Ты не сумуй! Усюды хібы ёсць:
На ружах дзіды, твань на дне крыніцы,
Чарвяк нікчэмны блоціць прыгажосць,
А сонца ценем месяца зацьміцца.
Ўсе памыляюцца. І я не мепш,
Даруючы табе грахі цяжкія.
Я грэшны сам, і грэшны гэты верш,
Калі не бачыць хібы ён такія.
Цябе я вінавачу на судзе
І на судзе ж цябе абараняю.
Куды любоў і ненавісць вядзе:
Я сам з сабой вайну распачынаю!
Ты абакраў мяне, цудоўны злодзей,
А я цяпер прашу цябе аб згодзе!
36
Хоць мы ўдваіх з табой дасюль былі,
Адна істота мы ў сваім каханні.
Калі дакор нам выслізне калі, -
Няхай да аднаго мяне прыстане.
Такая доля суджана для нас:
Бягуць асобна нашы каляіны.
Нас пазбаўляе асалоды час,
Крадзе ў кахання светлыя хвіліны.
Не разумею, ў чым мая віна,
Чаму любоў хаваць я мушу ў сэрцы?
І ты, каб ганьбу не пазнаць да дна,
Са мной не можаш пры людзях сустрэцца.
Хай так і будзе! Гонар чысты твой,
Як і любоў, - ён разам з тым і мой!
37
Старым бацькам уцеху сын дае,
Упэўненасць дае ў юнацкай сіле.
Так і мяне ўсе вартасці твае
На схіле дзён нібы уваскрасілі.
Твой розум ясны, слава, прыгажосць,
Здароўе, род славуты старадаўні —
Усё найлепшае, ў табе што ёсць,
Перадаецца мне з замілаваннем.
Больш не кульгавы, не самотны я,
З тваіх дарункаў моц ізноў я чую,
А прамяністасць чыстая твая
Маленькай частачкай мяне сілкуе.
Чаго б табе ні пажадаў цяпер, -
Усё найлепшае ёсць у цябе!
38
Што можа быць для музы цікавейшым.
Калі натхнення столькі ты даеш?
Твой вобраз варты, каб пяром найлепшым
Яму у гонар быў напісан верш.
Калі сустрэнеш добрае што ў творы,
Сабе самому і падзякуй ты,
Бо толькі той, хто змалку не гаворыць,
Тваёй не будзе славіць пекнаты.
Дзесятай музай будзь, разоў у дзесяць
За тыя лепш, што любяць рыфмачы,
Каб твой паклоннік мог такое здзейсніць,
Што памагло б нябыт перамагчы.
Наступны час па праву дасць нам славу:
За працу мне, табе за ўзлёт яскравы.
