147

Хварэю я. Хвароба ўся — любоў.

Неўтаймаванай смагай паліць сэрца.

Атруты раз пакаштаваўшы, зноў

Яе шукае, п'е і не нап'ецца.

Лячыў хваробу доктар — розум мой, -

Цяпер адмовіўся, бо так і варта:

Якія б лекі ён ні радзіў ёй,

Прымаць іх не згаджаецца упарта.

Як непрытомны я ў такой бядзе,

Без розуму, нібыта утрапёны.

Бадзяюцца і словы абы-дзе,

Ад іх і думкі — ў розныя староны.

Кажу, напрыклад, ты — святло для воч,

А сапраўды — пякельніца, як ноч.

148

Якія вочы мне дало каханне,

Як праўду блытае з хлуснёй пагляд!

Ці, можа, розуму прыйшло згасанне

І ён у блытаніне вінават?

Калі ўсё добра, што ім даспадобы,

Чаму ж не згодны свет і людзі з тым?

А калі не, дык ці не лепш было бы

Прызнаць, што праўды ў іх няма зусім?

І што б сказалі вочы аб прыгожым,

Калі сляза бяссоння крые зрок?

Нам сонца нават пасвяціць не можа,

Калі на небе покрыва з аблок.

Любоў сумысля слёзы шле на вочы:

Схаваць за імі ўсе заганы хоча.

149

Як можаш ты, гарэзніца, сказаць,

Што я цябе нібыта не люблю,

Калі з табой выходжу ваяваць

Я на істоту ўласную сваю?

Ці сябраваў я з ворагам тваім?

Ці заляцаўся да тваіх ліхіх?

Калі ж глядзела поглядам благім,

Ці не сустрэў яго мой сціплы ўздых?

Ці ёсць што-небудзь вартае ў мяне,

Чаго б да ног тваіх я не сіхіліў?

Як твой загад з-пад веек мільгане,

Хіба яго не выканаў калі?

Твая варожасць сведчыць аб адным:

Відушчых любіш ты, я ж стаў сляпым.

150

Дзе ты такую ўладу набыла,

Каб панаваць — бяссільная — над сілай,

Хлусіць, што дзень прыгож не ад святла,

Хлусіць на ісціну мяне схіліла?

Якім прымусам ты ўтлуміла мне

Дабром лічыць зло ўсё тваёй істоты,

І так, што грэх цяпер мне прыямней,

Чым самая прываблівая цнота?

Цяпер за тое ўсё цябе люблю,

За што б напэўна мусіў ненавідзець.

Калі зняважыць хто любоў маю,

Дык з ім мяне ты не павінна крыўдзіць.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату