У дальні край, пад засцілаю ночы,

Цябе шукаючы, лятуць яны.

Хоць бачу тое, што сляпога вочы,

Але мяне мае мінаюць сны.

Да дарагога ўсюды ёсць дарога,

Рысуе мне замілавання зрок

Твой дзіўны вобраз хараства такога,

Перад якім зіхціць вясёлкай змрок.

Не маю я спакою праз каханне,

Хоць прыйдзе ноч, хоць раніца устане.

28

Ды як жа мне сваёй пазбыцца стомы,

Калі няма патолі мне нідзе?

За мною скруха сцежкаю знаёмай

Праз ноч у дзень, праз дзень у ноч ідзе.

Між днём і ноччу непрыязні многа,

Але і дружбы ў іх бывае шмат,

Калі нясуць мне смутак, і трывогу,

І успаміны незваротных страт.

Каб ублагаць і улагодзіць золак,

Кажу, што ты зіхціш яго красой.

Калі няма у ночы ясных зорак,

Кажу, што ты святліш яе сабой.

Але штодня цяжэй мая пакута,

Але штоночна мой гарчэе смутак.

29

Зняслаўлены людской няпраўдай, лёсам,

У неба шлю я смутак горкі мой.

Але мой лямант не скране нябёсы

З іх абыякасцю, да слёз глухой.

Бывае зайздрасць горш самога ката,

На ўласны скарб забыцца з ёй гатоў.

Зайздрошчу ўсім, надзеямі багатым,

На таленты шчаслівым, на сяброў.

Калі ж цябе, у той хвіліне самай,

Згадаю я, дык стану ўраз другім.

Нібы жаўрук перад нябеснай брамай,

Мая душа табе спявае гімн.

За успаміны пра тваю любоў

Не ўзяў бы я багацці каралёў.

30

Калі на суд маўклівых, горных дум

Я выклікаю дзён мінулых дзеі,

Мяне пякельны агартае сум

Па ўсім, што страцілі мае надзеі.

З маіх вачэй бягуць патокі слёз

За ўсіх, аддадзеных сырой магіле.

Шукаю тых, што ўзяў дачасна лёс,

Што я любіў і што мяне любілі.

Рахунак праглядаючы даўгі,

Жахаюся над ім ад кожнай страты.

І зноў плачу, нібыта за даўгі,

За тое ўсё, за што даваў я плату.

Цябе ж згадаўшы, думаю: «Ізноў

Утраты ўсе ў табе адной знайшоў!»

31

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату