гэта вельмi многа: аж на дзесяць гадоў старэйшы! I я адмовiла яму. - Вольга ўздыхнула, паправiла пояс на сукенцы. - Аленачка, якая я была дурная! Цяпер ён - паважаны чалавек у раёне, усяго трыццаць пяць гадоў яму, а ўжо вялiкi начальнiк, усё мае: i сям'ю, i дзяцей, i з жонкаю добра жыве. А чаго дабiлася я? Жыву на кватэры, атрымлiваю мiзэр, каханага няма... А iсцi за абы-каго не хачу!
Яна крыху памаўчала, а потым дадала:
- Не верце вы Мiколу наконт кахання да мяне. У яго ўжо такое аднойчы было. Ён - фантазёр! Неяк у школе таксама пiсаў палымяныя пакутныя вершы, а мы ўсе так зайздросцiлi той, каму ён пiша!.. Аказалася - ён стварыў сабе вобраз дзяўчыны, якую хацеў сустрэць, а iмя i твар 'узяў напракат' у нашай прадаўшчыцы, што нейкi час працавала ў краме на практыцы! Рэальнага чалавека так кахаць немагчыма!..
Аленка расчаравана ўздыхнула.
- Кветкi я купiла сама, - усмiхнуўшыся, прашаптала яна. - Хацела пабачыць вас...
Вольга абняла яе i з тужлiваю ўсмешкаю прытулiла да сябе.
VI
Маруся Вайтовiч асцярожна прачынiла дзверы i зайшла ў кабiнет iнспектара па кадрах.
- Вы таксама з вышэйшай? - адразу запыталася пажылая, у строгiм дзелавым касцюме жанчына. - На станок, вучанiцай токара пойдзеце?
- Не! - адмовiлася Маруся. - Там шумна, бруд...
- Даражэнькая, - засмяялася iнспектар, - столькi iнжынераў скарацiлi! З рукамi-нагамi адрываюць любую працу, а вы носам круцiце! Вучанiцай маляра пойдзеце?
- Мазаiчнiцай! - папрасiлася Маруся. - Там хоць творчая работа...
- Трэба скончыць курсы...
- Згодна! - узрадавана ўсмiхнулася Маруся i пачала запаўняць картку.
Па-сапраўднаму шчаслiвая выбегла з кабiнета i сутыкнулася ў калiдоры з Дуброўскiм.
- I куды ж гэта так? - засмяяўся ён, прывiтаўшыся.
Калi даведаўся пра Марусiны справы, засмуцiў яе тым, што сказаў: мазаiчнiцаю цяжка куды ўладкавацца. I прапанаваў тэлефон адной фiрмы.
- Вы скажыце, што ад Дуброўскага, - усмiхнуўся ён, - i вас адразу, пасля курсаў, возьмуць на працу!
- Дзякую! - шчыра мовiла Маруся, i ёй стала сумна, што вось так нечакана развалiўся iх праектны аддзел: Зоська i Надзя Шэбан цяпер сядзяць дома, хатнiя гаспадынi. А Дуброўскi? Яна чула, быццам ён атрымаў у спадчыну маёнтак ад свайго прадзеда, стаў мiльянерам i цяпер узначальвае нейкую фiрму...
- Я падвязу вас, - прапанаваў Дуброўскi.
Маруся згадзiлася. Усю дарогу ехалi моўчкi - слухалi музыку. На развiтанне Дуброўскi ўсмiхнуўся i пацалаваў ёй руку...
Дома чакала шмат спраў, таму Маруся першым чынам вырашыла ўзяцца за ўборку кватэры. Учора прыходзiлi Iрэна з Аленкаю - цыравалi заплечнiкi, палаткi. Малявалi замак, князя Вiтаўта, Дарыну... Размаўлялi пра каханне... Маруся радавалася, што паход павядзе не Анатоль i што наогул ён ужо даўно выкраслены з яе жыцця...
Толькi ўзялася за справу - званок у дзверы. Адчынiла i застыла на парозе ад здзiўлення: перад ёю стаяў Анатоль, а за ягонай спiною - сарамлiвая, тоненькая, вастраносая Галя...
- Вось гэта сюрпрыз! - усмiхнулася Маруся. - Праходзь, Галя! А чаму гэта Анатоль з табою, на хвост садзiцца, у паход захацеў?
Яна насмешлiва агледзела яго з ног да галавы, запрасiла ў кватэру. Той адразу, па-свойску, усеўся на канапу, закiнуў нага за нагу i выпалiў:
- Курыцу ў цесце, антрыкот, залiўное! Усё гэта павiнна навучыцца гатаваць Галя, бо мы з ёю памiрылiся, вяселле - адразу пасля паходу. Навучы яе, калi ласка, Маруся, быць гаспадыняй!
Тая, аслупянеўшы, пазiрала на Галю, потым пастукала кулаком па сваiм iлбе:
- Во, у цябе, Галачка, макацёр не варыць! Ты ж сама ўпэўнiлася, што ён дэспат, што яму патрэбна проста баба, каб варыла-мыла, а ён па паходах будзе хадзiць! А цябе нiкуды не пусцiць!
- Ай, Маруся, - засмяялася Галя. - Гэта ён спачатку, а потым i дзяцей захоча, i ў паходы мяне браць стане...
- Чаму ты такая наiўная? - раззлавалася Маруся. - Калi чалавек табе адкрыта гаворыць аб сваiх патрабаваннях, чаму ты не верыш яму, а спадзяешся на нейкiя цуды? Ён жа табе канкрэтна сказаў: жанчыне месца на кухнi! Так, Анатоль?
- Ну! А як жа, - згадзiўся ён, - я заўсёды гавару праўду, навошта мне перад вяселлем прыкiдвацца адным, а потым станавiцца другiм. Я чалавек адкрыты, не вiляю, каб спадабацца. Да мужчыны трэба альбо прыстасоўвацца, альбо кiдаць!
- Вы ж такiя розныя, Галя! - узяла яе за плечы, глянула ў вочы Маруся. Людзi альбо падыходзяць адно аднаму, альбо не - сярэдзiны не бывае, Галя, вы ж не падыходзiце адно аднаму: у вас розныя iнтарэсы, патрабаванннi, погляды на жыццё! Ты хочаш, каб была турысцкая сям'я, а Анатоль хоча толькi сам удасканальвацца, хадзiць у паходы, рабiць кар'еру. Ён жэнiцца толькi таму, што надакучыла самому ежу гатаваць!
- Ён мяне кахае, - настойвала Галя.
Маруся зiрнула на Анатоля, i той адмоўна закiваў галавою.
Галя ўбачыла гэта i засмяялася:
- Ён жа з сузор'я Панны! А ўсе Панны - сарамлiвыя i нiколi ў каханнi не прызнаюцца, хаваюць свае пачуццi. Маёй сяброўцы муж сказаў 'кахаю' толькi на трэцiм годзе сямейнага жыцця!
- Не спадзявайся на гэта, - уздыхнула Маруся. - Калi чалавек маўчыць, значыць, яму ёсць чаго маўчаць. 'Не бойся крыклiвага, а бойся маўклiвага', недарэмна так кажуць у народзе.
Маруся падышла да акна, адхiлiла фiранкi. Вечар апускаўся на горад. Сонца садзiлася ў хмары, вялiкiя, чырвона-барвовыя. Мацнеў вецер, тужлiва хiсталiся верхавiны дрэў...
Галя прытулiлася да Анатоля, але той адхiлiўся ад яе, шыкнуў, маўляў, не час для абдымкаў. 'Калi ты хмуры мiзантроп альбо эгаiстычны бурчун, - падумала Маруся, - шлюб не выправiць цябе. Шлюб нiкога не зменьвае - ён толькi зрывае маскi...'
- Якi ў цябе сакрэт? - раззлавана глядзеў на Наташу Мiкола. - Навошта тэлефанавала? Прыпёрся, як дурань, у твой iнтэрнат, цяпер на мяне ўсе тут пяляцца!
- А ты не звяртай нi на каго ўвагi! - засмяялася Наташа i ўсунула яму ў рукi выварку з бялiзнай. - Нясi на кухню!
- Я табе не грузчык!
- Тады сакрэту не скажу! - загадкава ўсмiхнулася яна.
Мiкола паслухаўся. Калi вярнуўся з кухнi ў яе пакойчык, Наташа рыхтавала на стол. Побач, на ложку, сядзелi з цiкаўнымi тварамi яе сяброўкi.
- Агледзiны ўстроiла? - буркнуў Мiкола, але за стол сеў.
Сяброўкi прымасцiлiся ля яго. Ён падмiргнуў iм, калупнуў вiдэльцам сардэльку, адкусiў, пачаў умiнаць рыс з чырвонай падлiвай.
Наташа перамiгнулася з дзяўчатамi i пачала:
- Мiколачка, пайшлi з намi ў Дом мэблi! Трэба нешта купiць, а мы саромеемся. Мужчыне спрытней! На грошы i пайшлi!
- Вы што, прэзерватывы там купляць будзеце? - незадаволена падняўся з-за стала Мiкола. - Што там, у мэблевым, можа быць такое, чаго можна саромецца?
Дзяўчаты захiхiкалi i пацягнулi Мiколу на вулiцу.
...У салоне дзiцячай мэблi Наташа пашапталася з прадаўшчыцай, павiляла з таемнай усмешкай ля Мiколы i загадала яму iсцi ў касу выбiць чэк. Калi ён падышоў з чэкам да прадаўшчыцы, тая ветлiва падкацiла да яго дзiцячую каляску. Мiкола раздражнёна ўздыхнуў, моўчкi выкацiў каляску з салона i на вулiцы развiтаўся з дзяўчатамi, сказаўшы iм, што ў гэтым жарце няма нiчога смешнага.
Ля свайго iнтэрната сутыкнуўся з Аленкай.
- Заявiлася! - буркнуў сабе пад нос.
- Мiколачка, мне трэба табе сказаць нешта сур'ёзнае, - пачырванеўшы, мовiла Аленка.
- Што, табе таксама каляску купiць? - са злосцю кiнуў Мiкола.
- Мiколачка! - заззяла Аленка. - Як ты здагадаўся? Я такая шчаслiвая! Яна кiнулася яму на шыю. - Мне доктар сказаў, што нельга рабiць першы аборт, i вось ты не супраць нашага дзiцяцi... Дзякую! Я так кахаю цябе!