заўсёды. з хвосьцікам.

Філімон. Ужо. Напісаў. (Абярнуўся).

Мікола (адскочыў ад балькону, ходзіць па сцэне і дыктуе). «Ты і я ўдваіх станем сьмелай ступой змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд, жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой, за нявольны свой край, за свой змучаны люд»[2]. (У часе гэтай фразы таксама, як раней, мімічная ігра з Любай).

Філімон (піша). Зараз, зараз… ня так хутка, я не пасьпею… Як там было? «…жыць, любіць і цярпець?»…

Мікола. «Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой…» (Падходзіць ціханька на балькон і раптам цалуе Любу).

Зьвініць званок.

Мікола (адскочыў ад Любы).

Філімон (крычыць). Марта! глухая, ці што? Адчыні! Нехта звоніць. (Схаваў сшыток пад стол і чакае).

Зьява 6

Мікола, Люба, Філімон і Марта.

Марта (праходзіць праз сцэну, ідзе адчыніць дзьверы, пасьля варочаецца з газэтай у руцэ і кладзе яе на стале перад Філімонам). ІІачтальён газэту прынёс. (Ідзе ў кухню).

Зьява 7

Філімон, Люба і Мікола

Філімон. Ага, газэта! Добра… (да Міколы). Зараз… устрымаемся крыху, я толькі перагледжу. (Разварочвае газэту і перабягае яе вачыма) . Што гэта? Што?! Біяграфію маю абсьмяялі! Памфлет!.. Жулікі! (да Міколы) . Дзе гэты ваш Скакун? Скажэце вы гэтаму свайму прыяцелю, што ён за гэтакія штукі да бяды даскачацца! Ну, хіба я ніколі ў жыцьці яго не спаткаю! Хіба ён пад зямлю ад мяне схаваецца! Хм! Падумайце толькі! Якое нахальства! Абсьмяялі! Маю аўтабіяграфію абсьмяялі!.. Маю аўтабіяграфію!.. Гэта-ж чорт ведае, што такое! (Ходзіць па сцэне). Фу! не магу супакоіцца. Вось гіцаль! А яшчэ ўзяў на «расходы»! Добра, што я яму так мала даў. Вось і Скакун! Каб ты ў пекла скочыў у гарачую смалу, скакун ты гэтакі!

Мікола. Дык можа я ў другі раз?.. Заўтра?…

Філімон. Не, не, пачакайце крыху, я зараз супакоюся. Вось дачытаю гэтую паганую газэту і зараз будзем пісаць далей дыктоўку… Гм! Абсьмяялі! Абдурылі! Ах, вы, гады! (гурчыць сабе нешта пад нос і чытае газэту).

У гэты час Люба цалуе кветку і кідае яе Міколе. Мікола таксама цалуе кветку і кідае яе Любачцы.

Філімон. Што?! што?!.. (крычыць). Правалілі! правалілі! правалілі!.. (газэта падае з яго рук на падлогу).

Люба (падбягае да Філімона). Каго, дзядзенька, правалілі?

Філімон. Мяне правалілі!.. А кілбасу маю елі, а гарэлку маю пілі, а правалілі!

Мікола (падтрымліваючы яго на крэсьле). Нічога, панок, сядзеце спакойна, не праваліцеся, я вас падтрымаю.

Філімон. Ідзеце к чорту! Непатрэбны мне вашыя дыктоўкі! непатрэбна мне вашая беларуская пісьменнасьць, калі ў міністры не папаў… Правалілі!

Мікола пасылае рукой пацалунак Любачцы і выходзіць.

Зьява 8

Філімон і Люба.

Філімон (сядзіць на крэсьле і што-раз цішэй мармыча): Правалілі… правалілі…

Люба (ходзіць па сцэне; хоча нешта сказаць, але ня можа рашыцца; колькі разоў падыходзіць да Філімона, але ізноў адыходзіць з нерашучым жэстам). Дзядзя! Я вам нешта хацела сказаць…

Філімон. Ах, правалілі, дзетачка! ах, правалілі, мілачна!..

Люба. Дзядзя! Я з вамі хацела пагутарыць аб аднэй рэчы…

Філімон (слабым голасам). Гавары, Любачка! Ты адна асалода майго жыцьця!.. Хадзі, пацалуй бедненькага свайго дзядзеньку… (Працягвае рукі і хоча яе абняць).

Люба (адскочыўшы). Не, не!.. ня трэба!.. я не хачу!..

Філімон (я. в.). Чаму-ж ты ня хочаш, ціпанька?.. Ну, кажы-ж, што ты хацела казаць?

Люба (энэргічна). Я хачу сказаць, дзядзенька, што я паеду да цёці, або мо' паеду ў іншае месца, а тут жыць ня буду.

Філімон (зьдзіўлены). Чаму, дзетанька?

Люба. Бо дзядзенька — зусім ня дзядзенька.

Філімон (ускочыўшы). Як ня дзядзенька? Хто табе гэта казаў?

Люба. Хто казаў, той казаў, але я тут жыць ня буду і прашу, каб вы аддалі мне мае дакумэнты.

Філімон. А! гэта мусіць гэтая поддая Марта набрахала. О! я бачу ўжо, што гэта яе работа! Ох, Божа мой! у такі мамэнт навет яны мяне не шкадуюць?… Бяз літасьці!.. Ну, дык пачакай. Любачка! я табе скажу ўсё, ўсю праўду, мілачка! Як я цябе першы раз убачыў сіротаньку, такую бедненькую, чырвоненькую. беленькую, дык мне зрабілася страшэнна шкада цябе, Любачка, і я падумаў сабе: вазьму яе да сябе, яна да мяне прывыкне, палюбіць — і будзем жыць шчасьліва.

Люба. Што вы, дзядзенька! Я-ж такая маладая, а вы ўжо стары.

Філімон. Я не стары, Любачка! Гэта толькі так здаецца, але я не стары. О-го-го! Стары! Ты яшчэ маладая, дурненькая, а я цябе павяду праз жыцьцё, як па масьле.

Вы читаете Пан міністар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×