хамства!.. Мне было так нялоўка!..

Мацальскі. Нічога, глупства, гэта здараецца… (да сябе). Яе мусіць падаслалі, каб яна мяне перэпрасіла!

Уршуля. Гэты Залепка надта кепска выхаваны чэлавек. Ён гэтага не разумее, што ёсьць душы, якія бяз доўгага знаёмства, бяз лішніх слоў, ад аднаго першага погляду адчуваюць сваю блізкасьць.

Мацальскі. Я ня ведаю, чым гэта кончылася, бо ўцёк… Што–ж? гэты вар'ят пабіў сваю жонку?

Уршуля. Не, куды там! Яго мужчыны схвацілі за рукі, а яна ўцякла да суседзяў і дома не начавала… Я цяпер, ідучы да вас, спаткалася з ёю на вуліцы недалёка ад вашай брамы… Я страшэнна засаромілася, баючыся, каб яна не падумала, што я йду да вас. Вы самі разумееце, што злыя людзі могуць падумаць, калі маладая паненка йдзе ў госьці да кавалера.

Мацальскі (д. с.). Маладая паненка… гм… гм!..

Уршуля. Дык я з ёю прывіталася і сказала, што йду на гэты падворак да швачкі… Праўда, калі йдзе аб шчасьце двох людзей, дык можна сказаць няпраўду?

Мацальскі. Выбачайце, але я нічога не разумею… Значыцца, яна ня ведае, што вы пайшлі сюды? Гэта значыцца бяз яе ведама?

Уршуля. Што вы, граф! Як–жаж яна магла аб гэтым ведаць! што вы! (сароміцца).

Мацальскі. Ага! (д. с.). Значыцца сам муж прыслаў яе сюды, каб пагадзіцца… (голасна) што–ж! можаце сказаць гэтаму Залепцы, што я нічога проціў ня маю, — можна пагадзіцца, можна на згоду й выпіць.

Уршуля. Выбачайце, я не зусім разумею: вы, значыцца хочаце з гэтым хамам пагадзіцца?

Мацальскі. Ну, што ж такое, што ён раз мяне там ляпнуў, але–ж не скалечыў. Калі ён сам першы хоча…

Уршуля. Але скуль жа вам ведама, што ён хоча?

Мацальскі. Як: скуль? Вы–ж, здаецца, гэта казалі.

Уршуля. Я гэтага не казала.

Званок зьвініць пры дзьвярох.

Уршуля (спалохалася). Ах, Божа! Нехта прыйшоў, можа гэта ваш лякай! Я не хачу, каб мяне хтоколечы тут бачыў… Раней чымсь адчыняць дзьверы, схавайце мяне, схавайце!..

Мацальскі (д. с.). Каго–ж там чорт нясе?.. (да Уршулі). Ну, хавайцеся вось сюды ў гэты пакой, сюды!.. (адчыняе дзьверы у пакой направа, упіхвае яе туды і зачыняе ключом, пакінуўшы ключ у дзірачцы замка; пасьля йдзе да дзьвярэй налева і адчыняе іх. Уваходзіць Магдалена).

Зьява 3

Мацальскі і Магдалена.

Мацальскі (рад і зьдзіўлены; ціха). А, пумпачка! А я й не спадзяваўся!..

Магдалена. А вось запамятала твой адрэс і прыйшла. Ты здаволены, што я прыйшла?

Мацальскі (зірнуўшы на дзьверы, за якімі сядзіць схаваная Уршуля, са страхам). Цсс! Не так голасна! Ціха!

Магдалена (зьдзіўлечая). Чаму?

Мацальскі (ня ведаючы, што адказаць). Бо… бо… у мяне галава баліць, калі голасна гавораць… якая, можна сказаць, настальгія…

Магдалена (спагадліва). Бедненькі! які дэлікатны! Якая ў цябе рыстакратычная натура!.. А ведаеш? і ў мяне так–сама галава баліць, калі хто голасна гавора, бо я так–сама з вышэйшага сьвету, хоця й выйшла замуж за гэтага хама Залепку… Ах, дарагі мой Ільдэфонс! Ты на мяне ня гневаешся за тое, што было ўчора?

Мацальскі. На цябе? А за што–ж на цябе? Ты–ж мяне ня біла!

Магдалена. Ух, як я ненавіджу гэтага… свайго мужа! Фу! мядзьведзь! без ніякага выхавачьня!.. Вось ты зусім іншы чэлавек!

Мацальскі. Ну, ведама, я, можна сказаць, маладзец! Гэтакі, проста кажучы, бон віван!

Магдалена (гледзячы на яго ачараваная). Ах, які ты прыгожы!.. Слухай, Ільдэфонс! Ты ня ведаеш, ці развод дастаць лёгка? Кажуць, што заграніцай можна… бо я ужо не магу болей з ім жыць, я яго ненавіджу!

Мацальскі. Гм… развод? Нашто, пумпачка, развод? Калі глядзець на справу, так кажучы, з погляду, дык можна й без разводу… (абыймае яе) Ух, ты! ты! пумпачка! (цалуе яе).

Уршуля за сцэнай чыхнула.

Магдалена (спалохаўшыся). Што гэта? Хто там?

Мацальскі. Не, ніхто!.. Гэта я там котку зачыніў, гэта котка мяўкнула.

Магдалена. Не, мне здаецца, што там нехта чыхнуў.

Мацальскі. Чухнуў? Няўжож? Ну, значыць, котка чыхнула. Ну але! гэта котка чыхнула, там ляжыць адзежа і сьмярдзіць нафталінам.

Магдалена. Ах, я так люблю катоў! Пусьці сюды, я з ёю пагуляю. (Хоча ісьці ў пакой, дзе Уршуля).

Мацальскі (устрымоўваючы яе). Ды што ты, пумпачка! ня трэба! яна кусаецца. Гэта не звычайная котка, а такая дзікая… Лепш пойдзем сюды, у мой пакой, сюды, там спакайней… (абыймае і вядзе ў пакой налева).

Магдалена (як дзіця). Не, пакажы мне котку, я хачу бачыць котку!

Мацальскі. Добра, добра, але пасьля!.. (выходзяць).

Зьява 4

Мар'янна (адна).

Мар'янна (таўстая, здаровая, чырвоная кухарка, уваходзіць праз уходныя дзьверы; глянуўшы, што на сцэне нікога няма, кліча:) Ільдэфонс! пан Ільдэфонс! я ўжо прыйшла… (Ідзе да дзьвярэй, у якія пайшоў Мацальскі з Магдаленай, хоча іх адчыніць, але дзьверы не адчыняюцца). Гм… дзьверы зычынены, яго значыць няма, а прасіў прыйсьці… Як– жаж так? (падслухоўвае пад дзьвярыма). Не! здаецца, нешта варухнулася! (кліча): пан Ільдэфонс! а пан Ільдэфонс! (пауза). Не,

Вы читаете Шчасьлівы муж
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×