надта ўдала абставіны склаліся — вартаўнік захварэў, грошы засталіся.

— Думаеш, быў наводчык?

— Надта гэта складана з наводчыкам, быццам спецыяльна пільнавалі выпадак, — раздумліва адказаў Корзун. — Тут тады цэлая шайка павінна дзейнічаць. Адзін жыве ў вас, ён выпадкова даведваецца пра грошы, паведамляе сваім хаўруснікам, якія дзесьці ў іншай вёсцы або нават у райцэнтры. А тыя нібы гэтага толькі і чакалі: прымчаліся, зрабілі сваю справу і зніклі. Вельмі ўжо арганізавана выглядае.

— Але за свой участак я ручаюся.

— Вам відней, Раман Фаміч. Хаця праверыць усё роўна варта. Дзіўна было б, каб свой не быў тут замешаны. Гэта адно. І другое. Будзем лічыць, што зладзеі залётныя. Прыехалі і паехалі. Трэба пагаварыць з людзьмі — ці не бачыў хто? І сувяззю пацікавімся, спытаем на пошце, ці не званіў хто…

— Хіба па міжгароднім, — з сумненнем заўважыў Савачкін. — А калі ўнутры раёна, то на кожнай ферме, у кожнай брыгадзе тэлефон ёсць. Звані — хто хочаш.

— Паспрабуем высветліць і гэта.

— Значыць, пачнём з першага пункта? — спытаў участковы, занепакоена разгладжваючы паперу, на якой паспеў ужо запісаць Корзунавы меркаванні.

Корзун сам сабе пасміхнуўся. Каб Савачкіну даручылі самастойна разблытваць пакражу, ён наўрад ці думаў бы пра план следства і тым больш не прыкідваў бы на паперы свае дзеянні. Яму гэта не патрэбна. Ён свае лейтэнанцкія пагоны заслужыў, кожны раз даходзячы да ісціны па-свойму, сваім розумам. І цяпер, каб быў адзін, напэўна, зашпіліў бы планшэтку, глыбей насунуў бы на галаву цеснаватую, выцвілую пад сонцам і дажджом форменную фуражку і пайшоў бы па вёсцы, спыняючыся то з адным, то з другім калгаснікам, няспешна вёў бы звычайную між знаёмых гаворку і сярод будзённых слоў непрыкметна знаходзіў бы тыя, што былі яму патрэбныя. Пры следчым з райаддзела ён губляўся, стараўся падладзіцца пад нязвыклую яму манеру расследавання. Гэта выглядала трохі наіўна, але менавіта гэта больш за ўсё і спадабалася Корзуну.

— План, Раман Фаміч, мы напішам. А цяпер давайце вашы меркаванні, падумаем над імі,— сказаў Корзун, каб даць участковаму магчымасць працаваць самастойна.

— І то, — адразу падбадзёрыўся Савачкін. — Варта было б з работнікамі бухгалтэрыі пагаварыць, — ён памуляўся, падбіраючы словы, — афіцыйна, з пратаколам. А то я іх так, збольшага папытаў.— Корзун згодна кіўнуў галавой. — Гэта я сам зраблю, — працягваў Савачкін, — а на тваю долю — ферма. Жывёлаводы рана ўстаюць. Пагавары з загадчыцай на комплексе, яна раней за даярак на працу прыходзіць.

II

Жывёлагадоўчы гарадок, або, як яго тут называлі, комплекс, быў на ўскраіне вёскі, паблізу ад шашы. Сучасны кароўнік, сянажныя вежы, фуражныя склады. Загадчыцу Корзун знайшоў хутка. Яна сядзела ў сваім маленькім чысценькім пакойчыку і нешта падсумоўвала на лічыльніках. Відаць, была не надта спрактыкаваным рахункаводам, бо асцярожна, як баючыся, перасоўвала па прутках па адным жоўценькія і чорненькія кружочкі.

— Вы Марыя Апылінская? — няўпэўнена спытаў Корзун. Дзяўчыне было гадоў дзевятнаццаць- дваццаць, для загадчыцы такой фермы, на яго думку, малавата.

— А то хто ж? — уздыхнула яна. Аднак, глянуўшы на Корзуна, ажывілася: — Што гэта я вам спатрэбілася?

— От шукаю, хто мала спіць, — ён пасунуў парожні бітон і сеў на лаўку.

— Тады правільна. Гэта — я. У чатыры ўстаю, у дваццаць чатыры кладуся.

— Хто рана ўстае… — хацеў пажартаваць Корзун.

— Таму заўсёды спаць хочацца, — перабіла дзяўчына. — Дык што вам?

— Грошы ў канторы ўкралі. Чулі?

— Ну і што? Я далёка ад канторы жыву. Вунь там, — паказала яна на завешанае белай фіранкай акенца.

— Гэта нават лепш, — сказаў лейтэнант. — Значыць, вы ў чатыры ішлі на працу?

— Не, а пятай. У чатыры я ўстаю.

— Вы нікога не сустрэлі?

— Каб то, — яна аж сцепанулася, — такая цемра, цішыня.

Корзун уявіў, як дзяўчына таропка бяжыць спачатку па соннай вуліцы, потым недзе ў правулку збочвае на гароды, і ўвесь час, баючыся азірнуцца, чуйна прыслухоўваецца да кожнага шоргату за спіной. Яна, напэўна, і выбірала сабе дарогу цераз поле, бо там няма ні дрэў, ні платоў, за якімі ёй уяўляліся прывіды.

— І сёння нікога не бачылі? — спытаў ён, шчыра спачуваючы дзяўчыне.

— Адкуль? Соннае царства.

Корзун не вельмі спадзяваўся, што Марыя Апылінская выведзе яго на след. Аднак адказ расчараваў — яна ж была б, можа, адзінай сведкай.

— І машыны не хадзілі?

— Быў нейкі грузавік, здаецца. Я якраз з хаты выйшла. На Комсенічы памчаўся.

— Так ужо і памчаўся? — Корзун перапытаў наўмысля.

— Як шалёны, — цвёрда запэўніла дзяўчына. — Стаяў-стаяў, а потым як ірване. Дзіва што, позна было.

— Скажыце — рана, — паправіў Корзун. — А вы ўпэўнены, што грузавік стаяў, бачылі?

— Не бачыла. Дзе там убачыш. Цемра. Толькі спачатку было ціха. Як звычайна ўначы: у Комсенічах сабака забрэша — у нас чутно. І раптам матор як газане.

Корзун у думках пасміхнуўся. Дарога была не з бойкіх, як кажуць, мясцовага значэння, звязвала некалькі сельсаветаў і выходзіла на абласную магістраль, якраз у напрамку Комсеніч. Праўда, той факт, што па ёй а пятай гадзіне ночы прайшла машына, яшчэ ні пра што не сведчыў. Кожны шафёр выбірае час, зыходзячы са сваёй патрэбы. Вось толькі спыняцца яму не варта было б. Гэта ўжо выклікае падазрэнне. Зірнуўшы на бледны, стомлены Марыін твар, нібы просячы прабачэння, Корзун сказаў:

— Я задам вам яшчэ некалькі пытанняў. Значыць, вы нікога не сустрэлі.

— Я ўжо казала…

— Так-так, — пацвердзіў Корзун. — Я не гэта меў на ўвазе. Я хацеў спытаць, ці ўсе ў вёсцы спалі, як вы ішлі на ферму. Можа, у каго гарэла святло?

— Толькі ў Купскіх. Але і яны, як я параўнялася з іх хатай, патушылі. Ганне на працу пазней. Яна — свінарка.

— А муж? — нагадаў Корзун. — Муж часам не ў жывёлагадоўлі працуе?

Апылінская павагалася: гаварыць ці не пра гэта чужому чалавеку, але ўсё-такі рашыла расказаць.

— Як бутэльку ўбачыць, усё забудзе. Кожны дзень п'е.

Больш Апылінская, бадай, нічога патрэбнага яму сказаць не магла, і Корзун прапанаваў:

— Вы дадому? Пойдзем разам, пакажыце мне хату Купскіх.

— Што вы! А работа?.. — усміхнулася Марыя.

— Тады жадаю не мець нястачы, — пажартаваў Корзун і развітаўся.

Дом Купскіх быў не стары, але недагледжаны. Плот пахіліўся, левая фортка ў варотах вісела на адным круку, ніжняя прыступка на ганку падгніла і перакасілася. Корзун падумаў, што Марыя сказала праўду пра Купскага. За гаспадаром-п'яніцам парадку не будзе.

— Вам каго?

Голас данёсся з хлеўчука, які быў побач з хатай. А следам выглянула і жанчына.

— Калі вы Ганна Купская, то вас.

Яна выйшла, на хаду выціраючы рукі. Здзіўлена агледзела лейтэнанта міліцыі, потым захінула паддзёўку і паправіла хустку.

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату