну й таго сабаку два наведнiкi праз памылку абасцалi, а калi мы вярнулiся, тая панi пагладзiла сабаку, панюхала пальцы i спытала, дзе вы былi? сабакi добрая рэч, але толькi каб пiльнаваць гаспадаркi, адзiн злотнiк меў бульдога, якога безь вiны адсьцябаў, а той бульдог гэта запомнiў i аднаго разу, калi злотнiк часаўся, сабака скочыў i запусьцiў зубы ў злотнiкава цела, а злотнiк, з сабакам на карку, давалокся да пiсьмовага столiка, выцягнуў рэвальвэр, але як страляў у таго бульдога ў люстры, нешта паблытаў i прастрэлiў сабе вуха, дзiва, што сябе не застрэлiў, потым неяк таго сабаку ўходаў, але зацiснутыя зубы яму трэба было расшчамляць качаргою, зноў жа iншы стаяў перад люстрам i выразаў сабе валаскi з носа перад патанцоўкай, i прарэзаў сабе нос, я дык усё рэзаў як скрыпач на скрыпцы, чуцьцём, а калi б вы бачылi пшэмысьлякаў, як яны йшлi на прызыўную камiсiю, вёска была добра адкормленая, браканьер пры браканьеры, адна краса, калi стараста iх вёў на прызыў, самыя стужкi i жычкi, i яны парэзалi ўсе навакольныя вёскi, загналi немцаў у бровар, а старасту на памятку ўсадзiлi нож у сьпiну, хапiла толькi паглядзець на iх крывавата, а зубы ў вас ужо выляталi праз заднiцу, але на парадзе гэта быў цьвет чэскага народу, рослыя мужыкi i злыя як чэрцi, мелi два аркестры, а на сьвяты i гасьцiны ўсё было ў кветках i стужках, уся вёска аздобленая i начышчаная да бляску, штохвiлi нехта нёс кiшкi ў вядры, бо ведаеце, за Аўстрыi шмат мужыкоў памерла ад мардабояў у карчме або па дарозе дахаты, або павесiлiся ад таго, што мелi шмат дзяцей, а тыя слаўныя пшэмысьлякi раз падпiльнавалi мяне, бо я хадзiў зь дзеўкай ад iх, але я адвярнуўся, выцягнуў рэвальвэр i бах! бабах! палiў па iх, а мужыкi як дубы валiлiся на зямлю, а я зноў стаяў як герой, як Том Мiкс з кольтам, у якога дым iшоў з дула, або зноў жа тая жудасьць з Анэжкай Грузавай, нашы людзi выдумалi, што гэта зрабiў Гiльзнэр, а яшчэ заявiўся адзiн прыдурак i сказаў, што бачыў, як Гiльзнэр стаяў у лесе каля Бжэзiны, гэты каронны сьведка адной рукой трымаў ровар, а другой тую штуку, каб адмачыцца, i так Гiльзнэра запраторылi ў турму, а жыды мусiлi вэк з Польнай, людзi сьпявалi песеньку, не купляйце ў жыда цукру, кавы i мукi, ён забiў нам дзеўку сiнявокую Анэжку, ну а бачыце, на сьмяротным ложы брат Анэжкi прызнаўся, што гэта зрабiў ён, дзеля
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×