Найдаражэйшы бачу скарб цудоўны.
Няхай гавораць, што смуглявасць шчок
Не створана для палкага кахання.
Глынуўшы моўчкі пры людзях папрок,
Я з ім адзін спрачаюся дазвання.
Клянуся я з адданасцю усёй
І уздыханнем клятву падмацую,
Што са сваёй смуглявай пекнатой
Ты прыгажэй за ўсякую другую.
Ты не смуглявасцю чарней за ўсіх —
Чарней душою і у дзеях злых.
132
Люблю я вочы чорныя твае,
У іх, спачуццем да мяне, жалоба.
І хоць спакою ў сэрцы не стае,
Яно развеяць смутак мой магло бы.
Ні сонца яснае на ўсходзе дня,
Ні на заходзе зорка Мілавіца —
Табе і напалову не раўня,
Калі жалоба ў вочах прамяніцца.
О, каб ты сэрца апрануць магла
Такім пакровам смутку і самоты
І каб спагадай да мяне была
Уся твая цудоўная істота!
Пакляўся б я, што хараство ўсё — чорна,
Няма нідзе красы з тваёю роўнай!
133
Я праклінаю сэрца, што нясе
Для нашых сэрцаў смутак нечуваны.
Ці ж не здаволілі цябе усе
Мае пакуты і цяжкія раны?
Мяне забраўшы ў самаго сябе,
Твае бязлітасна караюць вочы.
Калі ж і друга страціў, і цябе, -
Дык, значыцца, я пакараны тройчы.
З якім я горам толькі не знаём!
Тваё імя мне стала як вязніца.
Дазволь для друга быць вартаўніком,
Калі пры мне стаіш ты вартаўніцай.
Не згодзішся ты з думкаю такой!
І так я твой, а ўсё маё — са мной!
134
Згаджаюся, што друг мой стаў тваім,
А я цяпер — як твой падданы быццам
Яго жаданне — я ж існую ў ім! -
Каб ад цябе як-небудзь адлучыцца.
Не згодна ты, і ён, прызнацца, не:
Ты сквапная, а ён сумленны надта.
Ён — падпісаўшы вэксаль за мяне,
А ты — ліхвярскай прагнасцю абнята.
Цяпер цябе цікавіць не заклад,
Сама не ведаеш, чаго б там болей!
Я перад другам вельмі вінават, -
Цераз мяне ён трапіў у няволю.
Над намі ўлада поўная твая:
Ў няволі ён, без волі з ім і я.
135
