Імя маё ў сабе нясе «жаданне».
Ў ім прага палкая, спакуса ў ім.
Прымі ў сваё салодкае ўладанне
Яго, каб аб'ядналася з тваім.
Няўжо ў такой раскошнай і цудоўнай
Не знойдзецца куточка для мяне?
Хоць мора цераз край вадою поўна,
Прыняць паток дажджовы не міне.
І ты, жаданняў маючы не мала,
Маё ў сваю скарбніцу прытулі,
Каб у цябе яшчэ іх болей стала,
А мы самотнікамі не былі.
Сваіх прыхільнікаў ніяк не крыўдзі,
Ў адзін струмень няхай з іх кожны прыйдзе.
136
Калі душа твая сварыцца стане,
Што набліжаеш да сябе мяне,
Скажы ты ёй, што я тваім жаданнем
Павінен быць, бо ім бываў раней.
Жаданні маюць права нарадзіцца,
Любімая, не згасла каб любоў.
Няхай кахання нашага скарбніцу
Яны ізноў напоўняць да краёў.
Я непрыкметны ў ліку іншых, можа,
Але адмовай сэрца не трывож.
Яно жаданнем палкім дапаможа
Пабольшыць слодыч і тваю усё ж.
Няхай ад імені любоў пачнецца:
Яго палюбіш, любым стане й сэрца.
137
Што натварыла ты са мной, любоў!
Мяне ты слепіш і сама сляпая,
Хоць вочы знаюць, дзе б красу знайшоў,
Замест дабра якраз благое маю.
Калі, збянтэжаны, ў затоцы я
Свой якар кінуў на такой мясціне,
Дзе карабель ідзе ля карабля,
Дык хто ж за гэта адказаць павінен?
Чаму для сэрца выбіты папар
Мог выдацца сядзібай самай вартай
І вочы мкнуцца пад няпраўдай мар
Схаваць ману ганебную упарта?
Відаць, што сэрца пры сляпых вачах
З хлуснёй згубіла свой праўдзівы шлях.
138
Мая любімая клянецца мне,
Што ўся яна з адной саткана праўды,
Каб, як юнак, паддаўся я мане,
Згадзіўся з тым, што так і ёсць сапраўды.
І мне паверыць хочацца тады,
Што маладым названы ёй не з жарту.
Хоць самыя найлепшыя гады
Мае цяпер і памінаць не варта.
Выходзіць так, што праўды ў нас няма.
Чаму ж не скажам, што яна — схлусіла,
А я — стары? Але ж любоў сама
У летуценнях толькі мае сілу.
Не любіць старасць пералічваць дні,
А недахопы топіць у хлусні.
