143
Ты толькі глянь, як гаспадыня-маці,
Дзіця ссадзіўшы, ловіць певунка.
Уся яе увага на курчаці,
Паветра мацае ўвесь час рука.
Зірні, як плача беднае дзіцятка
Па той, што занята зусім другім.
Увесь свой спрыт і сілу без астатку
Яна кладзе у паляванні тым.
І ты за тым імкнешся, што ўцякае,
А я, малое, следам па зямлі.
Вярніся ж да таго, хто так чакае,
І пацалуй, як маці, прытулі.
Як толькі здзейсніш ты свае жаданні,
Тады і мне лягчэй на сэрцы стане.
144
На радасць мне і на пакуту мне
Ва мне жывуць адразу два каханні.
Адно — кабеціна, за ноч цямней,
Другое — друг у ангельскім убранні.
Каб месца даць у пекле мне хутчэй,
Дык ангела ўсё спакушае д'ябал:
Імкнецца аддаліць з маіх вачэй,
Змусціць яго агнём сваіх паглядаў.
Не знаю, хто каго адолеў там,
Але не ангел, мабыць, як здаецца.
Пайшлі, пасябраваўшы, бачыў сам,
Дык ангел трапіў пэўна ў тое месца.
Ці так, ці не — дазнаемся ў той час,
Калі ён з пекла вернецца да нас.
145
Я ненавіджу! — з вуснаў тых,
Якія створаны каханнем,
Пачуў збянтэжаны мой слых,
Калі знябыўся я дазвання.
Мая каханая тады
Язык адразу прыкусіла,
Бо ён дагэтуль заўсягды
Насіў прыемнасці ад мілай.
Як светлы дзень зганяе змрок,
Нібы якога злога духа,
Маёй каханай язычок
Маю скрышыў адразу скруху.
«Я ненавіджу!» — чую. Ўраз
За тым шчаслівае: «Не вас!»
146
Душа мая, зямлі ўсёй асяродак,
Чаму прыгон ты церпіш над сабой?
На афарбоўку сцен не шкода сродак,
А што за той фарбованай сцяной?
Чаму на свой прытулак тымчасовы
І не трывалы траціш многа так?
Збіраеш спадчыну ты адмыслова,
Каб больш здабычы меў сляпы чарвяк?!
Узбагачай, душа, сваю скарбніцу, -
Для дзён наступных застанецца скарб,
Хоць з панадворку будзе менш ільсніцца
Нікому не патрэбных, танных фарб.
Тады над смерцю станеш гаспадыняй,
Яе ўся ўлада над жыццём загіне.
