Васіль Быкаў

Знак бяды

Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской сядзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер. Дзе-нідзе толькі выглядвалі на паверхню яе скупыя адзнакі: вуглавы камень падмурка, прытаптаны бугор бітай цэглы ды дзве гранітныя прыступкі каля былога ўвахода ў сені. Прыпарожныя гэтыя камяні ляжалі на тым самым месцы, што і сто год назад, і дробныя рудыя мурашы, якія недзе паблізу аблюбавалі сабе прыстанішча, дзелавіта снавалі па ніжняй прыступцы. Алешнік з рова, адхапіўшы добрую частку хутарскога поля, падступіў да самай сядзібы, на месцы істопкі па-царску разросся густы куст шыпшыны сярод буйных зараснікаў дзядоўніку, крапівы і малінніку. Ад калодзежа нічога не засталося, зруб, пэўна, згніў або яго расцягалі людзі, вада, апынуўшыся без патрэбы, знікла ў глыбіні зямлі. На рагу колішняй хаты неўпрыцям вылезла з пустазелля калючая дзічка-груша — можа, парастак ад колішніх груш-спасовак, а можа, выпадковая самасейка, занесеная з лесу птушкамі.

З дарогі, ад гасцінца, мала што выдавала тут былую сядзібу, хіба што адна з дзвюх ліп, якія колісь раскашавалі абапал варотцаў на ўездзе. Другой даўно не было, а гэтая, што засталася, мела жахлівы выгляд: абгарэлая і аднабокая, з тоўстым каржакаватым камлём, у якім зеўрала шырокая шчыліна дупла, яна незразумела як трымала на сабе некалькі тоўстых галінастых сукоў. Птушкі, якія часам прыляталі з лесу, чамусь ніколі не апускаліся на яе голле, лепей садзіліся на рослы алешнік побач. Вароны, магчыма, памяталі нешта, а можа, сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды. Зрэшты, знак гэты ляжаў тут на ўсім: на скупых рэштках сядзібы, зарасніках дзядоўніку і крапівы, якія буйна раскашавалі ў спакоі, на самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны і нават мізэрнай, з пакручастым голлем дзічцы. І толькі маладая тоненькая ліпка, што зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету, увасабленнем надзеі і другога, інакшага, жыцця.

Напэўна, усё астатняе належала тут мінуламу, скаронаму тленам і небыццём.

Усё, апроч непадуладнай часу, цярплівай і негаваркой чалавечай памяці, надзеленай спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым.

1

З цярплівай ненасытнасцю карова скубла воглую зранку траву, як заўжды, мерна тупаючы сваім звыклым шляхам: каля гасцінца, па зарослай быльнягом канаве, невысокім прыдарожным адхоне, пасля цераз травяністы лапік ля белага, бы ўкормлены парсюк, валуна і далей да самага ўзлеску, што шырокай дугой ахопліваў палявы грудок з хутарам. Сцепаніда ведала, што на ўзлеску карова паверне ад дарогі ўбок — цераз пагорак да Баранняга Логу, і там ужо трэба глядзець пільней, каб не шмыганула куды далей з воч. Бабоўка на тое была спрытнюга, і не зважай, што пярэстая — белыя плямы па чорным, — а калі згубіцца, дык пабегаеш, шукаючы па хмызняках. Але гэта там, далей на ўзлеску, а тут дзецца ёй не было куды: невысокая насыпка дарогі ды голы прасцяг бульбянішча — тут можна і пасядзець у спакоі. І Сцепаніда прысланілася клубам да гладкага бока валуна, шчыльней саставіла ў траве босыя ногі і не пільна нават глядзела на тую Бабоўку.

