А сэрцы тых, забраны што нябытам,

Я чую ў сэрцы і ў грудзях тваіх.

Тваё аблічча дзіўнае спавіта

Святлом вачэй і водзіркамі іх.

Я горка плакаў на магільных плітах

Па тых усіх, чый дзень дачасна згас.

Цяпер яны прыйшлі ізноў, нібыта

На час кароткі пакідалі нас.

Як бы на схоў яны табою ўзяты,

Для сэрца мілыя, любімыя усе.

І кожны з іх, замілавання варты,

Майго кахання частачку нясе.

Як адлюстровак мною ўсіх любімых,

Ты нада мной пануеш разам з імі.

32

Калі навекі лягу я ў труне,

А смерць мае засыпле прахам косці,

Згадаеш ты як-небудзь пра мяне

І пачытаеш з кнігі гэтай штосьці.

Паэтаў новых, здольных прыйдзе шмат,

Званчэй іх рыфмы будуць незраўнана.

А ўсё ж тваёй я буду ўвагі варт, -

Цябе любіў сардэчна і аддана.

Скажы ўсім ім: «Калі б мой друг не згас

І за жыццём пазнаў бы ліха меней,

Не горш бы ён тварыў за многіх вас,

Не горшым быў бы ў вашым пакаленні.

Шаную вас за гучнасць вашых слоў,

Яго люблю за шчырую любоў».

33

Я неаднойчы бачыў, як світанне,

Пацалаваўшы верхавіны гор,

Шле пазлацістае сваё вітанне

Лугам зялёным, на блакіт азёр.

Я і такое бачыў, як раптоўна,

Аддаўшыся самохаць волі хмар,

Ішоў на захад уладар чароўны,

Схаваўшы сплямлены, як катам, твар.

Так і маё ўзыходзіла свяціла,

Пазалаціўшы мой шчаслівы час.

Так і маё нядоўга мне свяціла,

З ім час шчаслівага кахання згас.

Калі на небе сонца мае плямы,

Чаму ж не быць ім у зямных таксама?

34

Ты мне цудоўны дзень дакляравала,

Каб без плашча ў дарогу я пайшоў.

І ты ж дазволіла, каб хмар навала

Мяне дагнала, твой зацьміўшы схоў.

І што з таго, што дождж утаймаваны,

Табой абсушан збіты бурай твар?

Ці ж то бальзам, што звонку гоіць раны,

А ў асяродку не спыняе жар?

Твая спагада не ўтаймуе сэрца,

Ад смутку зелля мне не прынясе.

Ўсё той жа крыж пакуты застанецца,

А ў сэрцы крыўды застануцца ўсе.

Але ты плачаш. Перлы шчырых слёз

На выкуп крыўд усіх мне лёс прынёс.

35

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату