39
Як я праслаўлю вартасці твае,
Калі адна істота мы з табою,
І пахвала для часткі аднае
Прыдацца можа самапахвальбою?
Нам паасобна трэба жыць затым,
Не называць адзінствам дружбу нашу.
Тады, ў разлуцы, будзе ўсё тваім,
Што пра цябе мая любоў ні скажа.
Гарчэй за ўсё, разлука, ты ў жыцці!
Але даюць лятункі нам збавенне,
Каб асалоду мы маглі знайсці
І ашукаць самотныя імгненні.
Разлука надвая нам дзеліць сэрца,
Каб лепш хваліць таго, хто застаецца.
40
Вазьмі любоў, любімы мой, вазьмі!
Ці будзеш толькі, ўзяўшы, багацей?
Любоў, мой любы, знаная людзьмі,
Твая і так уся была раней.
Калі любоў, любімы, ўся твая,
Ці вінавачу я цябе на тым?
Дакор адзін, мой любы, маю я,
Што пагардзіў каханнем ты маім.
Цудоўны злодзей! Грэх дарую твой,
І нават той, што скрыўдзіў жабрака.
Але любові крыўды, любы мой,
Для нас цяжэй, чым ворага рука.
Любоў маю прашу я аб адным:
— Забі, ды ворагам не будзь маім!
41
Калі мне ў сэрцы месца не стае,
А захапленне змусту прынясе, -
І маладосць і прыгажосць твае
Даруюць дробныя пахібы ўсе.
Спакуса ходзіць за табою ўслед,
За пекнатой прываблівай тваёй.
А перад ласкай змуслівых кабет
Устоіць сын кабеціны якой?
Але, на жаль, юнацкі твой запал,
Але, на жаль, юнацкі твой імпэт
Прыязні нашай літасці не даў,
А двойчы пакрышыў яе ушчэнт:
Запляміў здрадаю душу сваю
І спадабанку спакусіў маю.
42
Мой жаль не ў тым, што ты уладаеш ёй, -
Хоць я, прызнацца, сам люблю яе, -
А што яна ўладарыць над табой,
Разбіўшы нас, вось гэта жаль дае!
Я ўсё ж, гарэзнікі, прабачу вас:
Яе ты любіш, бо любіў мяне,
Яна ж, праводзячы з табою час,
Выказвае замілаванне мне.
Яе губляю — ты знаходцы рад,
Цябе — дарунак для яе такі ж.
А сам, пасля маіх падвойных страт,
Я змушаны падняць нялёгкі крыж.
