Хай крые бог, што рабства мне паслаў.
Каб я хоць думкай запытаўся нават,
Як час праводзіш ты. Я — твой васал.
Чакаць загадаў — вось мая ўся справа.
Нібы табой зняволены ў турму,
З табой разлучаны, з'яднаны з горам,
Пакорны знаку кожнаму твайму, -
Не папракну цябе сваім дакорам.
Жыві, як схочаш, пані над сабой,
Твая свабода жадных меж не мае.
Сама суддзя ты над сваёй віной,
Калі натрапіцца віна такая.
Чакаю я. Хоць пекла ў тым чаканні,
Цябе ніяк і ні за што не ганю.
59
Калі навін на свеце не бывае
І ўсё, што ёсць, існуе з прадвякоў,
Дык сам сябе, напэўна, ашукае
Той, хто народжанае родзіць зноў.
Хацеў бы я зірнуць у дні былыя,
За кругабегаў сонечных пяцьсот,
Каб там сказалі кнігі мне старыя,
Каго любіў і пеставаў народ.
Тады пазнаў бы, ад якіх дзівосаў
З'явілася ты ў свеце праз вякі
І хто быў лепш благаславёны лёсам:
Той даўні час ці нашы мастакі.
Адно скажу: які б ні быў чый лёс,
Той час цябе узнёс бы да нябёс.
60
Як хвалі мкнуцца ў камяністы бераг,
Знікаючы адна каля адной,
Так і ў жыцці хвілін бясконцы шэраг
Ідзе ў нябыт няспыннаю хадой.
Юнацтва ўсё аздоблена праменнем.
Мінае сталасць. Ад тае пары
Змагаемся супроць ліхіх зацьменняў,
Пакуль час возьме ў нас свае дары.
Час губіць цвет цудоўнай маладосці,
Кладзе разоры на чале красы.
Узоры незраўнанай прыгажосці
Сцінае сквапнасцю сваёй касы.
А ўсё ж мой верш з красой тваёю пройдзе,
Насуперак яму, ў наступныя стагоддзі!
61
Ці праз цябе я вочы не самкну,
Калі ўначы прыходзіш летуценнем?
Ці вобраз твой мяне пазбавіў сну,
Ці карагод табе падобных сценяў?
Хіба твая з'яўляецца душа,
Каб зварушыць усё перабытое,
У памяці зайздросна ўваскрашаць
Мае памылкі, усё маё благое?
О, не! Хоць моцная твая любоў,
Ды не такая, каб у сне з'явіцца.
Мая любоў, пазбыўшыся ўсіх сноў,
Каля цябе стаіць, як вартаўніца!
Яна вартуе, не самкне вачэй,
Пакуль ты да другіх сяброў бліжэй.
