чалавекам - новым, памаладзелым, шчаслiвым... Як спяшалася яна адсюль раней да Янкi - акрыленая, вясёлая! Ён багатварыў яе цела, цалаваў яго. Iрэна адчувала спiною халадок зялёнай травы i пах кветак, пяшчотныя вусны Янкi... Цёплы рачны пясок сыпаўся ёй на жывот... Пырскi халоднай вады лагодзiлi твар...
- Якiм колерам будзеце фарбаваць пазногцi на нагах?
Абудзiлася ад думак Iрэна ўжо ў педыкюрным пакойчыку.
Чаму думкi пра Янку не пакiдаюць яе? Праз сцяну - касметычны кабiнет. Яна абавязкова зробiць там маску, масаж твару, i ёй накладуць макiяж 'Лебедзь' ён так пасуе да яе вачэй.
- Я параю вам макiяж 'Раманс'! - усмiхнулася касметычка. - Вы ж сказалi, што iдзяце на вечар...
- У фiлармонiю, - паправiла Iрэна. 'Адна iду...' - падумала з сумам.
...З люстэрка пазiрае прыгожая дзяўчына - пшанiчнага колеру валасы ўкладзены ў складаную прычоску. 'Застаўся апошнi штрых, - усмiхаецца свайму адлюстраванню Iрэна, - манiкюр!'
- Ну вось, цяпер я пачну новае жыццё! - з палёгкай уздыхнула Iрэна, выйшаўшы з салона.
...Яна адчула, што адзiнота можа быць пяшчотнай i спакойнай. На душы ўтульнасць i асалода. Менавiта ў такiя часы цiхага роздуму i спакою наведвае нас Дух Святы - мы ачышчаемся душою сярод цiшынi, сярод прыгажосцi аксамiтна-зялёных дрэваў, ласкавай травы i шчырых кветак, удумлiва-спакойнага неба i цiхай малiтвы. Iрэна ведала, што дома яна абавязкова адключыць тэлефон, перастане чытаць газеты i часопiсы на нейкi час, не будзе глядзець тэлевiзар. Цiшыня i спакой - цудатворныя лекi!
Iрэна зайшла па дарозе ў Дом фота, заказала ў бары каву, нетаропка пiла, гледзячы на сябе ў люстэрка. Прыгожыя, танюткiя пальчыкi трымаюць кубак з кавай. Вусны, цалуючы, кранаюць яго край, у роце - гарачыня i гаркаваты, як ад бразiльскiх цыгарэт, прысмак... Насупраць яе сядзiць элегантна апрануты мужчына гадоў за трыццаць. Густыя чарнявыя валасы з нiтачкамi срэбра, зачасаныя ўгору. Класiчнага крою пiнжак, прыгожы iмпартны гальштук i белы шарфiк, цёмнае палiто расшпiлена... Iрэне хочацца, каб ён звярнуў на яе ўвагу, але той заняты размовай са сваiм субяседнiкам - сур'ёзным пажылым чалавекам.
- Рэстаўраваць стары маёнтак, я лiчу, будзе больш выгадна, чым будаваць новы аздараўленчы цэнтр, - гаворыць той, хто спадабаўся Iрэне.
- Месца выбрана добрае, спадар Дуброўскi, - адказвае пажылы, - Вiшанька цудоўная вёска: лес, рэчка побач... А людзi! Добрыя, старыя мясцiны... Цяпер такiх вёсак амаль не засталося, усюды прыезджыя людзi, карэнных жыхароў амаль няма, а гэта, можна сказаць, старажытная вёска, такая, якую я ведаў у дзяцiнстве... Ласкавая палеская вёсачка!.. Параскiдаў Чарнобыль людзей па чужых мясцiнах...
Мужчына ўздыхнуў.
- Нiчога, вернуцца яшчэ, - супакоiў яго Дуброўскi. - Наша задача наладзiць цэнтр для лячэння дзяцей. Трэба захаваць генафонд Беларусi...
Iрэна з сумам пазiрала на Дуброўскага i ў душы зайздросцiла той жанчыне, якую, пэўна, захоўваў у сваiм сэрцы гэты чалавек. Як хацелася ёй быць на месцы гэтай жанчыны. 'Гэты чалавек не для мяне, - падумала Iрэна, - я не дарасла да яго... А як бы хацелася мець такога!..'
Яна адчула, як не хапае ёй таты ў гэты складаны для яе час. Яна паедзе да яго! Хоць бы на хвiлiну адчуць поцiск яго дужых далоняў, убачыць родныя вочы! Можа, таму ён i пiў, што мацi перастала заўважаць у iм мужчыну, можа, таму i выбраў для сябе адзiноту. Гэта лепш, чым жыць сярод абыякавасцi. Чаго шукаў ён у вясковай самоце? I цi знайшоў?..
А вось i дзедава хата. Мусiць, года з паўтара Iрэна не была тут. Ёй адчынiла маладая жанчына, павяла здзiўлена чорнымi брывамi, зашпiлiла таропка знiзу халат, чорныя даўгiя валасы рассыпалiся па плячах. Недзе ў глыбiнi пакоя плакала дзiця. Iрэна прывiталася i прайшла ў хату. Бацька сядзеў на кухнi. Убачыўшы дачку, падняўся насустрач ёй.