Было не сцюдзёна, трохі зябкавата нагам у воглай траве і ветрана. Неба спрэс усцілалі хмары, сонца не паказвалася ад рання. Зрэшты, цяпер з яго не шмат і карысці, таго восеньскага сонца, хіба было б весялей, калі б яно на якую гадзіну выбавілася з-за хмар. А так шэрае непрытульнае поле захлыналася ў ветраным шолаху быльнягу ды ўкарэлага каліўя бульбоўніку на шырокай пагоркавай ніве; міжвольна карцела адвярнуцца ад ветру, тужэй захінуць полы ватоўкі і не кратацца. Поруч, на гасцінцы, як і заўжды апошнія тыдні, было ціха, пустэльна, цяпер тут амаль не ездзіў ніхто і не хадзіў. Калі часам і трапляўся які хадок, дык болей уранку, — якая-небудзь кабеціна з суседняй вёскі па невялікай патрэбе ў мястэчка. Гэтая ціша на гасцінцы спярша аж бянтэжыла Сцепаніду, асабліва пасля таго, як тут гуло, раўло і стагнала ад машын, падводаў, гармат, а таксама безлічы войска, што валам валіла адтуль, ад граніцы, на ўсход. Здавалася, вялікаму таму гармідару не будзе канца, а з ім не скончыцца і турботны неспакой на хутары. Ведама ж, прыдарожная сядзіба — усім пад рукой і навідавоку. Сцепаніда з Петраком збіліся з ног, спатыкаючыся і пасабляючы, чым было можна, усім, што заязджалі, забягалі, спыняліся, каб напіцца, перадыхнуць у спякоту пад ліпамі, а то пераабуцца ці папытаць дарогу. Толькі неяк пад вечар на гасцінцы стала вальней, рух парадзеў, гатовы зусім прыпыніцца, чырвонаармейцы пачалі паварочваць у поле абапал дарогі і разышліся ўпоперак па бульбоўніку. Два камандзіры, што конна завіталі на хутар, нешта доўга разглядалі на карце, а іхні баец-канавод папытаўся ў яе вядра, каб напаіць коней, і, аддаючы, сказаў, што тут будзе бой, заставацца на хутары нельга. Дужа напалохаўшыся тады, Сцепаніда забратала Бабоўку і падалася расцяробамі ў Баранні Лог. На сядзібе ўсё ж застаўся Пятрок — сядзібу нягожа было пакідаць без нагляду. Трываючы вялікі страх, Сцепаніда пераседзела ў бярэзніку ноч і палову наступнага дня, але бою не было чуваць, только паўднём угары паявіліся самалёты і здрыганулася зямля, дзесьці забахала, засакатала і ў небе за логам паўстаў шэры слуп дыму, нешта там загарэлася. Спакваля, ачуняўшы ад першага страху, яна сцяміла, што гэта далёка, усё на тым жа гасцінцы ці, можа, нават далей, у мястэчку. Адвячоркам усё тое прыціхла, нібы і не пачыналася, яна трохі счакала яшчэ, а пасля боязна павалаклася з каровай да хутара, не ведаючы нават, ці ўбачыць што ад свайго жытла, ды і Петрака таксама. Але хутар, як заўжды, ціха стаяў сабе наводдалек ад дарогі пад старымі ліпамі, а на падворку, вылезшы з пограба, тупаў з саломай у барадзе яе Петрачок. Знаёмы дымок ад яго самакруткі струменіў цераз паркан па ветры.

Той ноччу чырвонаармейцы пакінулі на бульбяным пагорку недакапаную крывуляку-траншэю і некуды сышлі стараной, на гасцінцы ўсё апусцела, заглухла, рэдкія вайсковыя фурманкі і некалькі машын уранку паварочвалі назад, у аб'езд на Кульбакі: за сасоннічкам самалёты разбамбілі масток цераз дрыгвяністую Дзеравянку і праехаць гасцінцам у мястэчка было ўжо неяк.

Настала новае, як падумаць, дык проста нялюдскае жыццё, што спакваля, але са страшнай няўхільнасцю ўсталёўвалася ў раёне. Ранейшае знікла. На Выселках раздзялілі калгас, разабралі небагатую яго маёмасць, інвентар, коней, і яна паслала Петрака за некалі абагуленай іх кабылкай — кабылка, аднак, аказалася немаведама дзе: перад прыходам немцаў выправілі хлопца з фурманкай на станцыю, і ён так і не вярнуўся адтуль. Яна тады насварылася на Петрака: мусіць, трэба было ўзяць якога другога каня, калі такая мітрэнга, як жа без каня ў гаспадарцы? Як тады жыць? Але гэты Пятрок — вядомая недалэга, хіба ён зробіць як трэба? Толькі знае адно — моўчкі смаліць смярдзючую сваю махорку. Цяпер во жыві як хочаш, добра яшчэ, што ёсць гэта Бабоўка, на яе ўся надзея, яна пакуль што корміць абаіх. А што будзе далей?

А Бабоўцы тым часам, мусіць, надакучыла скубці на жорсткім жвіровым адхоне, і яна ўскараскалася на прыдарожную ўзбочыну, быццам там было што смачнейшае. Сцепаніда адхінулася ад каменя: нашто карове даваць вытыркацца на насып, ці мала што можа здарыцца, каму трапіць на вочы? Праўда, за гэтыя два месяцы яна зразумела, што ад усяго не засцеражэшся, як ні туляйся, а яны калі захочуць, дык знойдуць і прыдзяруцца. Тым болей што ў немцаў знайшліся ўжо і памагатыя з мясцовых — нядаўна застрэлілі захожага чырвонаармейца, павесілі двух камуністаў на плошчы, адзін быў дырэктар школы, дзе вучыліся Фенька з Федзем. Там жа, у мястэчку, на сценах бялелі іхнія аб'яўкі з абяцанкамі жорсткае кары за ўсякае аслушэнства, непадпарадкаванне, тым больш парушэнне. Яна не ведала іхніх парадкаў, не хацела іх парушаць, але хто ведае, за што яны могуць прычапіцца да мірнага чалавека. Добра яшчэ, што цяпер гэты хутар застаўся як бы ў закутку, па дарозе ніхто не ездзіць, а ад мястэчка яго затуляе малады густаваты сасоннічак. Так спакайней.

Сцепаніда ўзлезла на дарожны адхон і хварасціной лёгка пасцёбала Бабоўку па скарэламу заду — маўляў, давай прэч з дарогі. Карова, спаважна ступаючы, сышла з адхону ўніз у канаву. Канешне, трава там была не дужа каб прыдатная для каровінага языка — болей дуддзё і быльнёг, але хай. За дзень як-небудзь напасвіцца.

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×