мігрэнь…

Пышка. Калі трэба якога лякарства, дык зараз… у мяне ёсьць знаёмы аптэкар…

Уршуля. Ах, нічога ня трэба, толькі я пасіджу тут гэтак адна, вы мяне пакіньце, гэта пройдзе…

Пышка (выходзіць).

Уршуля (д. с). Ах, Божа мой! Нарэшце! Зьявіўся той, якога я так доўга чакала! Ен — граф, каралевіч — панясе мяне ў свой палац і будзе мяне любіць крэпка, горача… Ох, як сэрца бьецца…

Зьява 15

Мяшочак, Уршуля, Мацальскі.

Мацальскі (уваходзіць, абціраючыся хустачкай, падыходзіць да стала і налівае сабе піва).

Уршуля (да Мацальскага). Ах, гэта вы! Чаму–ж вы мне адразу нічога не сказалі?

Мацальскі (не разумеючы ў чым справа). А? што? чаго?

Уршуля. Чаму вы са мной гэтакі нясьмелы? Трэба было адразу сказаць усё. Я вас так добра разумею. Ніхто гэтак не адчувае вашай душы, як я. Яны ўсе — гэта не для вас кумпанія. А нашы душы адразу адна адну зразумелі, хаця так мала слоў было сказана… Тады ўжо, як вы скурачкай апальцыну папалі мне ў лоб, я ўжо ўсё зразумела, усё адчула…

Мацальскі (д. с.). Гэта баба ашалела, ці што?

Уршуля. Пойдзем! Пойдзем скакаць! Закружымся ў віхры вальса апошні раз… да заўтра… я прыйду… ох! я прыйду!.. (цягне яго за сабой).

Мацальскі. Пачакайце–ж! Дайце ж мне хоць піва выпіць.

Уршуля. Пойдзем! пойдзем! (пайшлі скакаць)

Зьява 16

Мяшочак і Гаўдэнт.

Гаўдэнт (уваходзіць з самоварам, дзьмухае яго, пасьля ставіць на стале). Я тут увесь час тапчуся на кухні, як кухарка якаясь, а яна вось якія штукі майструе! Пачакай–жаж! Гэтага я не пазволю! Няхай гэта будзе ня толькі граф, а навет сам губарнатар, а я не пазволю! (ідзе ў пакой, дзе скокі).

Зьява 17

Мяшочак, пасьля Гаўдэнт і Магдалена.

Мяшочак (пераварачваецца на другі бок праз сон нешта бармоча) .

Гаўдэнт (уваходзіць, цягне Магдалену за руку)

Магдалена. Ну, пусьці! Чаго хваціў як вар'ят за руку?

Гаўдэнт. Я цябе пытаюся, што ўсё гэта значыць?

Магдалена. Ну чаго дурыш? Што значыць?

Гаўдэнт. А вось чаго ты прыклеілася да гэтага графа?.. Глядзі ты мне!

Магдалена. А гэтага–ж што такое?! Ты пьяны, ці што? Хто прыклеіўся? Ён танцуе са мной, бо я найляпей за ўсіх танцую, а яны ўсе як козы скачуць.

Гаўдэнт. А куды гэта ён прасіў цябе прысьці, га? На рандаву? Я табе пакажу рандаву!

Магдалена. Прыйсьці? Калі? Першы раз чую.

Гаўдэнт. Але! «Першы раз чую!» А я вось, сідзячы там за канапай, усё вельмі добра чуў.

Магдалена (ірон.). Ах, як хораша! Схаваўся як жулік пад канапу і падслухоўвае чужую гутарку! Фі! Які сорам!

Гаўдэнт. Ты мне зубы не загаварывай, а скажы мне вось, чаму ён казаў табе «ты»? Скуль–гэткае ўжо блізкае знаёмства?

Магдалена. Што?! Нічога падобнага! У цябе мусіць ужо ў вушох зьвініць ад злосьці або ты аглох.

Гаўдэнт. Не! Я добра чуў, як ён казаў табе «ты»… А чаму ён называў цябе «пумпачка»? Га? Можа й гэта няпраўда?

Магдалена. Казаў «пумпачка?» Вось далібог не памятаю… Ну, калі казаў «пумпачка», значыцца ёсьць такое слова.

Гаўдэнт. А я не хачу, каб ён называў цябе «пумпачкай»! Чуеш?

Магдалена. Вось яшчэ чаго! Ты думаеш, граф будзе цябе пыгацца, што ты хочаш, а чаго ня хочаш… Падумаеш! Фігура вялікая! (хоча йсьці).

Гаўдэнт (устрымаўвае яе). Пачакай! Яшчэ ня ўсё… А чаму ты з ім цалавалася? Можа скажаш, што й гэта няпраўда?

Магдалена. Што?! Як ты сьмееш казаць мне гэтакае! Мы зусім не цалаваліся, а граф навучаў мяне скакаць адзін новы загранічны танец — «тіп–топ».

Гаўдэнт. Але! (дразьнячы яе) топ! топ! Ніякіх танцаў не скачуць сідзячы.

Магдалена (упарта). А не! Вось ёсьць такія, каторыя трэба скакаць сідзячы. Ты нічога ня ведаеш.

Гаўдэнт (бязьсільна). О, Божа, мой! Які ў яе язык! Божа мой! Не дам я з ёю раданьні… О, сьвяты Язэп! зьлітуйся нада мной!

Магдалена. О! ужо пачаў свае охі ды ўздохі! А калі–б спытацца: чаго? — дык дальбог няма ведама.

Гаўдэнт. Магдзя! зашто мучаеш мяне? Зашто?! Я–ж табе сягоньня купіў матэрыі на спадніцу, думаў зрабіць сабе новыя портачкі, але вось купіў табе на спадніцу, бо сягоньня твае імяніны: для цябе я купіў гэтага віна, якога ніхто піць не хацеў, праз цябе я брытвай парэзаўся, — я для цябе ўсё, а ты што? Ты з гэтым графам шашні заводзіш!.. Ах, Божа мой! Божа мой!

Магдалена. Ну, ужо пачаў стагнаць, быццам скуру хто з яго абдзірае!

Гаўдэнт. Ты сэрца мне з грудзей выдзіраеш, гадаўка ты!

Магдалена. Калі ласка! Толькі бяз гэтакіх хамскіх слоў! Вось яшчэ чаго! Лаяцца пачаў! «Гадаўка!» Падумаеш!.. Сам ты гад, хам, мужык!

Гаўдэнт. Палятуха!

Магдалена. Мядзьведзь касалапы! Стары чорт!

Гаўдэнт. Магдзя! Змоўкні, бо не стрываю!

Вы читаете Шчасьлівы муж
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×