- Я прыехала, тата, - Iрэна прысела на край канапы, агледзелася. - Божа, як вы жывяце? - уздыхнула здзiўлена, але без злосцi. - Нават тэлевiзара няма... А я сёння ў фiлармонiю iду!
- Шчаслiвая! - усмiхнуўся бацька.
- Шчаслiвыя вы! - адказала дачка, а затым, махнуўшы рукою, дадала: Добра! Паказвайце мне маю сястрычку альбо брацiка. Я не раўную...
...На сцэне невысокi, у белым касцюме музыкант з Германii - Мюлер. Iрэна пачула толькi ягонае прозвiшча. Музыкант iграе на аргане. Вядучая сказала, што Мюлер у дзяцiнстве любiў прыйсцi досвiткам у касцёл. З вiтражных вокнаў на арган падалi першыя сонечныя промнi, i ў гэтых промнях танцавалi ў паўзмроку маленькiя блiскучыя пылiнкi... Музыкант склаў мелодыю iх танца... Iрэна, як зачараваная, растваралася ў дзiўнай музыцы...
Але казка скончылася - у гардэробе Iрэна адчула сябе адзiнокай i разгубленай. Мужчыны падавалi жанчынам палiто, а Iрэна сваё ўзяла сама. 'Каб я была замужам, я б не была адзiнокаю тут', - падумала яна.
- Iрэначка! Прывiтанне! - Яна ўбачыла Нiнэль Мiхайлаўну, якая вядзе ў iнстытуце харэаграфiчны факультатыў. - Ты чаму не прыходзiш на рэпетыцыi? Што здарылася з табою?
- Ужо ўсё прайшло! - усмiхнулася тая. - Прыйду!
- Прыходзь, Iрэначка! - Нiнэль Мiхайлаўна ўзяла пад руку свайго мужа. Ну, бывай! - заспяшалася да выхаду.
'Шчаслiвая!' - з сумам падумала дзяўчына.
Ля пад'езда нехта стаяў. Спачатку Iрэна спалохалася, потым сэрца нечакана забiлася - няўжо Янка? Падышла блiжэй.
- Я так даўно цябе чакаю, - сказаў ён з дакорам. - Дзе ты ходзiш?
- Янка, Яначка! Дарагi мой! - узрадавалася Iрэна. Моцна прыцiснулася да ягоных грудзей. Потым, усё яшчэ не верачы, што ён тут, заглянула ў твар. Такiя родныя блакiтныя вочы, светлыя валасы, пухлыя, як у капрызнага дзiцяцi, вусны, а над iмi 'шляхецкiя', як ён смяяўся, вусы...
- З другiм была? - з рэўнасцю запытаў Янка, але тут жа дадаў: - Рыхтуйся да вяселля! Трэба дрожджаў дастаць. У цябе ж суседка ў сталовай працуе. Мая мацi гарэлку выжане...
- А як жа ж Рэня? - з крыўдай мовiла Iрэна.
- Трэба яна мне, крываногая! - кiнуў Янка. - Болей з ёй не сябруй, гэта не сяброўка, што хлопцаў адбiвае! Ну, пайшлi да тваёй суседкi!
- Давай спачатку да нас! Скажам маме пра наша вяселле, можа, падарункi якiя трэба, родзiчаў назавеш, каб ведаць, што каму купляць...
- О, гэта справа! - ажывiўся Янка. - Тады пайшлi!
Iрэна ўляцела ў кватэру радасная, трымаючы за руку Янку.
- Мамачка! - закрычала яна, але раптам застыла на парозе.
Яна ўбачыла ў сваёй кватэры незнаёмага мужчыну.
- Iрэначка, гэта Iван Сяргеевiч! - сарамлiва паднялася з-за стала мацi. Ён - камерсант. У нас ёсць шанц пабываць за мяжою!
Iрэна засмяялася:
- Я ж казала табе, што сорак два гады - гэта яшчэ не канец жыцця!
- Я ад васемнаццацi гадоў цягну лямку сямейнага жыцця, - паскардзiлася мацi. - Хачу абнаўлення, навiзны! З iм я адчуваю сябе маладою!
- А ты i не старая! - бадзёра адказала Iрэна.
- Ты была ў бацькi? - устрывожана мовiла мацi. - Як ён там, не памёр яшчэ? Конюхам працуе альбо ў вартаўнiкi падаўся? I гэта з вышэйшай адукацыяй!
- Навошто ты зневажаеш яго? - раззлавалася Iрэна. - Ён разумны, малады, таленавiты i мае права на асабiстае шчасце!
- Ах ты, нягоднiца! - замахнулася на яе мацi. - Ты ўсё жыццё патурала ягонаму вар'яцтву!
Янка схапiў Iрэну за руку, выцягнуў з кватэры.
- Я ж казаў, пайшлi лепш да суседкi! - мовiў ён.
Iрэна заплакала.
- Супакойся, - абняў яе Янка. - Я табе на паперцы напiшу сваiх родзiчаў, а ты ўсё купiш, дамовiлiся?
Iрэна згодна кiўнула галавой i хацела пацалаваць хлопца, але той адхiлiўся.
- Што гэта за прышчык у цябе на вуснах? - строга запытаў ён.