- Якiя кнiжныя словы! - узяўся за ручку дзвярэй Мiкола. - Яны не адгукаюцца ў маёй душы. Ну што мне рабiць, Аленка, каб пакахаць цябе, што?

- Давай пажэнiмся, а тады прывыкнеш, - папрасiла Аленка i дакранулася да ягонай рукi. - Можа, i каханне прыйдзе. Кажуць, калi ў сексе абаiм добра, то i ўсё будзе добра.

- А душа, Аленка? - узмалiўся Мiкола. -Зачараванне сексам пройдзе, а што рабiць душы потым, калi мы духоўна чужыя?..

- Навошта ж тады ты прыняў маё каханне?

- Я прыняў тваё цела, каб не загубiць адмовай у каханнi тваю душу.

- Ты ўжо яе загубiў! - заплакала Аленка.

- Мне трэба было цябе адхiлiць, так? - абняў ён дзяўчыну. - Каб адхiлiў, ты ўсё роўна пакутавала б. А цяпер хоць добры ўспамiн застанецца пра каханне. Не трэба табе цяпер дзiця, Аленка! - папрасiў Мiкола. - Удасканальвайся, рабi кар'еру. З тваiмi знешнiмi дадзенымi ты можаш дасягнуць многага, трэба толькi стаць трошкi камунiкабельнай, дзелавiтаю, смелаю. Ты - меланхолiк, саромеешся ў кампанii. А ведаеш, трэба проста ў кампанii звярнуць на сябе ўвагу, стаць у цэнтры ўвагi, паглядзiш, тады ўсё будзе добра i ўсё ў цябе атрымаецца. Ты наiўная, добрая, у цябе ёсць будучыня - ты станеш зоркаю. Паслухайся мяне, калi ласка!..

Мiкола закусiў вусны i моцна прыцiснуў дзяўчыну да сябе. Яна вырвалася i пабегла да аўтобуснага прыпынку.

- Ну, што ты стаiш самотная? - усмiхнулася чараўнiца Iлона. - Я твайго бацьку не адбiвала, сам прыйшоў да такога рашэння. Я марожанае заказала, зараз прынясуць, i 'Фанты', любiш?

Iрэна згодна кiўнула i прысела за столiк.

- Я ведаю, што ён кахаў цябе, але пакiнуў, - з болем выгаварыла Iрэна.

- Пакiдаюць розных, а вяртаюцца да самых каханых, - удумлiва мовiла Iлона.

- Вiдаць, добрая была, што ад цябе пайшоў муж твой? - засмяялася Iрэна. Альбо выгнала?

- Настае дзень, калi быццам прачынаешся ад доўгага сну, - сур'ёзна мовiла Iлона, - i разумееш, што ляжыць ля цябе зусiм чужы чалавек. I робiцца страшна, што вось з гэтым чужым табе прыйдзецца жыць да старасцi...

- Iшла за роднага, а аказаўся чужым? - ухмыльнулася Iрэна.

- За незнаёмца iшла, - уздыхнула Iлона, - зусiм мала ведала яго, амаль дзве ночы.

- А бацьку майго ты за колькi начэй закахала ў сябе?

- Начэй у нас не было, - усмiхнулася Iлона. - Мы даўно ведалi адно аднаго, часта размаўлялi, на турзлётах былi - твая ж мацi грэбавала турзлётамi, паходамi, а дарэмна! А чалавек раскрываецца менавiта ў паходах, у сумесных вылазках на прыроду, а не ў сексе i не ў экскурсiях у суседнi кiнатэатр. Калi хочаш больш даведацца пра чалавека, зразумець, падыходзiць ён табе цi не, больш размаўляй з iм.

Iрэна ўздыхнула i даверлiва паспавядалася:

- Я таксама размаўляла i ў паходы хадзiла са сваiм сябрам. Заўважала, што ён жорсткi з бадзячымi катамi, сабакамi i ўсё хвалiцца, што ягоная аўчарка лепшая. Калi iшла цяжарная жанчына, ён крывiўся, што яму не падабаецца такая постаць, i казаў, што калi я буду цяжарная, то буду выглядаць лепш. Ён быў эстэт, любiў толькi прыгожае, i я разумела, што ён здрадзiць мне ў любую хвiлiну. Ён нерваваўся, калi я выпацкала ягоны iмпартны спартовы касцюм, i я зразумела, што ён сквапны i жорсткi. Але ў той час ужо прывыкла да яго i не магла пакiнуць яго першая. Да ўсяго ж ён мне падабаўся ў сексе. Калi б у мяне хапiла смеласцi ў той час парваць з iм, не было б той ганьбы, якую ён зрабiў мне. Яго звалi Янка. Я ненавiджу яго цяпер i сябе за сваё маладушша...

Iлона дакранулася да рукi Iрэны.

- Не крыўдуй на мяне, калi ласка, - цiха сказала яна. - Мяне таксама жыццё бiла, а цяпер я знайшла сябра, заступнiка, я знайшла роднасную душу. Калi ты выйдзеш замуж, пасталееш, то зразумееш мяне i свайго бацьку.

- Я iншы раз не разумею самую сябе, - паскардзiлася Iрэна. - Шукаю каханне i не знаходжу. Навокал адзiн мiраж. Няўжо мне прыйдзецца чакаць яго так доўга, як чакаў мой татка?

У вушах у Аленкi гучыць музыка, i срэбныя званочкi звiняць, рассыпаюцца па ўсiм пакоi. Яна ляжыць на руцэ ў Мiколы i марыць, што яны ўжо пажанiлiся. Аленка не можа заснуць - яна з асалодаю ўглядаецца ў начны змрок. Вось настольная лямпа, калi яе ўключыш - плывуць рыбкi, там унутры нешта круцiцца, i яны плывуць. На тумбачцы - магнiтафон, касета групы 'Спэйс'. Над ложкам кнiжная палiчка, мiкрасвет яе каханага: тое, чым ён жыве, захапляецца, аб чым марыць. Яна з асалодаю глядзiць на ягоны твар i ў душы спадзяецца, што ранкам ён скажа ёй: 'Не iдзi сёння ў бальнiцу! Няхай будзе дзiця!' Вядома, скажа, заспакойвае сябе Аленка, i нiкуды яна не пойдзе, i народзiць яму дзiця... А потым, можа, i пажэняцца? Вось у адной дзяўчыны такое было: не браў, не браў, а як нарадзiла, то i ўзяў! У Аленкi ёсць шанц! Яна асцярожна ўстае з ложка, апранае Мiколаву кашулю. Зялёныя шторы такiя знаёмыя, родныя, цяпер яна бачыць iх не праз марознае шкло цi мокрае - ад дажджу, а з пакоя, як гаспадыня... Аленка адсоўвае iх. Мроiцца блакiтны водсвет ранiцы. Паабапал дарогi цвiтуць каштаны. Вось прайшоў першы трамвай. Запынiўся ля iнтэрната. З яго выйшла лёгкая, iмклiвая дзяўчына з пакетам у руцэ...

Аленка ўважлiва разглядвала значкi на блакiтным вымпеле: 'Тэрскол', гарналыжная турбаза, альплагер 'Улу-Тау', 'Домбай'... Мiкола шмат дзе пабываў, i яна, Аленка, таксама там пабывае, каб стаць блiжэй да яго. Яна ўжо ходзiць у бiблiятэку, самаўдасканальваецца, каб яму з ёй было аб чым паразмаўляць. Запiсалася на курсы кройкi i шыцця адзення, модна апранаецца...

- Ай, каго там чэрцi прынеслi? - незадаволена падняўся з ложка Мiкола, пачуўшы стук у дзверы. - Схавайся за штору! - загадаў Аленцы i пайшоў адчыняць.

- Ты што, ужо зусiм з глузду з'ехала? - буркнуў ён, убачыўшы Наташу. Паспаць не даеш!

- Я на маршрут выехала, - усмiхнулася яна, - вось, думаю, занясу табе кашулi. Яны так хутка высахлi, праз гадзiну пасля таго, як ты пайшоў ад мяне...

Мiкола моўчкi ўзяў пакет i кiнуў яго на ложак. Наташа адразу заўважыла за шторай постаць i засмяялася:

- Аленка! Вылазь, я 'Рыслiнг' прынесла, зараз вып'ем!

Адкаркавала бутэльку, паставiла трэцюю шклянку i налiла ўсiм. Выцягнула з-за шторы Аленку i ўручыла ёй паўшклянкi вiна.

- Мне нельга сёння, - адказала тая i паставiла шклянку на стол.

- Яна зранку ў бальнiцу iдзе, - мовiў Мiкола, падаючы Аленцы сукенку. Апранайся, а то спознiшся...

... Князь прывiтаў Дарыну лёгкiм кiўком галавы, пацалаваў ёй руку i незвычайна доўга затрымаў свой позiрк на яе твары.

- Ты такая бледная, што здарылася, сястра?

- Ад хвалявання, князь, - усмiхнулася Дарына. - Такi цудоўны баль!.. I дачка заморскага магната, з якою вы танцавалi...

- Яна прыгажуня, бясспрэчна, - адказаў цiха Вiтаўт, - але другая завалодала маiм сэрцам настолькi, што не магу болей маўчаць пра сваё каханне, мушу прызнацца i прасiць яе згоды стаць маёй жонкай...

- Якою шчаслiваю яна будзе з вамi, князь! - самотна схiлiла галаву Дарына. - Уставаць разам з вамi на золку, любавацца захадам сонца, гаманiць у начной цiшынi пад спеў салаўёў i стракатанне конiкаў... Дакрануцца да вашых валасоў, правесцi рукою па твары...

Дарына ласкава ўсмiхнулася, i ў вачах яе застылi слёзы. Яна паспешлiва пакiнула залу. Па шырокiх прыступках паднялася ў верхнiя пакоi. Месяц заглянуў у акно, на iмгненне высвецiў пацеркi ў касе дзяўчыны. Цiха гарэла свечка, роўнае полымя кiдала на сцяну ласкавы водблiск. Але Дарыну ахапiў адчай. Яна зразумела, што нiколi не зможа стаць жонкаю Вiтаўта, што ёй наканавана лёсам быць толькi сястрою ягонай...

Зялёны келiх падносiць да вуснаў сваiх Дарына. Келiх з атрутаю. I чуе, блiзка зусiм, таропкiя крокi да яе спальнi. Вiтаўт?

- Мая каханая, што ты зрабiла? - нахiляецца над Дарынаю Вiтаўт.

- Прабач мне, - шэпча Дарына. - Чорная здань пагубiла мяне ў юнацтве звар'яцела я ад сляпога кахання, не кахання - прагi да цела! I за гэта, што цяпер зрабiла, прабач мне, любы мой Вiтаўт... Грэх на мне, памалiся лепш Богу...

Крык адчаю разрывае начную цiшыню. Спалохана ўзлятаюць заспаныя птушкi, i хаваюцца ў чароце гнуткiя русалкi. Мiтусяцца па пакоях i ў садзе госцi князя. Усё зблыталася: сон i ява... памiрае Дарына...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату