Савачкін акту, рашыў сам праверыць. Выклікаў загадчыка, папрасіў напісаць, што і як было. Потым запрасіў панятых, падышоў з імі да таго акенца, праз якое загадчык нібыта бачыў Ганну. Сам паглядзеў, панятым прапанаваў зірнуць. І выявілася: не мог загадчык бачыць, што рабіла Ганна. Не пацвердзілася абвінавачанне.

Вярнуў Савачкін акт у праўленне. Вось тады Шынкевіч і ўсхадзіўся.

— Шумнавата было, га, Раман Фаміч? — паспачуваў Корзун, выслухаўшы Савачкіна.

— А то не? Наш старшыня любіць, каб апошняе слова было за ім. У аддзеле, калі потым разбіралі гэты выпадак, нават падумвалі, ці не перавесці мяне на іншы ўчастак. Так і зрабілі б, каб у райкоме не запярэчылі. Сказалі, што такому старшыні тормаз не пашкодзіць. А Шынкевіч да гэтага часу помніць… Нішто, неяк кручуся. Думаў нават без сур'ёзных здарэнняў пражыць. Не ўдалося.

— Я чамусьці перакананы, што гэта залётныя зладзеі,— Корзун паклаў сваю руку на Савачкінаву.

— А хоць бы і так, — сказаў той. — Хіба ад гэтага што мяняецца? Я павінен быў звярнуць увагу калгаснага кіраўніцтва на дрэнны сейф, на слабую ахову.

— Любім мы, каб нас апякалі,— абурыўся Корзун. — Галоўны бухгалтар не дзіця, сам ведае, як і ў чым трымаць грошы. Так што не бярыце на сябе, Раман Фаміч, чужую віну. Давайце лепш прыкінем, што ў нас ёсць і чаго няма.

— Акрамя машын — нічога…

— Ну, пра машыны зараз аўтаінспекцыя клапоціцца. Я пазваніў Лапкову. Ён іх нам з-пад зямлі дастане, — Корзун падсунуў да сябе пратаколы і заметкі, якія зрабіў за дзень Савачкін. — Так-так, — загаварыў ён, гартаючы паперы, — нішто не сведчыць пакуль на карысць версіі з наводчыкам. Дапусцім, яго не было, прынамсі, у Даманах. Тады — як зладзеі даведаліся пра грошы? І што вартаўніка не будзе. Тут у нас з вамі, Раман Фаміч, самае слабое звяно.

— Ты не дапускаеш выпадковасці?

Корзун бачыў, што Савачкіну вельмі не хочацца блага думаць пра некага са сваіх аднавяскоўцаў. Зрэшты, і ў яго самога не было падстаў падазраваць каго-небудзь тут, у Даманах, як саўдзельнікаў крадзяжу. Аднак ён ужо меў некаторы вопыт у следчых справах і не верыў, што злачынства можа ўзнікнуць ні з таго ні з сяго. Тым не менш, каб не засмучаць участковага, адказаў:

— Наш абавязак — праверыць кожную магчымасць, якой бы непраўдападобнай яна нам ні здавалася.

Зазваніў тэлефон. Савачкін падхапіўся, пабег да апарата.

— Участковы Савачкін. Слухаю, капітан Лапкоў. У мяне. Даю, — ён працягнуў Корзуну трубку.

Корзун ведаў, што начальнік аўтаінспекцыі дарэмна званіць не будзе. Але і не хацеў паказаць Савачкіну, што з хваляваннем чакае гэтага званка. Таму павольна падняўся і няспешна падаўся да тэлефона.

— Лейтэнант Корзун. Лапкоў адразу паведаміў:

— Машыны не было.

— Сапраўды? — не паверыў Корзун.

— Правяралі свае, якія на хаду, пацікавіліся чужымі, якія знаходзяцца ў раёне.

— Вось гэта фінт, — прысвіснуў Корзун, — няўжо заезджая?

— Не магла, — Лапкоў гаварыў упэўнена, — за Комсенічамі, ля Пільніцы, у тры гадзіны аварыя здарылася. Абласная інспекцыя амаль да раніцы разбіралася. Не было машыны. Сведкі часам не хлусяць?

— Падобна, твае інспектары нешта ўпусцілі.

— Справы… — пасля паўзы сказаў Лапкоў і развітаўся.

— Неверагодна, — занепакоіўся Савачкін, здагадаўшыся, аб чым гаварыў начальнік ДАІ. — Лёўка Купскі яшчэ мог бы наплясці. А Апылінская…

Корзун паклаў трубку, сказаў:

— Была машына, была. А тое, што яе нельга знайсці, думаю, азначае толькі адно: нехта вельмі не хоча, каб ведалі, што яго машына сёння ўначы была каля Даманаў. Гэта для нас важны факт…

Прачнуўся Корзун а палове шостай. Спаў добра, нічога не сніў, як гэта з ім бывала звычайна пасля ўдалага дня. І раптам злавіў сябе на адчуванні, што няма ў ім яго колішняй упэўненасці. Лапкоў не такі прастак, яго вакол пальца не абвядзеш, і ён не будзе даваць беспадстаўныя звесткі. Значыць, прыйдзецца дакладваць начальству, што нічога яшчэ невядома і што ты, страціўшы цэлы дзень, усё яшчэ не ведаеш, у які бок кінуцца. Корзун уявіў, як Шарай, расцягваючы словы, пакашліваючы, з сумненнем будзе вымаўляць: «Што ты ўклёпаўся ў свае грузавікі! Можа, іх зусім не было, можа, гэта бура раптам наляцела. А можа, наадварот, яны сапраўды праехалі. Дык што?» І праўда, што?

