Пралескі

Мілыя, мілыя сінія кветкі, сьветлай вясны улюбёныя дзеткі! Кветак ёсьць шмат, што за вас прыгажэй, толькі, пралескі, вы сэрцу бліжэй… Гляну я ў вашыя сінія вочкі — і быццам бачу гайкі і лясочкі, дзе з-пад сьнягоў пазіраеце вы, мілыя дзеці вясны! Толькі зірну я на вашыя краскі, ўспомню вясновыя шчырыя ласкі, ласкі і сонца й нябёс, песьні, што ветрык прынёс зь ясных палёў, дзе зямля абсыхае, сонца дзе з раньня да ночкі гуляе. Вашыя вочкі ў сабе адбіваюць сіняе неба і хмаркі, што таюць, будзіце ціхі, родны мне сум, нібы у лесе вясьняны той шум, будзіце сілы, што ўзімку драмалі, будзіце думкі, што скутыя спалі, будзіце шэпты надзей, што мне за ўсё саладзей… Поўныя рожавай мглы пералескі вас гадавалі, красуні-пралескі, неба вас песьціць, вам сонейка шле золата кос, пацалункі нясе ветрык вам весьні… вас любіць вясна, вас па лясох рассыпае яна. Вы усьцілаеце сьцежку вясьне, вы яе сымбаль, адзнака яе… Мо вы таму мне за ўсё й саладзей, дзеці вясьняных надзей?

Васількі

У жытох расьцьвілі, расьцьвілі васількі… На прасторах шырокіх, ня нашых палёў, між маўклівых, зялёных яшчэ каласоў, на чужацкай зямлі расьцьвілі. Расьцьвілі, па узгорках пясчаных бягуць… А ўнізе, пад гарой, зелянеюць кляны, асыпаюцца яблыны — сьлёзы вясны, і цьвітуць васількі і ў лагу. Краскі любыя, памяткі іншых палос, белых дзічак на межах, сьцяжынак-шляхоў, краскі — памяткі песьні званкіх жаўрукоў пад паветкаю сініх нябёс… Там, у родных палёх, вы ня гэтак цьвілі, гэткі сум не імгліўся у вашых вачох, гэтак хутка ваш стан не хінуўся, ня сох, краскі роднай, далёкай зямлі!

Летуценьні

Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,

Дзе такі там хорам важна збудаваны,

Што мне замянілі б хату і бярозкі,

Хату і бярозкі беларускай вёскі?

Я. Купала
Вы читаете Пад сінім небам
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×