Нібыта чуе, што перада мной

Няма нічога, апрача трывогі.

На шпоры нават не зважае ён,

А часам толькі уздыхне ад гора.

Мне больш балюча слухаць конскі стогн,

Чымся яму прымаць удары шпораў.

Далей яшчэ цяжэй ад горкіх дум:

Пакінуў радасць, а шукаю сум.

51

Прабачыў я маркотнага каня.

Каню павольнасць дараваў яго.

Бо сапраўды навошта мне гання,

Калі ад друга еду я свайго?

Але які пачуе ён дакор,

Калі вяртацца будзе так у двор?!

Хоць засядланым быў бы сам віхор,

І той пазнаў бы смак сталёвых шпор!

Найлепшы конь жаданню не раўня.

Яно з любові выткана самой.

Ляціць жаданне з лёгкасцю агня

І скажа клячы памаўзлівай той:

— Не можаш ты, каб і хацеў, хутчэй,

А я — на крыллі паляту далей!

52

Як багатыр з ключом сваім цудоўным,

Я хоць калі магу дастаць свой скарб.

Але ў каханні сквапнасць рызыкоўна,

Бо асалоду прытупіць магла б.

Не кожны дзень у нас бывае свята,

Таму яно і дорага для нас.

Між самацветаў на святочных шатах

Найпрыгажэй нам зіхаціць алмаз.

Няхай і час цябе ў сваёй скарбніцы,

Як самацвет, пільнуе ад вачэй.

На нашым свяце будзе прамяніцца

Твая краса мілей і яскравей.

Якую слодыч прынясе спатканне

За хваляваннем палкага чакання!

53

Скажы, якой стыхіі ты стварэнне?

Адзін жа цень у кожнага з людзей,

А за табою адлюстроўкаў-ценяў,

Дзівосных вобразаў мільён ідзе.

Адоніс быў для хараства узорам.

Перад тваім — адбітак ён слабы.

З красой Гелены параўнаць не сорам

Красу тваю у нашыя гады.

Вясенні дзень і восені ўсе плёны

Адлюстраваны ў вобразе тваім:

Як дзень жніва, ты шчодрасцямі поўны

І хараством убраны веснавым.

Твая ёсць частачка ва ўсім прыгожым,

Але з чым сэрца параўнаць мы можам?

54

Аздобленая праўдай прыгажосць

Нічога роўнага не мае ў свеце.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату