Нам падмяняюць фальшам штучных фарб, -
Як безназоўная, жыве урода,
Як занядбаны і забыты скарб.
Дык вось чаму і зрок маёй каханай
Пад колер гругановага крыла,
Нібы жалобаю па тых убраны,
Над кім падробка ўладу узяла.
Любоў мая ў жалобе так прыгожа,
Што не адна захоча быць такой жа.
128
Калі ты, музыка душы маёй,
Абудзіш струны музыкай дзівоснай
І ўсе лады пакорна пад рукой
Пачнуць схіляцца, — як жа мне зайздросна!
Зайздрошчу я і струнам і ладам,
Што ў пераборы ходзяць, як у танцы.
І ад спакусы чырванею сам,
Калі яны твае цалуюць пальцы.
Каб гэта доля дасталася мне —
Адчуць рукі пяшчотнай ласкатанне,
Калі яна струну узварухне
З пачуццем ласкі, шчырага кахання!
Калі ім так пашэнціла — няхай!
Аддай ім рукі, вусны — мне аддай!
129
Распуста не прыносіць духу гонар.
Пакуль не задаволена яна, -
Парушыць клятву, пазнаёміць з горам,
Абразіць, схлусіць, высмакча да дна.
Сваё спагоніць — як яе адверне.
Ізноў мы гонімся, калі міне.
Апошні розум страціць, хто хоць зерне
Спакуслівай прынады той глыне.
Як утрапёная да мэты мкнецца
І мэтай служыць для людзей сама.
У пошуках прываблівай здаецца,
У адшуканай — радасці няма.
Ніхто ж не адмаўляецца ад раю,
Цераз які у пекла ён трапляе!
130
Да зорах не падобны любай вочы,
Каралі — шмат за вусны чырваней,
Не златакосая — пад колер ночы,
А снег — бялей смугі яе грудзей.
Не параўнаць яе да руж дамаскіх, -
Бяднейшы колер твару, на руках,
І больш прыемны водар маюць краскі,
Чым ад яе духмяных вуснаў пах.
Люблю я вельмі слухаць голас мілай,
Ды ўцехі больш мне музыка нясе.
Не знаю, як багіня дзе хадзіла,
Яна ж звычайна ходзіць, як усе.
І ўсё ж, клянуся, над яе на свеце
Не адшукаеце нідзе кабецін!
131
Ты, як красуні ў нашым свеце ўсе,
Ўладарнасцю сваёй тырану роўна.
Ты ведаеш, што я ў тваёй красе
