Я i сам, ужо без цiкавасцi, гэтак жа дзяжурна адказаў:

- Ды так... Жыву...

Зноў памiж намi насцярожылася цiшыня.

Вось як бывае: непрыемная гаворка, непрыемнае маўчанне, гады падзяляюць людзей, аддаляюць iх, робяць непатрэбнымi адзiн аднаму. (Ёсць, на шчасце, i прыемныя выключэннi.)

Зноў праз Толiкаву губу вывальваецца пытанне:

- Ну а працуеш ты дзе?..

Пытанне было зададзена, i я мусiў адказаць:

- Я - маёр мiлiцыi...

Божа мiлы! Што зрабiлася з Толiкам! Чалавек iмгненна перамянiўся крутнуўся да мяне, ледзь сядзенне не выкруцiў. Куды дзелася ганарыстасць i фанабэрыстасць?! Вочы яго заззялi, прыемная ўсмешка ўпрыгожыла твар, вусны не спынялiся нi на хвiлiну.

- Слухай, Сярога! Давай сустракацца! Вось мой адрас, мой тэлефон! Трэба па сто грам зрабiць! Якая сустрэча! Мы ж былi сябрамi!..

Усё гэта паходзiла на анекдот, на сатырычнае кiно, не верылася, што ўсё гэта я раптоўна ўбачыў у жыццi, побач з сабой. Здзiўляюся, навошта насiць у сабе такi хлам, такi непатрэбны цяжар - другога, штучна створанага, адмоўнага чалавека?

Гэта ж так проста i лёгка - заставацца самiм сабой.

ШЧАСЦЕ

Складанае гэта паняцце - шчасце.

Да яго ставяцца даволi легкадумна i карыстаюцца iм налева i направа.

Часта можна пачуць:

- Я шчаслiвы чалавек!

Безадказная i бяздумная заява.

Такое можа сказаць толькi дзiця, акружанае дабрабытам i бацькоўскай ласкай.

Толькi дзецi, пры наяўнасцi неабходных умоў, могуць адчуваць тое, што завецца поўным шчасцем.

Ды i iх крохкае шчасце засмучаецца дзiцячымi перажываннямi i шчырымi слязьмi, нават ад страты любiмай цацкi.

Дарослы чалавек, з нармальным светаўспрыманнем, хаця i не перажыўшы асабiстай нейкай трагедыi i гора, не назаве сябе шчаслiвым, бо iнфармацыйны цiск з усiх бакоў такi моцны i жорсткi, што шчаслiвым, у поўным сэнсе гэтага слова, можа лiчыць сябе толькi сляпы, глухi i з каменным сэрцам чалавек.

Хiба ж можа чалавек, пахаваўшы сваiх бацькоў, некага з родных цi блiзкiх сяброў, а калi i не пахаваўшы, то назiраючы кожны дзень па тэлевiзары, як лiецца кроў, сказаць:

- Я шчаслiвы!

Чалавек з узростам апускаецца ўсё глыбей i глыбей у перажытае i словам 'шчасце' можа карыстацца толькi па нейкаму выпадку:

- Я шчаслiвы тым, што выйшла ў свет мая кнiга...

- Я шчаслiвы тым, што магу быць з вамi...

- Якое шчасце, што бяда абмiнула ваш дом...

Гэтымi шчаслiвымi выпадкамi-iмгненнямi трэба вельмi даражыць, як i словам 'шчасце'.

ЛЮБОЎ

Iдзе дыскусiя. Спрачаюцца сацыёлагi, сексапатолагi, псiхолагi i iншыя шматлiкiя 'олагi' i 'ёлагi'. Адны даказваюць, што неабходна расказваць дзецям з малога ўзросту, адкуль бяруцца такiя ж, як яны, дзецi i як яны 'робяцца', iнакш гэта растлумачыць 'вулiца'.

Другiя настойваюць на тым, што прыйдзе ўсё само сабой.

А трэцiя... А трэцiх не заўважаюць, iх нiбы не iснуе. А яны, гэтыя трэцiя, пераканаўча i даволi натуральна, кожны дзень з экранаў кiно i тэлевiзараў дэманструюць 'любоў'. Сёння 'гэта' завецца любоўю. Слова 'любоў' i паняцце любовi страцiла свой першапачатковы чысты, незямны сэнс...

Прылiпне першакласнiк да тэлевiзара i засвойвае ўрок, што 'заняцца любоўю' - значыць легчы ў пасцель з першым сустрэчным, што 'трахнуцца' - гэта зноў жа 'любоў'. У моладзi i падлеткаў самае папулярнае i моднае слова 'трахнуцца'. Чаму дзiвiцца, яно штодня злятае з экранаў, яно стала афiцыйным у 'культурным' лексiконе.

Уся гэта тэлевiдэаiнфармацыя ў спалучэннi з нашымi 'дасягненнямi' ў галiне агульнай культуры - спрыяльная глеба для росту бездухоўнасцi моладзi.

Не, не трэба дзецям агулам растлумачваць, адкуль бяруцца дзецi. Ды i не агулам весцi такую гаворку вельмi не проста.

У кожнай сям'i свая атмасфера даверу цi недаверу памiж бацькамi i дзецьмi. Цi ж можа п'яны бацька агiтаваць сына за цвярозы лад жыцця? Цi пабудавала сям'я той маральны падмурак, апiраючыся на якi, бацькi маюць права ўводзiць дзяцей у iнтымны свет узаемаадносiн памiж жанчынай i мужчынам?

Ды i як будуць выглядаць у вачах сваiх дзяцей нават самыя адукаваныя i звышмаральна ўстойлiвыя бацькi, якiя пачнуць 'раскрываць' дзецям вочы, а тыя ўжо неаднаразова бачылi ў сяброў па вiдзiку дэталёва гэту 'любоў'.

Некаторым бацькам i не снiлася тое, што ведаюць iх дзецi...

Сексуальная рэвалюцыя адбылася. I, як кожная рэвалюцыя, яна прынесла з сабой у лёс грамадства разруху, разбурэнне асноўных каштоўнасцяў жыцця. Разбуранымi аказалiся i душы дзяцей, падлеткаў, моладзi.

Вушы вянуць, калi даводзiцца праходзiць мiма падлеткаў, сярод якiх i дзяўчынкi. Але гэта толькi бачная частка айсберга...

Нiбы ўчора было i маё юнацтва. Сёння гэта здаецца дзiўным, але светлыя юнацкiя мары гарманiчна спалучалiся з паводзiнамi, з адносiнамi да дзяўчат. А што ўжо казаць пра адносiны да той адзiнай, якая падабалася? Можаце лiчыць мяне пячорным чалавекам, але, рыхтуючыся праводзiць з вечарынкi сваю абраную, я збiраўся расказаць ёй пра стан сваёй душы словамi розных песень. Баяўся, што не хопiць мужнасцi звычайнымi словамi сказаць ёй пра свае пачуццi, таму перабiраў у галаве ўсе песнi пра каханне, якiя i спяваў ёй на працягу ўсёй няблiзкай дарогi да яе вёскi. Нават баяўся ўзяць пад руку, каб не паказацца ёй нахабным. Вяртаючыся дамоў, адчуваў крылы за спiнай, душу перапаўняла святло нязведаных пачуццяў i прадчуванне хвалюючых таямнiц жыцця. Зноў жа спяваў, цяпер на ўсё горла, бо не спяваць было немагчыма.

Упэўнены, што i нашы бацькi, i амаль усе больш далёкiя продкi iшлi да вяршынi кахання дарогай светлых пачуццяў.

I дзiўная рэч - нiхто iм у маленстве не расказваў i не паказваў, адкуль бяруцца дзецi, а мы з'явiлiся на свет Божы.

Малайцы, продкi, - дадумалiся неяк самi!..

Ад вулiцы, ад тэлебачання i ад завугольных 'настаўнiкаў' сёння, на жаль, не ўратаваць дзяцей i моладзь. Марная праца тлумачыць iм, што i адкуль. Неабходна другое.

Трэба на фоне здаровага сямейнага ладу неназойлiва, на канкрэтных або абстрактных прыкладах паказваць, да чаго прыводзяць тыя цi iншыя паводзiны. Трэба закрануць душу дзiцяцi цi падлетка неабсяжнасцю i прыгажосцю жыццёвай перспектывы i пераканаць у тым, што ўсяму свой час.

Нават забаронены плод не будзе смачным, калi сарваць яго не ў пару.

МАЛА ЗАСТАЛОСЯ

Рашыў вялiкi начальнiк спусцiцца з вышынi сваёй пасады i праехаць па вёсках - крыху 'абнародзiцца'.

Едзе ён мiж хiсткiх платоў i дзiравых стрэхаў, назiрае з машыны праз высокi быльнёг за хлiпкiм жыццём сваiх падданых, зяхае.

Раптам бачыць ля плота старую бабулю, якая рве крапiву i пiхае яе ў кошык.

- Спынiся! - загадаў шафёру. - Трэба з людзьмi сустрэцца, выслухаць iх.

- Здарова, мацi-гаспадыня! - i начальнiк працягнуў пухлую руку старой.

Тая нясмела падала сваю перакручаную працай даланю.

- Дзякуй Богу, мацуюся!.. А чый будзеш, дзiцятка? - пацiкавiлася бабуля.

- Я ... (i начальнiк назваў сваю пасаду).

Старая выхапiла сваю даланю з пухлай рукi i спужана пачала яе выцiраць аб прыпол сукенкi.

- Ой, прабачце, я ж, старая-дурная, не прызнала i сунула вам сваю мурзатую руку! Яшчэ раз прабачце!..

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату