нервовыя канчаткi, - успомнiла Iрэна з курса псiхалогii. Згустак нерваў... Клубок... Значыць, сэнс 'балiць у грудзях' - не пераносны! Янка, Яначка, што ты нарабiў? За што, Божа? Што я табе зрабiла дрэннага, Янка? Што я табе зрабiла?' Рука iнстынктыўна пацягнулася да цыгарэты. Iрэна паднялася з ложка. За акном пачало вiднець. За ўсю ноч яна так i не змагла заснуць. У паўзмроку пакоя ўспыхнула запалка. Няўлоўнае шапаценне пачынаючага гарэць тытуню. Асалода гаркавата-прыемнага, на поўны ўдых, дыму. Выпускаючы сiвы клубок яго, Iрэна быццам бы выпускала з грудзей свой боль. Мезенцам скiнула попел у папяровы кубарык. Стаяла ля акна. А ў доме насупраць, таксама ля акна, палiў цыгарэту нейкi мужчына. У другiм акне, на кухнi, завiхалася жанчына. А Iрэне было так адзiнока, так цяжка, быццам яна засталася адна ва ўсiм свеце!
'Жанчыны чамусьцi заўсёды даруюць мне!' - успомнiла яна словы Янкi. Той распавядаў пра Жану, з якой хацеў да службы ў войску ажанiцца. Усё падрыхтавалi да вяселля, а ён збег. 'Толькi дурнi жэняцца перад службай у войску! - заключыў Янка. - Жана пакрыўдзiлася. Нават не прыйшла праводзiць мяне на службу. Але калi я вярнуўся, усё даравала. Пачалi сустракацца. Не разумею, чаму жанчыны заўсёды даруюць мне?'
'Я таксама даравала б табе, Янка, - падумала Iрэна, - толькi вярнiся. Ты мой бог, у тваiх абдымках мне так добра... Мне нi з кiм не было так добра, як з табою...'
- Iрэна, на практыку спознiшся! - крыкнула бабуля i заглянула ў яе пакойчык. - Фу, надымiла, распуста! Iдзi снедаць! Мацi павяла Паўлiка ў садок, а бацька зноў не начаваў дома, - паскардзiлася старая. - Мы з дзедам даўно не спiм, вось якую праблему вырашаем: хутка Паўлiк вялiкi стане, чуеш? Нельга яму будзе з мацi i таткам у зале спаць. Думаем яго ў свой пакойчык узяць. Да цябе таксама ж нельга. А мо ты замуж пойдзеш, га? Дык Паўлiка ў тваю спальню...
- Ды не пайду я замуж! - адказала Iрэна i забычкавала цыгарэту. - Я нiколi не пайду замуж! Мне не шанцуе!
I пайшла ў ванную. Сёння ёй трэба было добра выглядаць. Цiкавы музычны ўрок падрыхтавала. А настрою няма...
- Хто ведае, адкуль з'явiлася жалейка? - Iрэна падняла ўгару i паказала дзецям музычны iнструмент. - Памятаеце паданне?
Дзяўчынка з ружовым банцiкам у валасах паднялася з месца.
-Жыла сiрацiнка Насця, - пачала яна. - Пакахала хлопца, але ён быў такi ганарысты, што нават не глядзеў у яе бок. Марыў пра каралеўну i вырашыў iсцi па свеце шукаць яе. Знайшоў - а тая толькi пасмяялася з яго. I вырашыў хлопец вярнуцца да Насцi, але тая ўжо выйшла замуж...
- Добра, - усмiхнулася Iрэна. - А дзе ж нашы русалачкi, што яны павiнны цяпер рабiць?
Iрэна зайграла, i дзецi сталi ў карагод.
- Янка! Янка! - закрычалi яны. - Хадзi да нас, мы будзем тваiмi нявестамi! Рабi з жытнёвага каласка ўпрыгожанне сабе на шапку, а са сцеблiка зялёнага жалейку! Весялiць нас будзеш!
- А чаму Янка? - здзiвiлася Iрэна. - Я ж учора не казала вам, як таго хлопца звалi...
- Казалi, казалi! - загаманiлi дзецi.
'Божа ж мой, - спалохалася Iрэна, - у паданнi не было iмя хлопца! Янка, што ты зрабiў са мною? Нават iмя тваё не дае мне спакою...'
Iрэна перастала iграць.
- Можна, я буду Янкам? - папрасiўся хлапчук у паласатай кашульцы.
- Будзь, - з сумам адказала Iрэна i ўспомнiла, як Янка падарыў ёй матроскую цяльняшку. Яна апранула яе за горадам - бегала ў жыце, бы русалка: валасы распушчаныя, шорты кароценькiя, паласатая цяльняшка. А потым на лясной палянцы яны цалавалiся, а побач паслiся каровы.
Хлопчык у паласатай кашульцы зайграў на жалейцы.
- А цяпер, Янка, заплюшчы вочы, i мы табе дадзiм нявесту! - закрычалi дзецi i паднеслi яму пук кудзелi.
- Гэта не мая нявеста! - адкiнуў кудзелю хлопчык.
- Вось табе нявеста! - падала яму ляльку Iрэна.
Хлопчык усмiхнуўся, абняў ляльку i зноў заплюшчыў вочы. У гэты момант дзецi забралi ў яго з рук ляльку i падлажылi бярвенца.
- Ой, гэта ж трухлявае палена! - расплюшчыў вочы хлопчык.
- Янка! - сказалi хорам дзецi. - Хто доўга выбiрае - заўсёды з трухлёй застаецца!
- А за жалейку... - дадала Iрэна.
- Дзякуй! - закрычалi дзецi.
- Добра вы засвоiлi паданне, - пахвалiла ўсiх Iрэна. - А цяпер будзем развiтвацца.
Яна вярнулася ў музычны кабiнет. Думкi пра Янку не адступалi. 'Трэба схадзiць да яго ў iнтэрнат, - вырашыла Iрэна. - Можа, я супакоюся нарэшце, калi ён растлумачыць, за што мяне пакiнуў?' Яна прыгладзiла валасы, але раптам рука запынiлася, замерла на месцы - з-пад далонi выглядваў сiвы валасок! Iрэна спужалася, рукi задрыжэлi.
'Гэта стрэс, - падумала яна. - Пасiвела! У дваццаць два гады пасiвела. А можа, мне сустрэць Янку на маршруце, падысцi да шаснаццатага аўтобуса... Чакаць... А калi не яго змена? Не, лепей пайду ў iнтэрнат!'
Янкi дома не аказалася. Сусед яго, стараваты ўжо мужчына, нахабна ўсмiхнуўся:
- Ты да Бiневiча? А ён ужо звольнiўся! У палюбоўнiцы жыве!
Iрэна выйшла з iнтэрната, знайшла тэлефон-аўтамат i набрала нумар Рэнi.
- Прывiтанне, - сказала стрымана. - Як жыццё маладое? Можа, замуж выйшла? Дарэчы, Янка ў цябе?
- Навошта мне твой Янка! - раззлавалася Рэня. - Скажы мне дзякуй, што я адбiла яго ў цябе, а то б век ад бруду не адмылася! Альфонс твой Янка, усякла? Пажор у мяне ўсё, пярсцёнак стырыў i знiк! Цяпер, дзеўкi казалi, на танцах 'Каму за трыццаць' абiваецца. Бараду адпусцiў. Мацярок-адзiночак кадрыць. Гаварыў жа: 'Паваляюся, бы сыр у масле, пару тыдняў, галоўнае, пра вяселле штодня казаць!' Ён жа зараз беспрацоўны i бомж, Бiневiч твой, казёл!
I Рэня паклала слухаўку.
Маруся Вайтовiч стаяла ў чарзе да споведзi. Малады святар не звяртаў на яе ўвагi.
- А каб лiха на вас, анцiхрысты! - старая грабла накапаны на падлогу воск. - Каб рукi адсохлi таму, хто свечкi бокам ставiць!
- Жанчына, супакойцеся! - пачала ўшчуваць яе маладая дзяўчына ў зялёным палiто. - Вы ж людзей ад царквы адбiваеце, яны iдуць да споведзi, а вы iх праклiнаеце!
- Маўчы, зараза! - крыкнула ў адказ старая. - Сама абортаў, вiдаць, кучу нарабiла, а мне ўказваеш?
Людзi запытальна паглядалi на святара, чакалi, што ён вось-вось супынiць яе. Але той з каменным тварам спавядаў вернiкаў. Падышла чарга дзяўчыны ў зялёным палiто. Яна нешта прашаптала святару, i той, абурыўшыся, гучна мовiў:
- Тое, што вы прыслалi нам пасылку, добра. Але ж маглi i прынесцi - у адным горадзе жывём. А наш стараста з хворай нагою iшоў па вашу пасылку два кiламетры на пошту.
- Прабачце, - схiлiла галаву дзяўчына, - дабром пайшло, а злом выйшла... Каюся...
- I тое, што вы прыслалi... - ушчуваючы, прадоўжыў святар, - у нас такога, мiленькая, навалам. Iншы раз мы прадаём гэта вернiкам, грошы iдуць на рамонт царквы.
Маруся, як аслупянелая, здзiўленым позiркам глядзела на святара i не разумела, дзе яна знаходзiцца. Успомнiла аповяд старых, быццам бы нехта хацеў у гэтай царкве дзiця хрысцiць, дык яму прыснiўся сон. Святая Сафiя Слуцкая, чые мошчы знаходзiлiся тут, з'явiлася ў сне таму чалавеку i сказала: 'Не хадзi туды...'
- Стаiць як пень! Iдзi! - крыкнуў нехта на Марусю, падштурхнуўшы яе да святара.
- Iмя? - запытаў той.
- А як iмя вашай служкi, якая ўвесь час абражае вернiкаў? -у тон яму адказала Маруся. - Дзе ваша павага да людзей? Гэта царква цi дом вар'ятаў?
- Не маеце права асуджаць другiх! - пачырванеў ад злосцi святар. - Самi без граху?
Маруся завярнулася i пайшла прэч. На прыступках, ля дзвярэй царквы, стаяла тая самая дзяўчына ў зялёным палiто. Прамы бялявы чубчык, вiдаць, адбелены гiдраперытам, добрыя цёмныя вочы, яскравая ўсмешка.