Грукнулі дзверы. У пярэднім пакоі нехта асцярожна пратупаў да спальні, зашаргацеў брызентавым плашчом. Адсунулася занавеска, і Корзун убачыў Рамана Фаміча.

— Уставай, Антонавіч, у вёсцы рана ўстаюць, — пажартаваў той.

— Вы што, вартаўнікоў правяралі? — засмяяўся Корзун.

— Хай Шынкевіч іх сам правярае, — Савачкін прамовіў гэта сярдзіта: і ў ім жыла крыўда на старшыню. — Я на шашы быў, хацеў паглядзець, ці ёсць ноччу рух. З трох гадзін усяго адна машына прайшла, на райцэнтр. Некаму, відаць, была патрэба як найраней трапіць туды.

— Та-ак, — хаваючы няёмкасць, працягнуў Корзун. Гаспадар зрабіў тое, што павінен быў зрабіць ён сам. — Ваша магістраль не ўсесаюзнага значэння. Але і на ёй уначы рух бывае.

— Выпадак, — Савачкін адступіў у калідорчык, распранацца. — Сёння — адна, учора — ніводнай.

— І вы на бок Лапкова? — папракнуў Корзун, хаця толькі што сам сумняваўся ў сваіх вывадах. Скепсіс Савачкіна раптам выклікаў у ім жаданне паспрачацца. — Тут або — або. Калі не памылілася інспекцыя, злодзей жыве ў Даманах. І мы абодва ў гэта не верым. Хай Лапкоў паварушыцца.

Савачкін памаўчаў, даючы Корзуну ўстаць, апрануцца. Потым спытаў:

— Затрымаешся?

— Лепш паеду. Нашы меркаванні далажу асабіста. Як кажуць, калі-нікалі трэба з'яўляцца кіраўніцтву на вочы. І табе лягчэй, і начальства задаволена.

— А ўсё-такі, што дакладваць будзеш? — Савачкін не падтрымаў жарту.

— Добрага, як разумееце, нічога. Буду на Лапкова ціснуць. Грузавік — не цацка, у кішэні не схаваеш…

Дождж перастаў яшчэ ўчора ўдзень, а сёння з раніцы паказалася сонца — скупое і падманлівае. Рэзкі вецер глуха шумеў у голых галінах высокіх бяроз, што раслі на старых вясковых сядзібах, хіліў долу высаджаныя навасёламі ля сваіх хат маладыя ліпкі і клёнікі, пакрываў рабаціннем лужыны. Корзун наставіў каўнер шыняля і паскорыў крок — вецер, здавалася, пранізвае да касцей.

Аўтобусны прыпынак быў недалёка ад фермы. Корзун спыніўся ля слупа, на якім была прыбіта шыльда з белай літарай А, і агледзеўся. Калі верыць Марыі Апылінскай, прыкладна ў гэтым месцы спынялася тая машына. Ён павярнуўся да вёскі, пашукаў завулак, у якім жыла дзяўчына. Гэта было недалёка ад шашы, метраў трыста, хаця адсюль, з прыпынку, нават напрасткі, набіралася на поўны кіламетр. Уся загваздка ў тым, дзе на самай справе была тады машына. Насупраць Марыінай хаты ці, як яна запэўнівае, тут. Калі тут, то веры больш Купскаму, які жыве бліжэй да прыпынку. Корзун прыхінуўся да слупа, быццам хацеў схавацца ад ветру. Распырскваючы гразь, міма прамчаўся «ЗІЛ». Корзун прасачыў за ім. Грузавік хутка схаваўся за павароткай, а шум пасля яго быў чуцён яшчэ хвіліны дзве. «Гэта ўдзень, — падумаў Корзун, — а ўначы?.. Напэўна, сапраўды — аж з-пад Комсеніч».

З боку Бярозаўкі пад'ехаў аўтобус. Пасажыраў было нямнога, Корзун прыстроіўся на заднім сядзенні, побач з акном, і апусціў каўнер.

Пастаяўшы крыху, аўтобус зрушыў з месца.

Шаша агінала Даманы паўкругам, і Корзун яшчэ доўга бачыў вёску. Не адну, а дзве. Старыя Даманы, дзе пакуль што была калгасная кантора і дзе жылі яго сведкі, і новыя, якія пачалі будавацца гады два таму назад. Уласна, новая вёска больш падобная на гарадскі пасёлак, забудаваны двухпавярховымі цаглянымі дамамі. На ўзгорку, у самым цэнтры, абсаджаны маладымі дрэвамі, зіхацеў вялікімі вокнамі Палац культуры. А непадалёк узвышаліся сцены будучага універмага. Зручна будзе людзям жыць тут — усё побач, усё сучаснае.

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату